Аўтабіяграфія  Браніслаў Нушыч

Аўтабіяграфія

Браніслаў Нушыч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 229с.
Мінск 1985
52.42 МБ
Можна было б нават статыстыку маіх подзвігаў скласці. Вядома, напрыклад, што я шаснаццаць разоў абліваўся супам, тры разы падаў у начоўкі, дзе ўсё было падрыхтавана да мыцця бялізны, адзін раз вываліўся з акна на вуліцу, адзін раз сястры ледзь не выпараў пальцам вока, двойчы падаў з лесвіцы і з другога паверха скочваўся на першы.
Усе гэтыя подзвігі пераканалі маіх бацькоў і ўсіх хатніх, што я «вельмі жвавае дзіця». Нават перад гасцямі маці неаднойчы наракала: «Не ведаю, што рабіць, на яго і чатырох вачэй мала. Гэты меншы — такое жвавае дзіця!»
Мне асабліва падабалася, што ў такім раннім узросце я ўжо маю нейкую рэпутацыю, і таму прыкладаў усе сілы, каб падтрымаць яе: яшчэ часцей разбіваў сабе нос, скуб сястру за косы, то палец на руцэ вывіхну, то нагу ў шчыкалатцы выкручу, пакуль нарэшце не высыпаў жар з печы і не падпаліў спачатку дыванок на падлозе, а потым настольнік і фіранкі на акне. Атрымалася, можна сказаць, вялікая ілюмінацыя, хоць у той дзень ніякага дзяржаўнага свята не было.
Трэба адзначыць, што дзеці таго ўзросту, калі яны носяць спаднічкі, здольныя не толькі на апісаныя і падобныя подзвігі. I хлопчыкі, і дзяўчаткі аднолькава цікаўныя і аднолькава невыносныя з-за гэтай цікаўнасці. Магчыма, гэтым і тлумачыцца тое, што ў гэтую пару і адны, і другія носяць спаднічкі.
У гэтым плане я таксама быў на ўзроўні набытай рэпутацыі. Засыпаў пытаннямі бацькоў, сваякоў і ўсіх, хто паяўляўся ў нашым доме. Засыпаў так, што спасу не было, ад мяне мусілі ўцякаць, як ад напасці. Я быў не проста цікаўнае дзіця, а нейкая пытальная машына, якую заводзяць зранку, і яна няспынна працуе аж да вечара. Натуральна, мяне не цікавілі простыя, павярхоўныя пытанні, я стараўся задаваць цяжэйшыя, каб адчуць асалоду ад таго, што заблытаў, збянтэжыў.
— Сонца і месяц — гэта муж і жонка?
— Чаму ў жанчын няма вусоў?
— Ці аслы ў школе вучацца?
— Хто наставіў валу рогі?
— Чаму ў пані Станкі надзьмуты жывот?
I яшчэ безліч пытанняў высыпалася з мяне, так што можна зразумець таго няшчаснага бацьку, які даў аб’яву ў газеце: «Кватэру, харчаванне і добрую плату прапаноўваю таму, хто згодзіцца адказваць на пытанні майго трохгадовага сына».
Такія дзіцячыя пытанні здаюцца смешнымі і бяссэнсавымі, аднак я лічу, што ў іх ёсць пэўная логіка, зразумелая дзіцяці, бо яно глядзіць на свет яснымі вачыма. А калі гэтую логіку не разумеюць дарослыя, дык гэта таму, што чым глыбей залазіш у жыццё, тым болей траціш здольнасць лагічна асэнсоўваць розныя з’явы і рэчы. Возьмем, напрыклад, хоць бы тыя чатыры-пяць пытанняў, якія, не выбіраючы, я прывёў толькі што, і ўбачым, што не толькі для мяне, але і для кожнага дзіцяці яны лагічныя.
Так, напэўна, пытанне, ці сонца і месяц — муж і жонка, узнікла на аснове таго, што я заўважыў: муж — сонца — уначы ніколі не бывае дома, а жонка — месяц — не бывае дома ўдзень. Другое, чаму ў жанчын няма вусоў, павінна было з’явіцца ў маёй дзіцячай душы як далёкае прадчуванне сённяшняга руху за эмансіпацыю жанчын, а гэты рух, несумненна, мог бы хутчэй развівацца і нават перамагчы, каб у жанчын вусы былі. Зноў-такі, не толькі тады, але і цяпер, на высокіх дзяржаўных пасадах гэтулькі аслоў, што я проста вымушаны быў паставіць пытанне, ці яны вучацца. А пытанне, хто наставіў валу рогі — звычайнае, яго задаюць усе дзеці, а вось адказ атрымліваюць тады, калі вырастуць і глыбей пазнаюць жыццё.
