Аўтабіяграфія
Браніслаў Нушыч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 229с.
Мінск 1985
раканаўся, што людзі з дробнымі слабасцямі няздольныя на вялікія подзвігі.
Забаўляўся я ўсяляк. Аднойчы, напрыклад, белага, чыстага, прычэсанага і напудранага пудзеля пані Вуічкавай, якога я люта ненавідзеў, так спэцкаў чарнілам, што пані Вуічкава цэлы год адмывала і не магла адмыць свайго пестуна. А неяк у новы братаў чаравік наліў смалы, так што потым яго, каб зняць з нагі, давялося рэзаць. А вось аднаго разу за вячэрай, калі да нас прыйшлі протаіерэй і ўсе мае цёткі, я пад сталом запаліў ракету. Падняўся такі вэрхал, што хоць ты плач. Стол перакуліўся і прыдушыў старэйшага брата, увесь посуд зваліўся ў прыпол маёй старэйшай цётцы, суп з ягняці выліўся на спадніцу сярэдняй цётцы (той самай, на якую я падобны), протаіерэй з перапалоху ледзь не ўдавіўся галубцом з кіслай капусты, у маткі пачаўся сардэчны прыступ, а наймалодшая цётка прапарола вілкай язык і потым цэлыя тры тыдні не магла гаварыць. Адзіны, каму ўсё абышлося шчасліва, быў мой сярэдні брат (той, што некалі ўкраў грошы з праснака). Ён схапіў са стала блюда пірожных, і доўга не маглі знайсці ні яго, ні пірожных. Безумоўна, за такое цікавае мерапрыемства мне аддзячылі як належыць.
Сярод нявінных забаў майго дзяцінства былі і TaKia: я заходзіў у кухню, калі там нікога не было, і сыпаў пяць ці шэсць жменяў солі ў тую страву, якой сам не любіў, а потым, за сталом, з радасцю назіраў, як мяняюцца твары ў тых, хто пакаштаваў перасоленага варыва. А вось яшчэ адно: я даставаў недзе лісіныя хвасты, прыколваў да іх шпількі і выходзіў за вароты. Там я стаяў, трымаючы рукі за спіною, і чакаў, калі будуць ісці міма чыноўнікі на працу або з працы, каб прычапіць ім хвасты. Чыноўнікі з лісінымі хвастамі ад нашых варот ішлі пад рогат і кпіны. Зразумела, вельмі хутка выявілася, хто раздае такія ўзнагароды, і за гэта мяне адлупцавалі, не шкадуючы, Аднак я і
дагэтуль лічу, што многім і многім тыя хвасты вельмі пасавалі.
А яшчэ была такая арыгінальная забава: у гасцей, якія прыходзілі да нас на вячэру, я ператрасаў кішэні паліто і перакладаў знойдзеныя рэчы з аднаго паліто ў другое. Колькі разоў пан суддзя насіў дадому пудраніцу пані начальніцы, а ўдава пані Стана — футарал ад люлькі пана настаўніка, выкладчыка сербскай гісторыі. Пані пападдзя магла прыйсці дадому з табакеркай акруговага начальніка, а начальнік — з недавязанай шкарпэткай, чатырма пруткамі і клубочкам яітак, якія належалі пані Мары, мытнікавай жонцы. На другі дзень пачыналася мітусня з абменам, розныя падазрэнні і сямейныя сваркі, а канчалася ўсё на маёй спіне — як звычайна.
Калі на абед ці вячэру збіраліся госці, я любіў залазіць пад стол. Божа літасцівы, каб гэта мець розум тады, якую навуку можна было прайсці ў час такіх экскурсій! Я ведаў, што існуе мова лічбаў, мова кветак, але што ёсць яшчэ і мова ног пад сталом, нават не здагадваўся. У той час я нават не звяртаў увагі на тое, што ногі аптэкаркі і суддзі так па-сваяцку абыходзіліся, нібыта яны родныя брат і сястра. А яшчэ ніяк не мог дацяміць, чаго гэта папова нага (спярша я думаў, што гэта нага маёй цёткі, бо non быў у pace) так прыціскаецца да нагі настаўніцы пачатковай школы, таму што ведаў пра не зусім прыяцельскія адносіны гэтай настаўніцы і цёткі. Шкада, што ўбачанага пад сталом тады я не разумеў, а цяпер, калі пачаў разумець, ужо не магу залезці пад стол.
