Балада пра сумнае кафэ
Карсан Маккалерс
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 190с.
Мінск 1988
Тым, хто стаяў на ганку, гэты рух якраз і быў сігналам. Час надышоў. Доўга яны чакалі ў золкай і змрочнай цемры, і вось цяпер імі авалодаў інстынкт дзеяння. Нібыта падпарадкоўваючыся адзінай волі, яны зайшлі ў краму. У той момант усе восем чалавек былі падобныя адзін да аднаго: усе ў блакітных камбінезонах, большасць з сівізной у валасах, як адзін — бледныя, з застылым летуценным позіркам. Ніхто з іх не ведаў,
што рабіць далей. Але ў той самы момант пачуўся шум уверсе на лесвіцы. Мужчыны ўзнялі галовы і анямелі. На прыступках стаяў гарбун, якога яны лічылі забітым. Да таго ж ён зусім не выглядаў такім, якім яго распісвалі,— нікчэмным, замурзаным балбатуном, нікому не патрэбным жабраком. Перад імі было стварэнне, якога яны яшчэ ніколі не бачылі ў жыцці. У пакоі панавала мёртвая цішыня.
Гарбун памалу сышоў з лесвіцы з ганарлівым выглядам, нібыта ўсё тут, да апошняй масніцы, належала яму. За апошнія дні ён вельмі перамяніўся. Па-першае, ён быў неверагодна чысты. На ім было ўсё тое ж пальтэчка, але вычышчанае і акуратна зацыраванае. Пад паліто — чорна-чырвоная кашуля міс Амеліі. Замест штаноў, што носяць нармальныя мужчыны, на ім былі кароткія — да каленяў — і вузкія брыджы. На тонкіх ножках — чорныя панчохі і дзіўнага фасону чаравікі — высока зашнураваныя, наваксаваныя і да бляску начышчаныя. Вакол шыі быў завязаны шалік лімоннага колеру. Шалік закрываў вялікія белыя вушы, а яго канцы даставалі да падлогі.
Дробненька, але рашуча перабіраючы нагамі, гарбун выйшаў на сярэдзіну крамы і спыніўся пасярод натоўпу. Мужчыны расступіліся, ад нечаканасці апусціўшы рукі і вылупіўшы вочы. Гарбун паводзіў сябе дзіўна. Ён агледзеў кожнага з вышыні свайго росту — яго твар быў на ўзроўні жыватоў мужчын. Потым задуменна і ўважліва агледзеў кожнага ад жывата да пят. Зрабіўшы гэта, ён заплюшчыў на момант вочы і пакруціў галавой, нібыта паказваючы, што, па яго думку, убачанае не мела асаблівай вартасці. Потым, быццам жадаючы ўпэўніцца ў гэтым, ён узняў галаву і абвёў доўгім позіркам кола твараў, што нахіліліся над ім.
Ацаніўшы становішча, гарбун усеўся на мех, напалову засыпаны ўгнаеннем, што стаяў каля левай сцяны
крамы. Зручна ўладкаваўшыся, злажыўшы накрыж ножкі, ён дастаў нешта з кішэні паліто.
Праз некалькі хвілін мужчыны, што былі ў краме, нарэшце ачуліся. Першы загаварыў Мэрлі Раен, той самы хворы на малярыю, што пусціў пагалоску пра забойства. Зірнуўшы на штуку, якую лашчыў сваімі ручкамі гарбун, ён ціха спытаўся:
— Што гэта ў цябе?
Усе яны ведалі, што круціў у руках гарбун. Гэта была табакерка бацькі міс Амеліі, аздобленая блакітнай эмаллю, з вечкам, упрыгожаным залатым узорам. Прысутныя добра ведалі гэтую табакерку і таму вельмі здзівіліся. Яны насцярожана глянулі ў той бок, дзе былі дзверы канторы, пачулі, як там ціха пасвіствае міс Амелія.
— Дык што там такое, Карантыш?
Гарбун зыркнуў на дзверы, сцяў вусны і адказаў: — Нешта такое для занадта цікаўных.
Гарбун засунуў у скрыначку свае ўчэпістыя пальцы, узяў адтуль нешта і паклаў сабе ў рот, нікога не пачаставаўшы. Тое, што ён узяў, нават было не тытунь, а сумесь цукру і какавы. Але ўзяў яе двума пальцамі, нібыта тытунь, засунуў дробку за ніжнюю губу і прыціснуў кончыкам языка з адпаведным выразам твару.
— У мяне заўсёды кісла ў роце,— растлумачыў ён.— Таму і смакчу салодкае.
