Аўтабіяграфія  Браніслаў Нушыч

Аўтабіяграфія

Браніслаў Нушыч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 229с.
Мінск 1985
52.42 МБ
Праўда, той ночы я бачыў дзіўныя сны. Снілася, што я міністр і што злавіў я нашага акруговага начальніка, заціснуў яго галаву каленьмі і галю. Ён вішчыць, як парася, ад шчок яго з-пад брытвы іскры ляцяць, a я, перакананы, што міністр ні за што не адказвае, га-
лю яго далей. Снілася таксама, што я мітрапаліт, што злавіў пратапопа за бараду і мацюкаю, быццам бы скончыў кавальскую школу. А яшчэ і тое, што падсыпаю пясок у муку, падліваю ваду ў газу. Увогуле, сны былі такія дзіўныя, як у чалавека, які заснуў з самымі лепшымі спадзяваннямі на будучае, а прачнецца ад бацькавай лупцоўкі.
ВУЧОБА
Калі надышоў час аддаваць мяне ў школу, уся сям’я ўздыхнула з палёгкай. Маім хатнім здавалася, што школа — гэта бляха, на якую кідаюць дзіця, як цеста, а потым забіраюць спечанае і патрэбнай формы.
Мая вучоба — гэта, уласна, мая барацьба за існаванне і самазахаванне. Выяўлялася гэтая барацьба найперш у сутыкненні паміж мною і маім бацькам, які вельмі ганарыўся тым, што яго сын ідзе ў школу, у той час калі я, ацэньваючы падзею з больш рэальнай пазіцыі, не лічыў, што ў бацькі ёсць нейкія падставы ганарыцца. Пазмагаўся я і з школьным служкам, які, па бацькавай просьбе, узяўся проста зацягнуць мяне ў школу і якога я па дарозе ўкусіў. Служка расказваў, што гэтаксама ён мусіў цягаць у школу ўсю нашу сям’ю. Але самая жорсткая барацьба разгарнулася непасрэдна ў час вучобы, калі сутыкнуліся дзве важныя непрымірымыя супярэчнасці: нянавісць некаторых настаўнікаў да мяне і мая нянавісць да некаторых прадметаў.
Гэта, уласна, была барацьба доўгая і безупынная. На адным баку ў ёй былі настаўнікі і навука, а на другім — я сам. Зразумела, у гэткай няроўнай барацьбе я амаль заўсёды мусіў уступаць, суцяшаючы сябе тым, што народная мудрасць гаворыць: «Разумнейшы заўсёды ўступае». Зрэшты, я не мог быць пераможцам
яшчэ і таму, што настаўнікі ў барацьбе са мною, сваім праціўнікам, карысталіся адным упадабаным, але вельмі несумленным прыёмам: у свайго праціўніка яны заўсёды — і на ўроках, і на экзаменах — пыталіся пра тое, чаго ён не ведае. Такім чынам яны ў мяне адбіралі ўсякую магчымасць дабіцца поспехаў у гэтай самай барацьбе за самазахаванне.
А барацьба гэтая ў нашай сям’і была традыцыйная, удзельнічалі ў ёй многія мае продкі і асабліва іхнія нашчадкі. Адзін мой сваяк, напрыклад, як пайшоў у першы клас гімназіі, дык цэлыя чатыры гады ў ім праседзеў. Нялёгка разлучыцца чалавеку з полем ці садам, якія набываліся доўга і цяжка, за якія даводзілася змагацца і судзіцца. Гэтак і мой сваяк першы клас гімназіі лічыў спадчынай, уласнасцю, адабраць якую ў яго ніхто не мае права. Дарма пераконвалі яго настаўнікі, што клас гімназіі — гэта не яго ўласнасць, дарэмна даказвалі, што закон патрабуе перайсці ў другі клас, ён упарта стаяў на сваім і не хацеў пакідаць першы. Нарэшце настаўнікі змагліся і сталі цярпліва чакаць, калі мой сваяк надумае жаніцца, і тады ўжо, можа, кіне школу.
Другі мой сваяк да таго палюбіў школу, што нават застаўся ў ёй служкам.
