Аўтабіяграфія  Браніслаў Нушыч

Аўтабіяграфія

Браніслаў Нушыч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 229с.
Мінск 1985
52.42 МБ
а не ў процілеглы. Трэба прызнаць, што гэта надзвычай разумнае патрабаванне. Далей салдата вучаць, што ён павінен вітаць камандзіра, калі той праходзіць каля яго, а не тады, скажам, калі ўжо прайшоў. «У некаторых выпадках,— мудра папярэджвае статут,— салдат можа павітаць начальніка і раней, чым гэтага патрабуе правіла: калі заўважыць, што начальнік на яго паглядзеў, і лічыць, што больш ён глядзець не будзе». Сапраўды, вельмі добрая і пахвальная з’ява: прадпісанне дае салдатам гэтулькі права на ініцыятыву!
Увогуле, навука вітацца ў войску не самая цяжкая, хоць асобныя правілы і выклікалі ў мяне неўразуменне. Наконт таго, як павінен вітацца звычайны салдат, усё было зразумела, але статут мае таксама правілы, як павінны вітацца барабаншчыкі і трубачы. Ды і гэта можна было б зразумець, але ў статуце адзначана, што музыканты павінны вітацца «ў адпаведнасці з уласцівасцямі іх інструментаў». Гэтага я ўжо не мог зразумець, як ні стараўся. Ну, скажам, той, хто іграе на флейце-пікала, калі хоча аддаць чэсць начальніку, можа, як толькі афіцэр падыдзе, «у адпаведнасці з уласцівасцямі свайго інструмента» свіснуць. Добра, няхай так. Барабаншчык, скажам, калі хоча прывітаць начальніка «ў адпаведнасці з уласцівасцямі свайго інструмента», павінен грукнуць кулаком па спіне першага, хто будзе перад ім. I гэта разумею, але як «у адпаведнасці з асаблівасцямі іх інструментаў» могуць вітаць камандзіраў тыя, што гудуць на геліконах і басах? Калі б яны паспрабавалі аддаць чэсць «у адпаведнасці з уласцівасцямі сваіх інструментаў», магло выйсці проста непачціва.
Калі пройдзеш і такую важную навуку, як аддаванне чэсці, табе ўручаюць вінтоўку, і з гэтага часу не вінтоўка належыць табе, а ты ёй, гэта значыць, што вінтоўка — галоўная рэч, а ты да яе нейкая прыстаўка, прыдатак. Напрыклад, ты можаш быць брудны, а він-
тоўка павінна быць заўсёды чыстая; у цябе можа быць зламаная рука, разбіты нос, парванае вуха, а ў вінтоўцы ўсё павінна быць цэлае, да апошняй найменшай шрубкі; ты можаш згубіцца, а нават і загінуць, калі хочаш, адным словам, не быць у наяўнасці, а вось вінтоўка павінна быць у наяўнасці. Калі ты пакалечышся ці захварэеш, вывіхнеш нагу, дастанеш ліхаманку ці заварот кішак, або нават нырка адыдзе ад пазваночніка, цябе пасылаюць на медпункт, там даюць пару грамаў хініну, прадзімаюць вушы і зноў вяртаюць у строй. А вось калі вінтоўка сапсуецца, тады збіраюць камісію, аглядаюць яе з усіх бакоў, уважліва даследуюць, складаюць рапарт, старанна запакоўваюць і пасылаюць на рамонт, і адтуль яна вяртаецца ў строй цэлая-здаровая. Цябе забіраюць з дому ў войска і бацькам не даюць ніякай распіскі, а праз два гады, ці вернуць цябе, ці не,— невядома. А за вінтоўку абавязкова бяруць распіску, у якой адзначаецца, што ты прыняў зброю спраўную і абавязваешся ў такім самым стане яе здаць. А паспрабуй не здай, дык распачнуць следства, дазнанні, пратаколы, камісіі, рапарты і бог ведае што яшчэ.
Атрымаўшы вінтоўку, спачатку вучышся страляць халастымі патронамі, і калі б на гэтым канчалася, чалавек сапраўды б атрымліваў у войску вельмі карысныя веды. Стральба халастымі надзвычай шырока скарыстоўваецца ў жыцці. Найбольш у палітыцы, аднак даволі часта і ў навуцы, літаратуры, а таксама яшчэ ў прыватным жыцці, асабліва ў сямейным.
