Альбом для цёткі Марылі
Марыя Вайцяшонак
12+
Выдавец: Логвінаў
Памер: 661с.
Мінск 2019
Гарэлі свечкі каля партрэтаў росіцкіх пакутнікаў. Амаль шэптам чытаў маладзенькі дыякан урыўкі з раману, нязмушана, без муштроўкі рэпетыцый, вядома, бы дзеля сябе самога чыталася ўслых, спрабуючы лепей учытацца і зразумець. Гукі павольнай музыкі, ледзь чутна, то бліжэй, то далей, бы чыесці крокі, крокі таго, хто здымаў агаркі са свечак, падаваў на стол шклянку вады і сядаў на аслабанёнае крэсла каля мяне — не дачакаўшыся звыклага «відовішча», мая сяброўка пакінула залю. Выйшаў і знаёмы літаратурны крытык.
Вядома, гэта была літаратура не са знакам ПОСТ, што звычайна азначае «пасля Бога і пасля чалавека».
Асабісты, жывы голас хутчэй гучыць традыцыйна ў цяперашнім свеце.
Вядома, эфекту не было, хаця пісьменніца момантам намагалася натурыцца на гэта. I я сама, цураючыся рэлігійнага патасу, заставалася сядзець y залі дзеля павагі да тэмы вечара, ня болей.
Але калі потым сталі гаварыць маладыя святары, дыяканы Ордэну марыянаў... Адзін, другі, трэці... Яны выходзілі, з’яўляючыся, як з нябыту адразу і не заўважыш, што яны побач з табой, бо ў цывільным, пазнаеш, убачыўшы белую каляратку пад чорным каўняром. Іх было шмат, як на невядомым дагэтуль нікому гадавым свяце. Пасля сваёй прамовы кожны падыходзіў да пісьменніцы, віншаваў. Яна шырока заводзіла руку, за ламаўшы ў локці, моцна абдымала за шыю, быццам толькі тут нарэшце яны, ідучы кожны сваім шляхам, і сустрэліся, доўга ня бачыўшыся. Доўга, празорліва глядзела ў твар, намагаючыся ўбачыць y кожным ахвярнасць тых, пра каго апавядала ў рамане. Заводзіла руку, y гэтым руху было столькі звыклай жаночай адкрытасці і той жа таямніцы, нібы віталася з кожным не прылюдна, a на парозе свайго дому, на парозе сваёй вядомасці. Іх аб’ядноўвала нешта пераможнае над усім: гадамі
пошукі сведкаў, пошукі грошай на выданне твору, пошукі аднадумцаў, ахвярнасць дзеля справы сямейным спакоем і дабрабытам.
Цяпер яна ўжо абдымала ўсю залю, валодала мною. Сыпаліся на падлогу нашыя завушніцы і бранзалеты, бляклі фарбы на вуснах, румяны, бляклі дубальтовыя строі, абы хоць на момант адчуеш побач з ёй сваю належнасць да жаночай прыроды, да прыроды існасці.
Потым гэтай жа рукой яна, як міністрант або званар, будзе ціха разгойдваць звон y іншых касцёлах, аб чым прасіў перад смерцю адзін з росіцкіх ксяндзоў: «... азвані па нас, звон, пазвані, раскажы свету, як мы... каналі ў агні».
Столь казённага памяшкання расхінулася, вялікая жырандоля — копішчам зорак.
— Ну і як табе гэтае мерапрыемства? — запыталася на выхадзе адна знаёмая.
Мерапрыемства?! я маўчала... я ішла... з набажэнства.
Увесь час жыву спяшаючыся, таропка, і ў той жа час незадаволенасць, што ўпускаю раніцу, дзень, вечар, упускаю жыццё: згубы, здрады, пачуцці нязбыўнага, і той жа мой нядаўні «запечак» на выставе габеленаў. Цяпер мяне агортвала ціша спакою. Сціх вецер, дрэвы запаволілі свой гонкі рост, час запыніўся — усё наваколле падбірала хаду пад мае няроўныя, блытаныя крокі. Усё, з чым прыйшла, мяне нарэшце быццам выслухалі тутака ў зале — з Богам лёгка, ня трэба намагацца, даказваць, каб цябе зразумелі.
I няма быццам большага за шчымлівае жаданне, як, ускінуўшы на плечы нешта правінцыйна-цнатлівае, саскочыць з ровару і спыніцца ў Дубраве пад Менскам, напроці магілкі забітага немцамі святара (як тое дзяўчо перад нашай машынай — мы прыязджалі туды наведаць разбураны часам касцёл), перахрысціцца, прывітаўшыся, як яна, і далей, па вёсцы. Магілка надзіва прыбрана, дагледжана, бы свежая — заўсёды на памяці вяскоўцаў.
