• Газеты, часопісы і г.д.
  • Балада пра сумнае кафэ  Карсан Маккалерс

    Балада пра сумнае кафэ

    Карсан Маккалерс

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 190с.
    Мінск 1988
    48.51 МБ
    стала лямпу і кіўнула галавой у бок лесвіцы, запрашаючы гарбуна за сабой.
    Наверсе, над крамай, былі тры пакоі, у якіх міс Амелія пражыла ўсё жыццё — дзве спальні і паміж імі вялікая зала. Мала хто быў у гэтых пакоях, але было вядома, што яны добра абстаўленыя і вельмі чыстыя. I вось цяпер міс Амелія вяла туды нейкага бруднага гарбуна, які бог ведае адкуль узяўся. Трымаючы лямпу над галавой, міс Амелія паволі крочыла праз дзве прыступкі ўгору па лесвіцы. Гарбун карабкаўся ўслед, трымаючыся так блізка, што ў дрыготкім святле лямпы яны адкідвалі адзін суцэльны кручаны цень. Хутка святло ў вокнах над крамай патухла, і іх, як і ўвесь горад, ахутала цемра.
    Раніца наступнага дня была ціхая; неба на ўсходзе сонца было малінава-ружовае. У палях вакол горада аралі зямлю, і самыя ўвішныя арандатары ўжо высаджвалі там цёмна-зялёныя саджанцы тытуню. Над полем лёталі вароны, і па зямлі слізгалі іх блакітныя цені. У гэты ранні час з дамоў ужо выходзілі людзі, несучы ў руках кацялкі з ежай, а ў вокнах фабрыкі сліпучым золатам адбівалася сонца. Паветра было чыстае, а персікавыя дрэўцы ў цвеце нагадвалі лёгкія сакавіцкія воблачкі.
    Міс Амелія, як заўсёды, выйшла ў двор амаль на досвітку. Яна напампавала вады, памыла галаву і неўзабаве занялася сваімі звычайнымі справамі. Праз нейкі час яна асядлала мула і паехала да фокс-фолскай дарогі праверыць свой участак, засеяны бавоўнай. Зразумела, да паўдня ўсе ў горадзе ведалі пра гарбуна, які сярод ночы прыйшоў у краму. Але пакуль што ніхто яго не бачыў. Паступова надыходзіў спякотны дзень і ў небе разліваўся густы паўднёвы блакіт. А дзіўнага госця так яшчэ ніхто і не бачыў. Некаторыя ўспомнілі, што ў маці міс Амеліі сапраўды была зводная сястра, але вось думкі пра яе лёс былі розныя:
    адны гаварылі, што яна памерла, другія — што збегла з тытунёвым маклерам. Што ж да прэтэнзій гарбуна на сваяцкасць, то ўсе лічылі гэта махлярствам. I, ведаючы міс Амелію, увесь горад быў упэўнены, што, накарміўшы гарбуна, яна пакажа яму на дзверы. Але пад вечар, калі неба пабялела, а на фабрыцы скончылася змена, адна жанчына аб’явіла, што бачьіла крывы твар у адным акне над крамай. Сама міс Амелія маўчала. Нейкі час яна займалася рознымі канторскімі справамі ў краме, потым з гадзіну спрачалася з фермерам з-за плуга, адрамантавала загарадку ў куратніку, а перад захадам сонца замкнула дзверы і пайшла наверх у пакоі. Здзіўлены горад не ведаў, што і думаць, і таму поўніўся рознымі чуткамі.
    Назаўтра раніцай міс Амелія не адчыніла крамы, цэлы дзень не выходзіла з пакояў і ні з кім не бачылася. Якраз у той дзень і пайшла пагалоска, настолькі жахлівая, што ўзрушыла не толькі горад, але і ўсю акругу. А пусціў тую пагалоску ткач, якога звалі Мэрлі Раен. Чалавек гэты быў не вельмі прыкметны: хваравіты на выгляд, няўклюдны і бяззубы. У яго была трохдзённая малярыя: праз два дні на трэці яго калаціла ліхаманка. Два дні ён хадзіў пануры і злосны, a на трэці дзень ажываў і мог выдаць адну-дзве ідэі, найболей — дурныя. I вось у той самы дзень ён раптам узяў ды сказаў:
    — Я ведаю, што міс Амелія зрабіла. Забіла. Відаць, у яго нешта было ў чамадане.
