Балада пра сумнае кафэ
Карсан Маккалерс
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 190с.
Мінск 1988
Але сэрца дзіцяці — далікатная рэч. Жорсткасць, напатканая на пачатку жыцця, можа перайначыць яго на самы нечаканы лад. Такое сэрца можа зморшчыцца і потым ніколі не адмякнуць, застаючыся шурпатым, нібыта персікавая костачка. Ці пакрыцца ранамі, якія не загойваюцца, а толькі болыпаюць увесь час, і вось жыццё з такім сэрцам, што пачынае балець ад самай нязначнай дробязі, робіцца адной пакутай. Апошняе выпала на долю Генры Мэйсі — самаму добраму і ласкаваму чалавеку ў горадзе, ва ўсім процілегламу свайму брату. Ен заўсёды пазычаў грошы тым, каму не вельмі шанцуе, а раней нават дагля-
даў дзяцей, чые бацькі бавілі час суботнімі вечарамі ў кафэ. Гэта сарамлівы чалавек, па якім адразу відаць, што ў яго чуллівае сэрца і што ёы ад гэтага пакутуе. А Марвін Мэйсі вырас дзёрзкім, жорсткім, пазбаўленым такога пачуцця, як страх. Сэрца яго зацвярдзела, як рогі ў д’ябла, і да таго часу, як ён закахаўся ў міс Амелію, ён прыносіў свайму брату і той добран кабеце, што выгадавала іх абодвух, толькі сорам і непрыемнасці.
Але каханне перамяніла характар Марвіна Мэйсі. Два гады ён кахаў міс Амелію, не прызнаючыся ёй у гэтым. Ён падыходзіў да яе дома і стаяў ля парога, камечачы ў руках шапку і нясмела паглядаючы на дзверы затуманенымі шэрымі вачыма. Ён зусім выправіў свае паводзіны. Стаў добры да брата і прыёмнай маці, навучыўся берагчы грошы і наогул быць ашчадным. Больш таго: ён звярнуўся да бога. У нядзелю ён больш не ляжаў цэлы дзень на ганку, спяваючы і брынкаючы на гітары, а ішоў у царкву і наведваў усе рэлігійныя сходы. Ен навучыўся добрым манерам —уступаў дамам месца, больш не лаяўся, не біўся і не ўспамінаў святых не тады, калі гэта трэба. Такім чынам, за два гады ён зусім перамяніўся. I вось аднойчы вечарам, пасля амаль двухгадовых ваганняў, Марвін Мэйсі прыйшоў да міс Амеліі з букетам балотных кветак, мяшэчкам смажаных трыбушкоў і срэбным пярсцёнкам. У, тую ноч ён адкрыў ёй свае пачуцці.
I міс Амелія выйшла за яго замуж. Пасля ўсе дзівіліся — чаму. Адны гаварылі, што яна зрабіла гэта дзеля вясельных падарункаў, другія лічылі, што яе дапякла сваім бурчаннем бабка — звяглівая па характары старая, што жыла ў Чыха. Як бы там ні было, аднойчы зімой міс Амелія шырокім крокам прайшла па праходзе паміж лаўкамі да алтара. На ёй быў шлюбны ўбор нябожчыцы маці з жоўтага атласу, санты-
метраў на трыццаць карацейшы, чым трэба. Праз рубінавае шкло ў вокнах царквы промні яркага сонца неяк дзіўна высвечвалі маладых, што стаялі перад алтаром. Увесь час, пакуль свяшчэннік чытаў шлюбньі дагавор, міс Амелія рабіла дзіўныя рухі правай рукой. Яна вадзіла далонню па бядры, ад пояса да падолу жоўтай атласнай сукенкі. Міс Амелія шукала кішэню камбінезона, і, паколькі не знаходзіла, на твары яе быў выраз нецярплівасці, суму і злосці. Калі, нарэшце, пасля шлюбнай малітвы абрад быў скончаны, міс Амелія выскачыла з царквы, нават не падумаўшы ўзяць мужа пад руку, пакінуўшы яго на некалькі крокаў ззаду.
Ад царквы да крамы рукой падаць, і таму маладыя пайшлі дадому пешкі. Кажуць, па дарозе міс Амелія расказвала мужу пра воз дроў, які яна старгавала з адным фермерам. Наогул, яна размаўляла з ім як з кліентам, што прыйшоў у краму па бутэльку гарэлкі. Але пакуль што ўсё ішло даволі прыстойна; жыхары горада радаваліся, гледзячы, што зрабіла з Марвінам Мэйсі каханне, і спадзяваліся, што яно пераменіць на лепшае і маладую. Прынамсі, яны разлічвалі, што пасля замужжа нораў міс Амеліі памякчэе, яна зробіцца болыіі падобная на жанчыну і з ёй, нарэшце, можна будзе мець справы, як з кожным нармальным чалавекам.
