Альбом для цёткі Марылі
Марыя Вайцяшонак
12+
Выдавец: Логвінаў
Памер: 661с.
Мінск 2019
Памятаю, тэлефаную часцяком ёй з працы, падыходзіць да тэлефона не адразу, быццам y нас трыццаць пакояў. Дзіця спіць, кажа. Тады чаму так марудзіць, чым займаецца?
Неяк выдалася, што мы былі з ёй дома разам. Нехта патэлефанаваў. Няня стаяла якраз каля апарата. Замест званка іграла музыка, Поль Марэа, таката, нядаўна прыдбалі такую «забаву». Я бачыла праз адчыненыя дзверы з кухні: няня не падымала трубку, яна стаяла, слухала. Кароткія гукі, тая музыка, якая ўзнікае ад дотыку блізкага чалавека, ад ягонага слова ці проста, калі адчыніш музычную скрыначку. Яна стаяла нерухома, спынены зрок, невысокая, зграбная, чыстая лялька. Зараз механічна, нягнутка падыме адну руку, другую, пратанчыць, зробіць паклоны і знікне. Скрыначка зачыніцца, мы зноў застанемся бяз няні.
Я застыгла з церніцай y руках, яшчэ матчынай, адзіная рэч, якая мела існую назву, магнэс. Адзіная з матчынага гнязда. A так ніводнага чарапка дзеля строю, дзеля ладу, забавы, каб спыніць, перавесці вочы ад пялюшак. Толькі во тэлефон, куплены выпадкова, і той цешыць толькі няньку.
Што гэта нам ёсць?
Такі дом лёгка пакінуць...
Мы жылі, як перасяленцы, на часовым прыпынку. Нас такіх шмат, несканчоны цягнік. Заўсёды здарожыўшыся, заўсёды пад цяжарам жыцця, нашыя дзеці не запамінаюць месца, дзе мы спыніліся, бо яно не абжываецца.
Я толькі зараз ірванула ручку стоп-крана, каб нарэшце пабудаваць дом.
Ужо я ваджу дачку ў дзіцячы садок. Зіма, я спяшаюся, як заўсёды. Я ляту. Яна падае з санак y снег. Камунальны завулак, ён спускаецца да ракі. Раптам дачка бачыць гэтую раку, вялікую ваду, яна знямела, яе туды як за руку пацягнула. Яна да ракі, я назад, да сябе, яна ізноў туды. Злуюся, хапаю, як
шчаня, на рукі. Дачка плача, плача ўсю дарогу, крычыць з нейкім дарослым жалем. Што было ў ейным балючым голасе? Быццам я рыдлёўкай секла, абсякаючы ейнае маладзенькае карэнне, ледзь пазначаны навык супадзення з прыродай, з местам на зямлі.
Усё гэта ўспамінаю, як злачынствы нейкія. Адзінае маё жаданне: калі яна наведаецца часам, легчы з ёй разам спаць. Спавіць яе сваімі думкамі, адпіхнуцца ад сучаснасці, як y чаўне ад чужога берагу, і плыць. Часта ў сне бачу вялікую ваду. Заўсёды дзікая, няўрымслівая, як звер, не стрыножаная парапетам, да яе лёгка падысці, ступіць y ейны вільготны след.
3 усіх бакоў чую гаворку пра матчыну мову і рэдка пазнаю яе, як той казаў, y твар. Быццам каторы прамаўляе словы песні, ня ведаючы мелодыі ці ня маючы голасу. Быццам чалавек не нарадзіўся, a быў знойдзены ў капусце.
Сяджу з дачкой на бацькоўскім сходзе, слухаю класную кіраўніцу. Раптам заўважаю, што міжволі рухаю сківіцамі, бы пераціраючы пачутае, сілячыся праглынуць. Нешта сырое, як ня высушанае як мае быць на печы, зерне, засыпаю і засыпаю жменяю ў жорны. Выходжу, аж бакі баляць, як сказала б вясковая баба, праехаўшы ў пустой каламажцы па выбоінах даўнейшай брукаванкі, злезшы нарэшце далоў.
Яшчэ доўга словы кіраўніцы целяпаюцца, бразгацяць паражняком, набягаюць адно на адно. Цяпер толькі адныя лекі здумаць нейкую прычыну зайсціся да Хрысціны, каб зняць сурокі. Па сённяшні дзень заходжу да яе, як да варажбіткі.
