Альбом для цёткі Марылі
Марыя Вайцяшонак
12+
Выдавец: Логвінаў
Памер: 661с.
Мінск 2019
Апошняй y адчыненыя гарадскія вароты ўвойдзе Аліна, крыху кульгаючы, — з дзяцінства сталася, маці не дагледзела, упусціла з рук, нага зраслася. як дрэўца. Ніхто не заўважаў ейнай знявечанасці рэдкая прыгажосць сляпіла вочы й мужчын і жанчын. Яна цягнула на сабе цялежку з гароднінай, ягадамі, грыбамі перад гадавым святам звычайна ўдалы торг. Паліто на ёй старое, вясковага крою, недапасаванае, толькі што вяроўкай не падперазаўшыся. Боты-гумовікі па такой слабай зіме, хустка-крыпанка — так звычайна ідзе вясковы чалавек з хаты ў поле, y лес, да работы. Яна перавезла сюды, y горад, разам з сваёй цяжкой покладдзю свае строі, свае парадкі. Ні на кога не звяртае ўвагі, ідзе павольна, вачыма перад сабой, на дарогу, як цёмным лесам, каб аглобляй не зачапіцца за дрэва, за нізкі сук, галаву паспець прыгнуць. Як не перабірае лейцы ў руках, кіруецца раздумляючыся... Мужу, бачыш, не падабаецца ейная работа, заве яе шпікулянткай. Свекрыве ў вёсцы таксама яна непанараўная, кожны раз упікне пры сустрэчы, маўляў, таргоўля нетрудавыя даходы. A што яна перапрадае?.. Такія ласі сядзяць y камерцыйных будках, яны, бачыш, y законе, a яна са сваімі буракамі й сваёй бульбай шпікулянтка?!. Другая маладая баба і ў бізнес, як той казаў, і пад бізнес, ці грэх ці не... Скрыпіць левае кола, каб як дацягнуцца хаця да Камароўкі. Сёння будзе ўдалы торг.
Але што гэтыя гараджане ведаюць пра сапраўдны смак, сапраўдны пах свойскіх ягад, грыбоў, увесь час седзючы на крамным?..
У вёсцы Аліне не вельмі спагадаюць, маўляў, надта ж сквапная: жыве ў горадзе і соткі матчыны засявае.
— Чаго ты ўбілася ў маё сена? — выгаворвае суседцы, калі тая скасіла ейны ўзмежак.
— A нашто яно табе без каровы?
— Расце трава, дык хай будзе і сена!.. адказвае Аліна, маўляў, усё ёй спатрэбіцца, не чапайце.
Ды каб жа яна сама спажыла тое, што вырасце, як яны кажуць, гэтая шпікулянтка. Надта нязвыкла вёсцы, далёкай ад горада, зразумець, што можна прадаць тое-сёе з зямлі, мець дабаўку да пенсіі. Бы яно табе крэўнае тое, што народзіцца на сваёй спрадвечнай дзялцы. Старыя людзі ганьбавалі таргаваць. Калі хто крычыць на вуліцы, то гэта ўжо ў Алінін адрас. Возьме каня, адзін дзень паробіць, a людзі: «Назаўтра яго на лісіцы ў звярынец здалі, гэтак уездзіла скаціну!» I ніхто адзін аднаму не ўспомніць, што даўно меліся таго старога каня збываць. Усе пры калгасе, a яна ўжо тут як прымака, як прысцябай кабыле хвост. Стараецца ўхапіць, спарадкавацца, аж тэтар бярэ на яе гледзячы. Быццам парушаецца Алінай даўнейшы вясковы рытм, маўляў, пары хопіць: гэты жаліцца — хворы, той бы прысмерці, але кожны, злуецца Аліна, да глыбокай старасці дакалышацца, жывучы абы дзень да вечара. Сядзіць, шануецца каторая баба, за гэты час можна было б, ці грэх, ці не, і памерці! «Ты мае грыбы сабрала», — cane суседка, сустрэўшы на вуліцы. Пакуль яна, каторая, карову выгнала, пакуль нашлэпалася, людзей зводзячы па вёсцы, Алінаўжо ў лесе. Адна зязюлька яе пераймае. Едзе ў лес з дзецьмі на ровары. Як можна размінуцца з грыбамі, калі іх як касой касі, ды ўсё дармавое! Назад цягнецца абчапаўшыся кашамі, вёдрамі. Сабака з таго канца вёскі не пазнаў — укусіў за хворую нагу. «Сваіх не чапае, a ты прыехала тут!» — накрычала і гаспадыня. A сама з-за свету, нядаўна пабудаваўшыся. «Гультайка! Во такія грудзі, a малака ані кроплі пасля родаў...» падумала Аліна памсліва з вялікай злосці й супакоілася.
