Аўтабіяграфія  Браніслаў Нушыч

Аўтабіяграфія

Браніслаў Нушыч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 229с.
Мінск 1985
52.42 МБ
Меў я і яшчэ адну такую прыемную сустрэчу. Пасля знаёмства з надзвычай прыгожай і цікавай маладой дамай у размове высветлілася, што мы равеснікі, у дзяцінстве разам належалі да ніякага роду і сябравалі. Тады яе звалі Бібі. Мы шчыра смяяліся, успамінаючы многія падрабязнасці тагачаснага жыцця. I мая субяседніца прагаварылася, што сапраўды лічыла мяне дзяўчынкай. Хоць у час сустрэчы я ўжо насіў доўгія адпрасаваныя штаны і сякія-такія непрыгладжаныя вусы — па вонкавых прыкметах увасабляў назоўнік мужчынскага роду, маладой пані трэба было даказваць, што яна памылялася. А паколькі ўражанні ранняга дзяцінства звычайна глыбокія і могуць захоўвацца ўсё жыццё, мне давялося нямала памучыцца, каб даказаць маладой пані, што я мужчына.
Праз сваю балбатлівасць я залез у спадніцы маладых дам, у той час, калі гэты раздзел аўтабіяграфіі прысвячаўся толькі тым спаднічкам, якія служаць уніформай ніякага роду. Дык давайце вернемся да той маленькай спаднічкі з пары першага зуба, першых слоў і першых крокаў у жыцці.
Гэта тая пара, калі ў чалавека выяўляюцца першыя інстынкты, якія потым не могуць знішчыць ці заглушыць ні жыццё, ні выхаванне, ні адукацыя. Адзін з найважнейшых сярод іх — славалюбства, і ён вельмі прыкметны, таму што выяўляецца ў той шчырай і пра-
стадушнай форме, якая можа быць толькі ў дзяцей, a потым, на жаль, знікае.
Вы, безумоўна, таксама ведаеце маленькага тырана, з якім звычайна сутыкаецеся, прыйшоўшы ў госці. Як толькі вьі пачняце прыемную размову з яго маладой маткай ці старэйшай сястрою, ён падыходзіць, хапаецца запэцканай у варэнне рукою за вашы новыя штаны, падымае ўгару ножку і крычыць:
— А ў мяне новыя чаравічкі!
Вы, зразумела, спакойна і як мага сардэчней адказваеце:
— 0, выдатныя ў цябе чаравічкі! — і думаеце, што на гэтым канец, можна працягваць размову з маладой маткаю ці старэйшай сястрою. Але вы памыляецеся, бо малы тыран толькі пачынае дзейнічаць. Ён чапляецца рукою ў варэнні за другую калашыну вашых новых штаноў і зноў, падняўшы ножку, крычыць:
— А ў мяне новыя чаравічкі!
У грудзях у вас аж кіпіць, аднак з пашаны да маладой маткі ці старэйшай сястры вы зноў сардэчна ўсміхаецеся, гладзіце малога ліхадзея па галоўцы і яшчэ раз адказваеце:
— Ага, ага, мой харошы, я ўжо бачыў, прыгожыя чаравічкі, выдатныя!..
Але вы і зноў памыляецеся, калі думаеце, што малы задаволены адказам і болей не будзе перашкаджаць размове з яго маладой маткаю ці старэйшай сястрою. He, не, яно (ніякага роду) не дасць вам нават слова вымавіць, яно залезе да вас на калені, усядзецца ямчэй, як акрабат, падыме ножку і будзе патрабаваць, каб вы гаварылі пра ягоныя чаравічкі, толькі пра чаравічкі і ні пра што болей.
Між іншым, ці не тое самае славалюбства, толькі без дзіцячай шчырасці і прастадушнасці, выяўляецца ў чалавека і пазней? Маладая пані Вольга на дзень нараджэння атрымала ў падарунак брыльянтавыя завуш-
ніцы і адразу ж прычапіла іх да сваіх ружовых вушак. Вы прыходзіце павіншаваць яе, а яна пры размове паварочвае да вас то адзін, то другі бок свайго профілю — каб вы ўбачылі новыя завушніцы і выказалі сваё захапленне. А калі вы такі няўважлівы, што нічога не ўбачыце і не скажаце, яна сама любым спосабам пастараецца скіраваць вашу ўвагу на патрэбнае ёй. Зразумела, яна не можа падняць угару нагу і сказаць: «А ў мяне новыя чаравічкі!», але можа, напрыклад, павесці размову пра апошнюю прэм’еру: будзе гаварыць вам пра вялікае значэнне праблемы, якую ўздымае п’еса, пра выдатныя здольнасці артысткі, якая выконвала галоўную ролю, а як толькі ўцягне вас у гэтую размову, пяройдзе на туалет артысткі, і можна толькі дзівіцца, як прадумана, хітра, здалёк павядзе тую лінію, якая канчаецца яе завушніцамі.