Хрысціна нешта гаворыць, я не заўсёды лаўлю, унікаю ў сэнс, хай выбачае, я слухаю музыку мовы. Той плыўкі гук веснавое вады з перакатам праз сустрэчныя камяні на дне, карэнне, вільготны шэпт пяску-плывуна, шоргат белага, сыпучага жвіру з далоняў ці пад нагамі — і зноў перакат. Я каля яе пастаю сцішана. Я да яе, як да ляснога ручая ў горадзе. Карціць кожны раз запытацца: a што, каля цябе ў вёсцы таксама бегла вада? Кожны раз тое распазнаванне, тая дарагая згадка, бы раптам пачуў мелодыю з тваёй калыханкі.
У такія моманты адчуваю сябе амаль ва Ўэлзе, там пануе на ўзроўні з ангельскай валійская старажытная мова першых жыхароў Брытанскіх выспаў. Паўсюдна даўжэзныя назвы вёсак, адну з іх можна перакласці прыкладна так: «Месца
каля царквы, дзе б’е чырвоная крыніца і дзе каля пячоры над магілай расце рабінавы куст». Замест кароткай назвы сваёй вёскі я напісала б на шыльдзе каля дарогі: «Месца паміж дзвюма рэчкамі Лычоўкай і Дубоўкай — і балацінай, дзе «водзіць» і ўдзень, месца на пагорку, адкуль відаецца, пільнуецца кожны свой чалавек, які сышоў ці з’ехаў адсюль, месца, дзе... маё сэр ца». Царкоўем называюць поле побач, там наша сенажаць.
У такую вёску лёгка трапіць нават y стане амнезіі.
Рэчкі даўно выпрастала меліярацыя, ляжаць y равах, як нябожчыцы. Але іхныя галасы па сённяшні дзень дзынкаюць мне завушніцамі.
Падымаю слухаўку, чую то аднаго Андрэя, то другога (з «НН», зрэдку тэлефануюць, па справах, вядома), іхная скорагаворка што плыткая веснавая вада па каменні са стрыманым маладым смехам на заваротах. Нідзе не замарудзіўшыся, разбураючы межы, перашкоды, напрасткі — да вадаспаду ў вялікую ваду. Аж пырскі халодныя на маім твары. Размова скончылася — і сполах: пра што каторы гаварыў, ці патрапіла адказаць? Бо я слухала толькі музыку бягучай вады. Так гавораць y нашай вёсцы мужчыны. Ідуць заўсёды крыху наперадзе баб ці там касьба, ці малацьба, толькі голас адносіць. Ідзеш ззаду, як крутым высокім берагам гаваркой ракі — не сысціся і бліжэй не падысці.
A іншы раз чую ў скорагаворцы Андрэеў рытмічны перастук абцасаў, як y пасадоблі, вядома, з беларускім музычным акцэнтам: постаць з высока паднятымі грудзьмі, жорстка, нерухома пастаўлена галава — тыповы мужчынскі танец карыды. Жанчыне тутака толькі роль чырвонага плашча.
Ніхто з іх не выкладаў мову маёй дачцэ, і сама я гавару на трасянцы.
Хаджу вакол свайго былога жытла, зазіраю ў адно акно, y другое, трэцяе... На шкле скрозь марозныя святочныя малюнкі да зоркі Раства можна дакрануцца рукою. Калядкі. Калядкі, памятаецца, толькі на шкле...
Свята яшчэ няма, свята яшчэ ў дарозе, a дзеці ў ліцэі ўжо ладзяць сустрэчу, нешта накшталт спектаклю. Рыхтуецца святочны стол, гульні, падарункі. Усё адбывалася заўчасна, да прыходу вялікай госці, дзеля якой быццам усё і рабілася. Ніхто не чакаў ейнага прышэсця. Адным словам, проста спектакль
на тэму. Калі не ў пару, не ў назначаны вякамі час вадзіць карагод, гэта можа падзейнічаць нават на сонца, памятаецца, казалі ў вёсцы старыя людзі. Маўляў, нешта можа парушыцца ў навакольнай прыродзе. I ў чалавеку, вядома.
Дачка вярталася размагнічанай, як я калісьці з вечарынаў пад раніцу. Да часу, да пары разгортваліся падарункі, спешна, нервова, y спадзеве адно на той гасцінец, якога не каштавала, ня бачыла. Цяпер я разумею: яна шукала нейкай дзіцячай неспадзяванкі і не знаходзіла. Падсвядома адчувала: мяне верадзіла ейнае і маё асабістае несупадзенне з векавымі рытмамі. Я спрабавала нешта выправіць, ставіла дома ялінку, вядома, спяшаючыся, y самы апошні вечар. Я выконвала, падкрэслена выконвала рытуальную дзею, але без рэлігійнай веры, якая мусіла б звязаць рытуал з нашым штодзённым жыццём. I дзі~ ця лічыла, што гэта проста чарговы спектакль, хатні тэатар, ня болей. Магнэз рытуалу ня меў сілы.
