Аўтабіяграфія  Браніслаў Нушыч

Аўтабіяграфія

Браніслаў Нушыч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 229с.
Мінск 1985
52.42 МБ
1’олькі разоў я ўжо макаў пяро ў чарніла, але потым стрымліваўся.
— Ну напішыце, будзьце ласкавыя, напішыце хоць адзін вершык! — шэпчуць вам яе «пунсовыя» вусны.
Я зноў макаю пяро ў чарніла і зноў стрымліваюся. — Ну малю вас, напішыце! — паўтарае яна.
— Прабачце, але я на дыеце! — апраўдваюся я.
I сапраўды, гэта была своеасаблівая дыета, якой я трымаўся. Праўда, я не хадзіў да доктара, не высоўваў языка і не скардзіўся яму на благое страваванне, бо тады ён прыпісаў бы мне найперш не чытаць вершаў
нашых паэтаў. Я пільнаваўся зусім іншай дыеты — не пісаў вершаў, і ад гэтага лепш было мне самому, a таксама і маім чытачам.
Усяго два вершы напісаў я за сваё жыццё, і ў абодвух выпадках гэта мне так шкодзіла, што я мусіў ужываць сродкі, якія памагаюць вярнуць сілу і здароўе. Першым сваім вершам я пакрыўдзіў жанчыну, а апошнім — караля. У якім становішчы я апынуўся, вы можаце зразумець толькі тады, калі ўлічыце, што каралі і жанчыны — самыя чуллівыя і самыя помслівыя стварэнні на свеце. Адзін мой прыяцель таксама напісаў два вершы за жыццё, але гора ад гэтага не меў. Першым ён віншаваў з сямідзесяцігоддзем сваю багатую цётку і жадаў ёй «доўгіх-доўгіх гадоў жыцця», a другім — вітаў прыход на пасаду аднаго міністра, адзначыўшы, што «сыны такія — гонар снайго роду». Гэтаму прыяцелю не трэба было прытрымлівацца дыеты, ён ад вершаў меў выгаду, таму і цяпер яшчэ піша то надпісы на помнікі, то лозунгі на святочныя аркі ў дні дзяржаўных свят.
Я свой першы верш напісаў вельмі рана, яшчэ калі сядзеў другі год у перпіым класе гімназіі.
Адкуль у мяне ўзяўся паэтычны інстынкт, не ведаю. Як ён выявіўся, не памятаю. Адны кажуць, што жаданне пісаць находзіць на чалавека, як сверб, але мне нічога не свярбела, і я не чухаўся аж да той пары, пакуль не напісаў верша і не адчуў вынікаў гэтага, Другія кажуць, што гэта своеасаблівы катар, прычым вельмі заразны. Пры звычайным катары, чхнуўшы, дастаеш насоўку і выціраеш hoc, а пра паэтычным, калі вычхнеш дрэнны верш, крытыкі табе гэтак натруць нос, што болей чхаць не захочаш. А яшчэ мне даводзілася чуць, быццам бы маладыя паэты натхненне ў сваёй душы адчуваюць прыкладна так, як жанчыны адчуваюць зачацце на чацвёртым месяцы. Мабыць, і далей усё развіваецца гэтаксама, як у парадзіхі. Ця-
жарны юнак пачынае адчуваць штуршкі, млоснасць, потым боль, а ўрэшце кладзецца ў пасцель і раджае.
У дачыненні да некаторых нашых вершаў гэтае параўнанне можа і правільнае, але першыя вершы ствараюцца не так.
Пісанне вершаў нярэдка прыходзіць, як эпідэмія, і ахоплівае цэлыя класы ў гімназіях, а натхняе іх на гэта перш за ўсё творчая спадчына, якую пакінулі папярэднікі ў запісах на сценах пакойчыкаў спецыфічнага прызначэння. 0, колькі зборнікаў інтымнай лірыкі, выдадзеных пазней, маюць на сабе адзнакі тых далёкіх, першых крыніц! У асобных творах нашай паэзіі сувязь з насценнымі традыцыямі адчуваецца і цяпер. Акрамя таго, маладыя паэты чэрпаюць натхненне з надпісаў на вокладках кніг, бо па даўняй традыцыі ў нашых школах вучні, здаўшы экзамены, прадаюць свае падручнікі тым, хто ў іхні клас пераходзіць, а самі купляюць у старэйшых. Дык на вокладках, а падчас і на астатніх лістах гэтых падручнікаў заўсёды застаюцца каштоўныя сляды творчых пошукаў не аднаго пакалення. Усюды, дзе толькі заставалася хоць крышачку чыстага месца, запісваліся досціпы, вершы, афарызмы і розныя іншыя мастацкія творы. Пасля адпаведных тэм і раздзелаў, якія прымушалі ўладальнікаў гэтых кніг два гады вучыць адно і тое, трапляюцца вельмі карысныя надпісы-напаміны, накшталт тых, што ставяць на вуліцах каля раскапаных каналізацыйных труб: «Увага! He ідзі налева!»