Аднак стральба халастымі ў войску — гэта толькі першая ступень. Аднойчы даюць табе ў рукі сапраўдны патрон, а на вызначанай статутам адлегласці ставяць нейкую пачвару, чалавека з ануч, і ты вучышся страляць так, каб пападаць. Чалавек з ануч даволі спакойна і адважна стаіць перад дуламі вінтовак, наіўна разлічваючы, што чалавекалюбства будзе ўплываць на
большую частку салдатаў і яны не пападуць, а звычайна так і бывае.
Я заўсёды лічыў, ды і цяпер лічу, што гэтага чалавека з ануч трэба было апрануць у мундзір акруговага начальніка. Такім чынам можна дабіцца двайной карысці. Першая: пераважная большасць нашых салдатаў з народа пачне страляць куды больш уважліва і трапна, і другая: гэтыя салдаты набудуць у войску вялікі вопыт, які дужа спатрэбіцца ім у жыцці, калі яны пачнуць змагацца з начальствам. У гэтым і ёсць, напэўна, сэнс адпаведнага параграфа з статута: «Задача навучання пры стральбе ў тым, каб кожны салдат выхоўваўся і вучыўся самастойна, з разуменнем і непарушнай воляй выконваць свае абавязкі ў барацьбе нават тады, калі не пад наглядам».
Той, каго навучылі раўняцца, хадзіць у нагу, грукаць ботамі па бруку, аддаваць чэсць, страляць у чалавека і нічога не думаць — гэта толькі паўсалдата. Другая палова — у тэорыі.
— Салдат складаецца з тэорыі і практыкі! — любіў паўтараць нам капрал, які гэткіх мудрых слоў не мог нідзе вычытаць, але недзе некалі, мабыць, чуў.
He ведаю, як гэта можна ўявіць сабе чалавека альбо, калі хочаце, салдата, які складаецца з тэорыі і практыкі. А вайскоўцы, напэўна, лічаць так: рэкрут, якога толькі што ўзялі, напачатку — не больш як тэорыя, але той самы рэкрут, калі навучыцца раўняцца, хадзіць у нагу, адбіваць крок, грукаючы ботамі аб брук — гэта ўжо тэорыя, злучаная з практыкай, гэта ўжо салдат. Вінтоўка ў руках рэкрута, які не ўмее яшчэ страляць — гэта толькі тэорыя, а калі ён навучыўся страляць і забіваць людзей — гэта ўжо практыка, і такая практыка ў спалучэнні з тэорыяй складае цэлага салдата.
Між іншым, тэорыя — гэта нешта самае практычнае ў войску, бо яна дала нам найбольшыя і найкарыс-
нейшыя веды. Так, напрыклад, капрал тэарэтычна растлумачыў нам, што такое айчына і што такое шчотка, ад яго ў тэорыі мы даведаліся, што такое дзяржава і што такое кацялок, што такое перамога, а што — скрабніца. Увогуле, мы атрымалі гэтулькі розных карысных ведаў, што і пералічыць іх немагчыма. Самае галоўнае, як вучыў нас на тэорыі капрал,— гэта тое, што кожны серб — салдат на ўсё сваё жыццё, аж да смерці.
— Ты адслужыш свой тэрмін і пойдзеш дадому, але і там ты салдат. I не думай, што войска цябе выкасавала з сваіх спісаў. He, саколіку, пакуль ты жывы, яно можа цябе паклікаць, як толькі спатрэбішся айчыне!
Ужо многа пазней я пераканаўся, што гэтая капралава тэорыя ва ўсіх адносінах правільная. На працягу ўсяго жыцця чалавек сапраўды не можа адчапіцца ад войска, раз за разам яго клічуць і клічуць.
Аднойчы, ужо праз некалькі гадоў пасля таго, як я адслужыў, праз паліцыю прыслалі мне паперу, у якой паведамлялася, што я, дэмабілізаваўшыся, не здаў скрабніцы і таму павінен з’явіцца ў тую і тую вайсковую часць і здаць названую рэч на склад № 3. Азнаёміўшыся з паперай, я згарнуў яе і на чыстым баку кірыліцай, акуратна і выразна, напісаў, што служыў у пяхоце і таму ніякай скрабніцы не мог мець, а каб меў, дык здаў бы як належыць. Мне здавалася, што дастаткова вось так напісаць, і ад цябе адчэпяцца. Ды дзе вы бачылі!