A што сын-святар? Магчыма, ім стане мой хроснік... Вельмі ўжо дасканалае дзіця трымала я перад хрысцільняй y Чырвоным касцёле, бы пераняла яго пацешыцца, забавіць з рук самой Дзевы Марыі, каб даць Ёй крыху аддухі.
ГЛІНЯНЫ ВЯЛЕС КАЛЯ МАЁЙ СТУДНІ
Былы муж прыехаў са сваёй Амерыкі неспадзявана. Мы сядзелі за сталом, насупраць адно аднаго.
— Я хачу вярнуцца... сказаў.
Такой цішы ў маім доме яшчэ ніколі не было: калі не адчуваеш нават свайго дыхання, ціша змярцвення.
Стол, даўгі стол для вялікай сям’і, засланы белым настольнікам.
Муж сядзіць смутны, ён няшчасны, ён распавядае пра свой няўдалы раман, ён чакае, спадзяецца, што ягоная бяда стане супольнай, сямейнай бядой. Наша дачка, кажа, застаецца вучыцца за мяжой, ёй там падабаецца, вельмі падабаецца, я, маўляў, павінна згадзіцца: добра, што ён настояў забраць яе з сабой, ад’язджаючы, гэта, маўляў, для яе такі шанец уратавацца ад нашай быдловасці. Гаварыў, гаварыў...
Я ня чула, я здагадвалася па вуснах. Я даўно стаю каля зачыненых дзвярэй, яны зачыненыя ўва мне самой. Ён спяшаўся, перабіраў y руках «ключы». Мне не перадаваліся ні ягоны боль, ні цяпло.
Вярнуцца?!
Доўгі стол паміж намі, засланы белым, ён мне выдаваўся заснежаным. Замяло на ім усё начынне для кавы, сіверам з твараў. Заснежаным, як тое поле калісьці. Вярнуцца? я не ведаю дарогі назад. Тады, адразу пасля разводу, з суду пагнала машыну на лецішча. Вечар зімовы як мігнуць вокам перавярнуўся на другі бок — і адразу ноч. Матор заглох y замётах. Кінула машыну на дарозе, як цяжкі хатуль з плеч, і напрасткі праз поле, па цаліку. Мне трэба было як найдалей ад нашага дому, дзе яшчэ дзейнічалі мужавы замовы, прысягі, вечныя ловы любові і да апошняга надзея, што дачка з ім не паедзе. Ад таго места, дзе паранілі, знікнуць, заблытаць крывавы след, не баючыся, што па ім y полі можа знайсці цябе, учуць звер — самыя красы.
Снег правальваўся, месцамі па каленкі. Азірнулася, хацела вярнуцца, a следу не відно ззаду ішла пазёмка. Поле ўвесь час перасцілалася нанова, змяняючы наваколле. Нечалавечым нюхам, зрокам здагадвалася, дзе тут маё жытло.
Ад парога, праз усю хату, адразу да Багародзіцы, матчынага абраза. Хацелася нешта ёй сказаць — яна падняла руку да вуснаў, запыніла. Так звычайна стаяць, збедаваўшыся, сялянкі на хаўтурах — замкнуць вусны, сцяць мову — знак маўчання. «Пакарміце Мурзу...» — патэлефанавала дамоў і заснула, ня цепліўшы, не распранаючыся, як y сабачай будцы, каб не абраз.
Назаўтрая, агледзеўшыся: чатыры сцяны, нізкая столь, страха на самыя вочы — гэта не работа! я буду тутака будаваць сапраўдны дом, той, пра які марылі, жывучы разам. Гэта будзе мой Элізіюм на гэтым свеце, дзе заўсёды пануе дзень. Душа мая для нараджэння зноў выбрала вось гэтае месца. Я старажытная пчала: парушыш соты, a яна, не зважаючы, надбудоўвае тое, на чым спыніла стыхія.
Парушаны мой падмурак, a я будую адразу «сёмы паверх»!
Трэба вярнуцца ў горад адно па сабаку.
Людзі дзівіліся: жарт — і мужык, і дачка з’ехалі за адным разам. I, пабыўшы: скора яна звыклася, вунь якую будоўлю распачала! Не, гэта ня звычка. Гэта калі ты забываешся, якой была ўчора. Ты быццам раптоўна зайшла ў цень, y свой уласны цень. Ты яшчэ некаторы час павернутая да блізкіх тварам, як да сонца хатняга, павернутая ўдзень, на змроку і ўначы. Выцягнутыя рукі ў адным кірунку з гадавымі колцамі павернутага да сонца дрэва. I раптам словы, позірк, рухі — усё звяла ніцее, пакуль на табе не аджыве атожылле, як на ствале пашкоджаным.
