Альбом для цёткі Марылі
Марыя Вайцяшонак
12+
Выдавец: Логвінаў
Памер: 661с.
Мінск 2019
— Вой, хворы! Да старасці дакалышацца! A хай хоць на тым свеце будзе знаць, што няможна сястры роднай на благое думаць! Гультаі, зайздроснікі! Агата ўсё сцеражэцца. Гэта яна цяпер трохі абламалася! A то ж сядзе з курамі, пасядзіць, то стане, стаіць абапіраючыся на венік, нечага разглядаецца,
то цянёк знойдзе, сядзе, ногі выцягнуўшы, фасолю лушчыць. Век бокам да работы! порскала Стася, абы скарэй агрызнуцца; круць перад сабой граблі — і паляцела, ходка лятучая, напрасткі, толькі платы ўбакі лажацца.
Мне дык і Рыгор з Агатай, і тая Манька, злосніца Стасіна, сядзелі недзе незадалёка ад самога Бога, таксама, можна сказаць, стварыўшы й зямлю і ваду. Толькі што адзежа ў іх другая, не белая. Агата то ў сукенцы, чатырохклінка ці шасціклінка, усё ў талію, з паскам каб. Плюшаўка ў яе амаль новая, не знасіла ад той маладой пары, мала давялося святкаваць, a гэта ж адзежа святочная. Ці на ёй паліто вішнёвае, па-дзявоцку ў талію, кароткае, лытка таўстая з-пад яго відаецца. на крыжы напята, бы баба не іначай, як цяжарная. У нечым чыстым сядзіць, яшчэ не абношаным, нягнуткія рукавы, як заверчаная ў адзежыну. Манька дык крыху і модзіцца, y яе ўжо рукаў y сукенцы адразаны, якраз, каб локця не было відаць. Рыгору нядаўна купілі двое штаноў «Абое малыя!» — не то жаліцца, не то цешыцца дзядзька, маўляў, калі патаўсцеў, то, пэўна, і паздаравее. Сядзяць старыя на пагорку, усё жыццё быццам радоўку адбываюць, кароў пасучы, людзей пільнуючы, парадкі, адзін аднаго. Рабыя каровы хмарамі распаўзаюцца па лузе. Сядзяць старыя, хворыя, не дапускаюць Стасю да сваіх здабыткаў. Пільнуюцца, дзе яна косіць, што нясе, куды ідзе. Перагавораць кожнае ейнае слова, маўляў, чыё яна тутака спаганяе, свайго не зарабіўшы? Бацькава? То трэба было не ехаць y прочкі! I самі яны, вядома, не гідзіліся зайсціся ў калгасную свежую бульбу ці струкі, але ж гэта, лічылі, іхняе поле, іхняя і шкода... Не, каб пацешыцца, што работнік, нарэшце, прыйшоў на зямлю... Працавіты, увішны, здаровы, не дасць ёй зарасці дзірваном.
Але, як я дазналася пазней, была яшчэ адна прычына, даўно яны яе чулі, і не слыхам, вядома.
Дождж пачаўся з начы. Раптам так круга сцішылася, быццам нехта, захінуўшыся ад ветру, настроіўся запаліць сярніка. Бліснула маланка. Ліло і дзень, і два, і тры. Пахінуліся да зямлі глечыкі напярсцянкі. крутабярозкі, званочкаў, паўружыкаў. Увесь посуд, здавалася, які быў, перакуліўся, адусюль ліло, дрыжэлі ў хаце шыбы, паліцы. Ужо можна, нарэшце, во гэтак стаяць на ганку, як перачакаць, і стаяць сабе. Агата выйшла, узяўшыся рукой за драбіну, надоўга абаперлася, марудзіць
вяртацца ў хату. «Макрыядзі наробіць, усё ён без меры», — гавораць з дачкой. Унучка з цёмнага праёму дзвярэй ловіць цурубалкі са страхі, збярэ жменю, страсе, зноў збірае шкляныя вясковыя пацеркі. Унук падышоў з конаўкай, назбіраў дажджу, выпіў Высокі дэльфініум прагнаў y паветры цэлую прошву буйным сінім шклярусам, якраз каторай хоць на рукаво, хоць на падол. Камар над вухам цягнуў тую самую ноту, што і на двары.