Праўда, гады з два прайшло спакойна, а потым зноў прыйшла папера з патрабаваннем здаць скрабніцу. Я адказаў гэтаксама, як і першы раз, але гэта не памагло. Куды б я ні падаўся, усюды знаходзіла мяне патрабаванне, каб я аддаў скрабніцу. Я пераходзіў з аднаго міністэрства ў другое, мяняў прафесіі, а патрабаванне неадчэпна ішло за мною. Па службе апынуўся
я за мяжою, і туды прыйшла папера пра скрабніцу; паехаў на курорт лячыцца—і туды прыслалі; вырашыў пераехаць на жыхарства ў вёску — і там знайшло патрабаванне, каб аддаў скрабніцу войску.
Калі ўжо стала зусім немагчыма жыць, калі я адчуў, што праз гэтую скрабніцу магу звар’яцець, я вырашыў сам з паперай паехаць у тую вайсковую часць на склад № 3. I паехаў, знайшоў. Там мяне прыняў вельмі ветліва нейкі інтэнданцкі капітан.
Я растлумачыў яму, у чым справа, сказаў, што служыў у пяхоце і таму не меў ніякай скрабніцы, яна мне была непатрэбная, і тут, напэўна, нейкая памылка, непаразуменне.
— Іншая справа, каб вы патрабавалі ад мяне, скажам, коўдру. Гэта можна зразумець, коўдры выдаюць усім салдатам. А нашто, прабачце, пехацінцу скрабніца?
— I праўда, нашто! — згадзіўся капітан, запісаў маё тлумачэнне і ветліва развітаўся, дадаўшы: — Вы правільна зрабілі, што самі прыехалі растлумачыць. Трэба было зрабіць гэта раней, тады ніхто б вас гэтулькі не турбаваў.
Вяртаўся я з часці, супакоіўшы нервы і душу, але, як казаў той капрал: «I не думай, што войска цябе выкасавала з сваіх спісаў. He, саколіку, пакуль ты жывы, яно можа цябе паклікаць...!» Так і атрымалася. Праз год у паліцыю па месцы майго жыхарства прыйшла папера з патрабаваннем аддаць войску ўжо скрабніцу і коўдру, потым другая, і зноў пайшло... Яна ганяла мяне з канцылярыі ў канцылярыю, з краіны ў краіну неадчэпна год за годам. Зноў пачалі здаваць нервы, была нават такая думка: мушу альбо адмовіцца ад сербскага падданства, альбо кончыць самагубствам. Нарэшце, як і некалі, узяў тую паперу і зноў паехаў у знаёмую вайсковую часць на склад № 3. Але там мяне сустрэў другі капітан, не той ветлівы.
— Зразумела! — сказаў ён, выслухаўшы ўсё па парадку.— Уся бяда ў тым, што мой папярэднік няправільна запісаў ваша тлумачэнне. Сапраўды, адкуль у вас можа быць скрабніца? Абы-што — пяхота і скрабніца! Ды і коўдру, прабачце, вы не з’елі, а, напэўна, здалі. Іншая справа, скажам, кацялок. Салдаты звычайна губляюць кацялкі, а бывае, што ў іх краДУЦЬ.
— Ну, кацялок гэта іншая справа! — згаджаюся я і развітваюся з радасным пачуццём, што нарэшце ўсё высветлілася, і я назаўсёды адбіўся ад напасці, якая ўжо нават сніцца пачала.
Гэтак вольна і добра я сябе адчуваў некалькі гадоў, аж пакуль аднойчы ў гарадское ўпраўленне паліцыі не прыйшла папера з патрабаваннем, каб я вярнуў скрабніцу, коўдру і кацялок. I з таго часу, а гэта ўжо не адзін год, патрабаванне мяне ганяе, ганяе, ганяе і можа загнаць пад следства, так што я ні ўдзень пра яго не забываюся, ні ў сне нават не магу адкараскацца. Тры рэчы з вайсковага ўжытку так прычапіліся да мяне, што, каб у нас было, не дай божа, дваранства, я спакойна мог бы з іх скласці свой герб: на фоне разгорнутай коўдры перакрыжаваныя скрабніца і кацялок.
Але як бы там ні было, я пераканаўся, што капрал меў рацыю, сцвярджаючы, што серб на працягу ўсяго жыцця мусіць заставацца салдатам ці, прынамсі, падтрымліваць сувязь з войскам.
Калі б я зразумеў гэта раней, можна было б і застацца ў войску, тым болей што ў мяне былі ўсе магчымасці на хуткае павышэнне. Вось, напрыклад, я ўжо сорак гадоў капрал сербскага войска, дык калі ў кожным чыне пахадзіць не болей, праз сто дваццаць гадоў службы можна даслужыцца да фельдфебеля.