— Аднак,— скажа вам яна,— ёсць нешта такое, што псуе ўражанне ад выканання галоўнай ролі. Я нават не ведаю, што дакладна, адразу не магу знайсці, але адчуваю — нешта не так. Можа, туалет артысткі. Звычайна яны выбіраюць сабе ўборы да твару, аднак тут узнікае пытанне, ці заўсёды той колер, які ім пасуе, адпавядае псіхалагічнаму стану, настрою, які актрысе трэба перадаць. Уявіце сабе вясёлую, легкадумную жанчыну ў чорным альбо расчараваную, хворую, змучаную жыццём — у якой небудзь яркай, лёгкай сукенцы. Мабыць, тут прычына неадпаведнасці?
— Безумоўна! — адказваеце вы ласкава, не заўважаючы, што такім чынам усоўваеце нос у пастку і пачынаеце лізаць згубную прынаду.
— А яшчэ прычоска. Ці заўважылі вы, што ў другой дзеі галоўная гераіня выйшла з прылізанай, акуратнай, занадта сціплай прычоскай? Ці ж не лепш было прычасацца вальней, пакінуць крыху лірычнага беспарадку, выпусціць пару локанаў, паміж якімі за-
ззялі б, напрыклад, брыльянтавыя завушніцы? Ці ж не зрабіла б гэта галаву прыгажэйшай?
Калі вы і пры гэтых словах не заўважыце завушніц у яе вушах і не выкажаце свайго захаплення — дзеля гэтага ж вядзецца ўся размова — яна, бадай што, не спыніцца:
— Магчыма, я пераболыпваю, цяжка сказаць. Некаторыя лічаць, што завушніцы — гэта перажытак варварства... He ведаю... Але згадзіцеся, што гэта нядрэннае ўпрыгожанне. Вы не думаеце інакш?
Ці ж пасля гэтых слоў вам не здасца, што маладая пані падняла нагу да самага вашага носа і паказала: «А ў мяне новыя чаравічкі!»
Дык гэта яшчэ маладая, але тое самае можа зрабіць яе маці, стараючыся любым спосабам выціснуць з вас камплімент: «О пані, ды многія маладыя могуць вам пазайздросціць!» Нават бабуля чакае, каб вы сказалі, што яна добра выглядае.
I не думайце, што гэтая слабасць, якая паяўляецца яшчэ ў раннім дзяцінстве і неадчэпна цягнецца за чалавекам аж да смерці, а часам і пасля смерці, выключна жаночая. Паэт, які чытае вам свой твор і просіць «сказаць па праўдзе», разлічваючы загадзя, што ацэнка будзе станоўчая; дзяржаўны дзеяч, які ў падкупленых газетах піша пра свае поспехі; дэндзі, які любуецца сабою перад люстэркам і патрабуе, каб вы таксама любаваліся; салдат, што выпінае грудзі, каб заўважылі медаль, які далі невядома за што і многія, ■многія іншыя — ці ж усе яны не задзіраюць угару ногі і не паведамляюць: «А ў мяне новыя чаравічкі!»
Я ў гэтым плане, як расказваюць бацькі і ўсе астатнія, хто помніць мяне малога, быў надта агрэсіўны. Калі да нас прыходзіў госць, я хваліўся яму новымі чаравічкамі, а калі ён не выказваў належнай увагі, тады я шпурляў у яго шчоткай, пантофлямі, качар-
гою — усім, што пападалася пад руку і што можна было знайсці на падлозе. Я нават не хацеў чакаць, калі прыйдуць госці, каб пахваліцца, а выходзіў на вуліцу, садзіўся каля варот, і калі хто-небудзь праходзіў, я задзіраў нагу і з усёй сілы крычаў: «А ў мяне новыя чаравічкі!»
Подзвігаў тады, калі бегаў па хаце ў спаднічцы і ўсюды соваў нос, у мяне было шмат. Неяк на падаконніку я ўбачыў цэлую кампанію сестрыных лялек, якія чынна расселіся, нібы на рауце. Добра помню гэтую агідную буржуазную кампанію. 3 левага боку на блакітнай падушачцы сядзела старая сівавалосая дама ў шырокай паркалёвай сукенцы. У свой час яна не была такая сівая, але я пры першым знаёмстве яшчэ павыдзіраў яе чорныя кудзеры, а старэйшы брат, каб суцешыць сястру, наскуб ваты з бацькавага зімовага паліто і прыклеіў на галаву ляльцы. Нягледзячы на сівізну, гэтая старая жанчына была да таго румяная, што, здавалася, наляпіла сабе на шчокі два крышаны варанага бурака. На грудзях у яе вісела сапсаваная брошка без каменьчыка, а ў валасах шкляная жамчужына. I ўборам, і тварам яна нагадвала жонку багатага ліхвяра, пра якога ходзяць чуткі, быццам ён нажыўся на цёмных справах і двойчы ўжо сядзеў у турме: адзін раз за тое, што падмануў, аб’явіўшы сябе банкрутам, а другі — што зламысна падпаліў загадзя застрахаваную майстэрню.