Зіма, лета, сонечнае святло, ягоны халодны прамень, як ад люстэрка, выцягнутага з кішэні: нехта высачыў цябе, гуляючы, і забыўся.
Вярнуцца?
Я прайшла ў адзіноце занадта вялікі шлях, намагаючыся на ўсё забыцца. Ішла праз гушчар, высякаючы сабе сцежку, як y джунглях, і яна за мной зарастала ўвачавідкі — я не патраплю вярнуцца. Удзень і ўначы чула галасы людзей, яны прысягалі адно аднаму на вечнае каханне, на сяброўства, успрымала іх, як спевы птушак. Ведала па сабе, што яны часцей прапануюць замест вечнага нешта ўзамен.
Але хіба можна даць чалавеку нешта ўзамен хлеба надзённага...
Гарадскія вуліцы звузіліся, як калідоры, цёмныя сцены з усіх бакоў шорамі на вачах. Вярталася сюды толькі па бу-
даўнічыя матэрыялы. Узіралася ў свой былы дом, бы ў чужыя вокны. Дом быў населены нашымі прывідамі, там быў схаваны наш нечаканы сямейны разлад. Я не гадавала дачку для Амерыкі, гэта мяне гняло найболей. Я не сурагатная матка. Чаму яна так лёгка ад’ехала?
Зазірнуць ва ўсе цёмныя куткі пакінутага дому, падняць масніцы, спусціцца ў падполак. Сабраць аскепкі церніцы матчынай, той пасудзіны, якую я выпусціла з рук, несучы перад сабой, жывучы ў сям’і.
...Нарадзілася дзіця, Дзям’яна. Дзіця быццам незапрошанае, як неспадзяваны верадлівы госць y доме. Мы перашкаджалі мужу. Ён вяртаецца стомлены, ён працуе бяз меры, каб сабраць грошы на сапраўдны дом, на машыну і, вядома, на прэстыжную школу. Ён зачыняецца. Ужо дачка стукае ў дзверы: тук-тук. «Хто там? я Дзям’яна!» — сама сабе адказвае і адыходзіцца. Муж глядзіць «навіны», дачка тук-тук па падлозе, як капыткамі, узад-уперад зноў незадаволенасць. Ён праз паўгоду настояў, каб мы знайшлі няню, маўляў, мне самой ужо час станавіцца ў аглоблі, і так шмат грошай упушчана праз роды. Я не забавілася ў шчаслівай пары мацярынства, калі корміш цыцкай. Малако на працы бегла толькі што не па лытках, быў час нейкага дзікага несупыннага гону.
Адна, другая, няні не затрымліваліся. Я разміналася з каторай, прыйшоўшы, y вітальні, як са зменшчыцай на казённай працы.
Трэцяя, яна нарэшце размаўляе па-беларуску. Сваю мову маюць ручаі, дрэвы, дождж, птушкі, мову маюць і рэчы. A наш дом быў нямко, гэта я цяпер зразумела, катух бяз ладу і складу, будаўнічая пляцоўка. Дзіця — як на мяжы ў полі, пакуль мы, бацькі, «нажнём» на хлеб з ікрой. Стол, табурэт, зэдлік, чужая цётка побач і, як адкупнога, кожны дзень y руку новую цацку, цэлы пагорак цацак і гэта ўся краінадзяцінства. Мы, маўляў, будуем новае заможнае жыццё. Можна сказаць, новую вольную краіну, бо лічылі сябе шчырымі прыхільнікамі адраджэння. Былі, так сказаць, занятыя ў «падтанцоўках» нацыянальнага руху.
Трэцяя няня, яна з інтэрнату, яе памятаю найлепш. Цяпер цяжка сабе прызнацца, як мы з мужам абмяркоўвалі ейны прыход: a ці ня ўгоніць яна нас y кошт, калі будзе і палуднаваць
y нас. Апошняя часцяком прыводзіла да стала і свайго малога сына. A яе, і кожную з іх, трэба было прыняць інакш? Завесці ў дом, як на пасад, расказаць пра нашыя традыцыі сямейныя, дарагія звычкі, таямніцы. Бо ў кожным доме жывуць па сваім асабістым сонцы, y кожным, як на іншай планеце. Урачыста, даверліва перадаць на ейныя рукі сваё дзіця. Хіба дом гэта ня ўнутраная прастора гаспадара, не галоўны інстынкт?