Альбом для цёткі Марылі
Марыя Вайцяшонак
12+
Выдавец: Логвінаў
Памер: 661с.
Мінск 2019
«Святыя» ў нас не пераводзяцца.
Абы толькі якое савецкае свята, усе ў доме ведаем: сусед, франтавік, прасуецца, чысціцца з самай раніцы. Падыдзе да акна, пасцеліць газету на стол і чысціць на ёй абутак, абы не на
бацінку было. Капелюшы рознага колеру. Уцячэ з дому не паснедаўшы, умыкне, як падлетак. «Ганчак» завуць яго ў сям’і. Ягоная маладая вера, ягоныя сцягі ніхто яму не пярэчыў, не замінаў, не пасміхаўся.
Мала каму ўдавалася перамэнчыцца, змірыцца з гэтым новым часам. Нехта з мужчын піў. Смак бяды, можа, ён каторы вастрэй яе адчуваў, і гэтая гарката толькі віном і перабівалася і нічым болей. Калі і ўдавалася трохі зарабіць, карысці гэта вялікай не мела. «Ня піў, калі грошай не было, то нават разам іншы раз хадзілі па вуліцы, — распавяла неяк пра мужа, як пра суседа, Міхаліна з другога паверху. Цяперака вяртаемся часцей паасобку, бо гэта так яму нязвыкла, каб разам з жонкай. Ані ў якім разе, каб побач! Шась убок, быццам y краму па хлеб, прынясе непатрэбную булку, чарствую, абы яму адлучыцца было кумпанію ўсё шукае, каб дабавіць». Іншы раз познім вечарам сюды сыходзіліся «сябры», моцная гаворка, сварка, a то і бойка. Тады дом выдаваўся нічыйным, пустым, нават бяз прывідаў, бы звонку падпёрты калом, бо і сабаку ня зможаш прагуляць, не адважышся вывесці за дзверы.
Хто з дому навёў участковага на Жанчыну ў юлёвым? Мы разгаварыліся з жонкай мастака. Дом патаемна ганарыўся, што побач жывуць такія людзі.
I Яна нам не перашкаджае, a жыве якраз жа за сцяной. Я рада, што ў яе няма ні тэлевізара, ні халадзільніка, ні нават радыё. Адна лямпачка на ўсю кватэру. Не, мы нічога да яе ня маем... Мяне іншае турбуе. Згадзіцеся, y доме склаўся такі кантынгент... Нашая дачка выходзіць замуж... Мы вырашылі, каб жаніх перад вяселлем прыехаў яе забіраць з дому маёй маці... Там прыстойней, там не лунае дух беднасці ў пад’ездзе... I наастатку яна прыветна развіталася, знакамітая ўсмешка на твары, мастак часта маляваў жонку, лёгка пайшла, прытрымліваючы ад ветру знакаміты капялюш.
Я ня мела на той час нічога ёй адказаць, ня мела што здумаць. I толькі раптам, як ад грукату ў сцяну, пэўней, штуршка ў човен. Калі пачынаецца бура, a ты задрамала на дне, разамлеўшы, і не адчуваеш, што цябе зносіць некуды ўніз, па цячэнні, ужо і берагу не відаць. Хацелася гаварыць услых, крычаць. Тут, y гэтым доме, y ягоным улонні яна нарадзіла трох дачок! Тут віюцца іхныя сны, мроі! Вы хочаце ўзяць чужы дом
напракат, вы можаце здрадзіць сваім дарагім успамінам?! I няўжо вы не здагадваліся, што вы тут сярод нас не проста сабе жывяце, a сымбалізуеце духоўныя каштоўнасці? Гавару сама сабе ўголас, крычы, каго хочаш, крычы, якая сцяна, каторая сцяна цябе пачуе.
Перапыняе мяне нейкі стук аб вугал, енк чалавечы? Сабачы? Хапаю вялікі кухонны нож, бягу ўніз бараніць дом ад гвалту, ад вечных тутака зборак, разборак, баронячыся сама ад зняслаўя. Ляпаю дзвярыма пад’езду як наймацней, бы са мной сотня ваярак, a каля дому анікога. Вяртаюся, пераможна, павольна падымаюся па сходках, бы пад цяжарам даспехаў, са смехам разглядаючы вялікі нож, быццам мне хто яго толькі што ўклаў y руку. Адчуваю нязведаную дагэтуль магію месца. Толькі б, бронь Божа, нікога не сустрэць y такім ваяўнічым аблачэнні.
Назаўтра дом затрымцеў, замітусіўся, заляпалі дзверы, ліфт, і да пад’езду пад’ехала шэсць матацыклаў, шэсць маладых мужчын, як на конях. Я пазнала жаніха старэйшай дачкі мастака, з ім дружкі. Няўжо перадумалі арандаваць чужы пад’езд?! Якраз субота. Усе заспяшаліся на вуліцу.