Але гэта былі прыгоды невялікага значэння, больш значнае адбывалася на дварэ. Там мяне заўсёды чакала цэлая рота змагароў за непадуладнасць бацькам, і мы праводзілі розныя экскурсіі па чужых садах, гарышчах, дахах, арганізоўвалі якія толькі можна гульні — пачынаючы ад гульні ў каменьчыкі і канчаючы
гульнёю ў міністраў. Натуральна, цікавей за ўсё было гуляць у тое, што мы бачылі. Калі ў горад прыязджаў цырк, ужо на другі дзень мы пачыналі куляцца, ламалі крэслы, рэзалі вяроўкі, на якіх вешалі бялізну, выкочвалі са склепаў бочкі і рабілі многа шкоды, стараючыся стаць віртуозамі-цыркачамі. Калі прыязджаў тэатр, з бацькавай канцылярыі знікала папера, з спальняў падушкі, з павеці дошкі, з кухні мука, з падушак воўна на вусы і бароды, а потым спадніцы, старыя паліто, састрыжаныя валасы, адрэзаныя косы і ўвогуле ўсё, што могуць вынесці з хаты падшыванцы. Пачыналі браць у войска — мы гулялі ў рэкрутаў, у гарах паяўляліся гайдукі — у гайдукоў.
Помніцца, што неяк мы гулялі ў крызіс. Крызіс — гэта з’ява, якая пачынаецца ад самага ўзнікнення дзяржавы і цягнецца аж пакуль дзяржава не прападзе зусім, падобна да таго, як дзіця, нарадзіўшыся з дэфектам, нясе яго ўсё жыццё. Палітычныя недаросткі любяць гэтую гульню больш за ўсё, дык чаму і нам не пагуляць?
Зразумела, я заўсёды быў тым, хто складае кабінет міністраў. Выконваючы такую місію, я не заручаўся даверам ніякай скупшчыны, але гэта не навіна ў нашым палітычным жыцці. Паколькі гульня пачыналася на нашым двары, я, нават з большым правам, чым Людовік XIV, мог сказаць: «Дзяржава — гэта я!» — і на падставе гэтага забраць усю ўладу ў свае рукі.
Усе, хто ўдзельнічаў у гульні, хацелі быць міністрамі — дарэчы, гэта не толькі дзіцячая амбіцыя,— ніхто не хацеў быць простым чалавекам, і таму, не маючы падданых, немагчыма было ўтварыць скупшчыну.
Нават калі б мы ўзялі ў склад грамадзян гусей, качак, індыкоў і астатніх паслухмяных істот, якіх на дварьі было поўна і якія па сваёй натуры маглі адпавядаць ролі падданых, усё роўна нічога талковага не
выйшла б. Скупшчыну ўтварыць было б немагчыма. Вядома, яны маглі арганізавацца ў клубы прадстаўнікоў — клуб індыкоў, клуб гусей і клуб качак. Тыя клубы ніяк не паўплывалі б на паўнамоцтвы, якія мы, кабінет міністраў, сабе прысвоілі, бо, як вядома, палітычныя клубы існуюць толькі для таго, каб адвучваць сваіх членаў жыць уласным розумам і прыслухоўвацца да голасу сумлення. Гусаку, індыку і качару, якія б сталі кіраўнікамі клубаў, дастаткова было паабяцаць, што ім (ім асабіста) палепшым харчаванне, і за гэта мы атрымалі б і большасць, і давер.
Праўда, у нас сярод свойскай жывёлы быў вожык, які, калі меркаваць па вонкавым выглядзе, мог скласці апазіцыю. Ды ён цалюткія дні спаў, а з боку апазіцыі, якая спіць, небяспекі няма ніколі. Зрэшты, і яго вонкавы выгляд быў не такі ўжо страшны, бо няма чаго баяцца апазіцыі, у якой калючкі толькі дзеля красы.
Такім чынам у нас былі ўсе ўмовы, каб нікому не падпарадкоўвацца, уладай карыстацца неабмежавана, а неабмежаваная ўлада, калі яе няма каму абмяжоўваць,— гэта, мусіць, наша традыцыйная ўцеха.
