• Газеты, часопісы і г.д.
  • Аўтабіяграфія  Браніслаў Нушыч

    Аўтабіяграфія

    Браніслаў Нушыч

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 229с.
    Мінск 1985
    52.42 МБ
    Гэтае каханне засталося вечнай таямніцай маёю, бо я пра яго не прызнаўся нікому, адной толькі падушцы, якую абдымаў і цалаваў, застаўшыся адзін дома, і да якой звяртаўся з пяшчотнымі словамі, што прьізначаліся чароўнай пані з ямачкамі на шчоках і з сакавітымі вуснамі.
    У шостым каханні я дайшоў нарэшце да пацалунка. Гэта быў мой першы пацалунак увогуле, а першы пацалунак можна параўнаць з экзаменам, пасля якога вучні атрымліваюць права перайсці ў старэйшыя класы, дзе вывучаецца вышэйшая матэматыка кахання з усімі вядомымі і невядомымі велічынямі.
    Да таго я думаў, што пацалунак — гэта толькі крыху саладзейшая за звычайную цукерка, але як толькі даткнуўся вуснамі да вуснаў, я зразумеў, што памыляўся. Першы пацалунак быў як келіх пеннага шампанскага, ад якога на губах адчуваеш нейкую слодыч, а потым пачынае бурліць і кіпець кроў, заззяюць вочы і закружыцца галава. I, дзіўна, як толькі я адарваў свае вусны ад яе, я адчуў, што цяпер ужо ўзброены вопытам, які ў каханні патрэбны не менш, як усюды ў жыцці.
    Але вопыт заўсёды прыносіць расчараванне, і гэты мой выпадак не стаў выключэннем. А зрэшты, расчараванне — звычайны і немінучы канец любога кахання.
    Сёмага свайго кахання я не памятаю, як гэта ні дзіўна. Памятаю, што я кахаў яе, і яна мяне кахала, памятаю, што мы кляліся кахаць адно аднаго да скону, а вось хто яна была, не магу ўспомніць.
    Неяк я сустрэў адну прыгожую пані, якая ласкава ўсміхнулася мне, і ў мяне мільганула думка: а ці часам гэта не тая мая забытая каханая? Я набраўся духу і падышоў да яе:
    — Пані ласкавая, вы не памятаеце, ці я часам не кахаў вас некалі?
    — Адкуль жа я магу пра гэта ведаць?
    — Вы павінны ведаць, я ж, напэўна, вам казаў.
    — Нічога вы мне не казалі.
    — А шкада!
    Другой пані я нават даказваў, што гэта яна, толькі, мабыць, забылася, але яна з упэўненасцю адказала:
    — He, пан, я маю поўны спіс усіх тых, з кім кахалася да замужжа, і вы там не зарэгістраваны.
    Вось так і застаецца. Нягледзячы на ўсе намаганні, сёмага свайго кахання я не магу ўспомніць ніяк.
    Што да восьмага, дык яно ад пачатку да канца было па агульнапрынятым рэцэпце кахання. У яе была светлая раскошная каса, агністыя вочы, і кахала яна мяне вельмі шчыра. Нават патрабавала, каб я пакляўся ёй у вернасці, і сама паклялася. Але неяк неўзабаве пасля клятвы ўзяла і закахалася ў другога.
    Дзевятае каханне маё было амаль зусім такое, як у народных песнях, сабраных Вукам Караджычам, і адрознівалася толькі тым, што нагадвала падагрэтую страву. У яе была чорная каса да пояса, ласкавыя вочы, і я кахаў яе вельмі шчыра. Нават патрабаваў, каб яна паклялася мне ў вернасці, і сам пакляўся. Але неяк неўзабаве пасля клятвы ўзяў і закахаўся ў другую.
    Дзесятае каханне — вясёлая трагедыя, якая, магчыма, вас зацікавіць.
    Спачатку я пазнаёміўся з яе мужам, які да мяне ставіўся надзвычай прыязна. Ён завёў мяне да сябе дадому і пазнаёміў з жонкай — невялічкай ростам, свавольнай і гаваркой — болей вачыма, чым языком,— дамай.
    Я з першага погляду закахаўся ў гэтую жанчынку, а таму заўсёды дужа радаваўся, калі яе муж запрашаў да сябе ў госці. Здавалася, што яна таксама рада мяне бачыць, бо калі мы заставаліся хвіліну-другую сам-насам, яна была намнога прыязнейшая, як пры мужы.
    Ды і муж быў не меней прыветны, ён нават выказваў мне асаблівы давер і стараўся паказаць сваё шчырае прыяцельства.