Шмат y вёсцы новых хат, наезджых людзей. Зайдзіцца, ідучы з ягад, на могілкі, адразу за возерам. Такія блізкія твары на здымках на помніках, такія родныя, што і дамоў ісці не хочацца. Цвіце язмен — спакой, раскоша, як y вёсцы калісьці, толькі дзікія пчолы лётаюць, гудуць. Тут памятаюць ейных
дзядоў і прадзедаў. Тут і не пытаючыся, усё ведаюць, што замуж ейны ў горадзе не ўдаўся. Мужык п’е, гуляе, прыйшоў неяк з «танцаў», кажучы па-вясковаму, не пусціла начаваць, да суседзей прасіўся. На рабоце яе скарацілі, добра што хоць далі групу, ідзе такая-сякая пенсія па інваліднасці. Жывым не пажалішся, што збіраецца кідаць мужыка, яе ж і абвінавацяць... Возера каля могілак поўнае, як вочка, вада чыстая, відаць, як вялікая рыба ходзіць, гуляючы. Вёска на тым беразе, пасачкам паміж небам і вадой. Некалі стаяць, любавацца, тады толькі й нагледзілася на гэтую прыгажосць, калі яшчэ жывучы ў вёсцы, радоўку адбывала за карову...
Людзі абселі, ягады абсыпалі ужо ёсць чарніцы. Усё кідае, ляціць з дзецьмі ў Царкоўе, бліжэйшы лес. Бабы абшчэбаюць, хадзі тады, шукай, a то ж можна на месцы вядро сабраць, як вады зачэрпнуць. Па кавалку хлеба з саланінай y хустцы да паясніцы, чатыры крыжыкі на зямлю перад лесам, каб з гадыняй размінуцца.
Цвіркуны — гарачым прысакам пад нагамі. Спякота, упаўдні лес душкуецца. цякуць як са свечак, смолы, пахне лампадным алеем. За дзень даспяваюць ягады ў цёмных кутках, схаваных ад сонца, ад людзей — птушыныя ласункі. Гадыні, разамлеўшы, ляжаць кружалкамі. Сіпла азавецца каторая з кустоўя. A такі ж якраз тут ягаднік харошы, лісту не відаць за ягадамі! Сляпні абступяць ейны маладзенькі табун некалі абараняцца, трэба й назбіраць з коптарам і наесціся ў лесе, каб дома не хацелася ўкрасці з кошыка — ягады ж на продаж. Але ёсць такая хвіліна ўпаўдні, калі лес змірыць чалавека са зверам, палягуць y адзін бок галовамі, паснуць, скруціўшыся, і страх адляціць ад іх шэрай птушкай на высокае дрэва ў дупло. Кідаюцца ноччу малыя ў ложку, віўкаюць, снючы гадыню, смыліць на руках, на твары ейны нерухомы, пільны пагляд. «Дзеці, уставайце... Сонца высока... Вецер ужо расу абтрос!..» — будзіць Аліна. «Во, каб даў Бог дождж, думае кожны з іх сам сабе. — Тады ягады пахаваюцца, там-сям таямніча блісне вочка красналюдка...» Куляюцца дзеці з ложка, ножкі нягнуткія, як калкі.
Ніколі не купляю чарніцы на кірмашы, яны мяне смажаць, гэтыя чорныя ягады й майго дзяцінства. Солана ў роце ад поту, ад слёз. Вусцішна есці, бы яны сабраны ў цёмным ягадніку на
кінутых могілках. A варэнне, калі пачастуе Аліна, хоць ты на куце стаў, пад абразамі, дзеля прычасця — такое яно дарагое, з такіх дарагіх да болю мясцін...
Чарніцы, потым маліны, ягады, як сухоты: нічога не баліць, a чалавек на іх як хварэе. A тут ужо і бульбу трэба капаць, сусед барозны разагнаў за бутэльку. Аліна — зноў y лес, па грыбы, адна, дзяцей адправіла ў горад да бацькі, да школы. Прыедзе на сокавы завод y Паставы здаваць, запозніцца: «Ну, людзінка, ну прыміце грыбы... Маю дзяцей малых трое, паспагадайце», — гэтак просіць. За другім разам устыдаецца, нялоўка жаліцца, тады ідзе ўнаначкі да сяброўкі, каб раніцай першай быць y чарзе. Падхопіцца ноччу — абразы бачыць, не на тым месцы, не пазнае, дзе заначавала. Чуе праз ноч, праз лес, праз Царкоўе і Забаладдзе, як людзі смяюцца ў вёсцы несцішоным смехам: «Бульбу кінула, не спарадкавала, зелянее на сонцы... Сама бадзяецца па горадзе з грыбамі!» Прыехаўшы з Пастаў папацёмках, калі ўсе паснулі, крадучыся, ішла на соткі, на каленьках выбірала бульбу. Ды раптам узышла поўня! Бульба ляжыць белая, відаецца добра! Дапаўначы пераглядаліся з той поўняй, як змоўшчыцы. Смяялася сама сабе, цешылася — вось і дзень надтачыла, залатала, ніхто не пазнае, як яно было! 3 галадоўкі ўзбілася на яблык з хлебам — і жыва па гэтым. Раніцай усе беглі глядзець, хто толькі быў на хаду, дзівіліся — чыстае бульбянішча, пэўна, чэрці ёй дапамагаюць.