Нявесты яшчэ не было, але час ня доўжыўся. Стаяў Ян Свіцянка, пэўна, пасля ночы, ня спаўшы, вочы прыспушчаны, рукі склаў на грудзях, рыхтуючыся стаяць во гэтак, як укапаўшыся, пакуль ня ўбачыць тут нешта яму патрэбнае, асабістае. Аліна затрымалася, бегучы, пэўна, з кірмашу, нешта прамаўляла сама сабе аднымі вуснамі і яўна хвалявалася, бы пратаргаваўшыся. Двое суседзяў нападпітку з раніцы, як звычайна, палілі стоячы ўбаку, адзін аднаго ўшчуваючы, абы каторы загаворыць мацней. Побач Міхаліна з мужам, той спрабаваў далучыцца да мужчын, Міхаліна трымала за крысо, робячы выгляд, што шуткуе з ім.
Дарожка, засыпаная пялёсткамі, вілася да парога, як y са~ дзе.
Выйшла і Жанчына ў юлёвым, сукенка чорная ў белыя кветкі, фальбонкі на грудзях, сукенка маладой нябожчыцы з нашага пад’езду. Надарыўся, бачыш, выпадак прыбрацца. Азірнулася і саступілаўбок, прытрымліваючы некаму дзверы.
Ішла нявеста ў белым. «Глядзі, глядзі, глядзі...» — ветрыкам разнесла шэпт y натоўпе, бы ўбачылі выяву ў цёмным праёме
пад’езду, як на схіле пясчанага кар’еру пад Крычавам. Нявеста затрымалася на сходках, вітаючыся з усімі, голаў схіліла да пляча ў нейкай невытлумачальнай боскай згодзе з тым, што з ёй тут адбываецца. Ахінула спакоем тых, хто тут з нас згубіўся, адчувае сябе ў чужым часе, ня могучы прыстасавацца да новых формаў жыцця. I тых, хто разумее, што новы час часцей працуе не на аднаўленне, a на разбурэнне і жыве ў згодзе з сабой па запаветах святой беднасці, па запавеце радавання, каб скруха не пераадолела, не засланіла сабой усё падчыстую, створанае Богам. Навошта мы гэтак мітусімся і марнасловім, зайздросцім і лянуемся жыць... Нехта з нас успомніў свае высокія памкненні, нехта і самыя палкія пачуцці.
Успомніць гэтаяшчэ раз перажыць, што мінулася.
I толькі калі нявеста ад’ехала, заспрачаліся: адны казалі, што яна села ў аўтамабіль, прыбраны вянкамі, другія да жаніха на матацыкл. У адным не было рознагалосся: такой прыгожай нявесты яшчэ аніхто ў Менску ня бачыў.
Мне дык выдавалася, я нават упэўненая: нявеста ад’ехала на белым кані, па вуліцы, як па алеі, алеі дамоў.
Ад той пары наша старая хрушчоўка за некалькі хвілін змяніла сваю біяграфію: цяпер гэта ўжо быццам палац самай прыгожай y горадзе нявесты, палац з брамай неўміручасці замест змрочнага пад’езду.
МАКІ ДЛЯ НЯФРЭТ
Ад самай раніцы, як толькі нарэшце прыехала на лецішча, дзень перазапаўняўся патаемным сэнсам.
Пэўней сказаць, не прыехала, a прыляцела. Вясна пачалася рана, я заспяшалася звязваць клункі, валізкі, і раптам палі халады. I не паспеўшы ад’ехаць па цяпле, я, як y паветры ўвесь той час — сома бы на шляху доўгага пералёту, хоць яшчэ і з месца была не скрануўшыся. Цяпер рупіла хутчэй узяцца за работу. Ці я з хаты, ці я ў хату — усё яшчэ ў вузлах ля парогу. Не разгледзіцца, хто дзе на вёсцы, не падымаючы галавы ад зямлі, пакуль, як той казаў, — «кросны не пастаўленыя».
Але як было не загаварыць, убачыўшы суседа Мар’яна?
— Як зімавалася? — быццам звычайны такі пароль тых, хто жыве зімой y горадзе.
— Спаў апрануўшыся... з сабакамі разам... хата свіціцца, лядоўня, ня хата... я і ўлетку сплю ў адзежы. Ты распранешся, ляжаш, расслабішся, a д’ябал ужо тут! Падыдзе, украдаючыся, да цябе, цёпленькага, і спакусу падсуне пад нос. A я ваяр Хрыста — р-раз! і на нагах! і ў страі! Мяне не спадманеш!
Стаіць гэты ваяр, абшушкаўшыся, твар нерухомы, застылы, на галаве па самае брыво цёплая панчоха, завязаная на цемені гарбузовай завяззю. Няма мне калі яму патураць, няма калі, кажу.