    Аднойчы мы з ім доўга хадзілі па зацішных алеях парку, і між намі завязалася даволі дзіўная размова:
    — Наколькі я мог заўважыць, вам падабаецца мая жонка? — пачаў ён зусім стрымана і амаль абыякава.
    Я страшэнна збянтэжыўся і да самых вушэй стаў чырвоны, як архімандрыцкі пояс.
    — Гэта... ну... — замармытаў я,— ваша пані жонка... э-э-э... вельмі прыязная... я вельмі паважаю яе.
    — Ды годзе, чаго вы саромеецеся? Мы з вамі сябры і можам абысціся без хітрыкаў. Дык давайце гаварыць адкрыта. У вашы гады маладых жанчын не паважаюць, а кахаюць. Хіба не?
    — Але... дык... як гэта... калі вы сумняваецеся ў чым...
    — Ды не сумняваюся, дабрадзею, ні кроплі не сумняваюся! Я проста ўпэўнены, што вы закаханы ў маю жонку. I, каб супакоіць вас, адразу заяўляю, што я на вас не крыўдую за гэта. Зусім не крыўдую, паверце, ані!
    — ???!!!
    Яго словы мяне ашаламілі. Я вылупіў вочы і разявіў рот, адначасова ператварыўшыся ў пытальнік і клічнік.
    — Вы не можаце мяне зразумець? — гаварыў ён.— Што ж, магчыма, гэта ў нейкай ступені дзіўна, калі я, муж... аднак...
    У той момант да мяне закралася падазрэнне, што ў цёмным кутку мы апынуліся невыпадкова, што гэты тып спецыяльна зацягнуў мяне сюды, каб выціснуць споведзь, а потым усадзіць мне ў грудзі цэлую абойму з рэвальвера. I я пачаў, як мог, абараняцца:
    — Але, шаноўны пан, рашуча заяўляю яшчэ раз: да вашай жонкі такіх пачуццяў я не маю. Я толькі паважаю яе.
    Ён зразумеў маю баязь і адразу заспяшаўся падбадзёрыць:
    — Можа, вы баіцеся, што ў мяне супраць вас ёсць нейкія благія намеры? Барані божа! Выслухайце, што я раскажу, і тады ўсё зразумееце.
    I ён пачаў сардэчным, даверлівым тонам расказваць:
    — Справа ў тым, мой малады дружа, што з жонкай у нас зусім дрэнныя адносіны. I нават болей як дрэнныя. Мы вось-вось развядзёмся.
    — Вы? — здзівіўся я.
    — А што вы думалі?
    — Ды гэта немагчыма!
    — Магчыма, дружа мой, і няхай вас не ўводзіць у зман тое, што вонкава ў нас усё цудоўна. Гэта таму, што мы разыходзімся па ўзаемнай згодзе. Яна не хоча мяне, я не хачу яе, а чаму — не пытайцеся. Вам, між тым, гэткая сітуацьія вельмі дарэчы. Пастараўшыся, вы можаце дабіцца свайго ад маёй жонкі, і з часам яна будзе вольная і цалкам ваша. Але, каб так стала, мы з вамі павінны памагаць адзін аднаму і дзейнічаць разам, у добрай згодзе...
    — У згодзе з вамі?
    — Ага, са мною! Я са свайго боку буду рабіць усё, каб памагчы вам, а вы са свайго боку можаце памагчы мне.
    Я ўсё яшчэ ніяк не мог апамятацца і збянтэжана глядзеў на дзіўнага мужа, а ён тым часам разважаў:
    — Каб лягчэй пачаць шлюбаразводны працэс і каб выйграць яго, мне патрэбен адзін доказ, якога я пакуль што не маю. У якасці такога доказу маглі б выступіць вы!
    — Я?.. Якім чынам?..
    — Вельмі проста. Я павінен даказаць, што мая жонка — амаральная асоба...
    — Але...
    — Пачакайце! Маральная яна ці не — усё роўна, мне толькі доказ патрэбен такі, і вы, каб захацелі, маглі б даць яго.
    — He разумею.
    — Зразумееце. Вы ўжо прызнаваліся маёй жонцы ў каханні?
    — Ды...
