Аўтабіяграфія
Браніслаў Нушыч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 229с.
Мінск 1985
— Слухай, прыяцель,— ужо ледзь варочаючы языком і ўсёю тушаю наваліўшыся на будучага жыццяпісца, плёў ён,— усе, хто піў са мною —■ свінні, яны пакінулі мяне аднаго. А я, бачыш, магу знайсці на небе Вялікую Мядзведзіцу, а вось дарогу дахаты ніяк!
Пра гэта самае ў біяграфіі («Успаміны пра нябожчыка Н. Н.») расказваецца: «Аднойчы раніцаю я сустрэў яго ў маркоце і задуменні; чало яго было змрочнае, а ў вачах — тых самых вачах, якімі ён так глыбока пранікаў у чалавечую душу — поўна нявыказанага болю і дакору. Калі я падышоў, ён абапёрся на маё плячо і сказаў:
— Прападаю я, прападаю ў жыцці, усе сябры мяне пакінулі. Ох, лягчэй мне знайсці шляхі нябесныя, як дарогі жыцця. Зусім я адзінокі... Падтрымай мяне, накіруй!
Пасля прыведзенага эпізоду біёграф даваў грунтоўны каментарый, тлумачыў глыбінны сэнс нябожчыкавых слоў.
У біяграфіі аднаго мастака я чытаў, што ў яго жыцці былі значныя цяжкасці, абумоўленыя канфліктам паміж яго ўзвышаным мастацтвам і коснымі поглядамі нашага грамадства, і што гэтыя цяжкасці мелі ўплыў на кірунак яго творчых пошукаў. Напачатку партрэ-
тыст Рэмбрандтавай палітры і манеры, аўтар глыбокіх і арыгінальных кампазіцый, ён раптам перайшоў на пленэрны жывапіс, поўны святла, сонца. Між тым, я ведаю адзін з такіх канфліктаў узвышанага мастацтва з коснымі поглядамі грамадства. Мастак кватараваў у аднаго краўца, які за сорак дынараў месячнай платы даваў акрамя пакоя каву і пры гэтым яшчэ дарэмна прасаваў штаны. 3 удзячнасці за такі клопат кватарант намаляваў партрэты гаспадара і гаспадыні. Мабыць, тады адбылося знаёмства болей цеснае, таму што пазней мастак стаў звяртацца да паслуг краўцовай жонкі як натуршчыцы. Кравец яшчэ не надта бянтэжыўся, калі заставаў жонку ў тэатральным шлеме на галаве, з кап’ём у руцэ — у позе Афіны Палады, але косныя погляды нашага грамадства паднялі бунт у гэтым чалавеку, калі аднойчы застаў ён сваю палавіну ў позе спартанскай царыцы Леды, а мастака ў позе лебедзя каля яе. I тады кравец, не задумваючыся, што ўступае ў канфлікт з узвышаным мастацтвам, так адбамберыў лебедзя, як гэта можа толькі чалавек косных поглядаў. Тым самым прасам, якім шторанку прасаваў мастаковы штаны, гэтым разам адпрасаваў рэбры, а потым яшчэ швейнай іголкай сістэмы «Зінгер і камп.» так праштабнаваў, што мастак шэсць тыдняў мусіў адлежаць у бальніцы. Вось з той пары кінуў назаўжды ён партрэты і арыгінальныя кампазіцыі і перайшоў на пленэр, а як натуру скарыстоўваць пачаў кароў, козак і жарабят, упэўнены, што гэтак не мецьме канфліктаў ні з коснымі поглядамі грамадства, ні з раўнівымі краўцамі.
Амаль тое самае было з адным кампазітарам. Як паведамляецца ў біяграфіі, пасля першых моцных і эмацыянальных кампазіцый ён упаў у творчую дэпрэсію, а пасля яе пісаў толькі літургічныя творы. Біёграф гэтую дэпрэсію тлумачыць праблемамі ў сямейных адносінах: жонка кампазітара не магла ўзняцца
да разумення яго асобы. Кампазітар займаўся з адной спявачкай, якая рыхтавала сольную партыю ў адным яго творы. Заняткі зацягнуліся; відаць, спявачка добра зразумела сваю партыю, але яе не зразумела кампазітарава жонка. Спявачка чакала апладысментаў, гару кветак, а выйшла інакш — на генеральнай рэпетыцыі кампазітарава жонка аб яе галаву ўшчэнт пабіла новы-навусенькі парасон. Вось пасля гэтага здарэння, у выніку вось якога недастатковага разумення з боку жонкі пачалася творчая дэпрэсія. Што датычыцца літургічных твораў, дык іх кампазітар пачаў пісаць не з набожнасці, а таму, што абяцаў зрабіць гэта членам вярхоўнага суда на шлюбаразводным працэсе, калі справа вырашыцца на яго карысць.