А быў і такі, што саміх настаўнікаў паставіў у цяжкія ўмовы. Тры гады сваёй вучобы ён упарта маўчаў. Адны настаўнікі проста з цікаўнасці хацелі пачуць яго голас, другіх такая ўпартасць выводзіла з цярпення, і яны закліналі вучня хоць што-небудзь сказаць. Настаўнік матэматыкі, напрыклад, у адчаі цягаў яго за вушы — можа, падасць голас — накшталт таго, як цягнуць за званок, каб ён зазваніў. Але хлопец усё роўна маўчаў, а на настаўніка глядзеў з дзёрзкасцю, уласцівай усяму нашаму роду. Асабліва мучыла настаўнікаў тое, што яны не могуць дазнацца, да якой навукі ў хлопца схільнасць — відаць, сваім маўчаннем ён гэта
хавае, і назаўсёды. Я не парушыў гэтай светлай традыцыі і скрозь класы пачатковай школы неяк пралез дзякуючы не столькі сваёй руплівасці, колькі бацькавай увазе да настаўнікаў. Чатыры гады я старанна лавіў мух, ставіў на сшытках вялізныя кляксы, рэзаў сцізорыкам парты і штодня вяртаўся дадому з такімі запэцканымі ў чарніла рукамі, як быццам праходзіў навуку не ў звычайнай школе, а ў фарбавальні.
У канцы чацвёртага класа маці апранула мяне ў новае, старанна пазашпільвала ўсе гузікі, запхнула ў кішэню чыстую і акуратна згорнутую насоўку, расчасала мяне на прамы прабор і сама завяла ў школу, дзе я перад мноствам гасцей прадэкламаваў нейкія патрыятычныя вершы, пасля чаго пратапоп пацалаваў мяне ў лоб, акруговы начальнік пагладзіў, а бацька заплакаў. Уся гэтая цырымонія азначала, што я стаў гімназістам.
Да таго як пайсці ў гімназію, мне давялося выслухадь доўгую бацькаву прамову, у якой ён пераконваў мяне, што цяпер ужо трэба быць сур’ёзным і думаць пра будучыню. Маці мяне блаславіла, а цёткі стаялі і плакалі, мусіць, шкадуючы мяне за тыя пакуты, якія мне трэба перажыць. Бацька ў сваім павучанні асабліва падкрэсліваў, што я павінен вучыцца так, каб яму не было сорамна, і я, напэўна, выканаў бы той наказ, бо прыняў яго блізка да сэрца, каб толькі настаўнікі згаджаліся падтрымаць. Але ўсяго адзін раз, на ўроку гімнастыкі, я здолеў узняцца на вышыню і то расквасіў сабе hoc, а з астатнімі прадметамі было так, што барані божа. Пратапоп казаў пра настаўнікаў, што яны на ўроках арыфметыкі гавораць пра закон божы, а на маляванні расказваюць пра зацьменне сонца. Нешта падобнае было і са мною: калі настаўнік пытаў па законе божым, я расказваў пра зацьменне сонца, а калі па арыфметыцы, я ўспамінаў што-небудзь з катэхізіса. Калі б настаўнікі былі крыху болей уважлівыя і добра-
зычлівыя, яньі па тым, што я ніколі не адказваю на іхнія пытанні, маглі заўважыць у мяне пэўны талент палітыка. Аднак яны нічога не заўважылі, і ў гэтым была прычына ўсіх маіх непаразуменняў з імі. У сувязі з гэтым, зразумела, я ўжо пасля першага класа засыпаўся на трох экзаменах і застаўся на другі год.
Добра памятаю гэты першы свой поспех у жыцці. Раніцаю, калі трэба было ісці на экзамен, маці зноў апранула мяне ў новы касцюм з накрухмаленым карункавым каўнерыкам, абрэзала пазногці, расчасала на прабор, запхнула ў кішэню чыстую насоўку і, пацалаваўшы ў лоб, папрасіла:
— Старайся, сынок, каб усё было добра!
А бацька, калі я падышоў пацалаваць яму руку, сказаў:
— Сынок, гэта, па сутнасці, твой першы сур’ёзны экзамен і першы крок у жыцці, таму я хачу яго адзначыць. Калі ты прыйдзеш з экзамену і скажаш, што здаў, атрымаеш вось гэта.— I ён паказаў мне новынавюткі залаты дукат.— А калі не здасі, лепш не прыходзь дадому, бо будзе твая скура ў рабоце.
Шчасліва праваліўшыся на экзамене, я стаў каля варот гімназіі і задумаўся:
— Выходзіць, што я і дуката не атрымаю, і ў скуру дастану. Гэта ж двайная шкода, трэба неяк звесці яе на адзінарную. Няхай адлупцуюць, калі ўжо так трэба, але няхай і дукат дадуць!