Мужчыны па-ранейшаму тоўпіліся вакол гарбуна з нейкім пачуццём збянтэжанасці і разгубленасці. Хоць гэтае пачуццё зусім і не знікла, хутка яно пачало згладжвацца пачуццём сяброўскай блізкасці і нават весялосці. Час назваць прозвішчы людзей, што былі ў той вечар у краме: Хэсці Мэлоўн, Роберт Калверт Хэйл, Мэрлі Раен, прападобны Т. М. Уілін, Росер Клайн, Рып Уэлбарн, Генры Форд Крымп і Хорэйс Уэлс. Усе яны, акрамя прападобнага Т. М. Уіліна, былі шмат у чым
падобныя адзін да аднаго — адно іх цешыць, другое — смуціць і нават выклікае слёзы, усе яны лагодныя людзі, праўда, пакуль іх не выведзеш з сябе. Кожны працуе на фабрыцы і жыве з сям’ёй у двухці трохпакаёвым дамку, за які плаціць дзесяць — дваццаць долараў на месяц. У той дзень — была субота — яны атрымалі зарплату. Такім чынам, успрымайце іх як аднародную групу.
Аднак гарбун, у думках, ужо сартаваў іх. Зручна ўсеўшыся на мяху, ён па чарзе загаворваў з кожным, пытаючыся, ці жанаты той, які яго ўзрост, колькі звычайна зарабляе за тыдзень і гэтак далей, выпытваючы паступова рэчы ўжо зусім інтымныя. Хутка да іх далучыліся і іншыя жыхары горада, у тым ліку Генры Мэйсі, а таксама розныя абібокі, якія адчулі, што адбываецца нешта незвычайнае, жанчыны, што прыйшлі па сваіх прыпозненых мужоў, а адзін белагаловы жэўжык зайшоў на пальчыках у краму, схапіў пачак салёнага пячэння і паціху шмыгнуў за дзверы. У краме міс Амеліі было поўна людзей, а гаспадыня ўсё яшчэ не выходзіла з канторы.
Есць тып людзей з асаблівымі рысамі, дзякуючы якім яны адрозніваюцца ад іншых звычайных чалавечых істот. Такія людзі валодаюць здольнасцю, характэрнай толькі малым дзецям, адразу ж наладзіць непасрэдны кантакт з акружэннем. Гарбун, бясспрэчна, належаў да гэтага тыпу людзей. He прайшло яшчэ і паўгадзіны, а ён пазнаёміўся ўжо з кожным. Быццам пражыў у горадзе не адзін год і ўсе яго тут ведалі, і невядома, колькі вечароў прабавіў ён у размовах, седзячы тут у краме на мяху з угнаеннем. Акурат гэтым, а таксама і тым, што вечар быў суботні, і тлумачылася тая атмасфера непасрэднасці і прытоенай радасці, што панавала ў краме. Адчувалася між тым і нейкая напружанасць, часткова, відаць, ад незвычайнасці сітуацыі, а таксама ад таго, што міс Амелія па-ранейшаму
сядзела зачыніўшыся ў сваёй канторы і ні разу пакуль адтуль не выйшла.
У той вечар яна з’явілася ў краме а дзесятай гадзіне. I расчаравала тых, хто чакаў драматычных падзей. Яна адчыніла дзверы і паволі ўвайшла ў залу як заўсёды няўклюдна-велічна. Шыю яна абвязала чырвонай хусткай, а на носе з аднаго боку цямнела чарнільная рыска. Здавалася, яна не заўважала нічога незвычайнага. Яе косыя шэрыя вочы знайшлі ў натоўпе гарбуна і на момант запыніліся на ім. На астатніх людзей, што знаходзіліся ў краме, яна глядзела здзіўлена, але спакойна.
— Каго-небудзь трэба абслужыць? — нямоцна спыталася яна.
