Аўтабіяграфія  Браніслаў Нушыч

Аўтабіяграфія

Браніслаў Нушыч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 229с.
Мінск 1985
52.42 МБ
Між іншым, я і дагэтуль не разумею, што ў маіх адказах такога смешнага і чаго гэтак рагатаў старіпыня камісіі. У хрысціянскай навуцы я — а дарэчы, і многія іншыя хрысціяне як калісьці, так і цяпер — бачыў проста збор розных дзіўных прыгод, а таму і не знаходжу страшнага грэху ў тым, што гэтыя прыгоды перамешваюцца, як тады на экзамене. Акрамя таго, я не думаю, што болей пра хрысціянства ведае той, хто ўсе прыгоды расказваў так, як яны запісаны.
Аднак, паклаўшы руку на сэрца, я павінен прызнацца, што наш выкладчык закону божага спыняўся не толькі на біблейскіх гісторыях. Ён настойліва спрабаваў пранікнуць у сутнасць Хрыстовага вучэння, і менавіта праз гэтую сутнасць мы ледзь былі не загінулі ўсе да аднаго. Аднойчы ён доўга і падрабязна тлумачыў, на чым грунтуецца Хрыстова вучэнне. I мы яго вельмі ўважліва слухалі, а дакладней, уважліва сачылі за яго рукамі, баючыся, што каго-небудзь ён усё ж такі трэсне.
А на наступным уроку веравучыцель пачаў правяраць, што мы зразумелі.
— Які першы асноўны прынцып Хрыстовага ву-, чэння? — папытаўся ён у першага, хто папаўся яму на вочы.
Той небарака ўстаў і маўчыць, нібы вады ў рот набраў. Пан веравучыцель, ледзь стрымліваючы злосць, паўтарыў пытанне.
Вучань і далей маўчаў гэтак жа зацята, як першыя хрысціяне перад судом тыранаў-мнагабожцаў.
— Які першы асноўны прынцып Хрыстовага вучэння, ёлупень? — пытаецца раз’юшаны выкладчык, a пальцы яго самі сціскаюцца ў кулакі.
I калі вучань усё роўна не адказаў, ён выгукнуў сам:
— Міласэрнасць! — і так гваздануў хлопца па галаве, што ў таго іскры з вачэй пасыпаліся.
Потым багаслоў спытаўся ў другога:
— Скажы мне, які другі асноўны прынцып Хрыстовага вучэння?
Хлапчына скрабе за вухам і спрабуе па рухах выкладчыкавых рук вызначыць, з якога боку яго лясне другі асноўны прынцып Хрыстовага вучэння.
— Любоў да блізкага, асліна! — зароў зноў сам багаслоў, не пачуўшы адказу, а гаротнік-вучань тым часам абмацаў свой твар, правяраючы, ці прынцып любові да блізкага не афарбаваны ў чырвоны колер.
Трэці вучань, зразумела, таксама маўчаў, калі ў яго пыталіся пра трэці асноўны прынцып Хрыстовага вучэння.
— Велікадушнасць,— недавярак, а табе — велікавушнасць! — закрычаў выкладчык хрысціянскай навукі і так пацягнуў хлопца за вушы, што, здавалася, яны вось-вось дастануць да пояса.
Усе астатнія сядзелі, як мышы пад мятлою. Нас у класе было трыццаць чатыры душы, і каб Хрыстова вучэнне выпадкова мела трыццаць чатыры асноўныя прынцыпы, усе мы маглі загінуць, як першыя хрысціянскія пакутнікі, кінутыя на арэну на волю і літасць дзікіх звяроў.
Вось у якіх абставінах я стаў прыхільнікам мнагабожжа і вельмі шкадаваў, што мы не засталіся ў той веры. Па-першае, чым болып багоў, тым менш асноўных прынцыпаў. Па-другое, калі багоў многа, яны не
такія небяспечныя, як адзін-адзіны. I трэцяе: калі б захавалася мнагабожжа, у гімназіі не вывучалася б хрысціянская навука.
СЕРБСКАЯ МОВА
— Гэта ты той самы асёл, што мінулы раз нічога не ведаў?
— Ага, гэта я! — адказваю я, рады, што настаўнік так добра мяне запомніў.
— А ці не ў тваім сшытку бачыў я вялізную кляксу, якую вы між сабою называеце свіннёю?
— У маім! — пацвярджаю я і яшчэ болей радуюся, што настаўнік так добра мяне запомніў.
— I я абяцаў, што пакараю цябе, калі ты і далей будзеш такі няўважлівы і неахайны?
I гэта я пацвярджаю, але ўжо без асаблівай радасці, а ён бярэ ручку, ставіць мне адзінку, пры дапамозе бездакорна пабудаванай граматычнай канструкцыі пасылае за дошку і ставіць на калені.
