• Часопісы
  • Аўтабіяграфія  Браніслаў Нушыч

    Аўтабіяграфія

    Браніслаў Нушыч

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 229с.
    Мінск 1985
    52.42 МБ
    — Номінатыў: натрчкус; генітыў: натрчкусі; датыў: натрчкусо...— I тут ад страшэннай натугі мяне кінула ў пот.
    Маці падняла коўдру і аж заззяла ад радасці.
    На другі дзень, калі стала відаць, што крызіс мінуў, усе радаваліся. Доктар верыў, што гэта адбылося дзякуючы яго парашкам, а цётка Наста думала, што памагла яе варажба. I толькі адзін я ведаў, што ўпацеў ад другога скланення, і гэта быў адзіны ў маім жыцці выпадак, калі веданне лацінскай мовы пайшло мне на карысць.
    ПЕРШАЕ КАХАННЕ
    Пра першае каханне трэба было б пісаць раней, бо яно ідзе побач з школьным навучаннем, і можна нават сказаць, належыць да вучэбных прадметаў, але не хацелася разрываць той нізкі дысцыплін, якая толькі ў адзінстве дае поўнае ўяўленне пра непралазны лабірынт, праз які мы ў маладосці праціснуліся, называючы гэты пакутлівы шлях вучобай.
    Першае ўяўленне пра каханне я меў яшчэ ў раннім дзяцінстве. Тады я, наша служанка і хлопец-практыкант з гарадской управы кожны адвячорак перад нашымі варотамі вялі размовы пра каханне. А калі разабрацца, дык я і быў прычынай гэтага кахання, таму што практыкант спачатку пазнаёміўся са мною, а я ўжо тады пазнаёміў яго з служанкай. Знаёмства адбылося зусім выпадкова. Аднойчы я сядзеў на руках у служанкі перад нашым домам. Праходзячы па вуліцы, практыкант падышоў да мяне, пагладзіў па галоўцы ісказаў:
    — Якое мілае дзіця! Гэта ваша?
    — Ай! — бзікнула служанка.— Адкуль у мяне можа быць дзіця, калі я не замужам!
    I вось ад пытання, могуць ці не могуць быць дзеці,
    калі не замужам, яны пайшлі далей, завязалася жвавая размова, якую прадоўжылі на другі дзень, а на трэці дзень служанка і практыкант ужо здружыліся як мае быць. 3 той пары мы трое і сустракаліся за варотамі кожны адвячорак.
    О, якіх толькі размоў тут не было! Падчас мне нават сорамна рабілася глядзець у вочы служанцы. А здаралася, што і я ўмешваўся ў размову, але на гэты выпадак практыкант заўсёды меў напагатове цукеркі ў кішэні, і як толькі я разяўляў рот, каб нешта сказаць, ён пхаў мне ў рот цукерку, хоць гэта не я, а сам ён збіраўся казаць салодкія словы.
    Можна лічыць вялікай стратай літаратуры, што я тады быў яшчэ непісьменны і не мог запісаць нічога з тых размоў за варотамі.
    — Ёца,— казала наша служанка практыканту,— прыходзь пасля вячэры, калі ўсе мае палягуць, я табе пакіну шніцаль.
    — Ах, любачка ты мая,— адказваў ён,— хіба ж мне цяпер да шніцаляў! Але як будзеш ужо пакідаць шніцаль, дык не забудзься і пра салату. А мне ж ты, толькі ты трэба! Чакаю, не дачакаюся, каб цябе прыціснуць да грудзей, няхай нават і шніцаль астыне.
    Былі і другія, болып інтымныя размовы. Памятаю, аднойчы практыкант спытаўся:
    — Юла, а ці скора ў вас будуць мыць бялізну?
    — Скора, а што?
    — Добра было б, каб ты і маю ўсунула разам, тады не давядзецца плаціць прачцы.
    — Прынось! — ласкава адказала наша служанка.
    — Ах, любачка ты мая, якая ты добрая! Прынясу тры кашулі і чацвёра споднікаў, анёлак ты мой!
    Зрэшты, гэтыя размовы былі не проста цікавыя, яны маглі даць мне і пэўны вопыт, які спатрэбіўся б у жыцці. Але здараліся і іншыя сцэны, асабліва ў нядзелю апоўдні, калі нікога з нашых дома не было.
    Тады мы ўтраіх ішлі ў служанчын пакой. Мяне пакідалі на ўслоне, а самі сядалі на ложак. У такіх выпадках я лічыў, што найлепш заплюшчыць вочы, хоць і баяўся ўпасці з услона.