Потым дождж пайшоў пераходамі, плісне з сіняга глечыка — і ходу, толькі каб яшчэ рушніка хто падаў абцерціся, завысока вісіць y сем нітоў рог вясёлкі. Вунь там, дзе елкі, нехта падымае тонкую газавую фіранку, падымае вышэй, вышэй, ужо адна елка добра відацца, ужо другая, і птушкі заспявалі. A ў тым канцы накідвае на елчыны вочы тую самую газоўку, пакуль не прымусіць іх спыніцца, пастаяць ціха, паслушна, дачакацца дажджу. Узляцеў з-пад ног матыль, пляма на скрыл лях дваіцца ўваччу, як пад кропляй дажджу, вось-вось саслізне каляровай пацеркай. Неба сіняе, цёмнае, едка цёмна-зялёнае, і чорна-белы бусел ляціць, вяртаецца ў сваё гняздо густы вя сковы малюнак, якраз жа Агаціна посцілка-набіванка каля ложка.
Стася, як толькі крыху парадзее, нябеснае дно пакажацца, ужо бульбу панесла на каромысле са склепа. Быццам увесь час y сенцах стаіць, перажыдаючы, каб хаця хутчэй пільную работу парабіць. Скочыла ў хлевушок, выпіхнула парасят, каб подсцілку ім памяняць. Аніяк назад свінку не загоніць. Хвастала дзеля прыліку дубцом, a потым ухапілася за добры кій.
— A каб ты апраглася! A каб ты сасмагла! A каб цябе паляруш! A каб ты галавой налажыла! A каб ты астатні дзень, халера на цябе! — гаварыла ціха, клялася, і сама, здавалася, разбітая тым палярушам, клалася разам.
Ці пры сваёй яна памяці гэтак казаць? Яшчэ зусім нядаўна, бачачы, як хутка прыбывае, расце Лешчыкава гаспадарка (каза прывяла, карова ацялілася, рознае птаства), як захлынаецца Стася работай, я стала раіць ёй патрохі збываць сёетое, каб, часам, не падарвацца. Стася выслухала, блізка села, нахінулася, каб нашую гаворку не падслухаў злы дух, сказала:
Няволле гэтак гаварыць, што трэба скаціну збываць, бо весціся перастане... Ужо як яно ёсць, хай так і будзе. Да
кароўськай смерці не разыдземся... Дзеці тут... прыедуць з горада, адной нашай бабе ўсё казалі, казалі, каб трохі паменшыла гаспадарку — і карова, на табе, захварэла... На стол сабе маю, і дзецям y кішэнь дам... Кіну, калі ўжо не буду магчы...
— Стася, твой Лешчык жаліцца, што цяжка робіць...
— A мужыку воля шкодзіць, няхай лепей будзе заняты...
Парася чула блізка карані, кідалася пад ногі гаспадыні ўзяць зямлю на лычык, пакрыўджана вісчэла, атрымаўшы па баку. Безабаронна станавілася на каленькі, каб схаваць вушы пад нізкую прыступку. Нарэшце неяк жа скіравалася, пайшло ў хлевушок.
Такое ж яно ўшанаванае, дагледжанае, жывое... Клясці скаціну?..
Няўжо адлучылі Стасю тыя, што на пагорку: Агата, Манька, Рыгор, тыя, што незадалёка ад Бога, адлучылі ад сваёй «паствы»? Сама ж Агата, памятаю: вырвалі дзеўкі гарбуза, той яшчэ быў з цветам на макаўцы, зялёны, — і пасварыліся. «Я не магу есці, каб яно яшчэ з вачыма было — не паравое!..» — злавалася Агата, ёй усіх шкада, усё ёй жывое. Няўжо-такі адлучылі?
Тузаецца Стася адна ад усіх на ўсю вёску, правіць гаспадарку, і гэта ў такі час, калі ў маладых і здаровых на вёсцы рукі абабітыя, мала ахвоты калупацца ў зямлі. A Стасі ўсюды жывы прыбытак, пад нагамі, трэба толькі не ленавацца, нахінуцца, каб падняць. На заводзе жыла ад зарплаты да зарплаты, a тут, y вёсцы, на кожным кроку рубель. Шчыра закідвала на плечы цяжкую посцілку з ахрап’ем і паддаць нікога не прасіла. 3 раніцы да вечара, з раніцы да вечара. Вымые ўжо ў поцемках ногі, уключыць тэлевізар, выспіцца да ночы, на адну хвіліну вочы спусціўшы. Ноч кароткая, як царкоўны венчык з малітвай, на лоб толькі палажыць — і ўжо ўставаць пара. Не паспееш і на другі бок перавярнуцца. 3 раніцы да вечара з мокрым каркам, сцёрлася з твару хусткай з галавы ўсё гарадское, даўно раскруцілася завіўка, толькі, можа, во, перад вачыма — аніяк ужо не саступіш убок, не аслабанішся — бо ідзе ейны завадскі канвеер, праз агарод, праз хлеў, праз поле, праз лес, торгаецца нерв, не адпускае, як хвароба. Вернецца з горада (калі-нікалі наведвае сваю кватэру), толькі яна прыехала, толькі сумкі занесла, a ўжо на ганку, y благой сукенцы, ужо ў садзе, ідзе наўгад, кругамі, усё шырэй забірае, шырэй, прыглядаецца да
работы. Лешчык ззаду, a потым — напрасткі да яе, наперарэз: што скажа жонка рабіць?
