• Газеты, часопісы і г.д.
  • Альбом для цёткі Марылі  Марыя Вайцяшонак

    Альбом для цёткі Марылі

    Марыя Вайцяшонак

    12+
    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 661с.
    Мінск 2019
    158.22 МБ
    ў хату, паможа ці не, то і бяды, бо ты без мужа... Чаму ж не, бывае, што і Лось дроў прывязе, і гной вывезе на поле, мужчынская работа быццам і робіцца. Асядае на дно ганьба — нясеш есці, ходзіш лёгка. Выдаецца, што яно ўсё так, як і трэба. Бо хочацца не тое каб спаць удвух, a захінуцца за каго-небудзь. Усё ж нейкая і мне заслона... нясу, мая ты Янечка, перад сабой па вёсцы гэтую любоў нясу, як дзіця, прыдбанае на баку, бахура. I ніколі ж яно ў пер’е не ўбярэцца, бо не ажэніцца на мне Лось, не зраўнуе ўсе плёткі, усе гаворкі, будзе хадзіць, брыдаць ні мне, ні табе. I ніхто з людцаў не прывыкне, убачыўшы, як ягоны конь стаіць каля майго плота. Што сліна нясе, тое губа трасе.
    Чуліся іхнія галасы толькі, можа, Пётру, a так ціхі шчэбет стаяў y хаце, слабка трашчаў агонь свечак, бы сухое скрылле злоўленага матыля.
    Позняе каханне, як неспадзяванае летняе разводдзе пасля начнога ліўня, пасля начнога плачу. Вада ў рацэ мутная, як слёзы, па кроплі сабраная. Размыты дарогі, знесены кладкі, a ні следу, бы і не было дагэтуль жыцця твайго, любові іншай, толькі вось гэтае — сённяшнім днём. A ўсе спыніліся і глядзяць на ейныя берагі — бяды, маўляў, шкоды нароблена. I ніхто не прызнаецца, не скажа адзін аднаму, што хораша паглядзець, падзівіцца. I рацэ лягчэй пасля засухі.
    Стоячы ў парозе, гаварылі смялей.
    — Ён, Пётра, нядаўна во гэтак сядзіць пад хатай, чакае, пакуль я праз плот пералезу, паздароўкацца каб. A я, некалі мне было, шась і адвярнулася. I бачыла і адвярнулася! Во, думаю, вітацца тутака, не да вітання — цялушку ўпусцілі ў агарод... Во, бабкі, як трэба асцярожна з чалавекам...
    -	Бабы, я ж купіла боты ў цыганоў, што ўчора былі ў вёсцы. Дачка мая вусны надзьмула. A што, хіба я не зарабіла на іх? Нашто? — пытаецца. На смерць! Боты на смерць? Ага, смяюся, каб сухенька было прайсці з кладоўя ў вёску і ўзімку: хату нацепліць, ката са стала прагнаць... Вы ж усе ў горадзе, a як гэта, каб хата няцепленая стаяла...
    — Што калі вайну ўшчыняць, нікога жывога не застанецца. Во буду ляжаць, ніхто мяне не пахавае. I што выгадаюць, каб спытаўся? Зямля апусцее лес парасце, людзі пачэзнуць...
    -	Ці чулі? Баба бахура несла ў капу хаваць, дык за ёй усю дарогу град ішоў...
    — Во як?!
    — Я дык «пахвалюся». Нядаўна сын прывёз з горада сваім дзецям кош памідораў, унукі ў мяне ўсё лецейка. Дык каб адзін даў пакаштаваць. Дачка ніколі б так не зрабіла. Во як адных сыноў мець!
    — Якое дзіва, што малы зносіць, што стары з’есць — една тое, адна патрава. Мы ўжо і смаку таго не чуем...
    — Бабкі — старасць... Трэба ж неяк адбыць, як радоўку за кароў y даждлівы дзень...
    Нагаварыліся — дыму поўная галава.
    Ціхенька, баючыся сцюжы, яны ўжо пераходзілі вялікую ваду, не шукаючы броду, y другое жыццё і, быццам, развітваліся.
    Ляцелі па небе птушкі ў чорным, напрасткі, як па калідоры, высока, галасы ледзь чуліся, даляталі ціхім плачам, птушкі-плакальшчыцы, якія суправаджаюць душу.
    I быццам ад іх адлучыўшыся, да хаты падышлі дзве жанчыны. 3 белымі вузельчыкамі ў руках. Хусткі туга перацятыя, аж галовы набок звярнуліся, чырвоныя ў твары. Адна адной пільнуюцца, і самі росту аднолькавага, пэўна, y дзеўках разам былі, западруку хадзілі. Гэта ўжо саўсім даўнейшыя людзі, бы людзі другой веры бедная радня Пётрыхі з ейнай далёкай вёскі. A ні слоўца не прамовілі, перачакаўшы шум увушшу, бы рой мошак, сталі маліцца. Прыйшлі, як зайшліся з вялікай дарогі, ідучы да святых — паломніцы.