    Так што ў жыццё я ўвайшоў няблага падрыхтаваны, знаёмы з рознымі момантамі тэорыі і практыкі кахання. I таму не дзіва, што ўжо ў першым класе гімназіі я закахаўся. Спецыяльна такой мэты — закахацца, як толькі перайду ў гімназію — я сабе не ставіў. Дзякуючы падрыхтоўцы, атрыманай у раннім дзяцінстве, я мог гэта зрабіць і раней. Але я, аж пакуль не пайшоў у гімназію, насіў штаны з разрэзам ззаду, і мне нават у галаву не магло прыйсці закахацца ў штанах, разрэзаных не там, дзе трэба. Толькі тады, калі я стаў гімназістам і апрануў штаны, якія зашпільваюцца і расшпільваюцца спераду, я адчуў, што цяпер можна закахацца.
    Закахаўся я ў Персу, нашу суседку, таму што яна жыла бліжэй за ўсіх. Перса была кірпатая, хадзіла ў жоўтых панчохах, і ў яе заўсёды былі пакрыўленыя абцасы ў чаравіках. Пакуль я не закахаўся, я не звяртаў на яе ніякай увагі, а калі закахаўся, пачаў думаць, што дзяўчынка незвычайна прыгожая, і дастаткова было мне толькі ўбачыць яе, хоць здалёк, зірнуць на яе крывыя абцасы, як я ўзбуджаны ляцеў насустрач, каб хутчэй убачыць усмешку на яе кірпатым твары.
    Яна была дачкою настаўніка, які выкладаў у нас матэматыку і мяне, сам не ведаю чаму, не надта любіў. Ёй было дзевяць гадоў, і яна вучылася ў трэцім класе пачатковай школы. У каханні я ёй прызнаўся даволі рамантычным спосабам.
    Неяк гулялі ў хованкі, і мы з ёю разам схаваліся ў бочку, у якой мая маці квасіла на зіму капусту. Дык вось там, у той бочцы, я і прызнаўся, і таму нават цяпер не магу прайсці спакойна міма парожняй бочкі, дзе б яе ні ўбачыў.
    Аднойчы мы сустрэліся пасля школы і разам пайшлі дахаты. Я даў ёй булачку, якую купляў кожную пятніцу спецыяльна ёй, бо ў чацвер па абедзе звычайна памагаў бацьку гандляваць і на рэшту, якую пакідалі некаторыя пакупнікі, мог у пятніцу выказаць сваю сімпатыю праз гэткі пачастунак. Тут я і спытаўся ў яе сур’ёзна:
    — Як ты думаеш, Перса, твой бацька не адмовіць, калі я прыйду да цябе ў сваты?
    Яна пачырванела, апусціла вочы і ад хвалявання аж парвала фартушок на тры кавалкі.
    — Мусіць, адмовіць! — прашаптала дзяўчынка нарэшце.
    — А чаму? — усхвалявана спытаўся я і ледзь не заплакаў.
    — Таму што ты ў яго дрэнны вучань!
    Я пакляўся, што буду вучыць дзень і ноч, каб толькі выправіць адзнаку. I вучыў. Але хіба ж я мог адолець тое, што прывяло да згубы гэтулькі людзей,— хіба я мог прымірыць каханне і арыфметыку? А раз мне трэба было выбіраць — альбо каханне, альбо арыфметыка — я выбраў лягчэйшае, каханне, і на наступным уроку замест двойкі, якую заўсёды меў дагэтуль, атрымаў адзінку.
    У наступны чацвер я нічога не зарабіў на гандлі, таму ў пятніцу залез у шафу, зрэзаў з бацькавай зімовай вопраткі дваццаць гузікаў і прадаў іх у школе за дзесяць пара — за тыя грошы, якія мне патрэбны на булачку. Па абедзе я сустрэў Персу каля яе школы і, праводзячы дадому, прызнаўся, што справы мае сталі яшчэ горшыя, таму што ў яе бацькі я атрымаў адзінку.
    — Тады я ніколі не буду твая! — сказала яна ў роспачы.
    — Ты павінна быць мая, калі не на гэтым, дык на тым свеце! — выгукнуў я словы, якія пачуў некалькі дзён назад на спектаклі.
    — Як гэта можа быць? — спыталася Перса з цікаўнасцю.
    — Калі ты згодна, можам атруціцца.
    — А як гэта зрабіць?
    — Проста,— гаварыў я ўсё болей рашуча,— вып’ем атруты!
    — Добра,— адказала яна,— згода! А калі?
    — Заўтра па абедзе.
    — Э, заўтра па абедзе нам трэба быць у школе,— успомніла Перса.