Усё сабрала, пасеяла лубін на заворку. Выкапала моркву, ды такая яна спелая, y руках трэскалася, як выбірала. Прыехала ў горад дома непарадкі: адно дзіця згубіла акуляры, другое прапусціла ўрокі музыкі, трэцяе, самае большае, грыўку адрэзала! Вось табе і хвалёныя дзеці! Як новая настаўніца казала: «Такія яны прыхілкія, такія ліпкія, што ўжо там за бацькі?!.» — дзівілася. Строгая Аліна матка, a ў вёсцы лічаць — благая, маўляў, малыя за работай свету не бачаць.
I мужык той, бы кот, шусь! праз парог, пад ногі выслізнуў, як толькі дзверы ў кватэру адчыніла.
— Мой запатрабаваў, каб спраўку ўзяла... Будзе на развод падаваць, — сказала Аліна замест прывітання на гэты раз.
3 самага рання зайшлася да мяне, бы гэта начная бяда, з начы сталася. Каб далучыліся да ейнага гора, прыйшла
ў хату. Як па нябожчыку наказала. Стаіць y парозе, вочы падняла ўгару, стрымліваючы слёзы. Набегла аж пад вечка, глянула перад сабой — перакуліліся вёдры, плача не хаваючыся. Не, развод яна яму не дасць, маўляў, няхай будзе мужык, які ёсць, дзеля людзей, дзеля вёскі. Толькі мелася пажаліцца на мужа адной жанчыне, тая ўжо, можна сказаць, пры смерці была, такая старая, — назаўтра ўся вёска галавой ківала, маўляў сама вінаватая, што не ўжываюцца. Не, няхай ужо мужычок на гэта выбачае! Кідаецца ў хітрыкі, смяецца з сябе: спраўку дасць, калі той падлогу ў кватэры пафарбуе! Вось і ўсё! Дык жа зіма на двары, пярэчу?! Яму будзе лета, і яшчэ лета, ён ніколі не адважыцца што-небудзь зрабіць y сям’і, адказвае. I дзеці дубка пасталі: ты, мама, замуж ішла, нас не было, — трэба было глядзець, a цяпер — жыві! Дасталася Аліна і да варажбіткі. Насядае на мужа твая знаёмая, кажа тая, яны разам працуюць. Адкуль? 3 Калодзішчаў! Не па любасці сышлася, ад зайздрасці, што ты ў пары, a яна дзявуе. Грошы запрасіла за нагаворнае зелле немалыя, яно сабе. A яшчэ трэба шэсць дзесяткаў яек, на могілкі чарцей карміць. I шэсць метраў палатна, любой матэрыі, бо чэрці ўсё роўна яго ў балота завалакуць. Тады падробіць так, каб y яго, брыдка казаць, не стаяў. Начорта такі й ёй самой, адказала Аліна! Не да спадобы ёй старая варажбітка, мала што ўгадала. «Усё ведаю, але гавару мала», — паўтарае і маўчыць. Аддала ёй грошы, каб не думала, што яна ёй павінна. Зелле, праўда, і сама п’е і мужыку ў кампот падлівае.
Няма аніякага пазнатку — муж усё роўна звер зверам. «Што ты такая вясёлая. глядзі, каб не галасіла!.. Не лашчыся, я яшчэ зарплату не атрымаў!» і ўся ягоная гаворка. Тады яна адважылася, ішла да яго на работу. Не, не жаліцца, вядома. Хто чужы збоку паверыць, што мужык ейны п’яніца? Ён жа не валяецца. Другі пад сталом ужо ў бяседзе, a ён яшчэ сядзіць, бо яму конская доза патрэбна, каб адужаць. Ішла пагаварыць. Што дома — толькі свара і свара, там, на людзях, можа, хоць стрымаецца. Дабірала час, апранала абавязкова што-небудзь доўгае, лічыла, надта па модзе. Ішла павольна, пагляд — паверх галоў, як пастыр y барме з кіем. Муляла ўсю дарогу словы сухімі, жорсткімі вуснамі, рыхтавалася. Рэдкая хвіліна, калі яна, нарэшце, «пасціла» сваю сям’ю.