Вось дзе яны, крыніцы першага натхнення, з якіх зараза разыходзіцца на цэлыя класы. Безумоўна, ёсць такія гімназісты, якія пераносяць хваробу лёгка, пасля адной-другой спробы пакідаюць пісаць, аднак нямала і такіх, што запаўняюць вершамі не толькі свае, але яшчэ і чужыя кнігі, а ёсць і такія, што не перастаюць пісаць вершаў нават тады, калі ўсе астатнія гэтае глупства кінуць. Вось такіх аб’яўляюць паэтамі класа.
а далей, калі хапае ўпартасці, яны становяцца паэтамі гімназіі, адпускаюць доўгія кудлы, пачынаюць неахайна апранацца, ходзяць як усё роўна не з гэтага свету і гэтак робяцца паэтамі з усімі ўласцівымі ім рысамі.
Цікава, між тым, што ўжо ў першых паэтычных спробах часта вызначаецца кірунак, якім той ці іншы пачатковец пойдзе, калі стане паэтам, а таксама і асяроддзе, якое яго натхняе.
Хіба, напрыклад, вось гэты верш, які так добра я дагэтуль памятаю, не выяўляе з усёй дакладнасцю і недвухсэнсавасцю і творчую праграму і тэматычны дыяпазон маладога паэта, майго колішняга сябра:
Люблю я клёцачкі ў смятане, Люблю зацірку сёрбаць часам, Люблю і сала з агуркамі, Але найбольш — капусту з мясам.
На ўнутраным баку вокладкі лацінскай граматыкі, якая належала раней сыну вясковага папа, я, памятаю, прачытаў такі верш:
Ойча наш нябесны, усемагутны божа, Толькі твая літасць нам цяпер паможа: Уратуй народ напі ад бяды, знішчэння — Памажы вучыць нам трэцяе спражэнне.
Другі мой аднакласнік, музыкаў сын, калі надыходзіла пара экзаменаў, спяваў:
Гупа-цупа, карагоды, дуды, скрыпкі граюць. Гупа-цупа, канец года, А я двойкі маю.
Тыя, што сядзелі па два гады ў адным класе, звычайна карысталіся гуслярскім дзесяцерцам. I, мабыць, таму найлепш выказалі народны боль. Так, напрыклад, Жыўка-Ужычанін, пра якога я ўжо расказваў, калі да-' ведаўся, што застаецца на другі год у трэцім класе, загаласіў:
Ой, не змыць мне сораму давеку, што я гіну, барані ўсіх божа, і не ў бітве, і не ў паядынку, не ад шаблі, не ад лютай кулі, а на ўроках распраклятай мовы ад рукі ліхога лацініста.
Свой першы твор я таксама напісаў дзесяцерцам. Праўда, не магу сказаць, ці ад таго, што я застаўся на другі год, быў напісаны гэты верш, ці наадварот, мяне пакінулі на другі год за тое, што я напісаў яго.
Як аднаго з прыгаданых паэтаў натхняла кухня, што ўвесь час яго вабіла і хвалявала, другі натхняўся псалмамі, а трэці — прыпеўкамі, так і я меў крыніцу натхнення ў асяроддзі, якое мяне гадавала і выхоўвала. Карацей кажучы, мяне натхнілі плёткі і абгаворы, якімі жылі мае шматлікія цёткі. Мой першы верш, наколькі я магу ўзнавіць яго па памяці, гучаў так:
Ой раненька, да яснага сонца
У нядзелю пані Гана ўстала
I адразу села ля аконца —
На дарогу пільна паглядала.
Які клопат гэта пані мае
Што не спіцца ёй ў такую пору?
Хоча ўбачыць калі пісар Пая, Яе любы, пойдзе ў кантору
Верш гэты зрабіў сенсацыю, што, між іншым, і павінна быць, калі з’яўляецца новы малады талент. Найбольш водгукаў, бадай што, было ў нашым доме, дзе раз-пораз чулася: «Ах! Ах! Ах!» Але ў гэтых воклічах выказвалася не захапленне, а хутчэй такія пачуцці, якія ўзнікаюць, напрыклад, тады, калі дзеці разаб’юць вялікае люстэрка ў зале.
