• Газеты, часопісы і г.д.
  • Балада пра сумнае кафэ  Карсан Маккалерс

    Балада пра сумнае кафэ

    Карсан Маккалерс

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 190с.
    Мінск 1988
    48.51 МБ
    У той дзень у яе была яшчэ нейкая справа ў Чыха, і таму, упэўніўшыся, што ўсё ідзе як мае быць, яна завяла ручкай машыну і сабралася ехаць. Яна прапанавала Лаймэну ехаць разам з ёй, правільней кажучы, яна сем разоў прасіла яго паехаць, але гарбуну цікавей была мітусня ў двары, і ён захацеў застацца дома. Гэ-
    та, зразумела, было крыўдна для міс Амеліі, бо ёй заўсёды хацелася, каб ён быў побач, і яе заўсёды цягнула дадому, калі даводзілася ехаць куды-небудзь адной. Але калі ён адмовіўся сёмы раз, яна перастала яго ўгаворваць. Перад тым як паехаць, міс Амелія ўзяла палку і правяла круг вакол вогнішча, адступіўшы два футы ад краю, і забараніла яму пераступаць гэту мяжу. Яна паехала пасля абеду і мелася вярнуцца завідна.
    Трэба сказаць, што праз горад даволі часта праязджаюць легкавыя і грузавыя аўтамабілі па дарозе ў Чыха ці з Чыха. Кожны год прыязджае зборшчык падаткаў і сварыцца з багатымі гараджанамі, такімі, як міс Амелія. I калі каму-небудзь з жыхароў горада, скажам, Мэрлі Раену, прыйдзе ў галаву думка, што ён можа купіць аўтамабіль у крэдыт ці, заплаціўшы тры долары, узяць у растэрміноўку мадэрновы халадзільнік, накшталт таго, што выстаўлены ў вітрыне магазіна ў Чыха, адразу ж з’явіцца агент і пачне дакучаць рознымі пытаннямі, вынюхваючы ўсе яго праблемы, а ў выніку разаб’е ўшчэнт усе яго надзеі. Пасля таго як пачаліся работы на фокс-фолскай шашы, па горадзе часта праязджаюць машыны з вязнямі. Часта вадзіцелі машын пачынаюць блудзіць і спыняюцца, каб спытаць дарогу. Таму не было нічога незвычайнага ў тым, што ў той дзень папаўдні ў горад, мінуўшы фабрыку, заехаў грузавік і спыніўся пасярод дарогі каля кафэ міс Амеліі. 3 кузава выскачыў чалавек, і грузавік паехаў далей.
    Чалавек спыніўся пасярод вуліцы і агледзеўся. Гэта быў высокі мужчына з цёмнымі кучаравымі валасамі і нетаропкім позіркам блакітных вачэй. Яго яркія вусны крывіліся ў лянівай усмешцы самахвала. На ім была чырвоная кашуля і шырокі скураны рэмень з узорамі. У руках мужчына трымаў бляшаны чамаданчык і гітару. Першы прыезджага ўбачыў Лай-
    мэн, які пачуў, што на вуліцы спынілася машына, і пайшоў паглядзець, хто прыехаў. Гарбун высунуў галаву з-за вугла, але на ганак пакуль што не выходзіў. Нейкі час ён і незнаёмы пазіралі адзін на аднаго, але не так, як гэта робяць незнаёмыя людзі, што сустрэліся першы раз і на хаду ацэньваюць адзін аднаго. Тое, што адбывалася, было падобна на сустрэчу двух крымінальнікаў, якія пазналі адзін аднаго. Нарэшце чалавек у чырвонай кашулі паціснуў плячыма і адвярнуўся. Гарбун з пабялелым тварам доўга глядзеў, як незнаёмы ішоў па вуліцы. Потым асцярожна, трымаючыся воддаль, рушыў услед.
    Хутка ўсе ў горадзе ведалі, што вярнуўся Марвін Мэйсі. Спачатку ён пайшоў на фабрыку і, вальяжна абапёршыся локцямі аб падаконнік, зазірнуў усярэдзіну. Як усе гультаі ад прыроды, ён любіў назіраць, як працуюць іншьія. З’яўленне Марвіна Мэйсі выклікала на фабрыцы збянтэжанасць. Фарбоўшчыкі адышлі ад гарачых чанаў з фарбай, ткачы і прадзільшчыкі забыліся пра свае станкі, і нават Стампі Мак-Фэйл, фабрычны майстар, не ведаў, што рабіць. Марвін Мэйсі па-ранейшаму крыва ўсміхаўся і, нават калі ўбачыў брата, не перастаў фанабэрыцца. Агледзеўшы фабрыку, ён пайшоў да дома, дзе гадаваўся, і пакінуў там на ганку чамадан і гітару. Потым абышоў стаў каля млына, абвёў позіркам царкву, кожную з трох крам і прайшоўся па горадзе. Белы, як прасціна, гарбун, трымаючы рукі ў кішэнях і дробненька перабіраючы нагамі, ледзь чутна тупаў за Марвінам Мэйсі.