    Мужчыны яшчэ па відну не ідуць. Але вось і стары Жарт сунецца, рукі ў кішэнях, брыль на вочы, задраўшы галаву, цыгарэта ў зубах. Ідзе проста на хату, на гора. Ён нічога не баіцца, не асцерагаецца смерці нядаўна пахаваў жонку. Дакурыў, кінуў пад бот, ледзь-ледзь затрымаўся перад вароцейкамі. Усё-ткі затрымаўся. Праз некаторы час ён прыйдзе да Пётрыхі ў сваты. Матка, скажа хораша, трэба нам разам дажываць. Я люблю бульбу есці, і скваркамі каб заскварыць, я такі бульбянік. Ці каб бульбы накрышыць і малаком забяліць. Маўляў, ведаю, што ты не любіш мадыравацца з ежай, але са мной мала бяды... Яна, вядома, зазлуецца, прагоніць: «А мой ты чалавечак! Які ты ўжо ёсць?! Мой сын падарвецца цягаць на могілкі нябожчыкаў!» Маўляў, нямоглы жаніх бяда ў хату. Але на вёсцы пахваліцца: хацелася пагаварыць пра маладое дзела, пасмяяцца.
    Лось ужо не на кані, як заўсёды было, каб напомніць гаспадару, што конь пры ім, во ён, спатрэбіцца яшчэ, ага рыхтуйце пахмяліцца. Сёння і без каня пачастуюць. У плашчыку, бы дзяцючок, як толькі пала за палу закласці на спітых, высмаглых грудзях. Каленькі аж пад барадой, як бег. I ён тут! Стаяць мужыкі на панадворку, сышоўшыся, па трое, па пяцёра, гавораць зусім пра другое. Во, адпусціў нам Пётра свята сярод нядзелі, y сераду. Пакуль што якое, паселі на зэдлі, кураць. Паселі і дзеці каля іх, сталі гуляць. Лешак садам, агародам — зноў y лес.
    Выйшлі з хаты бабы, рупіла падрабляцца. Толькі зайшліся Янька са Стэпкай за хлявы, толькі крыху захінуліся — я-як далі ў языкі, бы зайгралі на гармоніку! Янька расшпілілася, абцёрла павярхоўныя слёзы, цвёрда пад нагамі, зноў пачула тую цёмную сілу ў сабе, што мяшала ўсё чыста, круціла пустыя жорны, учыняла свары, іграла на вуснах, смяялася ў вочы — бабская сіла кацілася пераходамі па вёсцы ад двара да двара, ад жывога да мёртвага. Тая сіла, што несла на карку і прыдбанае на баку дзіця, і чужога мужыка. A на Пётрысе што гэта за сукенка! A ў што Пётра абуты? Надта задзяшовыя пантоплі! I ніхто ж не галасіў: ні жонка, ні дочкі, уся іхняя парода — і бяда паўбяды! I Ганна тутака! Ходзіць, жалобу збірае, і яна жалосніца! Мыліся ў лазні, дык жа ў яе духоў зусім няма, палюбоўніца, грудзі — як дошка! Сама ў такім светлым швэдры прыйшла, ні чорта не кумекаецца! Бы янаўжо тутака маладзёначак, маладая, Ласіха! Ха-ха-ха!.. Верка скажа і круць галавой убок, скажа, і зноў — круць для пэўнасці, бы кожны сказ з абзаца.
    Бабы, хто чуў, натапырыліся: y якую шкоду цяпер Янька ўб’ецца?
    Выйшла, пабыўшы, і Ганна. Стары Жарт адвярнуўся, доўга, унікліва ўглядаўся ёй услед, як не пазнаўшы. Нешта ж ды ёсць y ёй, калі... Лось не толькі ганьбіў, але і падымаў ейную цану. Альжбета ззаду. Слізгата, нагу не змяніць, калок сабе агледзела ля хлева. Яна даўно без мужыка, a тутака яшчэ ёсць пазнатак на мужчынскую работу, ёсць такі-сякі заход. Але ёсць ужо і нейкае бяспраўе ўдовінага двара. Можа, во з гэтага кія і пачалося нядбайна разносіцца людзьмі, птушкамі, дажджамі гнаіцца. Слабадней і ад плота адвіхнеш, калі няма чым карову скіраваць, гонячы каля Пётрышынай хаты.
    На небе, бы ў чалесніку, сажа загарэлася, пужлівымі іскрамі пабеглі адна за адной зоркі.
