• Газеты, часопісы і г.д.
  • Альбом для цёткі Марылі  Марыя Вайцяшонак

    Альбом для цёткі Марылі

    Марыя Вайцяшонак

    12+
    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 661с.
    Мінск 2019
    158.22 МБ
    Здалёк відаць ейная адзінокая паходня.
    Прывезлі лапнік, спыніліся, a Лідзя да мяне: ці ведаеш такую песню, надта яе ўлюбіла, пачуўшы, там во гэтак пяецца, маўляў, на адной травіне сіні і жоўты цвет, Іван-дыМар’я завецца. Я ж і злезці з воза не здужаю, не тое што песню
    ўспомніць, наслухаўшыся пра мужыкоў-п’яніц за дарогу. Бы «сядзела насупраць іх, як сядзяць за сталом, і ў акне шукала іхнія мроі».
    Апоўначы хадзіў па панадворку спалатнелы, як месяц, хворы на галаву Баравік. Убачыў мяне: a я думаў, што нікога няма, кажа. Залезшы ў якую хату, бярэ толькі пустыя бутэлькі і штонебудзь на закусь.
    Іллюк пастукаўся, калі яшчэ і на небе вокны былі завешаны.
    — Паўлітэрак на стол і з цябе досыць! Астатняе грашыма! Паўлітэрак не дзеля палудня, не, я працую на гарэлцы, каб праз кожныя паўгадзіны свежае каліва было ў роце! Тады і дзень, і ноч, і праз ноч буду працаваць, і не абы-як! Не кісне работа ў руках! Калі не вып’ю, слабы раблюся, нічогі!
    Сам сухі, чорны, вясёлы. «Пласкагубцы, пласкагубцы, пласкагубцы», — гаворыць услых сам з сабою, каб утрымаць на памяці тое, што яму зараз найпільней патрэбна. Я надта не разбіраючыся, нашу ззаду за ім тыя абцугі, нажоўку, усё, што трапіцца, пільнуюся, дзе, што ён кінуў. Аніяк ад яго не адысціся, крычыць на ўвесь панадворак, абы не адазвалася, ідзе бліжэй — яму патрэбна не толькі чарка, але і субяседнік.
    Гэта электроніка! — паказвае на сваю сталярку. Стамеска, стамеска... стамеска... У мяне ўся тэхніка на руках: і конь, і піла «Дружба»! Божа мой, чаго толькі не маю! Люблю работу рабіць, калі яна атрымліваецца, a атрымліваецца ў мяне ўсё! я быў бы ізабратацелем, каб некалі добра вучыўся, бо што здумаю, тое і раблю. Стамеска, стамеска...
    Чыстая праўда, ніхто не скажа, што Іллюк хвалько. Учора як мае быць, a сёння раптам — свінні кочава, панадворак рыюць, трэба драціну ў лыч завесці. Абы ўдалося Іллюка зазваць, ужо шчасце, ён і карыта новае саб’е, і загарадку паправіць. Баба падлеткам ускочыць па драбіне на гарышча, канец кілба сы ў адной руцэ, бутэлька ў другой. Іллюк з напарнікам ідуць, смяюцца, як ад іх свінні ўцякалі. У хату гэты смех прынеслі, ужо насмяяўшыся, але дзеля прыліку яшчэ раз расказалі гаспадыні, каб з гэтым і за стол сесці, гаворку завязаць.
    — A ўжо як насмяяўся, калі адзеў быў суседчыну сукенку, хустку завязаў, каб не ўпэцкацца ў сажу, і палез ёй комін чысціць! «Глядзіце! крычалі бабы на вуліцы. Старая
    Мацеіха ў восемдзесят гадоў на страху ўзлезла і не трымаецца ні за што, ходзіць!» Нажоўка, нажоўка, нажоўка... Не-не, нашы мужыкі па полі, як той казаў, не валяюцца, яны сваю цану маюць. Во суседка без мужыка ўсё жыццё, a нехта ж браў, дык ёй усё, бачыш, алканаўты! Дзяўбе іншы раз касой на вуліцы каля дарогі, як забаўляецца, час бавіць, — можа хто пяройдзе, хоць будзе да каго загаварыць, бо пуста ў хаце. Як на ёй усё павысыхала, панасілася, кароткая спадніца, усё сваё дзявоцкае даношвае. Што, няпраўда? Шчаслівая мінута, калі ён, Іллюк, пашкадуе, воз сена прывязе. Пласкагубцы, пласкагубцы, пласкагубцы... Ага, трэба каня пачаставаць, такі конь удалы! Бывае так, што як заедзе на ім п’яны, што цвярозы не можа выехаць і ўсё акуратна, y любыя вароты ўшчэміцца! Во як! I наогул, якая тут ужо з ім бяда, хай сабе ён і алканаўт?! Ніколі яго жонка Ядзя не раздзявала, не разувала, во толькі, можа, ваду з ботаў павылівае. Ніколі з хаты выгнаная не была. Нажоўка, нажоўка, нажоўка... Іншы раз прыйдзе дамоў, сям’я на ягоным ложку і ўдоўжкі і ўпоперкі — тэлевізар глядзяць. A яму і добра, што не заўважылі, які ён ёсць з «гасцей». У харошыя нявестчыны падушкі ўваліцца, y пуховыя, ніхто не зачэпіць, не пабудзіць, не насварыцца назаўтра, толькі жонка Ядзя: бацька, дзе ты быў? Дзе ты еў? Яна і тваражку, яна і маселка. Стамеска, стамеска... Учора, праўда, з нявесткай як не пабіўся. Зляпіў ён сабе помнік і агароджу, на дваіх, y помнік упісаў і Ядзю, схаваў дачасу. Нявестка, смеючыся: не вер каню ў дарозе, a жане дома. Ты, бацька, памрэш, a Ядзя твая яшчэ, можа, замуж выйсці і за харошага чалавека, яна ж, маўляў, маладзейшая, і з табой легчы не захоча. Паўдня ганяў яе з калом! Не, разам ужо не спяць, зняў бы штаны, a што далей рабіць і не ведае. Па той раз! Абцугі, абцугі, абцугі...