— Будзеш стаяць да канца ўрока і вучыць скланенне зваротных займеннікаў. Калі вывучыш, скажы, тады я перапраўлю табе адзнаку і здыму пакаранне.
Але такое праклятае скланенне вывучыць няпроста, і я прастаяў на каленях да самага званка.
Ад скланенняў у нас заўсёды галовы пухлі. Ніколі, мусіць, не забудуся, як пакутаваў я, калі стараўся запомніць пяты склон назоўніка «сабака». Усе астатнія неяк лягчэй ішлі, а гэты пяты адзіночнага ліку (напаўжывы клічны) ніяк не запамінаўся, і сам утварыць я яго таксама не ўмеў.
3 гэтым клічным склонам не адзін я не мог разабрацца, усе ў ім блыталіся. Мой болыны брат, у той час ужо старшакласнік, здаецца, і правучыўся нямала, a ўсё роўна не ведаў — мабыць, праскочыў, не сутыкнуўшыся з гэтым назоўнікам; меншы брат сказаў, што
пяты склон ад сабакі — гэта шчаня. Бацька не мог сказаць нічога, бо граматыка не мае ніякай сувязі з гандлем, тут нават дзейнічае адваротнае: чым менш граматыкі, тым больш заробку.
Спытаўся я і ў нашага суседа бакалейшчыка, спярша растлумачыўшы яму, што такое пяты склон. А ён мне адказаў:
— Я, калі клічу сабаку, крычу: «Цю, цю, цю!», a калі праганяю, крычу: «Пайшоў вон!» А што да склонаў, дык бог іх ведае, якія яны тут.
Аднойчы, калі ў нас на вячэры быў пан пратапоп, я, верачы ў яго вялікую вучонасць, адважыўся папрасіць дапамогі ў гэтага вучонага чалавека. Але ён таксама разгубіўся і нічога не змог растлумачыць.
— Пяты склон... пяты склон...— паўтарыў ён задуменна, стараючыся перад нашай сям’ёю не страціць аўтарытэту вучонага чалавека.— А колькі склонаў вывучаеце вы?
— Сем.
— Сем? — здзівіўся пратапоп.— 0, гэта многа, занадта многа!
— Многа! — уздыхаю і я.
— Незразумела нават,— звяртаецца пратапоп да маіх бацькоў,— нашто ім гэтулькі склонаў. Гэта проста прафесарскія дурыкі. Вазьміце, напрыклад, Нямеччыну — якая ўжо вялікая і магутная краіна, аднак абыходзіцца чатырма склонамі. А Францыя, Англія — таксама вялікія і магутныя краіны, а маюць не больш за чатыры склоны. А што такое мы? Маленькая, на некалькі акруг краінка — і на табе, сем склонаў! Нашто, скажыце, калі ласка, напускаюць туману? Ажно злосць бярэ!
Гэткія меркаванні разумнага чалавека, безумоўна, суцешылі мяне, але ад выкладчыка сербскай мовы яны не давалі ратунку. Настаўнік неадступна патрабаваў, каб я ўтварыў пяты склон ад назоўніка «сабака», а я
яму адказваў зацятым маўчаннем. Між іншым, гэта толькі адзін выпадак праяўлення той рысы, якая мяне вылучала з маіх таварышаў. А тое, што наш настаўнік з глузду з’ехаў на склонах, відаць па выпадку з маім аднакласнікам Станоем Стамболічам. Неяк апоўдні, a гэта было ў вялікі пост, ён падняў руку і папрасіўся:
— Пан настаўнік, можна да двара?
— Скажы, Стамболіч, правільна, чаго ты хочаш — тады пушчу,— адказвае настаўнік.
Стамболіч збянтэжыўся, нецярпліва патаптаўся на месцы і ў адчаі паўтарыў:
— Пан настаўнік, можна выйсці да двара?
— Скажы правільна — тады пушчу.
Стамболіч пачаў чырванець, пацець і курчыцца ці то ад склонаў, ці то ад той патрэбы, якая вымусіла прасіцца з класа. Таварышы шэптам падказвалі, але Стамболіч ніяк не мог разабраць што. Ён стаяў чырвоны, спацелы і прытупваў, а потым падняў адну нагу і абкруціў ёю другую. Нарэшце падказка дайшла да небаракі і ён заверашчаў:
— На двор!
— Вось цяпер правільна. Можаш ісці! — дазволіў настаўнік.
— А, цяпер ужо позна! — з крыўдай, але ўжо спакойна, адказаў Стамболіч.
Нагараваліся мы не толькі з склонамі. У граматыцы хапала і другіх крукоў ды цвікоў, аб якія, калі не быць уважлівым, можна не толькі абдзерціся, але і накалоцца.