    — Вось што, вам трэба з гэтым паспяшацца. Прызнавайцеся як мага хутчэй! Я вам дам магчымасць. Калі яна будзе ўпарціцца, не адступайце, дзейнічайце рашуча, напорыста. Дзевяноста працэнтаў жанчын працівіцца прызнанням толькі таму, што так трэба. Значыць, паспяшайцеся і не адступайце! А калі ўсё пойдзе як належыць, не спыняйцеся толькі на прызнанні; жанчыны не любяць тых, хто спыняецца на паўдарозе. Праявіце настойлівасць і дамажыцеся спаткання, таемнага спаткання. Яна, натуральна, яшчэ болей заўпарціцца, скажа вам: «Ах, гэта ўжо занадта, толькі не гэта!», але гэта толькі словы, у якіх шчырасці не болей, як у гандляроў на рынку, калі яны гавораць: «Паверце, я сам гэтулькі за свой тавар аддаў, дык чаму ж гэта задорага!» Урэшце яна дасць згоду на спатканне, і застанецца толькі адна перашкода — я. Аднак мы з вамі дамовімся, і я, скажам, адлучуся куды-небудзь.
    3 усё большым здзіўленнем слухаў я гэтага незвычайнага мужа.
    — Дык вось, цяпер надыходзіць самае галоўнае. Вы прыйдзеце на спатканне, а я, між тым, нікуды не паеду, як гэта будзе думаць жонка, а застануся, і якраз тады, калі ні вы, ні мая жонка не будзеце спадзявацца, я ўварвуся ў дом з двума сведкамі. Калі вы паспееце да гэтага часу зняць штаны, будзе яшчэ лепш. Мая жонка, зразумела, закрычыць і страціць прытомнасць, а я тым часам падскочу да вас, павалю на падлогу, буду таўчы вас нагамі, разаб’ю вам нос і вырву касмык з чупрыны, прыкладна такі, які можа вырваць
    сапраўды раз’юшаны муж жончынаму палюбоўніку» забяру вашы штаны ў якасці рэчавага доказу, а вас у адных сподніках вышпурну на вуліцу. Усё гэта, натуральна, адбудзецца пры двух сведках. Ну, цяпер вы разумееце?
    — Але ж, пан...
    — Так-так, вам не падабаецца тое, што вас будуць біць. Аднак, шаноўны мой пане, вы павінны прынесці нешта ў ахвяру, каханне заўсёды патрабуе ахвяры. Некалі рыцары гінулі, каб даказаць выбранніцы свайго сэрца моц пачуцця, дык чаму і вам не стаць падобным да гэтых высакародных рыцараў і не згадзіцца на пабоі?
    — Яно-то так, але што пра мяне будзе думаць ваша пані жонка?..
    — У той момант, калі будзеце без штаноў, парадуецца, калі будзеце стагнаць ад пабояў, пашкадуе. А вы не забывайцеся, што шкадаванне звычайна пераходзіць у наймацнейшае каханне.
    — I ўсё ж такі вы прапанавалі мне надна непрыемную ролю...
    — Ох, чалавеча! Скажыце, якія адзнакі ў вас былі па матэматыцы ў гімназіі?
    — Дрэнныя.
    — Яно і відаць. Перад вамі дакладны разлік. Мая жонка атрымлівае развод і застаецца такой самай у маральным плане, як і раней; а яна маладая і прыгожая. Дык што выходзіць? За такую біцца пачнуць, з-пад носа ў вас выхапіць могуць! А давайце паглядзім з другога боку. Нас разводзяць з той прычыны, што яна распусніца, скампраметавала сябе з вамі. Што ёй застаецца пасля гэтага? Застаяцеся толькі вы! Разумееце?!
    У гэтага дзіўнага мужа была сапраўды моцная логіка, шкада толькі, што грунтавалася яна на пабоях.
    Пры развітанні ён запрасіў мяне ў госці ў той самы
    дзень па абедзе. Я прыйшоў, але яго дома не застаў. Відаць, ён падумаў, што мы ўжо дагаварыліся, і, не адкладаючы, вырашыў даць мне магчымасць зрабіць першыя крокі.
    Аднак я надумаў зрабіць інакш — расказаць, нічога не ўтойваючы, жонцы пра ўсю размову з яе мужам, бо яна заслугоўвае, каб з ёю быць шчырым.
    — Шаноўная пані, я павінен вам нешта сказаць, я павінен вам многа сказаць,— пачаў я ўсхвалявана.
    — I што? — спыталася яна.
    — Ды... — запнуўся я, не ведаючы, як лепш усё расказаць,— вы, напэўна, самі заўважылі... што... гэта... як я вас паважаю.
    — Дзякуй вам, пане!
    — Толькі гэтае пачуццё, якое я называю павагай, у нашы з вамі гады завецца інакш.
    — Няўжо? А я і не ведала! I як жа яно завецца? — задала яна пытанне, усміхаючыся болей вачыма, як вуснамі.
    Нейкі момант я вагаўся, а потым адважыўся і выпаліў: