Альбом для цёткі Марылі
Марыя Вайцяшонак
12+
Выдавец: Логвінаў
Памер: 661с.
Мінск 2019
I цяпер яшчэ, калі доўга не знаходжу патрэбную рэч, кажу «ўкралі», хаця тады ніякай страты не панесла — злодзеям перашкодзілі суседзі.
За дзвярмі ўжо перагаворваліся, адчыніла жанчына, адхінуўшы назад сабаку, той агрызнуўся... Жанчына... цяжар ная... на апошніх днях... гузік з халата на жываце пырснуў, пакаціўся мне пад ногі...
— Я ўсё ведаю, выбачайце. Пасля Афганістану з ім здараецца... Нараджу дзіця і ўсё мінецца... ён любіць дзяцей... выбачайце.
Сказала і вярнулася ў кватэру, да злога сабакі, да пакалечнага мужа.
Я таксама папрасіла мне прабачыць, пайшла дамоў, разважаючы, усё быццам разумеючы. Так, яго раздражняла тваё светаадчуванне: выйсці ноччу са шчанюком на руках, адной... ён, пэўна, помсціў, што ты, баба, не згубіла яшчэ тое, чым ён сам ужо не валодаў. Ён пужаў, ён усталёўваў свой свет жахаў, які набыў на вайне. Ён усё яшчэ «адстрэльваўся»... і трапіў y цябе...
Ён не здагадваўся, што кожная жанчына ад самай калыскі да самай смерці — «цяжарная», яна вякамі стварае вакол сябе зусім інакшы сусвет.
I нават «скіфскія бабы» ва ўкраінскім стэпе, якія можа таму і скамянелі целам, што паміж сабой і жонкай муж паклаў ваяўнічую стралу.
Ішоў снег, вялікі, бухматы, як упрыгожванне, дабультова, маруднай рукой: вось табе на ліхтар, вось табе на сметніцу, вось табе на берэт. Дамы стаялі, бы ў цукровай пудраванцы, не звязаныя сцежкамі, пераходамі, адасобленыя адзін ад аднаго, загорнутыя ў навагоднюю мішуру. Пад старой яблыняй, што засталася ад былога селішча, высвечваўся свежы след ад казінага капыта, поўны ружовага святла. Яшчэ чуваўся ў паветры гук бомаў, што пэўна калыхаліся на ейнай шыі.
Стаіць Калядная пара -
Бы Поўня пасярод двара!
— Дзе ты ходзіш? — падцяўшы вусны, сустрэў на парозе муж, яшчэ адзін малады хатні «ваяр». Табе, бы лунаціку,
трэба скора будзе нанач мокры хаднічок класці, каб прачыналася...
У пакоі раптам усё напружана зазвінела. Тата (якраз гасцяваў y нас, прыехаўшы з вёскі) мякка адхіліў мужа, павёў на кухню, паставіў гарбату.
Ці чуеш, да нас y вёску нядаўна дзік прыходзіў раніцай. Хадзіў па дварах, шукаў паляўнічага, хацеў разабрацца, бо парася было забіта ў лесе... A ў мяне ж усе хлявы, як на тое, былі парасчыняныя, няхай ж ба лучыў...
Я заснула за сталом. Я не чула: пэўна, тата шкадаваў, што не згледзеў, не злавіў, зачыніўшы дзверы ў хлеве, таго дзіка, шкадаваў, што не пакаштаваў дзічыны. Ён сядзеў ля маёй «калыскі». Мне снілася жанчына з першага паверху: y чорнай хустцы, вочы галубовыя, празрыстыя, без зрэнак, быццам глядзіш y вакно, на высокім месцы жывучы, проста ў небе. Яна ішла па вуліцы белым днём, мусіць, ёй палепшала. На вакне ўжо цвіў амарыліс, суквецце чатырох буйных бомаў y чатыры бакі свету. Амарыліс імя прыгожай пастушкі з фантазіяў паэта Тэакрыта.
Амарыліс — адна з дачок Начной Дамы.
A вакол лёталі, вуркочучы, галубы: ці то смяяліся, ці то стагналі...
КУПІЦЬ ДОМ У ІТАЛІІ
На яе можна разлічааць,
Калі мы ні ў чым не ўпэўнены, Але да ўсяго цікавыя.
Віслава Шымборска, «Сёе-тое пра душу»
Горы з самалёта выглядалі толькі што крута замешанай рошчынай: творца апошні раз узбіў і рукі атрос — яшчэ відныя сляды пальцаў. «Перад тым як пакінуць самалёт (у выпадку аварыі), трэба зняць абутак на высокіх абцасах і сінтэтычныя панчохі», — трапілася на вочы інструкцыя аб тэхніцы бяспекі.
Як выявілася, і сышоўшы з таго самалёта — не тое што скочыўшы, — табе жадаецца хадзіць па гэтай зямлі басанож, як хадзілі калісьці паломнікі.
A пакуль мы з дачкой проста пакупнікі, мы прыляцелі купляць дом, вядома, не вілу Катэна кардынала Конці, палац з зямлёй y 3000 м2 (была аб’ява ў часопісе «АД»). Пакуль я проста жанчына-развядзёнка, якая пахавала сваё каханне, і па мне, як па старадаўнім помніку адналюбства, цвітуць лішайнікі, асабліва па руках. Я старая птушка, якая ляціць y цёплую краіну, калі надыходзяць халады.
I, марачы з даўніны пра Італію, хвалююся, бы падчас сустрэчы з блізкім чалавекам, які ведаў мяне яшчэ ў маладосці.
Пакуль знаёмімся з Італіяй на самым інтымным узроўні: y акне кватэры, дзе мы спыніліся, вісіць, сохне сподняя бялізна, прасцірадлы, спушчаныя з вышэйшага паверху, сёння — з сінім брыжком, учора з ружовым. Вялікі вецер адносіць на хвіліну «ветразі» ўбок, тады ўспамінаеш, што ты не на моры, a на зямлі, бачыш вуліцу, дамы і... таксама прасцірадлы.
— Спадзяюся, гэта не бытавы прэрафаэлізм, які ставіў сваёй мэтай адрадзіць шчырасць, цноту ранняга італьянскага мастацтва яшчэ да эпохі Рафаэля? дачка мастацтвазнаўца, «ветразі» яе проста абураюць.
Раптам шугануў дождж. Наверсе забегалі, расчыняліся рамы, жанчыны здымалі бялізну, смяяліся. Што гэта было? Смех то знікаў y пакоях, то зноў з’яўляўся на вуліцы, то ўжо ў нас, пад столлю птушанём, смех, як шчэбет. Жанчыны гулялі з дажджом, спяшаліся яго апярэдзіць. Яны цешыліся самі з сябе, з свайго спрыту.
Ізноў раз-пораз грукаюць дзверы, брэша сабака, летучы на выгул, бяжыць за ім гаспадар, насвістваючы мелодыю арыі Рыгалета. I так кожную раніцу, калі яшчэ самы сон, y доме на лесвічнай пляцоўцы распачынаюцца вясёлыя ловы. «Дарыян!» павітаўся ён пры сустрэчы і зноў засвістаў, бы на цвітучай галіне каля свайго гнязда, і зноў арыю Рыгалета. Так мы яго і называлі за вочы.
— Неверагодна! Трэба было спыніцца ў гатэлі! — y гэтым я з дачкой цалкам згодная.
Сёння ўдалося — нічога не вісела перад вачыма — разгледзець немаладую італьянку на балконе насупраць. Яна
звычайна сядала шыць упаўдні, калі сонца гуляла з ейным пярсцёнкам. Засяроджанасць, магчымая хіба ў цішы, калі не адчуваеш нават свайго дыхання, чужога позірку, — і гэта амаль на вуліцы, сярод гулу машын, галасоў?! Сочыць за сваімі пальцамі амаль на мяжы сузірання. Два-тры накіды перак і ўверх, і зноў два-тры накіды хуткім дзявочым жэстам. Шые ці вышывае, пераздымаючы малюнак? A мо дае мне знакі: тут Дом паўсюль, ты, чалавеча, нарэшце Дома. I каб ты ў гэтым пераканаўся, ёй пільна трэба перазняць вось гэтыя даўнейшыя строі.
Мы ўсё жыццё заглядаем італьянцам y твар, наведваючы музеі, але цяпер, калі б толькі жанчына ў балконнай раме падняла на мяне вочы, я зрабіла б выгляд, што не бачу яе, — я не адпавядаю ейнаму творчаму моманту, яшчэ тут не асвойталася. Ну проста catastrofe sociale! я амаль бачыла, як нехта здымаў з майго каменнага пляча хатуль клопату, той, што я і мае суродзічы заўсёды носяць з сабой, адрываў сіллю рукі з пасінелымі пазногцямі ад калымажкі, y якой кожны з нас валачэ гістарычны досвед: арышты, ссылкі, войны. I нічога не варта тое, што цяпер ты вядомая архітэктарка, нядаўняя жонка буйнога прадпрымальніка, бо ты нарадзілася ў зямлянцы і пра цябе было сказана ў маленстве: не сябруй з ёй, яна жабрачка. За мной сціпла цягнецца цугам мой сялянскі род, жывыя і мёртвыя, яны пільнуюць, каб надта далёка не адскочылася, не забылася на іхнія бядоты. На пытанне, што новага, адказваем спехам пра хваробы, няўдачы. Бо калі толькі каму пахвалюся, што маё дзіця здаровенькае, яно адразу захварэе, сказала неяк адна маладая прыяцелька.
Мы самі, дарослыя, не ўпэўненыя ні ў чым, і гэта перадаецца наветам малым безабаронным істотам.
I так спрэс. За ўсё гэта мы не любім адно аднаго, не давяраем: век замінаем самі сабе ў чэргах, y аўтобусах, на пляцоўках дому. Тым больш нам шкодзіць вясёлы брэх сабакі, чужыя прасцірадлы — як ганьба.
Кожны з нас y гэтым цывілізаваным свеце кволае чалавечае дзіця: лёгка крыўдзімся, жалімся і гняўліва крыўдзім самі.
Балконная рама ўжо апусцела: пэўна, жанчыну паклікалі піць каву. Пэўна так разыходзяцца па сваіх справах ноччу
ў музеях жанчыны Рафаэля, Ларэнцэці -a хоць бы і грэбень y валасах паправіць перад люстэркам.
Я яшчэ доўга буду цябе чакаць?
Дачка яшчэ не зразумела: тут нельга марна згубіць час, ён тут пражываецца без аскепкаў. A калі што і згубіцца, то нехта абавязкова падыме і... занясе ў музей. Вядома, мы спяшаемся, але наш гаспадар (у яго мы хочам купіць дом) тэрмінова мусіў ад’ехаць.
Час не губляецца. Ёсць сустрэчы, да якіх трэба рыхтавацца ўсё жыццё, чакаючы ў акне сусвету, — яны ўжо быццам адбыліся. Ёсць такія доўгачаканыя лісты — я іх ужо атрымліваю. Ёсць і краіны Італія. Я ледзве вытрымліваю ейныя дысцыпліны, не кажучы пра дачку. Хоць тут няма патрэбы карыстацца накшай этыкай, чым тая, якую ведаеш з Бібліі.
Званы храмаў — напамінкам. На вуліцах — шчыльная людская плынь. Але пачуваецца надзіва бяспечна: ніхто нікога не зачэпіць, не піхне, быццам чуюць адзін аднаго па ультрагуку, як птушкі. 3 вуліцы на вуліцу, бы з пакою ў пакой, асядаючы адпачыць, пагаварыць на лавах, на прыступках, проста пад сцяной на зямлі — якраз час сыесты. I дождж скрылля не замочыць, бо дармавыя парасолькі ля кожнай крамы, гатэлю, кавярні. Ніводнага пахмурнага твару: пакутаваць, смуткаваць разам з Богам; з братам весяліцца, радавацца, што адпавядае запаветам святога Францішка з Асызы, апекуна гэтых людзей і гэтай зямлі. Збочыш няўцямна на маленькі панадворак, пачуўшы музыку, і ніколі не згадаеш, з якога акна гукі, бы фартэпіяна недзе проста ў кустах. I наогул, адчуванне, што ты трапіў на вясёлы баль, a сам прыехаў... У гарбузе, запрэжаным прусакамі. I ніяк не ўдаецца знайсці пэўны жэст, адпаведна апрануцца, бы пасля манаскага габіту. 0 Божа!
— Ты ўжо даўно не носіш гэткіх шырокіх спадніц! — спрабуе спыніць мяне дачка ў краме.
Не зважаю, яна не здагадваецца, што я паралельна жыву і ў нерэальным свеце, дзе нашу зусім накшыя ўборы — і неабавязкова набедраныя павязкі і скуры, што ёй лягчэй за ўсё ўявіць.
Стары, малады — мы не ведаем веку сваёй душы.
На вуліцах час ад часу з’яўляецца чалавек y інваліднай калымажцы, пасярод людской плыні, пасярод плыні машын. Заўсёды нечакана на гэтым балі, бо сэрца ўжо пільнуецца
толькі весялосці. Заўсёды з аднолькавым выразам твару, паляруш? Упаўдні яму цяжка ўтрымаць галаву, яна звяла хіліцца на плячо, бы ад сонца, і чалавек спыняецца там, дзе яго сон заспеў, ледзь паспеўшы крыху ад’ехацца ўбок. Чыста апрануты, дагледжаны; нехта рупліва выпраўляе яго з дому, як з пакою ў пакой, да людзей, аслабаняе сабе рукі са спакойным сэрцам.
Ніхто тут не сумняваецца, што ён мае вартасць y боскіх вачах.
Чую, y кавярні хтосьці называе ягонае імя (Марчэла), і гаспадар спешна выходзіць на вуліцу, абслугоўвае. Скора вярнуўся і раптам заспяваў уголас, мелодыя незнаёмая, але пазнаеш, што гэта працяг той, што гучала ўвесь час унутры і нарэшце вырвалася з уздыхам.