Яны памыліліся. Падшыванцы, што лазілі каля вокнаў маладых у тую ноч, расказвалі вось што. Старая негрьіцянка Джэф — служанка міс Амеліі прыгатавала шыкоўную вячэру. Маладая ела напоўніцу, а жаніх толькі калупаў відэльцам у талерцы. Потым маладая занялася сваімі звычайнымі справамі: прачытала газету, скончыла інвентарны вопіс тавару ў краме і гэтак далей. Увесь гэты час Марвін Мэйсі, на якога яна не звяртала ніякай увагі, стаяў непрыкаяна ў дзвярах з разгубленым і шчасліва-прыдуркаватым
тварам. У адзінаццаць гадзін маладая ўзяла лямпу і пайшла на другі паверх. Марвін Мэйсі пайшоў за ёй следам. Да гэтага ўсё было даволі прыстойна, але пасля адбылося нешта жудаснае.
He прайшло і паўгадзіны, як міс Амелія ў брыджах і пінжаку колеру хакі з грукатам збегла ўніз па лесвіцы. Твар яе наліўся крывёй і быў амаль чорны. Яна бразнула дзвярамі ў кухні і з усёй сілы піхнула іх нагой. Потым яна ўзяла сябе ў рукі: паварушыла агонь у печы і села, паклаўшы ногі на край пліты. Яна чытала «Фермерскі альманах», піла каву і курыла бацькаву люльку. Твар яе заставаўся зацятым і жорсткім, але пасвятлеў і меў ужо звычайны колер. Часам яна выпісвала нешта з часопіса на шматку паперы. Перад світаннем яна пайшла ў кантору і адчыніла пішучую машынку. Яна купіла яе зусім нядаўна і пакуль яшчэ вучылася абыходзіцца з ёю. Вось так міс Амелія і бавіла сваю шлюбную ноч. А калі развіднела, яна, як быццам нічога не было, узялася майстраваць пастку на дзікіх трусоў, якую пачала рабіць тыдзень назад, спадзеючыся недзе прадаць.
He вельмі прыемна, калі, ажаніўшыся з любай жанчынай, не можаш прымусіць яе легчы з сабой у пасцель і пра гэта ведае ўвесь горад. У тую раніцу MapBin Мэйсі сышоў уніз з кіслай мінай. Ён так і не зняў шлюбнага гарнітура. Усю раніцу ён сноўдаўся па двары, паглядаючы на міс Амелію, але трымаючыся ад яе наводдаль. Блізка поўдня яму ў галаву прыйшла нейкая думка, і ён накіраваўся да Сасаеці-Сіці. Вярнуўся ён з падарункамі: апалавым пярсцёнкам, ружовай эмалевай брошкай, што былі тады ў модзе, срэбраным бранзалетам, упрыгожаным двума сэрцамі, і каробкай цукерак, што каштавала два з паловай долары. Міс Амелія глянула на тыя цудоўныя падарункі і адчыніла каробку з цукеркамі, бо ёй хацелася есці. Уважліва агледзеўшы астатнія рэчы, яна прыкіну-
ла ў галаве кошт кожнай з іх — і паклала на прылавак — на продаж. Ноч прайшла гэтаксама як і першая, з той розніцай, што міс Амелія прынесла ў кухню пярыну, паслала сабе каля пліты і добра выспалася.
Так працягвалася тры дні і тры ночы. Міс Амелія, як звычайна, займалася сваімі справамі, і калі дайшлі чуткі, што за дзесяць міляў ад горада будуць будаваць мост, яна гэтым вельмі зацікавілася. Марвін Мэйсі, як і раней, хадзіў за ёй следам, і па яго твары было відаць, што ён пакутуе. На чацвёрты дзень ён зрабіў надзвычай легкадумны ўчынак: паехаў у Чыха, прывёз адтуль юрыста і ў канторы міс Амеліі перапісаў на яе імя ўсю сваю маёмасць: дзесяць акраў лесу, якія ён купіў на сабраныя грошы. Міс Амелія з суровым выглядам уважліва прачытала паперу, пераканалася, што ніякага падману няма, і спакойна паклала яе ў шуфляду стала. У той дзень Марвін Мэйсі ўзяў кварту віскі і пайшоў да балота, калі сонца было высока ў небе. Пад вечар ён вярнуўся ў краму п’яны, падышоў да міс Амеліі і, гледзячы на яе шырока адкрытымі мокрымі вачыма, паклаў ёй руку на плячо. Ён хацеў ёй нешта сказаць, але не паспеў адкрыць рота, як міс Амелія ўдарыла яго наводмаш кулаком у твар так моцна, што Марвін Мэйсі адляцеў да сцяны з выбітым пярэднім зубам.