— Няма калі?! Ніколі не кажы гэтага, не падманвай нікога... Можа ня быць хлеба, солі, запалак, але гэта часовы недахоп. Часу ў чалавека неабмежавана — вечнасць...
Мяне бы злавілі за руку, затрымалі, з надарванага пач ка сыплецца семя радысы мне пад ногі, на дарогу. Стаю асалавеўшы, аж вушы заклала, бы дала нырца ў бясконцую раку часу. Адпусціў боль няздзейсненага, боль сквапнасці, боль згуб, боль зайздрасці — вызваленне ад усяго матэрыяльнага, тленнага. Сэрца пульсавала, як на гіпнатычным сэансе.
Ледзьве пачула: ён смяяўся. Смех, застаялы ў грудзях, вырываўся балотным бульканнем, бы я наступіла нагой на слабкае месца, зацягнутае цемя багавіння, y рудую ваду, патрывожыла балотны дух, самога Багніка. Смяяўся, рабіў і рабіў яшчэ заходы, каб адсмяяцца, як надыхацца. «Вар’ят» — апамятавалася я канчаткова, шкадуючы, што во нечым жа сарвала ягоныя слабыя зашчапы.
Ён не любіў дачнікаў. Яны, дачнікі, лічыў, нічога каштоўнага ня зробяць на зямлі, гэта, маўляў, спрэс атручаныя людзі. Сцены ў горадзе, мэбля, фарбы, газ выдзяляюць атруту, людзі спяць y кватэрах — усё гэта ўздзейнічае на соннага чалавека, ім галовы баляць. Прыедуць y вёску, порк-порк і назад, y горад, — яны ўжо ў наркатычнай залежнасці ад гарадскога чаду. Іх нізавошта ня вернеш y пустыя бацькоўскія хаты. Во, паглядзі, казаў неяк, што робіць палкоўнік на сваім бацькоўскім «лецішчы», заўсёдны ягоны доказ чалавечай абыякавасці. Зямля тут, маўляў, укладалася, шукаючы супакой, вякамі, a ён паадразаў ейныя пагоркі-смочкі, абкарнаў ейнае жывое
цела, выпрастаў, як ссечанае дрэва, гэблікам, думаеш, рабіў пляц для гольфу? Не, y яго ў галаве ня звіліны, a паралельныя прамыя, як на пляцдарме.
Пачуўшы голас гаспадара, з-за пагорку выйш лі да яго козы, наперадзе казёл Пярун. Казёл не ішоў, яго зямля выносіла на сабе хваляй, як які пірацкі човен: нерухомая галава з расахатымі рагамі маскай, чорныя козы ззаду чорнымі рабынямі, мелка перабіраючы нагамі, цесна адна да адной, бы закальцаваныя цэпам. Мне б хутчэй скончыць гэтае спатканне (баюся Перуна, ніколі ня ведаеш, калі ў яго ўскіпіць злосць), a Мар’ян бавіўся ўвачавідкі. Ён напытваў сабе сякую-такую работу. Я паабяцала даведацца ў суседкі Надзі, потым яму наказаць. Няма часу хадзіць па хатах, праўда, але ж трэба нешта здумляць. Надзя звычайна ня любіць наймаць. Яна раўнавала чужога чалавека да сваёй зямлі, да сваёй работы, яна з ёй y цесным звязе, нікога каб трэцяга пасярод. A сіл бракуе. Карова будзе з дня на дзень цяліцца, гной з хлява ня выцягнуты, жаліцца. Можа б, Мар’яна паклікаць? Не, не, яна ў свой хлеў бадзялага чалавека ня пусціць, крычыць. Быццам гэта ў сям’ю, дзіўлюся. Абціскае вакол сябе сямейную коўдру, толькі што ня лежачы ў ложку, зняможаная, старая. Зімой не заробкі — няма заробку наагул. Вясной Мар’ян падбіраў вывернутую з дзежак капусту каля склепаў, перакіслую, склізкую, мёрзлую бульбу, пустыя, палавыя агуркі. I гэтым быццам мерку ўсім паказваў, чым ён можа абысціся за сталом, і разлічваліся ўсім, чым сабе нягожым, што нічога не каштавала, але перападала і харошае. Ніколі ня дзякаваў, лічыў, што ўсё паслана Богам, a людзі толькі выконваюць ягоны загад. Ня брыдзіўся калі-нікалі зайсціся і на сметніцу ў лесе і, як удалы грыбнік, знайсці там тое, чаго другі і ня ўбачыць. Часцяком наведваліся да яго вяскоўцы то па жалезны прэнт да плоту, то па юшку да печы — y яго быў цэлы склад знаходак, выдумляў з жалеззя розныя інсталяцыі.