— Як ты мог такое напісаць? — вішчалі мае тры цёткі ў адзін голас.
— А чаму было не напісаць, калі гэта праўда? — бараніўся я.
— Божа літасцівы! Ды адкуль ты ведаеш, што гэта праўда?
— Дык вы ж самі гэта казалі.
— I што з таго? Тое, што мы гаворым, не абавязкова павінна быць праўда! — пераконвала мяне сярэдняя цётка.
— Ах, ах! Гэта ж могуць падумаць, што мы падгаварылі яго напісаць верш! — ускрыкнула старэйшая цётка, якая ў душы была вельмі радая і збіралася мой верш пусціць па руках, прычым пастарацца, каб ён дайшоў і да самой пані Аніцы.
Што ж, верш мой сапраўды дайшоў да пані Аніцы намнога раней, чым можна было спадзявацца, і выклікаў сварку ў мірным дагэтуль аптэкаравым доме. Пані вішчала і качалася па падлозе, ірвала на сабе валасы, перакуліла канапу, разбіла лямпу, лупцавала пантофлямі слугу, укусіла аптэкаравага памочніка і, нарэшце, выпіла цэлы сіфон газіраванай вады, каб атруціцца. Аптэкар мусіў перад абразом святога архангела Міхаіла, свайго заступніка, паклясціся, што саб’е мяне на горкі яблык.
Ведаючы, што аптэкары ўвогуле крыважэрныя, і ўлічваючы, што пан Сіма акрамя таго звязаны клятваю, я павінен быў як толькі мог сцерагчыся, каб застацца цэлым.
Я пачаў хадзіць у школу другой дарогай, пераскокваў цераз платы, каб папасці на другую вуліцу, гадзінамі праседжваў на гарышчы і ўвогуле рабіў усё, каб уратавацца ад бяды. Бавячы час на гарышчы, я няраз задумваўся пра горкую долю пісьменнікаў у нашых умовах. Замест таго каб маладога паэта падтрымаць, заахвоціць, наша грамадства адразу пачынае ганенні і пагражае расправай. Уявіце сабе, што можа стацца, калі гэта ўвесці ў закон, калі паэта за кожны верш пачаць лупцаваць. Тады, безумоўна, вершаў будзе з’яўляцца вельмі мала, а тыя, што ўсё роўна будуць напісаны, якраз і вартыя дубца.
Калі аптэкар перабраў усе магчымыя спосабы выканаць сваю клятву, калі пачаў нават рабіць на мяне засады, хаваючыся за чужымі варотамі, і неспадзявана з’яўляцца на вуліцах, якія зусім не вялі да яго дома, і калі, нарэшце, убачыў, што кожны раз я ад яго спрьітна ўцякаю, а ўсе засады асцярожна абмінаю, ён вырашыў зрабіць інакш: паскардзіўся на мяне дырэктару гімназіі.
Мяне вывелі перад усё настаўніцкае веча, быццам бы я сама меней спаліў Александрыйскую бібліятэку. Усе сур’ёзныя, насупленыя, сядзяць, заклапочана схіліўшы галовы. Здавалася, яны гатовыя жывым спаліць мяне на агні, і я ўжо ўяўляў сабе натоўп вакол агню, трох сваіх цётак, якія страцілі прытомнасць і ляжаць на зямлі, а яшчэ ўявіў паштарову дачку Марыцу, як яна абліваецца горкімі слязьмі, і аптэкара, як ён частуе ўсіх прысутных сіропам за спачын маёй душы.
Першы ўзяў слова дырэктар. Звяртаючыся да ўсіх астатніх настаўнікаў, што паселі вакол зялёнага стала, ён сказаў:	і
— Панове, у нашай школе назіраецца агідная з’ява, на барацьбу з якой мы павінны ўсе рашуча ўзняцца. Нашы вучні пачалі пісаць вершы, і пішуць іх дзе папала — на кнігах, на класных дошках, на сценах. Асабліва спісаныя вершамі — ад столі і аж да падлогі — сцены інтымных кабінетаў гэтага будынка, і большасць гэтых вершаў непрыстойныя. Вось некалькі дзён таму я загадаў вартаўніку сцерці адзін верш, які датычыць вас, пан,— дырэктар звярнуўся да выкладчыка лацінскай мовы,— і ў якім высмейваецца ваша ўсім вядомая звычка піць ракіі болей, чым гэта дапускаюць правілы прыстойнасці.