Аўтабіяграфія
Браніслаў Нушыч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 229с.
Мінск 1985
БІБЛІЯТЭКА ЗАМЕЖНАЙ ПРОЗЫ
Браніслаў
Нушыч
АЎТАБІЯГРАФІЯ
АПОВЕСЦЬ
МІНСК
«МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА»
1985
Н(Югосл) Н 90
Пераклад
з сербскахарвацкай мовы і прадмова
ІВАНА ЧАРОТЫ
Пераклад зроблены з выдання: НушнЬ Б. Аутобііографніа.— Београд: Зеж, 1965.— 250 с.
4703000000—024
Н М 302(05) — 85 17°—84
С: Прадмова. Пераклад на беларускую мову. Афармленне. Выдавецтва «Мастацкая літаратура», 1985.
РЭХА НУШЫЧАВАГА СМЕХУ
Апошнім часам сур’ёзна загаварылі пра смех і нават тэарэтычна абгрунтавалі, што смяяцца карысна. Высветлена, што ў эпоху НТР гэтаксама не абысціся без смеху, як без тэорый. Мабыць, людзі ніколі не маглі абыходзіцца без смеху. Ёсць звесткі, што ў антычных лазнях служкі павінны былі не толькі добра мыць, парыць, галіць, але яшчэ і абавязкова валодаць майстэрствам смеху. Дык ці не адтуль цягнуцца радаводныя ніці сатыры і гумару і ці не адтуль пайшлі выразы «даць лазню», «намыліць піыю», а таксама прыказка: «Вада ачышчае цела, а смех — душу»?
Як бы там ні было, а чалавек смяецца здаўна і не абы-як: у розных народаў знаходзяцца таленты, якія смяюцца так, што водгулле іх смеху разыходзіцца ў прасторы, часе і не змаўкае.
Пачэснае месца сярод такіх майстроў смеху належыць сербскаму пісыменніку Браніславу Нушычу (1864—1938).
Дарэчы, у мінулым годзе споўнілася 120 гадоў, як Браніслаў Нушыч нарадзіўся і, адпаведна, першы раз засмяяўся, а таксама 60 гадоў, як ён напісаў сваю «Аўтабіяграфію». А ўвогуле можна знайсці добры тузін розных юбілеяў, звязаных з яго жыццём і творчасцю і ў гэтым годзе, і ў іншых. Справа ў тым, што Браніслаў Нушыч надзіва актыўны і пладавіты. Толькі пералік яго прафесій і пасад зойме не адзін радок і не зможа ўмясціцца ні ў якую стандартную анкету, а ў папулярнасці з ім не мог супернічаць ніводзін суайчыннік пры жыцці, ды не можа і цяпер. Яшчэ ў 1912 годзе, калі Нушыч-пісьменнік быў толькі на сярэдзіне свайго шляху, яго сучаснік і калега
А. Г. Маташ сцвярджаў: «Такой лёгкасці, такой плённасці няма пакуль што роўных у нашай агульнай літаратуры. А калі ўлічыць яшчэ, што гэты блаславёны працаўнік — асоба таварыская, кампанейская, што ён любіць віно, як Катон Старэйшы, гутарку, як Сакрат, што ён, як прыроджаны эпікурэец, не адмаўляецца ні ад чога, пачынаеш верыць, іпто сапраўды бываюць людзі, якія твораць па буянай лёгкасці прыроды, якія даюць плён і прыносяць карысць ужо толькі тым, што жывуць, і робяць яны найбольш тады, калі быццам бы нічога не робяць».
Сучасніка, суайчынніка і паплечніка можна западозрыць у кампліментарнасці, а таму пойдзем і да фактаў, лічбаў: з-пад Нушычавага пяра выйшла больш як пяцьдзесят драматычных твораў розных жанраў і даследчыкі адзначаюць, што ўсе тэатры Сербіі ў міжваенны перыяд існавалі за кошт яго прадукцыі; акрамя таго, ён напісаў гумарыстычны раман, дзве аповесці, каля пяці соцень гумарыстычных апавяданняў і фельетонаў, а таксама кнігі ўспамінаў, дарожных нататкаў, нарысаў. Прычым усё гэта друкавалася не дзеля будучых даследчыкаў, а карысталася вялікім попытам, было, як цяпер кажуць, чытабельным.