Апошняе: чаму ў пані Станкі надзьмуты жывот — гэта пытанне вузейшага, сямейнага значэння. Дарэчы, разам з адказам на яго я атрымаў і розаг. Гэтая пані Станка, маладая, статная дама, прыяцелька нашага дома, часцяком да нас заходзіла. Аднойчы, заўважыўшы, што ў ёй нешта змянілася, я спытаўся ў маткі:
— Чаму ў пані Станкі надзьмуты жывот?
Маці, нічога лепшага не прыдумаўшы, бо само пытанне яе моцна збянтэжыла, сказала:
— Гэтак яе бог пакараў.
— Мусіць, яна замнога сваволіла? — дадаў я сваё меркаванне, але маці выбегла з пакоя, каб не адказваць на дадатковыя пытанні.
Каб на гэтым скончылася, усё было б добра. Але я пастараўся скарыстаць свае новыя веды. Калі на другі дзень зранку зайшла мая цётка, я сказаў, што ведаю, чаму ў яе жывот не надзьмуты, а папову дачку, паненку Саўку, якая зайшла па абедзе, папярэдзіў:
— Глядзі, не сваволь надта, бо жывот надзьмецца! Ясная справа, адказ на гэта я атрымаў ад маці —
яна, ні слова не кажучы, пантофлем выгнала мяне з пакоя.
А такіх выпадкаў, калі за цікаўнасць мяне лупцавалі, было нямала. Цікаўнасць мая выяўлялася не толькі ў бясконцых пытаннях, але таксама і ў другой асаблівасці, надзвычай характэрнай для тых, хто носіць спаднічкі. За абедам, за вячэрай, заўсёды і ўсюды я ўважліва прыслухоўваўся да кожнага слова, калі размаўлялі бацька з маткай. Нават тады, калі яны шапталіся, мабыць, спецыяльна, каб я не чуў. Тут магу пахваліцца, што слых у мяне быў надзвычай тонкі, і кожнае слова я добра чуў і заўсёды мог скарыстаць як належыць.
Так, напрыклад, аднойчы ўдаве пані Мілцы, якая заўсёды прыгожа апраналася і ад якой заўсёды моцна пахла парфумай, сказаў:
— Гэта праўда, што ты сваячка Прочынай кабылы?
— А-ёй! Што гэта табе ў галаву ўзбрыло? — аж сцепанулася расфуфыраная ўдава.
— А мама кажа, што ты старая, як Прочына кабыла.
Амаль тое самае атрымалася і з начальнікам акругі, калі той зайшоў на дзень святога заступніка нашага роду павіншаваць. Я спытаўся ў шаноўнага чалавека:
— Дзядзька, у цябе што, у галаве дзірка ёсць?
— He!
— А як жа тады могуць мазгі выветрыцца?
— Што?
— Тата кажа, што ў цябе даўно ўжо мазгі выветрыліся.
Зразумела, пасля гэткіх, увогуле шчырых, размоў, мне задзіралі спаднічку ці бацька, ці маці, а часта і абое спаборнічалі, хто хутчэй гэта зробіць. Такое частае задзіранне скампраметавала спадніцу ў маіх вачах, што, дарэчы, у жыцці бывае з многімі. I вось
нарэшце я зрабіў першы мужчынскі крок: рашуча заявіў матцы, што спадніцы болей не надзену. Хто яго ведае, якая была непасрэдная прычына такой заявы, але, найхутчэй, ад спадніцы я адмовіўся таму, што яе часта задзіралі, а ўсім ясна, што спадніцу задзерці лягчэй, чым зняць штаны — значыць, штаны гарантуюць большую бяспеку той частцы цела, што бацькі і настаўнікі скарыстоўваюць у якасці выхаваўчага сродку. Былі і другія матывы. Адна з маіх цётак ад самага нараджэння як прыстала, даказваючы, што я падобны на яе, так і мучыла ўвесь час. А я, натуральна, у падабенстве з цёткай бачыў сапраўдную трагедыю і таму хацеў скінуць спадніцу як той элемент, што нас прыпадабняў, няхай сабе і вонкава. А магчыма, да штаноў мяне цягнула таму, што ўва мне абудзіўся інстынкт скакаць цераз чужыя платы. Інстынкт гэты ў чалавечым жыцці выяўляецца толькі два разы: nepmu — калі з’яўляецца патрэба красці чужыя грушы, арэхі і яйкі, а другі — калі з’яўляецца патрэба красці чужы гонар. Як бачыце, скакаць цераз платы можна дзеля спадніцы, але ў спадніцы рабіць гэта ніяк не магчыма.
Матка, бадай што, маё жаданне скінуць спадніцу ацаніла з другой пазіцыі. Я даношваў спаднічкі, з якіх вырастала сястра. А калі я не буду, хто ж іх даносіць? Тым не меней я цвёрда стаяў на сваім; дрэнчыўся, плакаў, пішчаў, верашчаў і качаўся па падлозе, пакуль нарэшце матка не прынесла старыя штаны майго старэйшага брата і не нацягнула іх на мяне, праклінаючы:
— Дай божа, каб табе спадніцы хацелася!
I ўкляла-такі.
ЧАЛАВЕК У ШТАНАХ
Неверагодна, але тое, што чалавек адразу робіцца болей рашучым і мужным, як толькі разлучыцца з спадніцай,— ісціна, якая пацвярджаецца ўсё жыццё. Спадніца аблытвае, закручвае, замінае, не дае далёка ступіць, у той час калі ў штанах чалавек ідзе па жыцці лёгка і вольна. Помню, адзін мой прыяцель зрабіў крок па жыцці без штаноў, і дабром гэта не скончылася.
Штаны вызначаюць не толькі полавыя, але і відавыя прыкметы, бо толькі ў штанах канчаткова разумееш, што ты двухногі. Штаны неяк больш адпавядаюць маралі. He толькі таму, што зашпільваюцца, але і таму, іпто, апрануўшы штаны, чалавек можа сабе стаяць і на нагах, і на галаве. Акрамя таго, штаны мацнейшыя, трывалейшыя за спадніцу. I справа не ў тым, што спадніца — увасабленне падатлівасці, а ў тым, што чалавека яна неяк распешчвае, размякчае. На гэта маюцца гістарычныя доказы. Усе класічныя народы, якія насілі спадніцы, зніклі, павыміралі. Але трагедыя чалавецтва не толькі ў тым, што гэтыя народы зніклі, а ў тым, што народы прапалі, ды спадніцы засталіся.
I яшчэ адна дзіўная акалічнасць: калі спадніца сапраўды — увасабленне падатлівасці і мяккацеласці, з-за якой пагінулі народы, якія насілі спадніцы, чаму яна аж дагэтуль захавалася ў вопратцы прадстаўнікоў сілы — цароў, папоў і жанчын?
Я расхвальваю штаны зусім не як вораг спадніц. Наадварот, такім чынам спадзяюся праславіцца як самы шчыры іх добразычлівец. Вышукваючы як мага больш вартага ў штанах, падкрэсліваючы іхнюю асаблівую ролю, я не збіраюся прыменшыць значэнне спадніц, не хачу ні сапсаваць добрасуседскія адносіны, якія ўсталяваліся паміж спадніцамі і штанамі, ні пасва-
рыць іх. У мяне была адна мэта — перад самім сабою апраўдаць той гонар, які я адчуў, упершыню надзеўшы штаны.
Між тым, асаблівых падстаў ганарыцца тымі штанамі не было. Гэта былі штаны старэйшага брата, і на іх была напісана ўся братава кароткая, але бурная біяграфія. Спераду яны выцерліся ад таго, што брата ў школе часцяком ставілі на калені, а ззаду бацькавы розгі пакінулі такія сляды, што я ўвесь час адчуваў скразняк, ад якога яшчэ мацнеў катар, зароблены пры хрышчэнні.
He ведаю, ці гэта ў штаноў былі такія традыцыі, ці гэта ў мяне была такая натура, што чакала адно пітаноў, каб выявіцца, але як толькі я іх надзеў, адразу, за адну ноч, стаў такім вісусам і разбойнікам, што не баяўся нічога. За мною сачылі, мяне лавілі і каралі — і ўсё марна. Пакуль хадзіў у спадніцы, усё поле дзеяння абмяжоўваў домам, а ў штанах перайшоў на двары нашага і суседніх дамоў. Штаны, я лічыў, менавіта на тое і прыдумалі, каб лягчэй было скакаць цераз платы, і таму межаў мне не было.
Спачатку я навучыўся лазіць на дрэвы. Безумоўна, гэта была вельмі карысная практыка, бо такім чынам я дабіраўся да суседавых арэхаў, вішань, ігруш. Была і другая карысць ад такой практыкі. Як толькі на мяне арганізоўвалася якая-небудзь сямейная аблава, я, нібыта кот, за якім гоніцца сабака, хуценька ўзбіраўся на высокае арэхавае дрэва, уладкоўваўся на галіне і шпурляў па сваіх ганіцелях арэхамі. Аднак на іх баку была і сіла, і хітрасць. Калі пасля ўсіх прапаноў здацца я ўсё ж такі заставаўся наверсе, мае ганіцелі выносілі на двор поўную міску пірожных, ставілі пад дрэва, а самі ішлі ў дом і зачыняліся. Як наіўнае птушаня, я ціхенька злазіў паласавацца, думаючы, што нікога няма, але тут мяне знянацку акружалі, хапалі, абяззбройвалі і вялі ў дом на допыт. Вось тады я пе-