    — Дык і я ж заўтра не магу прапусціць — запішуць, а я і так ужо не быў у школе цэлыя дваццаць чатыры разы, могуць зусім выгнаць. Давай, калі хочаш, у чацвер па абедзе — тады не будзе ўрокаў ні ў цябе, ні ў мяне.
    Яна згадзілася, і мы дамовіліся, што ўсё, каб атруціцца, падрыхтую я.
    Праз тыдзень, вярнуўшыся з школы, я ўхапіў на кухні пушку запалак і пайшоў на сустрэчу з Персай, каб потым, як дамовіліся, разам адысці на той свет.
    Сустрэліся мы ў нашым гародчыку, селі на траўку, а з душ нашых вырываліся глыбокія ўздыхі кахання і пакуты. Я выняў з кішэні запалкі.
    — I што ж мы будзем рабіць? — спыталася Перса.
    — Будзем есці запалкі.
    — Як есці?
    — А вось так,— сказаў я, адламаў галоўку, выкінуў яе, а палачку пачаў грызці.
    — А нашто ты гэта выкінуў?
    — Бо яно праціўнае.
    Тады Перса таксама адважылася і працягнула руку. Я адламаў галоўку ад другой запалкі і даў ёй палачку. Яна ўзяла яе і пачала жаваць. Аж тры штукі з’ела, але потым на вачах у яе выступілі слёзы.
    — Болып не магу! Я ніколі ў жыцці не ела дрэва, больш не магу!
    — Мусіць, ты ўжо атручаная.
    — Мусіць,— згадзілася дзяўчынка,— бо адчуваю, як нешта дзярэ ў горле.
    — Вось-вось! Ты, значыць, ужо атручаная!
    А сам я хрумстаў запалкі і далей, але пасля дзевяці штук страціў апетыт і таксама адчуў, як нешта задзерла ў горле.
    — Ну, усё! Я таксама атручаны! — урачыста, як і належыць у такім выпадку, паведаміў я.
    Пасля гэтага настала хвіліна мёртвай цішыні. Я ў той момант думаў, колькі будзе, калі сем памножыць на чатыры, і ніяк не мог вылічыць, а пра што думала яна, не ведаю, ведаю толькі, што калупалася ў зубах, бо там засела трэсачка. Нарэшце Перса парушыла тую ўрачыстую цішыню пытаннем:
    — А што далей?
    Ад гэтага пытання я страшэнна збянтэжыўся, бо не ведаў, што ж яшчэ трэба рабіць, калі галоўная справа — атручванне — выканана! Але тут мне прыйшла шчаслівая думка:
    — Ведаеш што, раз ты ўжо атручаная, перахрысціся!
    Яна перахрысцілася, тое самае зрабіў і я.
    — А цяпер,— прапанаваў я,— паміраць пойдзем дадому. Сорамна паміраць тут. Мы з табою — дзеці з паважаных сем’яў, і сорам будзе, калі памром у гародчыку!
    — Добра,— згадзілася дзяўчынка, і мы разышліся.
    Між тым, вось як уся гэтая справа скончылася: Перса прыйшла дадому і папрасіла матку хутчэй паслаць пасцель, бо яна будзе паміраць. Пры гэтым расказала, што атруцілася са мною палачкамі ад запалак. А маці, не зважаючы ні на яе стан, ні на пачуцці, сказала:
    — Калі ты магла есці дрэва ў гародчыку, дык пакаштуй і тут, у хаце...— Задзерла дачцэ спадніч-
    ку і з другога боку дубцом пачала выбіваць пля пачуцці, якія заселі ў сэрцы.
    Праз гэта Перса мяне зненавідзела, і так скончылася маё першае каханне.
    ПЕРШЫ
    I АПОШНІ ВЕРШ
    Я за сваё жыццё напісаў усяго два вершы, і з абодвума меў гэтулькі пакуты, што зарокся не тое што пісаць вершы — чытаць іх. О, колькі разоў мяне казытала і падбухторвала нешта ў душы, колькі разоў мяне дражніла натхненне, колькі разоў спакушалі ўсялякія нагоды! Але я заўсёды гераічна стрымліваўся.
    Хіба можа што-небудзь больш спрыяць натхненню, як сітуацыя, калі паненка з летуценным поглядам і цёплай усмешкай падносіць вам свой раскошна пераплецены і апраўлены альбом, на якім залатымі літарамі адціснута «Poesie» і які змяшчае цудоўную калекцыю людской дурноты. Ах, гэтыя альбомы, запоўненыя безліччу добрых пажаданняў і самых паскудных вершаў, у якіх кішаць розныя «ахі» ды «охі», а рыфма такая, што лепшай не прыдумаеш: вочы — ночы, маіх — тваіх, буду — забуду, люба — згуба.