Свята ўжо хадзіла па горадзе, пад нашымі вокнамі, a мы ня чулі, каб адчыніць дзверы, упусціць яго ў дом — мы ўжо спалі. Стаяла на кухні пустая латка, y ёй я збіралася церці мак на малокі, варыць куццю, да апошняга збіралася. Але... нашыя калядкі толькі на марознай шыбе.
Мы з усяе моцы разгойдвалі наш дом — вось нашай планеты.
Сціралася тысячагадовая памяць роду.
Увечары на пляцоўцы пачула: калядавалі тры хлапчукі, спявалі святочнае. «Чаму на расейскай мове?» — запыталася. Дзеці разгубіліся, заспяшаліся да дзвярэй.
Мянс бянтэжыць вашая ўпартая арыентацыя толькі на матчыну мову, не зважаючы тое, хто гаворыць і пра што. A на ёй ужо навучыліся размаўляць і сапраўдныя здраднікі, зламыснікі, — абурыўся муж надзіва сур’ёзна, быццам я ўзверадзіла яму нешта вельмі балючае. — 3 несвядомым чалавекам трэба працаваць, паводзіць сябе калі ты разумнейшай сябе лічыш за іншых, гэтаксама, як пастыр y царкве, на ўзроўні казані. Тым больш, што ён табе часцей невядомы — дыху ягонага не ведаеш. Тлумачыць трэба. Вы не адчуваеце свойскасці нацыянальнай. I маральныя, і палітычныя пытанні вырашаеце па-вясковаму: з каламі адзін на аднаго, вёска на вёску! Нельга так пагарджаць поглядамі тых, хто цябе не разумее, не згаджаецца з табой. Яны разлічваюцца за сваё непаразуменнс вялікай
цаной, такой самай, як і ты, цаной свайго кароткага жыцця. Яны плацяць будучыняй сваіх дзяцей. Няўжо гэта ня доказ, што твой супраціўнік мае права на павагу, на спачуванне? Сварай, абразамі ты мне нічога не дакажаш! Не запэўніш, што твая пазіцыя больш вартая за маю, болып чалавечная, не! Гуманную ідэю ў народ павінны несці гуманісты, a не гуманоіды, якія запалохваюць нязвыклымі выхілкамі. Крэўныя толькі тыя, што размаўляюць па-беларуску, a астатнія пасынкі? Матчына мова, калі яна сапраўды матчына, ня можа раз’яднаць сям’ю, маю на ўвазе нацыю! Як, скажы мне, я магу спадзявацца на тое, што калі ты пераможаш, твая ўлада будзе справядлівейшая? Калі так, дзе падстава? Усялякае зло, самае найменшае, учынак ці слова благое, абсалютнае, як сказаў нехта...
Я маўчала. Ці была я з ім згодная? Але... я здагадвалася, з кім ён спрачаецца. Ягоны лепшы сябра выступіў y газеце з артыкулам, дзе амаль гвалціў несвядомага, так сказаць, чытача, сваімі доказамі. Другі сябар, той пісаў па-расейску, сапраўды, як той пасынак, быў занядбаны на радзіме: уладай, што апазіцыянер, апазіцыяй — за мову. Іх было трое. Трэці ён сам. Ён пакутаваў: з кім? На чыім баку? Ён перажываў крызіс сэнсу. Адышоў ад усіх, хутка і ад’ехаў за мяжу.
Ня памятаецца, каб мы яшчэ калі-небудзь вярталіся да гэтай размовы. Мы рухаліся з большасцю гэткіх самых наежджых з вёсак гараджанаў. Мы яшчэ разам, і кожны раз, калі пільна трэба было ляцець з дачкой на вакацыях y вёску да бабулі, ляцець, як y вырай, мы, вядома ж — y Турцыю.
Мы заглядваліся на чужыя святы, хацелі патрапіць быць сучаснымі. Мы валодалі стратэгіяй выжывання, зусім ня ўмеючы проста жыць. Мы не вытрымлівалі сутыкнення з цывілізацыяй. 3 ужо наладжаным светам.
Туга, скруха, мне невядомы гэты стан я вылечылася ад болю адразу, як толькі пачала сама будаваць дом.
«Вось гэта дык гаспад-а-р!» — чула, стоячы на падворку, галасы незнаёмых людзей, ішлі, гуляючы, каля маёй будоўлі. Хоць ты дагані і патлумач: тут ані блізка таго гаспадара! Гэта яшчэ тое сабе, a вось застацца ў доме без мужчыны, што без люстэрка: y мяне гадамі ўборы адным строем. Мне выдавалася: калі я здыму свой фартух, самому Богу давядзецца зачыніць сваю кузню.