Нушыч яшчэ пры жыцці атрымаў шырокае прызнанне як «вялікі чараўнік смеху». I нястомна чараваў, зразумеўшы, што гэта патрэбна людзям, грамадству. Дарэчы, ён надаваў вялікае значэнне лекавым уласцівасцям смеху — тым самым, на якіх грунтуюцца сучасныя тэорыі, а таксама заўважыў яго карысць у дыягностыцы: «...Калі сатыра і гумар выявяць хворае месца, задача грамадскіх хірургаў — рэзаць».
Падыходзячы з гэтага боку да творчай спадчыны выдатнага пісьменніка, трэба адзначыць, што ён прызнаваў хворым увесь арганізм буржуазнай краіны і, як мог, стараўся яго вылечыць.
Можна сустрэць меркаванні, што Браніслаў Нушыч — «чысты» гумарыст, а не сатырык, што ў яго творах смех дзеля смеху, а прынцыповай крытыкі амаль што няма. He
пагадзіцца з гэтым нам даюць падставы і звесткі пра адносіны да творчасці Нушыча афіцыйных колаў, улад тагачаснай Сербіі, а пазней Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, і прыгаданая вышэй думка самога пісьменніка аб ролі гумару і сатыры, а галоўнае — самі творы.
Паказальным прыкладам у гэтых адносінах з’яўляецца «Аўтабіяграфія». Гэтая аповесць створана «толькі каб адзначыць шасцідзесяцігоддзе жыцця», паводле слоў аўтара, і на першы погляд здаецца, што гэта проста дасціпныя ўспаміны, нейкі аўташарж. Але толькі на першы погляд. У гэтым своеасаблівым жыццяпіее свядома выбіраецца найболып тыповае з жыцця чалавека, сям’я падаецца як мадэль грамадства, і аповесць набывае ўсе прыкметы сатыры на сацыяльна-палітычную сістэму буржуазнай краіны. У «Аўтабіяграфіі» адлюстраваны піасцідзесяцігадовы перыяд у гісторыі сербскага народа пад рознымі ўладамі, у розных умовах, увасоблены шматлікія палітычныя і грамадскія праблемы. Прычым не як асобныя факты ці прыкметы, а як сістэма. Нушыч стварыў у гэтай аповесці злосную карыкатуру, высмеяўшы палітычных дзеячаў і чыноўнікаў, псеўдавучоных і папоў, гандляроў і прадстаўнікоў культуры. «Аўтабіяграфія» — шырокая сатырычная панарама палітычнага, грамадскага і культурнага жыцця, побыту, звычаяў, адносін. Непасрэдна да гэтага твора можна аднесці выказванне югаслаўскага даследчыка Э. Фінцы: «...Шкала Нушычавага смеху... надзвычай шырокая: яна ідзе ад звычайнага анекдота, дасціпнага балабонення і салёных каламбураў, праз рэалістычна задуманую і ўвасобленую крытыку тыповых з’яў і характараў, да вострага і неміласэрнага абвінавачвання, якім выкрываецца і высмейваецца і ў людзях, і ў падзеях рэакцыйныя, згубныя элементы рэчаіснасці».
Важна яшчэ і тое, што Нушычаў смех не абмежаваны часам, нацыянальным асяроддзем, а мае універсальны змест. Выдатны сербскі гумарыст і сатырык, як слушна адзначыў Дж. Ёванавіч, «не быў мінуча злабадзённы, ад-
нак ужо з першых сваіх літаратурных выступленняў і аж да смерці — нязменна актуальны... і доўга яшчэ пасля смерці будзе сучасны».
Усё далей і далей мы ад тых з’яў, якія выклікалі ў Нушыча смех, але рэха яго не сціхае, часта адгукаецца па ўсім свеце.
Яшчэ ў 1903 годзе проза Браніслава Нушыча была перакладзена на рускую мову. Паводле звестак на 1978 год, у СССР яго творы выдаваліся 31 раз агульным тыражом 916 тысяч экземпляраў. Ведаюць яго і ў нашай рэспубліцы: на беларускую мову перакладзены апавяданні «Міністэрскае парася» (перакладчык А. Грэцкі) і «Самы кароткі шлях» (перакладчык Л. Самасейка), камедыя «Пані міністэрыха» (перакладчык А. Астрэйка). У многіх тэатрах Беларусі ставіліся спектаклі па творах Нушыча і заўсёды карысталіся поспехам, бо прымушалі і смяяцца, і сур’ёзна падумаць.
Хочацца верыць, што гэта заўсёды карысна.