    Бутэлька гарэлкі апарожнена, на гэтым і скончылася «ўрачыстая» частка нашай сустрэчы. Іллюк стаў пасярод панадворка ды раптам як дасць нагой па станіне!
    — Я такі нервенны, — кажа, звінаваціўшыся. — Як вып’ю, тады я пан, a пройдзе хмель зноў раб. Па зямлі качаюся, так блага, край меры дай выпіць, трудную... Ніхто дома не ўгадае, што б мне хацелася рабіцы і тое і гэта не хачу. Сын во хлеў стары разбірае сённяка, a я ўцёк, сюды прыйшоў дапамагаць, бо на глыток водкі спадзяваўся. Як той казаў, y суседа бяседа, то
    дома не работнік, бачыш. I ў маёй сям’і, пэўна, будуць гэтак успамінаць, як памру... Ядзя мая ішла з буракоў вуліцай, чуе — суседка сварыцца ўголас: a каб цябе! a каб цябе! На каго ты, пытаецца? На мужыка, адказвае! Маўляў, столькі пакінуў недаробак! Казала яму, каб загарадку з новых слупоў ставіў, дык не паслухаўся! I страха вунь! Шыферына паўзе, бо да старой дранкі прыбіта, паленаваўся дранку адкінуць, крычыць. Ядзя мая аж спужалася: a суседачка, a мілая, кажа да яе, ён жа не ў госці паехаў, ён жа памёр, не збіраўся ж паміраць! Во якія памінкі па мужыках-п’яніцах! Я ж такі па прыродзе падыходчывы, такі добры, і дзе яно дзяецца, y каго запытацца...
    Пайду, кажа, уключу рухавіка, старая абмотка прапускае, фаза прабівае на корпус, дакрануся токам ударыць, страсяне, ток дапамагае.
    Вяртаўся ўжо весялейшы. Абцугі, абцугі, абцугі. Вунь рабая пайшла, разглядаецца, не, гэта двое людзей напроці лесу, y светлым. Нажоўка, нажоўка.
    Хутка гэтыя двое, кінуўшы калгасны статак, зайшліся на панадворак. «Ідзі да кароў, ідзі!» закрычаў Іллюк на старэйшага і рукамі махаў, паказваючы ў поле, і горлам трубіў. Камянём, кажа, y яго кінеш, тады адвернецца, маўляў, глухі начыста. Глушэц. I Круль, і Іллюк, і гэты маладзейшы — былыя механізатары, даўно звольненыя за п’янку, цяпер па чарзе пасуць кароў. Надта не шманаюць, маўляў, пакуль людзі, датуль і скот, хопіць ім работы. Хаця і тут, відаць, няма надта надзеі, адзін Глушэц трохі пільнуецца статку, круціць кароў на адным месцы, не чуючы іх вантробнага рыкання. Часцяком каровы прарываюць ягоную абарону, ідуць па полі, бразгаючы, крышачы рогі, цяжкім пешым войскам, нішчаць агароды за вёскай.
    — Ты не наліваеш часам? — запытаўся госць. — Ну, бутэльку гарэлкі?! Мяшок морквы маю, морква плахамі, адна ў адну! — сеў па-сабачы на голую зямлю, чакае.