Дождж штодня. Налушчыў жвіру на сцежках — босай нагой не ступіш. Увечары падымаюцца ад зямлі густыя туманы. Ідуць па вуліцы клубамі, быццам каровы пыл паднялі, нічога за ім не відаецца. Дагоніць — пачуеш блізка ў твар чыстае старэчае дыханне зямлі, і не адвернешся, не адхінешся, быццам на тваім плячы — маці пасля доўгага няўцішнага плачу. На золку ад акна цягне халадком, бялёсае святло, нацягвае раніца праз рукі на голыя плечы свежую халаднаватую кашульку — спавівае, як малога. Рыгор радзей выходзіць на вуліцу. Слабей вочы бачаць, свет ягоны меншае, толькі што не на выцягнутую руку, белы, хвароба, абжаргаўшы, сядзіць ужо на карку. I пчолы злыя, бо няма работы дажджом — баіцца, каб не аступілі. Сядзіць y сенцах. Тутака пахне вымытымі яшчэ сырымі лавамі, чадзіць галавешка з печы ў памыях, сінім пацягнута свенцяцца сені, ціха, прыцемкі, тлее на падлозе першы чырвоны ліст. Адымае Рыгору іншы раз і мову. Але што яно вакол да нас гаворыць мовай? A зразумець жа можна і траву, і дрэва, і скаціну і без гаворкі, Нахіліцца да яго Агата, ціха скажа што-небудзь, каб не парушыць ягоную цішыню, бы на мапль ніку. Ужо што яна наважыць, тое і будзе, адзіная ейная ў хаце папраўка, і дзвярыма мужык не ляпне, не тое што. Каб гэтая воля ды ў маладосці, y свекрыві! Разводдзем, нідзе зямлі не відацца, сышла была з дзіцем з хаты, падалася дамоў, да маткі. Дзе ты тут вытрываеш? Мыюць, грабуць, мятуць, скрабуць, палошчуцца, a хіба ад зямлі адцураешся? То схаваецца ад усіх, дзень, два няма, бацькоў ейных паклічуць шукаць. «Дачушка, акажыся, — заве бацька. — Тутака толькі жыць!» — «Вам парабак патрэбен, каб усю работу парабіць...» — скажа свякроўцы ў вочы. I цяпер спіць на капе, паўгода не перасцілаючы.
— I дзе ты адзежы гэтай набіраеш? Мые і мые! Увесь свет боскі завесіла бялізнай, кожан дзень на драціне поўна рыззя! A сёння ж Пятро! не асцерагаючыся, крычыць Агата на Стасю.
— Чаму ж ты мне ўчора не сказала, калі ведала?
— Пара ўжо самой знаць усе святы й прысвяткі! Цябе ж і на Ўшэсце, казалі, бабы з буракоў прагналі былі. Што гэта, скажы, робіцца?!.
I праўда, і ў хаце ж мужык Пятро (усё Лешчык ды Лешчык!), і ён не ведаў, паласкацца памог на рацэ.
На Пятра ж заўсягды дождж, хіба не ў памяці табе? I што гэта ты круцішся, круцішся, няма табе перадыху? Да вады, глядзі, дастанеш! — смяялася Агата.
— A як ты век час маеш? A паглядзі — работа стаіць! Усё знішчыш, стопчаш пад сябе! Ці ж бы я да гэтай пары была моркву не прарваўшы! Ці ж бы так папусцілася, каб за лебядой бульбоўніка не было відацца? Ці ж бы я пер’е выкінула на шуметнік, курыцу засекшы? Каб вы з Манькай ведалі, што ўжо дзевяць падушак маю, дык палопаліся б са злосці! Усю зімку скубла, смагла, a вы семкі грызлі! Гультай ты несусветны! Усё жалішся: ой, не магу, ой, не магу. A я магу? Ці я ад шчырасці, ці з патрэбы раблю, ці з хваробы — нікому не кажу. У грудзях гарыць, на цябе гледзячы!
— I ты надта не перарабілася, калі сілы мела ў агрэсце з Аляксеем качацца, за шалёўку адбываючы!