    Ён сказаў гэта спакойна, нібыта пра факт. Менш чым за гадзіну чутка абляцела ўвесь горад. У той дзень нарадзілася страшная 1 агідная гісторыя. У ёй было ўсё, ад чаго пачынае калаціцца сэрца: гарбун, начное пахаванне сярод балота, забойца, якую цягнуць па вуліцах горада ў турму, сваркі за спадчыну — усё гэта перадавалася паўшэптам, кожны раз з новымі і жахлівымі падрабязнасцямі. Пайшоў дождж, але жанчы-
    ны забыліся пра развешаную на вяроўках бялізну. Некалькі небаракаў-даўжнікоў міс Амеліі прыбраліся, нібы на свята. Людзі тоўпіліся на галоўнай вуліцы, дзелячыся навінамі і паглядаючы на краму.
    Нельга сказаць, што ўсе ў горадзе ўдзельнічалі ў гэтым свяце абгавору. Знайшліся разумныя людзі, якія разважалі так: міс Амелія з яе багаццем ніколі не пайшла б на забойства з-за нейкага барахла з чамадана валацугі. Былі нават тры добрыя душы, што не радаваліся думцы аб злачынстве, не хацелі яго, нягледзячы на цікавасць і сенсацыю, якія яно выклікала, не цешьіліся надзеяй на тое, што міс Амелію пасадзяць за краты, а потым пакараюць смерцю ў электрычным крэсле ў Атланце. Гэтыя добрыя людзі думалі пра міс Амелію не так, як усе астатнія, і падыходзілі да яе з сваімі меркамі. Калі чалавек зусім не падобны да іншых і калі ў гэтага чалавека назбіралася столькі грахоў, што ўсіх адразу і не прыпомніш, то, зразумела, да яго патрэбны асаблівы падыход. Яны ўспаміналі, што, калі міс Амелія нарадзілася, у яе была цёмная скура і нейкі незвычайны твар, што вырасла яна без маткі і выхоўвалася бацькам-нелюднем і што яшчэ зусім дзяўчынкай яна была росту больш за шэсць футаў — зусім незвычайная з’ява для жанчыны, ну а што да яе звычак і манер — дык ім наогул нельга было знайсці лагічнае абгрунтаванне. Да таго ж успаміналі і яе шлюб — самае недарэчнае і скандальнае здарэнне за ўсю гісторыю гарадка.
    Адным словам, гэтыя добрыя людзі амаль што шкадавалі яе. Нават тады, калі яе ахоплівала шаленства і яна ўрывалася да каго-небудзь у дом і выцягвала адтуль швейную машыну ў аплату за доўг ці збірала доказы для якой-небудзь судовай справы — нават тады яны адчувалі адначасова і абурэнне, і нейкую лёгкую ўзбуджанасць, і глыбокі невыказны смутак. Але досыць гаварыць пра добрых людзей — іх было ўсяго
    трое. А ўсім астатнім жыхарам горада гэтае прыдуманае забойства было сапраўдным святам.
    Сама ж міс Амелія, незразумела чаму, здавалася, не заўважала ўсяго гэтага. Амаль увесь дзень яна была на другім паверсе. Калі ж спускалася ўніз, то спакойна хадзіла па краме, глыбока засунуўшы рукі ў KimaHi камбінезона і апусціўшы галаву так нізка, што падбародак хаваўся ў каўняры кашулі. Крывавых плям на ёй не было відаць. Яна часта спынялася і стаяла нерухома, панура ўглядаючыся ў шчыліны ў падлозе, круцячы ў руках пасму каротка астрыжаных валасоў, мармычучы сабе нешта пад нос. Але большую частку дня яна прабыла на другім паверсе.
    Сцямнела. Ад дажджу, што прайшоў днём, пахаладала, таму вечар быў маркотны і пахмурны, нібыта ўзімку. На небе не было зорак, імжыў сцюдзёны дожджык. Святло ад лямп у вокнах дамоў здавалася з вуліцы дрыготкім і вельмі самотным. Падзьмуў вецер не з балота, а з поўначы, з боку чорнага сасновага бору.
    Гадзіннікі ў горадзе адбілі восем. Нічога так і не здарылася. Пахмурная ноч, што прыйшла на змену дню, поўнаму жудасных пагалосак, прынесла з сабой страх, які вымушаў некаторых сядзець дома, бліжэй да агню. Іншыя ж збіраліся ў гурты. Восем ці дзесяць чалавек тоўпіліся на ганку крамы міс Амеліі. Яны маўчалі, нечага чакаючы. Яны і самі не ведалі чаго. А чакалі яны вось чаго: у напружаныя моманты, калі немінуча павінна адбыцца якая-небудзь вялікая падзея, людзі вось так збіраюцца і чакаюць. I вось настае момант дзейнічаць зладжана, і тады рухаюць іх не розум ці воля аднаго чалавека, а інстынкты, аб’яднаныя адным рашэннем, прынятым зноў жа не адным якімнебудзь чалавекам, а натоўпам. У такія моманты ніхто не вагаецца. I ад аднаго толькі лёсу залежьіць, скончыцца ўсё мірна ці ўсе разам пачнуць рабаваць, гвалтаваць ці ўчыняць іншыя злачынствы. Вось і цяпер
    мужчыны мірна чакалі на ганку крамы міс Амеліі, не ведаючы, што рабіць, але разумеючы ў душы, што чакаць трэба і што іх час амаль надышоў.