    Вечарэла. Барвовае зімняе сонца хавалася за небасхіл, пакідаючы цёмна-залацістыя і малінавыя водбліскі. Ускалмачаныя стрыжы зляталіся да сваіх гнёздаў, у дамах запалілі лямпы. У паветры пацягнула дымам і цёплым густым пахам смажанага свінога мяса, што сквірчэла на вогнішчы ў двары за кафэ. Абышоўшы горад, Марвін Мэйсі спыніўся перад домам міс
    Амеліі і прачытаў надпіс на шыльдзе. Потым, не вагаючыся, зайшоў у двор. На фабрыцы журботна і тонка прасіпеў гудок, абвясціўшы канец змены. Хутка, апрача Марвіна Мэйсі, у двары каля дома міс Амеліі былі ўжо Генры Форд, Мэрлі Раен, Стампі Мак-Фэйл; многа дзяцей і дарослых тоўпілася за агароджай, моўчкі заглядаючы ў двор. Там таксама амаль не гаварылі. Марвін Мэйсі стаяў з аднаго боку вогнішча, усе астатнія — з другога. Кузен Лаймэн стаяў у баку ад усіх і не зводзіў вачэй з Марвіна Мэйсі.
    — Ну, што, спадабалася табе ў турме? — дурнавата хіхікаючы, спытаўся Мэрлі Раен.
    Марвін Мэйсі нічога не адказаў. Ен дастаў з кішэні вялікі нож, не спяшаючыся, раскрыў яго і выцер лязо аб штаны. Мэрлі Раен адразу сціх і схаваўся за шырокай спіной Стампі Мак-Фэйла.
    Міс Амелія вярнулася дадому, калі ўжо зусім звечарэла. Спачатку здалёк данеслася лескатанне рухавіка, потым бразнулі дзверцы, нарэшце пачуўся грукат, быццам міс Амелія цягнула нешта вельмі цяжкае па прыступках на ганак. Сонца ўжо зайшло, паветра было блакітнае ад смугі ранняга зімовага вечара. Міс Амелія паволі сышла з ганка ў двор; усе чакалі, што будзе. Мала хто з людзей змог бы супрацівіцца міс Амеліі, да Марвіна яна адчувала асаблівую, лютую нянавісць. Усе думалі, што яна зараз раскрычыцца, ухопіць што-небудзь цяжкае, кінецца на Марвіна Мэйсі і пагоніць яго з горада. Спачатку яна не заўважыла Марвіна Мэйсі, выраз яе твару быў лагодны і летуценны, як звычайна, калі яна вярталася дадому пасля доўгай вандроўкі.
    Міс Амелія заўважыла Марвіна Мэйсі і кузена Лаймэна, відаць, адначасова. Яна пераводзіла позірк з аднаго на другога і нарэшце спыніла яго ў поўным адчаі і здзіўленні не на Марвіне Мэйсі — гэтай турэмнай шэльме, а на гарбуне. Глядзелі разам з ёй і ўсе прысут-
    ныя, а таго сапраўды варта было бачыць у той момант.
    Гарбун стаяў каля самага вогнішча, слабы агонь ад згарэлых дубовых пален высвятляў яго бледны твар. Лаймэн, калі хацеў каму-небудзь спадабацца, пускаў у ход адзін вельмі своеасаблівы прыём. Ён застываў на адным месцы і пачынаў надзіва лёгка і хутка варушыць сваімі велізарнымі белымі вушамі. Кожны раз, калі Лаймэн хацеў дамагчыся чаго-небудзь ад міс Амеліі, ён карыстаўся гэтым прыёмам, і тая не магла ўстаяць. Але цяпер, варушачы вушамі тут, пасярод двара, ён глядзеў не на міс Амелію. 3 палкасцю, блізкай да адчаю, гарбун усміхаўся Марвіну Мэйсі. Той спачатку не заўважаў гарбуна, а калі, нарэшце, глянуў у яго бок, у выразе яго твару нават і блізка не было ўхвалення.
    — Што з гэтым гарбатым? — спытаўся ён, тыцнуўшы вялікім пальцам у бок Лаймэна.
    Яму не адказалі. А Лаймэн, разумеючы, што нічога не дамогся, паказаў новы фокус: часта-часта заміргаў вачамі, яго павекі трапяталіся, быццам два белыя матылькі, што апынуліся ў няволі. Ён пачаў скрэбці падэшвамі чаравікаў зямлю, махаць рукамі і, нарэшце, дробна затупаў сваімі ножкамі ў нейкім дзіўным танцы. У апошніх змрочных водсветах зімовага вечара ён нагадваў маленькага балотнага духа.
    3 усіх, хто быў у той час на двары, толькі Марвін Мэйсі застаўся абыякавы да гэтага відовішча.