У другой дамы, што сядзела побач, былі рэдкія бялявыя валасы, падвязаныя чырвонай стужкай, і густа падведзеныя бровы. Калі яе купілі, яна, пакладзеная на спіну, заплюшчвала вочы, «умела спаць», але як толькі нас пазнаёмілі, я лінуў ёй у вочы цэлы кубак вады. У яе нешта сапсавалася, і з той пары яна жыве з прьіплюшчанымі вачамі, так што здаецца, быццам яна падморгвае ці проста какетнічае. Было ў ёй нешта ад іншаземкі з багатай сям’і, палюбоўніцы якога-не-
будзь банкіра, які застаў яе на месцы здрады і прагнаў ад сябе.
Трэцяя была фарфоравая дзяўчына з вельмі светлымі вачыма і застылай усмешкай на вуснах. Яна ўвесь час стаяла роўна, прыхіліўшыся да сцяны. У фарфоравай дзяўчыны была вельмі каштоўная асаблівасць: калі запэцкаецца, яе заўсёды можна выцерці і нават абмыць. Мабыць, таму на гэткіх фарфоравых дзяўчатах і ў жыцці ніколі плямы не заўважыш. Мне зусім не падабаліся яе бляклыя вочы, а яшчэ меней — фарфоравая ўсмешка. Неяк заўсёды кідалася ў вочы, што гэтую дзявочую ўсмешку рабілі на фабрыцы.
Чацвёрты ў кампаніі быў паяц у каўпаку, у штанах з рознымі — чырвонай і жоўтай — калашынамі і з разведзенымі рукамі, у якіх ён трымаў невялічкія металічныя талерачкі. Хоць ім цяпер і пагарджалі, пакідаючы амаль заўсёды на падлозе, у яго аднаго з гэтага кола была душа. Памятаю, калі ён быў новы, націснуўшы яму на грудзі, можна было пачуць ягоны голас, убачыць, як ён махае рукамі і ляскае талерачкамі, Зразумела, мы, дзеці, а гэтак робяць і дарослыя, хочучы даведацца, што ў артыста за душа, разарвалі яму грудзі і душу вынялі. Ён змоўк. I з таго часу ім пагарджаюць мая сястра з сяброўкамі, а таксама буржуазія з падаконніка: ліхвярова жонка, банкірава палюбоўніца і фарфоравая дзеўка.
Ува мне абудзіўся нейкі рэвалюцыйны інстынкт, і я ўсім сэрцам зненавідзеў буржуяў-лодараў з падаконніка, проста не мог не адпомсціць ім за пагарджанага артыста. I аднойчы, калі ў пакоі нікога, акрамя нас, не было, я ўчыніў сапраўдную варфаламееўскую ноч: паадрываў лялькам галовы, рукі, ногі, павыскубваў валасы, падраў уборы і ўвогуле ўчыніў кровапраліцце, дастойнае крыважэрнага півавара Сантара ці неміласэрнага Кало д’Эрбуа. Пасля гэтага было адпаведных маштабаў слёзапраліццё.
Безумоўна, гэта быў не адзіны мой подзвіг, пасля якога мяне лупцавалі. Іх было вельмі многа. Колькі разоў, напрыклад, я звязваў матузком новыя-навюткія бацькавы чаравікі, наліваў у іх вады і цягаў, быццам вазок. Аднойчы маці рашчыніла цеста і паставіла дзежку каля печы, каб цеста падышло. Я забаўляўся каля дзежкі і сеў у цеста, надаўшы яму такі выгляд, што ніякай формай не даб’ешся. Праўда, ад мяне потым гэтае цеста ледзь адляпілі. Другі раз я, знайшоўшы бляшанку ваксы, зрабіў сабе бутэрброд на вячэру, насля чаго мне пяць дзён чысцілі страўнік. А неяк яшчэ, калі застаўся адзін у пакоі, павыкідаў у расчыненае акно вазон, нажніцы, вышытую падушачку і матчын грабянец. Каб паглядзець, куды ж усё гэта ўпала, я высунуўся з акна і выкуліўся на вуліцу.