Гэтак вось крояцца ўборы вялікім людзям, гэтак працуюць кравецкія майстэрні па вырабу біяграфій. I гэта станоўчае — тое, што шырока скарыстоўваецца гісторыяй мастацтва. Аднак у дзейнасці такіх біёграфаў ёсць і адмоўнае, тое, што трэба хоць крыху прыпыніць, калі ўжо немагчыма выкараніць зусім. Чамусьці стала нормай, што біёграфы пасля смерці вядомага чалавека ўрываюцца ў яго дом і з паліцэйскай заўзятасцю вытрасаюць шафы і шуфлядкі, выбіраючы ўсе паперы і паперкі, якія толькі можна знайсці. Але і гэтага ім мала, яны пачынаюць сапраўдныя судовыя следствы, па ўсім свеце збіраюць нябожчыкавы лісты, школьныя табелі, распіскі і розныя іншыя дакументы, а потым з настойлівасцю апантаных даследчыкаў расшыфроўваюць, каментуюць, тлумачаць, перастаўляюць словы, перакручваюць сказы і ўрэшце, на аснове новых звестак, так размалююць нябожчыка і так вывернуць біяграфію, якая была напісана раней, што яна робіцца падобнай на пераніцаваны пінжак з нагруднай кішэняй, якая з левага боку перайшла на правы, з новым аксамітавым каўняром і новай падшэўкай. Трэба мець на ўвазе, што гэтыя біяграфічна-кравецкія
майстэрні не толькі «шыюць» новыя вырабы, яны шмат чым займаюцца: перашываюць старое, прасуюць, выводзяць плямы, пераніцоўваюць, а калі часам дзе на якой біяграфіі заўважаць дзірку, дык і латаюць.
Я, напрыклад, успамінаю біяграфію аднаго нашага заслужанага чалавека, прызнанага вучонага, прафесара Стояна Анціча. Яна была напісана яшчэ пры жыцці прафесара, які чытаў напісанае і, наколькі мне вядома, нічога не меў супраць. Паводле той біяграфіі, наш вучоны нарадзіўся ў 1852 годзе ў Петраўцы ад маткі Ангеліны і бацькі Мількі, які гандляваў свіньмі. Пачатковую школу Стоян скончыў у Петраўцы, прагімназію ў Пажараўцы, а гімназію і універсітэт у Бялградзе. Паколькі па спецыяльнасці ён быў прыродазнавец, пасля заканчэння вучобы яго адразу накіравалі выкладаць нямецкую мову і гімнастыку. На гэтай ніве таленавіты працаўнік развіў такую кіпучую дзейнасць, што нават напісаў грунтоўнае даследаванне пра сляды сербскіх слоў у санскрыце.
Праз дваццаць гадоў, калі біёграфы дабраліся да прыватнай перапіскі вядомага нябожчыка, я ўжо чытаў зусім другую, на аснове «новых звестак» напісаную, біяграфію. У ёй сцвярджалася, што нябожчыка звалі не Стоян, а Спіра, што ён памылкова насіў прозвішча Анціч, а сапраўднае было другое — Нікаліч. Маці яго звалася не Ангеліна (такое імя мела яго мачыха), а Марыя; бацьку звалі не Мілька, а Міят, і быў ён не свіным гандляром, а папом. Нябожчык Спіра нарадзіўся не ў Петраўцы Пажаравацкай акругі, а ў Рэкаўцы Ягадзінскай акругі; у прагімназію Спіра хадзіў не ў Пажараўцы, а ў Ягадзіне, ва універсітэце ў Бялградзе не вучыўся, таму што скончыў сельскагаспадарчую школу ў Кралеве. I потым ён выкладаў не нямецкую мову і гімнастыку, а закон божы і спевы. Нябожчык не пісаў даследавання пра сляды сербскіх
слоў у санскрыце, ён пакінуў працу аб уздзеянні лесу на кліматычныя ўмовы.