    — У яго прыпадак, ці што? — спытаўся ён і, не пачуўшы адказу, зрабіў крок наперад і ўдарыў гарбуна па галаве. Гарбун пахіснуўся і паваліўся на зямлю. Седзячы на зямлі і гледзячы знізу ўгору на Марвіна Мэйсі, ён зрабіў апошняе намаганне і яшчэ раз прыніжана варухнуў вушамі.
    Усе з цікаўнасцю павярнуліся да міс Амеліі. Шмат у каго даўно свярбелі рукі надаваць гарбуну ў каршэнь,
    але за ўсе гэтыя гады ні адзін волас не ўпаў з яго галавы. Калі хто-небудзь асмельваўся сказаць хоць адно слова супраць гарбуна, міс Амелія адразу адмаўляла ў крэдыце гэтаму бязглуздаму і яшчэ доўга рабіла яго жыццё невыносным. Вось чаму, калі б зараз яна ўзяла сякеру і на сваім ганку рассекла Марвіну Мэйсі галаву, ніхто б надта не здзівіўся. Але яна нічога такога не зрабіла.
    I раней здаралася, што міс Амелія была ў трансе. Але прычына такога стану была звычайна вядомая. Справа ў тым, што міс Амелія, як першакласны лекар, прыгатаваўшы з балотных траў ці з якіх-небудзь яшчэ нявыпрабаваных кампанентаў новае зелле, не давала яго таму, хто першы трапіць пад руку, а правярала спачатку на сабе. Яна праглынала велізарную дозу і пасля цэлы дзень задуменна хадзіла па двары, ад дома да цаглянай прыбіральні. Часта, калі хапала надта моцна, яна застывала на месцы, утаропіўшы свае косыя вочы ў зямлю і сціснуўшы рукі ў кулакі. Такім чынам яна намагалася даведацца, менавіта які орган знаходзіцца пад уздзеяннем лекаў і якую хваробу вылечыць новым зеллем. I вось цяпер, калі міс Амелія назірала за гарбуном і Марвінам Мэйсі, у яе быў той самы выраз твару: яна напружана ўслухоўвалася ў боль, што мучыў яе, хоць і не піла ў той дзень лякарства.
    — Будзе табе навука, гарбаты,— ухмыльнуўся Марвін Мэйсі.
    Генры Мэйсі адкінуў з ілба пасму бялявых валасоў і нервова кашлянуў. Стампі Мак-Фэйл і Мэрлі Раен зашоргалі нагамі, а дзеці і негры, што тоўпіліся ў канцы двара, адразу прыціхлі. Марвін Мэйсі склаў нож, што ўвесь час круціў у руцэ, і вальяжна пакрочыў з двара. Дровы ў вогнішчы паступова перагаралі на шэры мяккі попел; было ўжо даволі цёмна.
    Вось так Марвін Мэйсі вярнуўся з турмы. Ніводная
    жывая душа не ўзрадавалася яму. Нават місіс Мэры Хэйл, тая самая добрая кабета, што з любоўю і клопатам гадавала яго, нават яна, убачыўшы свайго прыёмнага сына, выпусціла з рук патэльню і залілася слязьмі. Але Марвіна Мэйсі нічога не кранала. Ён сеў на прыступкі ганка за домам Хэйлаў, пабрэнкваў на гітары, і, калі была гатова вячэра, параспіхаў меншых дзяцей, што трапіліся на яго дарозе, і наклаў сабе поўную міску, не зважаючы на тое, што праснакоў і мяса нават без яго ледзь хапала на ўсіх.
    У той вечар міс Амелія не адчыніла кафэ. Яна старанна пазамыкала ўсе дзверы і вокны; ні яе, ні Лаймэна да раніцы ніхто больш не бачыў, хоць лямпа ў пакоі міс Амеліі гарэла ўсю ноч.
    Марвін Мэйсі прынёс з сабой бяду, што і трэба было чакаць. Назаўтра надвор’е рэзка перамянілася: зрабілася вельмі горача. Ужо з раніцы паветра было ліпкае, вецер нёс непрыемны пах з балота, а над зялёнай вадой у ставе каля фабрыкі лёталі і пранізліва пішчалі хмары камароў. Усё гэта было нязвыкла ў такую пару года, нават горш, чым у жніўні. Спёка нарабіла шмат шкоды. Справа ў тым, што амаль кожны гаспадар у наваколлі, які трымаў свіней, закалоў кабана, узяўшы прыклад з міс Амеліі. А якая кілбаса вытрывае гэткую спёку? Праз некалькі дзён адусюль засмярдзела тухлым мясам, усюды панаваў жах перад неверагоднымі стратамі. У дадатак удзельнікі сямейнай урачыстасці, што адбывалася ў доме непадалёк ад фокс-фолскай шашы, наеліся смажанага свінога мяса і ўсе да аднаго паўміралі. Мяса кабана, што яны закалолі, паспела сапсавацца — а хто ведаў, ці можна есці мяса іншых кабаноў? Людзі разрываліся паміж спакусай паласавацца свежанінай і страхам памерці. Гэта быў час страт і разгубленасці.