У гэткіх спрыяльных умовах я без цяжкасці пераадолеў крызіс і склаў кабінет. Сабе я пакінуў партфель міністра замежных спраў. У той час ніхто з нас яшчэ не чуў пра такую цудоўную і выгадную пасаду, як міністр без партфеля. Што партфелі могуць быць без міністраў, гэта зразумела. Але міністры без партфеляў?! Такое прыдумалі пазней. Калі б гэтак было ў той час, я, безумоўна, мог узяць на сябе цяжар узначаліць міністэрства без партфеля, без кампетэнцыі і без канцылярыі. А так мусіў прыняць замежныя справы, таму што быў з «прыстойнай сям’і» і да таго ж слаба ведаў замежныя мовы, а гэта адна з самых вядомых якасцей нашых дыпламатаў.
Акрамя майго было яшчэ чатыры міністэрствы — паліцыі, фінансаў, асветы і ваеннае. У той час, калі
мы гулялі ў нашы дзіцячыя гульні, многіх міністэрстваў увогуле не было. Так, напрыклад, не існавала міністэрства аховы народнага здароўя, бо, напэўна, не было і народнага здароўя. He існавала і міністэрства шляхоў зносін. Дарогі, вядома, былі, але мы ўжо прывыклі спяваць пад гуслі: «Дарогам захочацца туркаў, бо няма каму прымусіць нас, каб іх рамантавалі». Лясы, зразумела, таксама былі, а гаспадарылі ў іх гайдукі, і толькі зусім нядаўна гайдукоў падмянілі міністры, таму і створана лясное міністэрства. Былі, кажуць, і карысныя выкапні, але падаткі тады людзі плацілі спраўна, і асаблівай патрэбы шукаць новых пакладаў не ўзнікала. Хапала і вады, хапала яе на ўсё, у тым ліку і на шматлікія паводкі. Аднак раней не лічылі патрэбным, каб паводкамі кіраваў спецыяльны міністр.
Спіс майго кабінета меў такі выгляд: замежныя справы, як ужо было сказана, я пакінуў сабе, міністрам асветы я паставіў Чэду Маціча, таму што ён па два гады сядзеў і ў першым, і ў другім класе гімназіі, a значыць, вучыўся больш за ўсіх нас. Акрамя таго, Чэду двойчы выключалі з школы, і законы сістэмы асветы ён ведаў як свае пяць пальцаў. I нарэшце, яго кандыдатура падыходзіла таму, што ён пісьменнасць лічыў раскошай, а менавіта такой думкі трымаліся і сапраўдныя тагачасныя міністры. Міністэрства паліцыі мы даверылі Сіму Станкавічу, сыну акруговага жандара, бо лічылі, што служыць дзяржаўнаму парадку — традыцыя іхняй сям’і і што выхавання, якое мог даць жандар свайму сыну, дастаткова, каб быць міністрам паліцыі ў Сербіі. Мы ўлічвалі таксама, што гэты Сіма ўмеў мацюкацца, пачаўшы з бога і канчаючы найменшай блошкай у коўдры, мог і кулакі ў ход пусціць, a калі трэба, дык і ножык з кішэні выхапіць. Усё гэта стварала яму патрэбны аўтарытэт, і ўсе мы лічылі, што лепшага міністра паліцыі не знайсці. За міністра фі-
нансаў мы ўзялі трэцякласніка пачатковай школы Пе' рыцу, які хадзіў яшчэ ў штоніках з прарэхай ззаду, і з гэтай прарэхі заўсёды хвастом вылазіла кашуля, чыстая толькі ў нядзелю да абеду. Перыца не меў ніякіх здольнасцей ні да справы, якую мы яму даверылі, ні да якіх іншых, аднак гэта ніколі не было перашкодай пры стварэнні сапраўдных міністэрстваў. А той брудны хвост, што вісеў у яго ззаду, не толькі не шкодзіў, але быў нават нейкім распазнавальным знакам, прычым такім, які мог стаць часткай уніформы ўсіх міністраў фінансаў.
На пасаду ваеннага міністра ў нас быў прызначаны таварыш яўрэйскага веравызнання Давід Мешулам. I не без разліку. Сваім выбарам мы хацелі засцерагчыся ад небяспекі апынуцца ў стане вайны з якой-небудзь іншай краінай. Гэта галоўнае. А яшчэ мы давалі магчымасць свайму таварышу непасрэдна ўдзельнічаць у падрадах, якія дае ваеннае міністэрства, бо ведалі, што ён усё роўна да іх дарвецца.
Складзены такім чынам кабінет міністраў збіраўся на пасяджэнні то на даху павеці, а то і яшчэ вышэй — на арэхавым дрэве ці на даху чатырохпавярховага будынку,— каб не назалялі журналісты, цікаўныя да дзяржаўных спраў.