3 гэтай шчаслівай думкаю я стрымгалоў паляцеў па вуліцы, радасны прымчаўся да бацькі з маткаю, пацалаваў ім рукі і закрычаў:
— Здаў, здаў вьідатна!
I ў бацькі, і ў маткі па шчоках пакаціліся слёзы радасці, бацька палез у кішэню, дастаў той самы новынавюткі дукат і, цалуючы мяне ў лоб, аддаў.
Вядома, потым мне была лупцоўка, аднак я атрымаў і дукат. Бадай, гэта дробязь, я прыгадваю яе толь-
кі таму, што хачу адзначыць: аднойчы я нават за розгі атрымаў ганарар.
Другі раз, ужо ў трэцім класе, да якога неяк дапоўз, я сказаў бацьку, што па арыфметыцы, праз якую я ўсё жыццё пакутаваў, мне патрэбны прыватныя ўрокі. На гэтую справу я запрасіў «выдатніка» з нашага класа, і бацька плаціў яму трыццаць грошаў за месяц. Зразумела, гэта быў мой прыяцель, які вучыўся яшчэ горш за мяне. У час прыватных урокаў мы гулялі з ім у пёркі, а ў канцы месяца дзялілі заробак. Такім чынам я за слабую вучобу зарабляў штомесяц пятнаццаць грошаў, і з гэтымі грашыма мне зусім някепска жылося. Гэта магло і бог ведае колькі цягнуцца, каб на экзамене не выявілася, што і я, і мой настаўнік аднолькава нічога не ведаем у той самай арыфметыцы, якой ён мяне вучыў.
Вось гэтак, цераз пень-калоду, ішла мая вучоба, аднак з класа ў клас я неяк пералазіў. Як, нават і panep не растлумачу. Адно толькі магу сказаць: усе мы не пераходзілі з класа ў клас, а заваёўвалі клас за класам. Мы былі як рота добраахвотнікаў, перад якой паставілі задачу — не спыняючыся, займаць варожыя траншэі адну за адной. I мы займалі, прасоўваючыся наперад крок за крокам, з надзвычайным напружаннем, з нечуванай адвагай. Баі былі жорсткія, не абыходзілася без параненых і нават тых, хто назаўсёды заставаўся на полі бою, але астатнія, каго не закранулі смяротныя кулі, прабіваліся ўсё далей наперад, адчуваючы, што чым бліжэй да перамогі, тым бліжэй і да большай небяспекі. He паспелі мы прайсці некалькі ліній прагімназіі, як апынуліся перад магутнай крэпасцю вышэйшай гімназіі, на ўзбраенні якой былі самыя сучасныя сродкі знішчэння гімназістаў. Сцены і вежы яе абараняліся рознымі сінусамі, косінусамі, гіпатэнузамі, катэтамі, каранямі, лагарыфмамі, скланеннямі, спражэннямі і іншымі невядомымі відамі смяротнай
зброі. Можаце сабе ўявіць, колькі смеласці і самаахвярнасці трэба было мець, каб бяззбройным пайсці на штурм такой крэпасці, якой была вышэйшая гімназія.
А мы не пабаяліся: падалі і падымаліся; атрымаўшы раненні, за канікулы падлечваліся і набіраліся сілы на новыя баі; траплялі ў палон і па два гады пакутавалі ў няволі, у адным класе, але пасля напружанай сямігадовай вайны прыйшлі нарэшце да генеральнай бітвы, да выпускных экзаменаў.
Калі вы спытаецеся, як я мог здаць выпускныя экзамены, то ведайце, што ставіце пытанне, на якое адказаць немагчыма. Тое ж самае, каб вы спыталіся: як навучыць слана іграць на мандаліне? На такія пытанні звычайна не адказваюць. Здаровы розум, логіка, маё глыбокае перакананне, усе божыя і людскія законы, правілы гімназіі прадказвалі, што я на выпускных экзаменах павінен праваліцца, аднак вось — не здаўся. Значыць, праўда, кожнае правіла мае выключэнні. Гэта настолькі мудрая думка, што ёй абаранялася і абаранілася перада мною нават адна маладая дзяўчына, якая, наадварот, здалася. Праўда, яна здалася не на такім, як я, экзамене, а на тым, што жыццё вельмі часта дае маладым дзяўчатам, але яна таксама звярнулася да спамянёнай мудрасці: «Я ведаю, што нельга здавацца, што трэба было берагчы рэпутацыю, шанаваць гонар. Ведаю, што гэта правіла, аднак кожнае правіла мае выключэнні».