    Дзверы ў краму былі адчыненыя. Усярэдзіне гарэла святло, і ўсё было як звычайна. У левым баку, на прылаўку, ляжалі кавалкі свінога мяса, цукеркі і тытунь. За ім, на паліцах — саланіна і мука. У правым баку былі выстаўлены сельскагаспадарчыя і іншыя прылады. У глыбіні крамы, злева, былі дзверы, за якімі пачыналася лесвіца, што вяла на другі паверх, і гэтыя дзверы былі цяпер расчыненыя. А ў далёкім правым куце былі яшчэ адны дзверы, што вялі ў пакойчык, які міс Амелія называла канторай. I гэтыя дзверы былі адчыненыя. Праз іх можна было бачыць, што ў той вечар, у восем гадзін, яна сядзела за бюро з вечным пяром, перабіраючы паперы.
    Кантора была ярка асветленая, і міс Амелія, здавалася, не заўважала дэлегацыі, што тоўпілася на ганку. Усё ў пакоі, як звычайна, было ў ідэальным парадку. Гэтая кантора наганяла жах на ўсю акругу. Менавіта тут міс Амелія вяла ўсе свае справы. На стале стаяла акуратна прыкрытая пішучая машынка. Міс Амелія ўмела друкаваць на машынцы, але друкавала на ёй толькі самыя важныя дакументы. У шуфлядах стала захоўваліся літаральна тысячы папер, і ўсе яны былі падшытыя ў алфавітным парадку. Менавіта ў гэтым пакоі міс Амелія прымала хворых, бо любіла лячыць і не шкадавала на гэта часу. Дзве паліцы былі адведзены пад бутэлечкі і розныя медыцынскія прылады. Пры сцяне стаяла лаўка для пацыентаў. Міс Амелія так умела зашывала раны напаленай іголкай, што тыя не гнаіліся. Апёкі яна лячыла халодным салодкім сіропам. На той выпадак, калі чалавеку проста нездаровілася, меўся цэлы шэраг розных лекаў, якія яна гатавала згодна з толькі ёй вядомым рэцэптам. Яны былі выдатным слабільным сродкам. Праўда, гэ-
    тыя лекі нельга было даваць малым дзецям, бо ў іх пачыналіся сутаргі. Таму ім гатавалася асобная мікстура, не такая моцная і саладзейшая. Увогуле, міс Амелія лічылася добрым лекарам. Далоні ў яе шырокія і касцістыя, але рука, як кажуць, лёгкая. Да таго ж у яе была багатая фантазія, і яна ўжывала самыя небяспечныя і незвычайныя сродкі, і не было такой хваробы, якой бы яна не ўзялася лячыць. Праўда, было адно выключэнне. Калі прыходзіла пацыентка з якойнебудзь жаночай хваробай, міс Амелія не магла ёй нічым дапамагчы. Больш таго, варта было жанчыне загаварыць пра такую хваробу, як міс Амелія пачынала чырванець ад сораму, замаўкала і толькі варочала галавой, перабіраючы нагамі, быццам вялікае, знямелае ад сораму дзіця. А што да астатніх хвароб, то людзі цалкам давяралі ёй. Грошай з хворых яна не брала, і ад пацыентаў не было адбою.
    У той вечар міс Амелія спісала сваім вечным пяром шмат паперы. Але ж не магла яна зусім не заўважыць людзей, што стаялі на ганку і сачылі за ёй. Часам яна ўзнімала галаву і спакойна глядзела ў іх бок. Але ні разу не прыкрыкнула на іх і не спыталася, чаго яны туляюцца каля яе крамы, нібыта хеўра абібокаў. Міс Амелія сядзела з ганарлівым і суровым выглядам, які заўсёды быў на яе твары, калі яна садзілася за стол у канторы. Праз нейкі час іх цікаўнасць, відаць, ёй надакучыла. Яна правяла па твары чырвонай насоўкай, устала і зачыніла дзверы канторы.