Астатняе можна расказаць некалькімі словамі. Пасля гэтага выпадку міс Амелія біла яго кожны раз, калі ён падыходзіў занадта блізка і калі прыходзіў п’яны. Нарэшце яна выгнала яго за парог, і ён быў вымушаны пакутаваць на вачах у людзей. Цэлы дзень ён круціўся каля дома міс Амеліі, а часам з выглядам вар’ята прыносіў стрэльбу і садзіўся яе чысціць, не зводзячы вачэй з міс Амеліі. Калі яна і баялася яго, дык не падавала выгляду, але выраз яе твару быў як ніколі суровы, і яна раз-пораз плявала сабе пад ногі.
Нарэшце ён выкінуў зусім бязглуздую штуку: залез ноччу праз акно ў краму і праседзеў там да раніцы ў цемры немаведама чаго, пакуль міс Амелія не сышла ўніз. Яна адразу падалася ў суд, збіраючыся дамагчыся арышту Марвіна Мэйсі за парушэнне межаў прыватнай маёмасці. У той жа дзень Марвін Мэйсі непрыкметна знік з горада. Перад тым як адысці ў невядомьім накірунку, ён падсунуў пад дзверы міс Амеліі дзіўнае пасланне, напісанае напалову алоўкам, напалову чарнілам. Гэта было гарачае любоўнае пасланне, але ў ім былі і пагрозы, і абяцанне паквітацца з ёю. Іх шлюб працягваўся дзесяць дзён. А жыхароў горада ахапіла тое пачуццё задаволенасці, якое ўзнікае ў людзей, калі хто-небудзь на іх вачах трапляе ў скандальную і страшную гісторыю.
Міс Амеліі засталася ўся маёмасць Марвіна Мэйсі: яго лес, залаты гадзіннік, усе яго рэчы. Але для яе яны былі, відаць, мала чаго вартыя, бо ў тую ж вясну яна парэзала яго куклукскланаўскі каўпак, каб накрыць саджанцы тытуню. Такім чынам, усё, што зрабіў Марвін Мэйсі, дык гэта памножыў багацце міс Амеліі і падараваў ёй сваё каханне. Але дзіўная справа: яна ўспамінала яго заўсёды са злосцю і лютай нянавісцю. Калі заходзіла гаворка пра Марвіна Мэйсі, яна ніколі не называла яго імя, а толькі пагардліва гаварыла: «Ды той механік, за якога я выходзіла замуж ».
I потым, калі да горада дайшлі жахлівыя чуткі пра Марвіна Мэйсі, міс Амелія была вельмі задаволеная, бо, вызваліўшыся ад свайго кахання, Марвін Мэйсі нарэшце паказаў свой сапраўдны характар. Ён зрабіўся злачынцам: яго фатаграфія і прозвішча з’яўляліся ва ўсіх газетах штата. Узброены абрэзам, ён абрабаваў тры бензакалонкі і зрабіў налёт на магазін фірмы «Эй-энд-пі» ў Сасаеці-Сіці. Яго падазравалі ў забойстве Вузкавокага Сэма, вядомага налётчыка.
Усе гэтыя злачынствы былі звязаны з Марвінам Мэйсі, і гэта жахлівае імя было вядома ўсюды. Нарэшце яго злавілі, знайшлі п’янага на падлозе ў начлежніцы для турыстаў. Побач ляжала яго гітара, а ў правым чаравіку знайшлі пяцьдзесят сем долараў. Яго судзілі, прыгаварылі да зняволення і пасадзілі ў турму недзе недалёка ад Атланты. Міс Амелія была вельмі задаволеная.
Ну, дык вось, усё гэта здарылася даўно, і вам цяпер вядома гісторыя замужжа міс Амеліі. Жыхары горада яшчэ доўга смяяліся з гэтай недарэчнай падзеі. Але хоць знешне ўсё гэта было сумна і недарэчна, не трэба забывацца, што сапраўдныя падзеі адбываюцца ў душы закаханага. Таму хто, як не гасподзь бог, можа быць сапраўдным суддзёй гэтага альбо іншага кахання? У першы ж вечар, калі адчынілі кафэ, знайшліся людзі, што раптам успомнілі пра бедалагу мужа, які мучыцца ў змрочнай турме за многія мілі ад свайго горада. I потым, калі мінуў ужо не адзін год, пра Марвіна Мэйсі ў горадзе не забыліся. I хоць яго імя ніколі не згадвалі пры міс Амеліі альбо гарбуне, успаміны пра яго палкае каханне, пра яго злачынствы, а таксама думка пра тое, што якраз цяпер ён сядзіць за кратамі ў турме, кідала трывожны водсвет на шчаслівае каханне міс Амеліі і атмасферу весялосці, што панавала ў кафэ. Таму не забывайцеся пра Марвіна Мэйсі, бо яму яшчэ давядзецца адыграць жудасную ролю ва ўсёй гэтай гісторыі.