    На другі дзень ужо адчынілі ганак ад вуліцы, выносілі складзеныя там валёнкі, кудзелю. Во як прыйшлося выходзіць з хаты, дзе і нага жывая не ступала, можа, ад самага вяселля. Свежае пілавінне снегам на панадворку, загадалі дзецям падмесці. A які ж харошы вянок прывезлі, каб Пётру хто сказаў! Чакалі бацюшку. Хто і не верыў y Бога, але што, хіба бацюшка пашкодзіць? Лешак стаяў на вуліцы, біў і біў запяткам камок зямлі на дарозе. Аля макаўкай свяцілася то тут, то там, то свінням есці, то трусам. Гнала перад сабой авечак, цялушку, карову. Яна адна трымалася, учапіўшыся за самы кончык бясконцага жыцця. Заўтра ўжо да яе далучацца і матка, і баба. A пакуль абы не згубіўся, не выслізнуў з рук.
    Баб дык рух бярэ, a мужчыны рукі ў кішэні, стаяць, кураць. 3 хаты выйшаў сын, падышоў да іх, папрасіў — трэба ўжо выносіць бацьку. Усе, хто быў, расступіліся, глядзелі на старэйшых: во яны, найбліжэйшыя ягоныя таварышы, во яны.
    Мужчыны ўжо без шапак.
    Раптам моцна заплакаў малы. Можа, што маці адпіхнула яго ад сябе, невідушча атрэсла рукі, заспяшалася стаць за труной побач з Пётрыхай. Малодшая, яна была найбліжэй да яе, нікому не хацела саступіць гэтую чорную чаргу.
    Назаўтра адведаюць Пётру, пойдуць запытацца, як там яму начавалася.
    3 хаты напроці ўжо неслі і неслі цёплую ежу, закручаную ў ручнікі, каб не астыла, збівалі лавы. Пётрыха сустракала ўсіх y парозе, сярод сумнага карагоду. То пастаіць з кім-небудзь з баб, абняўшыся, углядаючыся, пагладзіць па шчацэ, то зноў пераходзіць ад аднаго да другога, працягнуўшы рукі, як y якімьсці жалобным танцы. I так ля кожнага свежага чалавека, a ўсё накшым строем, бы адпявала прыпеўку:
    — Во, Ганначка, во мы з табой і зраўняліся, бачыш...
    Сабраць, зняць першай гэтую жалобу. Як чорныя хусткі развязваюць, складаюць бабы каля яе і ідуць y хату ўжо смялей, вальней. Яна і сабе жалобу разводзіць слабей вузел пад барадой, не так вусцішна. Фіранкі на адчыненых вокнах лопаюць белым кароткім скрыллем. Кружалкі перадумак маладзілі ейныя вочы. Ужо не проста стары гаспадар памёр,
    a ейны да пары чалавек, мужчына, во толькі што адпусціў ейную руку, пайшоў, як каля веснічак усё жыццё стоячы, кахаючыся.
    — Дзякуй, людцы, што прыйшлі за ягоны стол...
    Аглядалася — увесь тутака ейны свет, камячыла беражок настольніка: трэба ж во першы раз адной сядзець сярод гасцей, шукаць гаворку.
    Ягоны стол ад парога да покуця — полем, стэпам ягонае пустое месца каля яе.
    Яшчэ тая вячэрняя пара, калі рана было класціся спаць, адвярнуўшыся да сцяны. Сон яшчэ не браў. Вялікая птушка так нізка вяртаецца на гняздо, над самай галавой ейны шоргат, хоць адхінайся ўбок — ці гэта яна пехатой, ці ты сам лётам.
    Яшчэ мужчыны дакурвалі апошнюю цыгарэту.
    ЧОРНЫ САГАН
    На змроку штовечар праляталі над вёскай птушкі ў чорным, моўчкі, разважліва, толькі шоргат скрылля шоргатам адмысловага адзення, бы спяшаліся на вячэрнюю службу, пераходзячы нябесную плошчу, святары.
    A сёння ляцелі гусі, якраз над Барбарынай хатай. Выбягаю на вуліцу паглядзець. I яна стаіць, бачу, y поцемках, стаіць нерухома.
    — Гусей слухаеце? — пытаюся.
    — Ara... a чые яны ёсць?
    —	Гэта ж дзікія гусі лятуць!
    —	Чаму так позна?
    Кожнай вясной усе, хто ідзе ці стаіць, сагнуўшыся над работай, спыняюцца, разгінаюцца — гусі лятуць, да ўсіх лятуць, як y хату ўсё роўна, да кожнага, гэтаксама і праводзяць. Што ёй ёсць? — не глядзіць на неба, толькі тое, што на зямлі, галасы тыя, што побач, на панадворку, y хлеве, толькі гэта ўжо чуе? Толькі адныя турботы: ці ўсе тыя гусі вярнуліся ад ракі, ці прыйшла карова з пашы, толькі панадворак, загароджаны плотам, увесь ейны свет?