Іван Чарота
ПРАДМОВА
Увогуле я лічу, што пісаць да аўтабіяграфіі прадмову няма патрэбы. Калі жыццё чалавечае і мае нейкую прадмову, дык яна настолькі інтымнай прыроды, што пра гэта ўвогуле не пішуць. Мне ж прадмова патрэбна, каб апраўдацца, чаму я ўзяўся за такую справу — пісанне біяграфіі,— якой звычайна займаюцца палітыкі пасля банкруцтва, прагнаныя ўладары, пенсіянеры без занятку, былыя прыдворныя дамы і акадэмікі. Толькі дзеля апраўдання мушу я першы раздзел аддаць на прадмову.
Нейкі час мяне безупынку цкавалі. Кожны, каго разабраў пісьменніцкі сверб, чухаўся аб мяне, так што я стаў чымсьці накшталт абавязковага задання тым, хто пачынаў з крытыкі — што само па сабе зразумела — свае літаратурныя практыкаванні. Усе яны ў адзін голас даказвалі, што ў мяне ні розуму, ні таленту. I вось, калі мне стварылі рэпутацыю чалавека без розуму і таленту, пайшла пагалоска, што з такою рэпутацыяй у мяне з’явіліся вялікія шанцы на членства ў Акадэміі навук і мастацтваў. Такім чынам, я ў любы момант мог чакаць, што буду выбраны акадэмікам. Ну а паколькі кожны акадэмік абавязаны напісаць сваю аўтабіяграфію — і многія нашы акадэмікі мучацца над гэтым гадамі, а некаторыя і паміраюць, не дакончыўшы гэтай складанай і важнай справы, так што і дагэтуль не вядома нічога пра іхняе жыццё і дзейнасць на ніве навукі — я вырашыў сабраць матэрыял на свой жыццяпіс загадзя.
Вось што кіравала мною, калі я сеў пісаць гэтую кнігу.
Апісанне свайго жыцця я пачаў з нараджэння, бо лічыў, што гэта самы натуральны пачатак. Зыходзячы з гэтага, я не займаўся фактамі, якія папярэднічалі майму нараджэнню, таму што звестак, пэўна ж, не знайсці. А закончыў жаніцьбай, паколькі лічу, што аўтабіяграфіі, ажаніўшыся, чалавек ужо не мае.
Між іншым, час ад нараджэння да жаніцьбы — гэта адзін перыяд (з многімі падперыядамі) у гісторыі чалавека. Прыкладна так, як у гісторыі Сербіі — час ад з’яўлення нашага народа на Балканскім паўвостраве да пагібелі царства на Косавым полі. I ў адным і ў другім выпадку гісторыя можа называцца «ад з’яўлення да пагібелі». А наступны перыяд і ў асабістым жыцці, гэтак жа, як і ў гісторыі, мае дакладную назву — перыяд «рабства і прыгнёту».
Я, значыцца, вырашыў спыніцца на першым перыядзе: ад з’яўлення да пагібелі. Астатняе даверыў аднаму свайму прыяцелю, вельмі таленавітаму і прыстойнаму пану, пра якога добра ведаю, што ён ніводнай падзеі не перакажа так, як было на самай справе, а заўсёды дадасць, падмажа, прыглянцуе, каб усё выглядала як найлепей. Такія людзі надзвычай здатныя на жыццяпісы пісьменнікаў і мастакоў, на творы, галоўны прынцып якіх — кожны факт аздобіць так, каб надаць нябожчыку ў вачах нашчадкаў як мага больш велічы і высакароднасці. Біёграфы пісьменнікаў і мастакоў у гэтым плане вельмі падобныя да мадыстак і швачак. У іх аднолькавы падыход: «Гэта вам вельмі да твару!», і біяграфія так кроіцца ды падганяецца, каб найболей пасавала таму, пра каго пішуць. Калі ў дамы худы стан, мадыстка прыдумае тысячу складак і брыжоў, каб гэта неяк прыкрыць; калі ў пісьменніка непрыстойнае мінулае, біёграф выдумае тысячу анекдотаў, каб яго затушаваць. Калі ў дамы спіна крыху гар-
батая, швачка прыдумае такі фасон, што гэтага і не заўважыш; калі ў пісьменніка крыху гарбатая душа, біёграф выдумае такія тлумачэнні, што гэта будзе ўспрымацца як добрая якасць.
Прыгадваецца, напрыклад, адзін вьіпадак, непасрэдным сведкам якога быў я сам, а пазней прачытаў пра яго ў біяграфіі.
Паэт-лірык Н. Н. рана-раніцай, п’яны ўшчэнт, сустрэў свайго будучага біёграфа. Знакаміты нябожчык пры жыцці няраз даходзіў да стану жывёлы, а тым разам да таго наклюкаўся, што нават дарогі дахаты ке мог знайсці.