Аўтабіяграфія  Браніслаў Нушыч

Аўтабіяграфія

Браніслаў Нушыч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 229с.
Мінск 1985
52.42 МБ
— Ага, я люблю гуску,— паўтарыў я, спадзеючыся менавіта на прызнанне звесці гэтую тэму.— Асабліва люблю ножкі.
— Як гэта — ножкі? — здзіўлена спыталася бялявая дзяўчынка.
— А так, калі маці засмажыць гуску з рысам, я заўсёды прашу ножку.
На другі дзень я зноў сустрэў бялявую дзяўчынку, і мы пачалі сустракацца амаль штодня. Каханне наша абыходзілася без прызнанняў. За прызнанне яна палічыла тыя словы спагады, з якімі я падышоў да яе першы раз. Такое здараецца часта з удовамі, яны звычайна словы спагады ўспрымаюць як прызнанне. А бялявая дзяўчынка была не без удовінай сентыментальнасці, бо, як прызналася потым, да мяне ўжо кахала аднаго гімназіста-першакласніка.
Хоць мы кожны дзень сустракаліся пасля заняткаў і я праводзіў яе дадому, адчувалася патрэба спаткацца ў іншых умовах. Каханне толькі тады мае сапраўдную прывабнасць, калі закаханыя могуць спаткацца самнасам. I мы дамовіліся, што ў чацвер апоўдні сустрэнемся на етарых могілках. Могілкі, як месца спаткання, дужа пасавалі закаханай бялявай дзяўчынцы з пачуццямі і закаханаму хлапчуку, які любіць гусіныя ножкі.
Мы спаткаліся і размаўлялі, размаўлялі доўга і многа: пра экзамены, пра яе настаўніцу, якая яна строгая. Акрамя таго, яна расказала, што яе маці сёння на абед згатавала фаршыраваныя кабачкі, а я пахваліўся, што мы ўчора елі пірагі з сырам. Пагаварылі і яшчэ аб нейкіх важных рэчах, а потым ра'зышліся.
Як бачыце, з нашага спаткання выйшла нешта не тое, бо ў такіх выпадках трэба гаварыць пра каханне, а мы вялі размову такую самую, як і тады, калі я праводзіў яе ад школы да дому.
Але праблема была ў тым, што ні яна, ні я не ведалі слоў кахання. Я некалькі дзён ламаў галаву, каб іх знайсці, пакуль нарэшце не ўспомніў пра кніжку, якую мая цётка чытае штовечар, пры чытанні ўздыхае і плача, а калі начытаецца, хавае кніжку пад падушку. У той кніжцы, вырашыў я, павінны быць патрэбныя мне словы, бо толькі пры чытанні такіх кніжак плачуць старыя дзеўкі.
Дык вось, неяк па абедзе я ўкраў гэтую каштоўную кніжку, залез у павець і прагна пачаў яе гартаць. Асабліва ўважліва я праглядаў старонкі, палітыя цётчынымі слязьмі, і ў адным такім месцы знайшоў патрэбныя мне словы, прычым, што было вельмі важна, гэта былі прызнанні двух закаханых, якія спаткаліся на могілках. Вось як прыкладна выглядаў гэты дыялог з кніжкі, які вялі дон Радрыга Мандэга і Хуана, дзяўчына-сірата, далакопава падчарка.
Дон Радрыга: Дзева! Прысягаю табе тут, перад гэтымі мёртвымі сведкамі: маё каханне шчырае і глыбокае, як магільная туга вакол нас!
X у а н a: Ах, каб я магла верыць, што гэта сапраўды так!
Дон Радрыга: Гэтыя словы не проста сарваліся з вуснаў, а вырваліся з душы высакароднага рыцара, слова якога святое, а прысяга роўная веры.
X y a н a: У тваім каханні гэтулькі шчасця мне, што я ніяк не адважуся аддацца гэткаму пічасцю.
Дон Р а д р ы г a: Дык хоць прызнайся, што адчувае твая душа...
X у а н a: Кахаю цябе!
Дон Радрыга: Ах, мая любая Хуана!
X у а н a: Дарагі мой Радрыга!
Усё тут было так, нібы спецыяльна дзеля нас пісалася. Я акуратненька перапісаў увесь дыялог у двух экземплярах, а кніжку паклаў назад пад падушку. Потым адзін лісцік аддаў Марыцы, а другі пакінуў сабе, каб да наступнага чацвера вывучыць на памяць і самім на могілках гаварыць сапраўднымі словамі кахання.
Сустрэўшыся ў наступны чацвер, я адразу спытаўся ў Марыцы:
— Вывучыла тое?
— Ага!
— Давай паслухаю цябе!
Вывучыла яна выдатна, слова ў слова на памяць. Потым я даў ёй свой лісток, каб паслухала мяне, і хоць па школьнай звычцы я дзе-нідзе запінаўся, аднак выходзіла някепска. I тады, калі пераканаліся, што ўсё пойдзе гладка, мы пачалі гаварыць адно аднаму словы кахання, гэтаксама, як Дон Радрыга Мандэга і Хуана, дзяўчына-сірата, далакопава падчарка.
Усё ішло як у сапраўдных закаханых. Марыца вельмі хораша вымавіла: «Кахаю цябе!», ды і я не запінаўся, калі казаў: «Ах, мая любая Хуана!» I мне, і ёй гэта спадабалася, і мы вырашылі прадоўжыць.
Адразу пасля гэтага спаткання я перапісаў з цётчынай кніжкі другі ўрывак, яшчэ лепшы, і зноў даў Марыцы, каб рыхтавала на наступны чацвер.
Ах, якое прызнанне магло атрымацца гэты раз, але... я не пайшоў на могілкі, дзе бялявая дзяўчынка чакала мяне цэлую гадзіну, калі не болей. Я не змог
вывучыць любоўнага задання і зрабіў так, як прывык у школе,— не пайшоў на ўрок. Лепш няхай будзе пропуск, чым адзінка, думаў я сам сабе, забываючыся, што пропускі ў каханні — самая небяспечная рэч.
Аднак калі ў наша каханне ўблыталіся заданні, інакш і быць не магло. Яны могуць згубіць нават тое каханне, якое канчаецца шлюбам, а што ўжо казаць пра маё, калі вядома, што да школьных заданняў у мяне была такая самая агіда, як да хініну, і вывучыць што-небудзь мяне прымушалі сілай, як і выпіць хініну.
I тым не меней шкада, што я не мог пайсці на спатканне, бо ў другім урыўку, які мы павінны былі расказваць адно аднаму, было яшчэ болей цудоўных слоў кахання. Дон Радрыга звяртаўся да сваёй каханай так: «Хадзі, хадзі, любая Хуана, на мае грудзі, прыкладзі свае вусны да маіх, няхай праз першы пацалунак зліюцца ў адну абедзве нашы душы!» I пасля гэтага яны за надмагільным помнікам доўга абдымаліся і цалаваліся. Што і казаць, гэтая мясціна мне вельмі падабалася, аднак далей там было такое, што хоць памры, на памяць не вывучыш. Там дон Радрыга, каб запэўніць Хуану ў сваім каханні, прыводзіць яе на магілу свайго дзеда і кажа:
— Клянуся табе памяццю дон Альгуацыла дэ ля Фуэнтэ, які вядзе свой род ад славутага кастыльянца дон Гіяцынта Нунеса дэ Каркуэла, які сам сваім мячом адсек галаву Мухамеду абу-Сахібу Барбаросе і ўнук якога, дон Пелажыа дэ Манданеда, з іспанцамі Кастыльі акружыў Гранаду і прагнаў за Гібралтар абуАбдалу Баабдзіла!
Можаце сабе ўявіць, што значыла мне вывучыць на памяць такі ўрывак, калі я шэсць месяцаў ламаў язык, каб навучыцца вымаўляць слова «Артаксерксас», a за егіпецкага цара Узпртазена тройчы атрымліваў двойкі.
Зразумела, пасля таго, як я не прыйшоў на прызначанае спатканне, я пачаў пазбягаць бялявай дзяўчынкі, а калі нарэшце адважыўся паказацца ёй на вочы, было ўжо позна. Бялявая дзяўчынка закахалася ў другога.
АД ТРЭЦЯГА
ДА ЗАКЛЮЧНАГА, ДВАНАЦЦАТАГА КАХАННЯ
У кахання шмат агульнага з п’янствам. Кульнуўшы адну, другую чарку, чалавек пачынае адчуваць яшчэ болыпы апетыт і смагу і тады ўжо сёрбае раз за разам, пакуль не здаволіцца. Прыкладна так і было са мною, я, можна сказаць, стаў сапраўдным алкаголікам: не паспею працверазець ад аднаго кахання, а ўжо цягнуся да другога кілішка, які ўбачу перад сабою.
Назіранні пацвярджаюць таксама думку, што каханне — звычка, падобная, напрыклад, да курэння. Ёсць людзі, якія зусім не кураць, а ёсць такія, што не могуць без тытуню. Некаторыя кураць пакрысе, а некаторыя не выпускаюць цыгарэты з зубоў. Адны часта мяняюць тытунь, і ад гэтага іх мучыць кашаль, а другія, адчуўшы, што курэнне ім шкодзіць, кідаюць, каб вярнуць апетыт. Я належаў да заядлых курцоў, не раздумваючы, мяняў тытунь і, як толькі дагарала адна цыгарэта, адразу прыпальваў другую.