Нямала, напрыклад, слоў, падобных да капрызных і натурыстых жанчын. Ім абы толькі ўборы мяняць. Гэта не выпадковае параўнанне. Вывучаючы граматыку, я заўважыў, што гэтая навука мае шмат жаночых прыкмет ці, калі хочаце, жанчыны маюць пэўныя граматычныя прыкметы. Я не буду спыняцца на неазначальнай форме і загадным ладзе дзеясловаў, пра якія
можна сказаць, што яны выключна жаночыя па ўжытку. Я маю на ўвазе, што каля кожнай жанчыны, як каля назоўніка ў граматыцы, можа знаходзіцца яшчэ нейкі член, і па ім няцяжка вызначыць, якога роду жанчына. А яшчэ я хацеў адзначыць, што ў жанчын, як і ў назоўнікаў, ёсць здольнасць змяняцца, і яны змяняюцца пры кожным новым склоне.
Трапляюцца словы, якія паводзяць сябе, можна сказаць, фрывольна — могуць з’явіцца ў любым выглядзе. Бывае, напіша настаўнік на дошцы слова «чорнае», а пасля пачне выпісваць нейкія формулы і сыпаць незразумелыя тлумачэнні: «Стараславянскі «он» перад глухім «юс» пераходзіць у новаславянскі...» альбо: «Юс» ператвараецца ў «цыс», «цыс» ператвараецца ў «біс»...» — і ў канцы «чорнае» ператвараецца ў «белае».
Памятаю, як аднойчы выкладчык сербскай гісторыі сваю лекцыю закончыў словамі: «У 1330 годзе ў бітве пад Белбуждам, калі загінуў балгарскі цар Міхайла, праславіўся малады сербскі кароль Душан. Горад Велбужд, пад якім адбылася гэтая бітва, цяпер называецца Чустандзіл. Як слова Велбужд можа стаць словам Чустандзіл, гісторыя не растлумачыць, а вось граматыка можа растлумачыць і гэта».
Выкладчыкі граматыкі ў гэтым кірунку пайшлі так далёка, што яшчэ да Варанцова маглі ператварыць пеўня ў курыцу і наадварот, а таму не дзіўна, што я, гэтаксама як і мае таварышы, вяртаўся ад дошкі з упэўненасцю, што атрымаў чацвёрку, а яна — «юс» у «он», «он» у «ер» і г. д.— у канцы чвэрці ператваралася ў двойку.
Нямала клопатаў і пакут было ў нас ад гэтых зменлівых слоў, але яшчэ болей ад розных знакаў прыпынку, якія, мусіць, і выдуманы на тое, каб нарабіць як мага болып блытаніны. Гэтыя кропкі, коскі, пытальнікі, клічнікі і яшчэ цэлая куча розных знакаў, якія
няшчасны гімназіст павінен ведаць, дзе паставіць, хутчэй за ўсё ніколі ў жыцці не спатрэбяцца. Я нават цяпер ведаю аднаго чыноўніка — у свой час мы разам з ім вучьіліся — які скардзіцца, што граматыка толькі збівае яго з панталыку.
— Ты вазьмі толькі гэтыя знакі,— казаў ён мне аднойчы.— Я раней пісаў, пісаў і пісаў — нанізваў словы, як жанчына каралі. Ды што могуць аздобіць каралі з кропак і косак? Я нічога не маю супраць клічніка, ён бывае патрэбны. От калі пішаш часам да якога-небудзь начальніка, тады і паставіш яго. Але наш сакратар так далёка зайшоў, што гэты самы клічнік ставіць нават у канцы зварота: «Ты асёл!» А мне здаецца, што ў гэтым выпадку кампраметуецца не толькі знак, але і ўся граматыка, бо калі нехта асёл, гэта яшчэ не значыць, што ён асёл граматычна.
Вядомы таксама выпадак, калі камандзіру пагранічнага атрада яго начальнік аддаў назад рапарт і загадаў абавязкова расставіць знакі прыпынку. Справа ў тым, што з рапарта немагчыма было нават разабраць, хто загінуў у баі на граніцы — ці то атаман кантрабандыстаў, ці то сам камандзір, які падаў рапарт. Загад начальніка трэба выконваць, а камандзір-пагранічнік разгубіўся, бо ніколі не меў павагі да нейкіх там кропак і косак, можна сказаць нават, што ставіўся да іх варожа. Ён і гэты раз лепш цэлую ноч біўся б з кантрабандыстамі — няхай іх будзе нават дваццаць пяць чалавек — чым расстаўляць такую самую колькасць кропак і косак. Каб усё ж такі выкруціцца з нечаканай цяжкай сітуацыі і выканаць загад, ён узяў чысты аркуш паперы, паставіў на ім дзесяць кропак і пятнаццаць косак і прыклаў да старога рапарта. А начальніку перадаў усё гэта з просьбай расставіць знакі як трэба, а калі застануцца лішнія, няхай робіць з імі што хоча.