Мяне, паверце, не здзівіла б, каб гэтыя біёграфы на аснове звестак, сабраных з прыватных лістоў і іншых уласнаручных запісаў вялікага чалавека, вывелі, што нябожчыка ўвогуле не было. Уявіце, што такія біёграфы могуць вышукаць у прыватных пісьмах, асабліва ў напісаных яшчэ тады, калі іх аўтар нават сам не падазраваў, што стане вялікім. Таму што калі нехта зробіцца вялікім чалавекам, дык ён, бадай што, і прыватныя лісты піша так, быццам рыхтуе іх да выдання — гэта прыкладна так, як жанчына, якая аднойчы пачула, што яна прыгожая, увесь час стараецца паказаць гэта. Чытаў я неяк ліст аднаго вялікага чалавека, акадэміка, які сыскваў грошы з свайго кватаранта. Вялікі чалавек у гэтым лісце кватаранту пісаў, што жыццё сваім матэрыяльным бокам — проста агіднае, а штодзённыя клопаты апаганьваюць вялікія душы... Розных афарызмаў пра жыццё там было аж занадта, і ўсе яны даваліся з яўным разлікам, што трапяць у друк. Распісаўшы гэтак многія непрыемныя з’явы жыцця, аўтар пісьма перайшоў да справы: «Але існуе ў жыцці вызначаны парадак, ад якога нікуды не дзенешся»,— і, падпарадкоўваючыся такой мудрасці, запатрабаваў ад кватаранта плату за тры месяцы. Зразумела, грошы ён атрымаў пры асабістай сустрэчы і вусна (што не прызначалася да друку) аблаяў кватаранта ў душу і бога, а потым паабяцаў яшчэ і прыбіць, як сабаку.
Другі вялікі чалавек, перасцерагаючыся, каб яго лістьі пасля смерці не надрукавалі, канчаў іх сказам: «Калі прачытаеце, вярніце гэты ліст, калі ласка, мне назад». Гэта стала з часам такой моцнай звычкай, што аднойчы, распісваючыся за ганарар, ён прыпісаў тое самае: «Калі прачытаеце, вярніце гэты ліст, калі ласка, мне назад». Ведаў я таксама аднаго аўтарытэтнага
вучонага, у якога боязь пакінуць пасля смерці якіянебудзь пісьмовыя сляды перайшла ў сапраўдную манію. Ён увогуле адмовіўся пісаць, так і памёр, не напісаўшы ні слоўца, хоць і меў славу аўтара многіх навуковых прац.
Такія, у асноўным, станоўчыя і адмоўныя бакі Taro, што чалавек сам згаджаецца быць ахвярай біёграфа. I ці не лепей тады напісаць аўтабіяграфію і такім чынам унікнуць розных неспадзяванак?
Праўда, з майго боку будзе нясціпла сказаць, што прыведзеныя меркаванні — адзінае, што прымусіла мяне ўзяцца за аўтабіяграфію. I справа не ў тым, што я не лічу сябе вялікім. Тут я спакойны, але хачу запэўніць, што мая прыватная перапіска болып прыдасца прадаўцам зяленіва на пакеты, як біёграфам на папаўненне звестак.
Калі ж пры ўсім гэтым я пішу такую кнігу, то толькі каб адзначыць шасцідзесяцігоддзе жыцця і — азіраючыся цяпер назад, праходзячы яшчэ раз праз учарашні і пазаўчарашні дзень — паглядзець і на далёкую маладосць, найдаражэйшую частку жыцця. Я ведаю выслоўе Гі дэ Мапасана, паводле якога, «няма нічога страшнейшага, як тое, што стары чалавек утыкае нос у сваю маладосць», але тым не меней раблю гэта. Дзейнічае той самы інстынкт, піто ў чалавека, які тоне, у апошнія імгненні развітання з жыццём выклікае малюнкі былога, нават далёкага юнацтва.
Але я азіраюся назад не для таго, каб паплакаць над мінулым. Наадварот, азіраюся, каб уволю насмяяцца, каб акурат да месца было вядомае: «Найлепш смяецца той, хто смяецца апошні!»
У маёй асобе на свет нас з’явілася трое. Першы, усміхнуўшыся на матчыных руках, так і застаўся смяшлівым і вясёлым на ўсё жыццё. Другі, як насупіўся тады немаўляткам, так і дагэтуль ходзіць сур’ёзны, заклапочаны. А трэці праз усё жыццё нясе слёзы,
якія накаціліся, калі ўпершыню расплюшчыў вочы і паглядзеў на свет белы.
Шляхі ў нас былі розныя.
Той, што плачам пачаў, бачыць у жыцці адно зло і няшчасце, усё яму змрочнае, сумнае, агіднае. Неба заўжды зацягнута хмарамі, зямля заўжды паліта слязьмі. Ён спачуваў кожнаму гаротнаму, кожнай няўдаліцы. Ён плакаў ад чужых турбот і галасіў над чужымі магіламі.