Уласна, я сваю маладосць запоўніў цэлай чарадою каханняў, і ўсё было добра, пакуль не здарылася тое, пра што народ кажа: «Да пары збан ваду носіць: вушка адарвецца, і збан разаб’ецца».
Трэцяе маё каханне ўжо было рэальнае, далёкае ад таго, каб есці запалкі ці зубрыць на памяць іспанскія імёны, каб потым іх дэкламаваць за надмагільнымі помнікамі. Я закахаўся ў нашу служанку, якая важы-
ла восемдзесят кілаграмаў і ўсім гэтым цяжарам ціснула мне на сэрца.
Гэтае каханне абудзілі згадкі ранняга дзяцінства, калі я на руках у другой служанкі пазнаваў азбуку кахання па методыцы нагляднага навучання. I сапраўды, калі я хацеў прызнацца ў сваіх пачуццях Фані (так звалася мая трэцяя каханая), на языку так і круцілася: «Ах, любачка ты мая, хіба ж мне цяпер да шніцаляў! Але як будзеш ужо пакідаць шніцаль, дык не забудзься і пра салату. А мне ж ты, толькі ты трэба! Чакаю не дачакаюся, каб цябе прыціснуць да грудзей, няхай нават і шніцаль астыне!»
Памятаю таксама і свой неапублікаваны верш той пары:
Фаня, я цябе кахаю
I хачу сказаць:
Ты такое цела маеш — Ёсць за што кахаць. Ох і цяжар гэты самы Сэрца мне сціскае!
Дык прызнайся ты таксама, Ці мяне кахаеш.
Але тое цудоўнае ідэальнае каханне, як гэта часта здараецца, разбіла ўшчэнт чужая інтрыга. Mae бацькі. як толькі заўважылі, што на кухню я бегаю часцей, чым трэба, Фаню звольнілі, а з-за адсутнасці аб’екта і само каханне мусіла згаснуць.
Чацвёртае каханне ў мяне было са студэнткай — дзяўчынай з чорнымі гарачымі вачыма і гарэзлівай усмешкай. Праўда, гэта было нейкае пісьмовае каханне, бо мы ніколі нават слоўца адно аднаму не сказалі, а ўжо пасля першага абмену ўсмешкамі пачалі nepa^ пісвацца, і пісалі, пісалі бесперапынна. Між іншым, гэта мела пэўную карысць ужо таму, што я ў пісьмах навучыўся выказваць свае думкі значна лепш, як у школьных сачыненнях на тэмы: «Калі падсмажыш, тады і скажаш!» і «Пазнай самога сябе!» Складаючы
пасланні сваёй каханай, я не толькі вывучыўся фармуляваць свае думкі, але і напрактыкаваўся ў выкарыстанні ўсіх знакаў прыпынку, бо стаўляў іх не шкадуючы, каб ужо ніводзін знак не мог паскардзіцца, што я надаваў яму значэння меней, як астатнім. Вось як, напрыклад, выглядаў адзін мой любоўны ліст:
«Любая!!!
Я, цябе кахаю?.. усёй душою і; усім «Сэрцам», істоты, маёй?! Заклінаю.— адкажы на гэтае Пытанне! (мне) як мага: хутчэй?	
Закаханы ў цябе — твой — ах; да Магілы?
У яе лістах ніякіх знакаў прыпынку не было, і гэта паказвала, што сербскую граматыку яна ведала слаба, калі не карысталася так, як я, разнастайнымі пунктуацыйнымі знакамі.
Гэтае каханне не скончылася, яно проста патухла. Неяк яна мне не адказала на ліст, і я таксама перастаў пісаць. I гэтак памалу, неўпрыкмет мы забыліся адно пра аднаго.
Маё пятае каханне — нібы частка сентыментальнага рамана, які яшчэ не дапісаны. Мяне зачаравала адна пані, на дваццаць гадоў старэйшая за мяне, але з такімі прывабнымі ямачкамі на шчоках, такімі дробнымі белымі зубкамі і такімі сакавітымі вуснамі, што я аж трымцеў усім целам, калі яна праходзіла побач.
Ёй у каханні я не прызнаваўся, баючыся, што яна будзе з мяне смяяцца; апрача таго, я крыху пабойваўся і яе мужа, які мне быў ненавісны. Я адкрыў у ім падабенства з драпежным зверам, што хапае ў свае кіпцюры ягнятка і душыць. А таму сябе я ўяўляў святым Георгіем на белым кані, у ролі выратавальніка няшчаснай дзяўчыны. Тады я і не здагадваўся, што гэтыя няшчасныя дзяўчаты вельмі добра адчуваюць сябе ў кіпцюрах такіх дзікіх звяроў.