    Іллюк мігае яму, маўляў, маўчы, тутака крадзенае не скупляюць, той толькі вушамі стрыжэ. Напарнік застаўся ў тым узросце, калі пачаў співацца. Усё яму здаецца, што ён яшчэ маладзёначак, цёткамі заве сваіх равесніц, затое і не жанаты. Трэба ж ісці, кажа, і, пабыўшы, зноў тое самае. Ужо яму пара прыйшла знайсці ў кустах схаваную гарэлку, калі не ўдалося
    расстарацца на баку. I мне самой хоць ты па кустах шукай непакладзенае, хоць пазычай, але ж не сцерпець, каб Іллюк туліўся да станіны, каб трэсла яго, як зялёны мак.
    Адразу павесялеў, убачыўшы свежую чарку.
    — I што гэта ёсць? Бутэльку ў вёсцы вып’ю і хоць бы што! A ў горадзе чарніла пакаштую і ўжо хілюся. Не, я ў горадзе не жылец, я й сабаку гарадскому спагадаю, не тое што чалавеку. У вёсцы штодзень навіна. Во нядаўна Ядзя прынесла ў рэшаце курыцу з пісклюкамі, знайшла за чужым склепам. Сама па сабе выседзела, ніхто і не бачыў. На, кажа да мяне, глядзі! Маць тваю, не хачу і глядзець! Прывялася, злуюся, y канцы лета, не ў пару! Закапаю! Буду я тутака з імі няньчыцца! Халадамі! Пэўна ж усе белыя, кажу! Жонка нахіліла рэшата, курыца скацілася, паднялася, — як пасыплюцца з-пад скрылля пісклюкі! Ды ўсе то чорныя, то рабыя! Гляджу — мне і казаць няма чаго! A яна ж смагла, седзячы на яйках, a ніхто ж вадзіцы не падаў, a згаладаліся малыя! Нясі, кажу, тварог, яйкі вараныя! я люблю во такіх, пакуль падрастуць, сама такіх во! Пабажыся, што нікому не перадасі, скажу да чаго будую хляўчук y два паверхі. Козы маю, a каза ж горнае стварэнне. Дык каб ёй было весялей жыць сярод нас, палянцаў. A што я не люблю, каб запытаўся? Абы яно каторае закраталася. Водку, праўда, найболей... Без водкі не магу і з водкай доўга не пражыву... Напішы калі-небудзь. Жыве на вёсцы такі чалавек, усім дабро робіць, a яму аніхто... Напішы, a то памру і пазнатку не застанецца. Толькі во мае адзінокія бабы па другім разе аўдавеюць...
    Адыходзячы дамоў, Іллюк, чула, пытаўся ў суседкі праз плот:
    — Можа што дапамагчы?
    Займаў чаргу ўжо на заўтра. A тая:
    A ці ўмееш ты капыты карове падразаць? Другі год заву Пецьку, не ідзе! Няма чым спадмануць, не п’е, зараза!
    Абое засмяяліся.
    Пацягнула з поля дымком, печанай бульбай, пэўна, пастухі сілкуюцца. I назаўтра ў лагу поўна дыму ад учарашняга непагашанага вогнішча. Ноччу падаюць зоркі, нехта варушыць гарачы прысак. Падхопішся, пачуўшы дым, соўгаешся па хаце, паглядаеш y вокны,можа, што дзе загарэлася? Светлыя слупы
    за гародамі, бы падымаўся нечы патрывожаны магутны дух на кладоўі. Ці то вецер іх зрушваў з месца, ці яны самі перамяшчаліся, узад-уперад, узад-уперад. Два слупы, пэўна, мужчынскі і жаночы. То раптам аб’ядноўваліся ў адзін, то зноў разлучаліся, хадзілі ўборкі.
    Бачыла Іллюка ўсё радзей. Казалі, што захварэў. «Вой, хворы! Ён учора сеў на ровар, ды па пяску! Так ехаў, як метэор! Пэўна ж, баба маладая, не ўходае работу разам з ёю, дык хворым прыкінуўся!» — жартавалі з яго. Казалі, што зрабіўся надта нервовы. Сустрэўшыся, напамінала яму пра станіну, яна стаіць на нашым панадворку ад той пары. Каза не абдзярэ, воўк не панясе, адказваў, хай стаіць.
    A то ідзем неяк з сяброўкай дахаты, наламаўшы палыну за вёскай. Іллюк ляжаў перак дарогі. П’яны?! I не абысці, няма куды звярнуць. Зараз дасць па пятах матам, будзе кпіць, во, маўляў, няма чаго рабіць, поўзаюць тут. Тым болып, што зусім не вясковую патрэбу ганяеш, палын y вёсцы не збіраюць. I не хацелася бачыць яго ў такім стане.
    Падыходзім — здраства, адказвае. Шапку зняў, лежачы: ці то змок, угрэўшыся, ці то і ўпраўду вітаўся па ўсіх правілах, як любіў звычайна. Галава мокрая, зялёная, як жалудок.