Кліенты знайшліся — была субота, і ім хацелася выпіць. Усяго тры дні назад міс Амелія выцягнула з ямы на балоце бочку вытрыманай гарэлкі і разліла яе ў бутэлькі. Цяпер яна брала ў кліентаў грошы і лічыла іх, стоячы ў яркім святле ад лямпы. Так яна рабіла заўсёды. Але гэты раз здарылася незвычайнае. Раней, бывала, заплаціўшы грошы, кліенту трэба было выйсці з двара, абьісці вакол яго ў цемры і ў другім канцы, праз адчыненыя дзверы ў кухні, атрымаць з рук міс Амеліі бутэльку. Радаеці ад такога торгу было мала. Атрымаўшы гарэлку, кліент звычайна знікаў у цемры. Аднак, калі жонка забараняла піць дома, яму дазвалялася вярнуцца на ганак крамы і выхлебтаць бутэльку на прыступках ці дзе-небудзь паблізу на вуліцы. I ганак, і вуліца перад ім належалі міс Амеліі, наконт гэтага ніхто не сумняваўся, але яна не лічыла іх сваёй уласнасцю: яе маёмасць пачыналася ад дзвярэй і ўключала ўсё тое, што было ў сярэдзіне будынка. I тут ужо нікому, апрача яе самой, не дазвалялася адкаркаваць бутэльку і выпіць з яе гарэлкі. Цяпер яна ўпершыню парушыла гэта правіла. Яна пайшла ў кухню разам з гарбуном, які не адставаў ад яе ні на крок, і пры-
несла бутэлькі ў цёплы асветлены пакой. Больш таго: яна дастала некалькі шклянак і распакавала два пачкі пячэння, вылажыла яго на талерку і гасцінна выставіла на прылавак, і кожны, хто хацеў, мог узяць кавалачак задарма.
Яна ні з кім не гаварыла, апрача гарбуна, спытаўшыся ў яго крыху рэзкім і сіпатым голасам:
— Вы так будзеце піць, кузен, ці падагрэць з вадой?
— Калі вам не цяжка, Амелія,— адказаў гарбун. (I з якога гэта часу, да міс Амеліі пачалі звяртацца без пачцівага «міс»? Ва ўсякім разе, яе жаніх, які потым на дзесяць дзён стаў яе мужам, не дазваляў сабе такога. Па сутнасці, з таго часу, як памёр яе бацька, які чамусьці называў яе Малая, ніхто не адважваўся звяртацца да яе настолькі фамільярна.) — Калі не цяжка, падагрэйце.
Так з’явілася ў горадзе кафэ. Адбылося гэта вось так проста. Успомніце — на дварэ было холадна і панура, нібыта зімой, і ад туляння ў цемры пазавуголлю было 5 мала радасці. А ў краме, у кампаніі, было цёпла і весела. Нехта падкінуў дроў у печ, а тыя, хто купіў гарэлкі, пачаставалі ёю прыяцеляў. У краме аказалася некалькі жанчын. Яны пілі лікёр, кактэйлі і нават паспыталі віскі. Да гарбуна яшчэ не прывыклі, і ён быў дадатковай забавай. 3 канторы вынеслі лаўку і паставілі яшчэ некалькі крэслаў. Тыя, каму не хапіла месца, стаялі, абапёршыся аб прылавак, ці ўладкаваліся на бочках і мяхах. I хоць віскі пілі тут, у краме, не было чутно ні лаянкі, ні грубых жартаў, ні непрыстойнага рогату. Наадварот, усе паводзілі сябе паважна, нават крыху саромеліся. Справа ў тым, што людзі ў гэтым горадзе не прывыклі збірацца разам, каб павесяліцца. Разам яны ішлі на фабрыку працаваць. У нядзелю іх збіраў на паляне каля царквы свяшчэннік; і хоць пасядзець там было і нядрэнна, але весялосці ад таго,
што табе напаміналі пра жахі пекла і наганялі страх перад госпадам богам, было мала. У кафэ панавала зусім іншая атмасфера. У сапраўдным кафэ нават самыя багатыя, самыя прагавітыя вядуць сябе прыстойна, нікога не абражаючы. Ну, а тым больш беднякі — тыя з удзячнасцю аглядаюцца па баках, і калі трэба ўзяць соль з сальніцы, робяць гэта зграбна і сціпла. Бо сама атмасфера ў сапраўдным кафэ вымагае такіх якасцей, як прыязнасць, сытасць, добры настрой і тактоўнасць. Ніхто не тлумачыў гэтага людзям, што сабраліся ў той вечар у краме міс Амеліі. Але яны зразумелі гэта самі, хоць да таго часу ў горадзе ніколі не было кафэ.
А міс Амелія, дзякуючы якой усё гэта адбылося, прастаяла ўвесь вечар у дзвярах, што вялі ў кухню. Вонкава яна быццам зусім не змянілася. Але многія звярнулі ўвагу на выраз яе твару. Яна наглядала за ўсім, што адбывалася ў краме, але часцей за ўсё затрымлівала позірк на гарбуне. А той фанабэрыста хадзіў па краме, раз-пораз даставаў ласунак са сваёй скрыначкі з кіслым і адначасова прыязным выразам твару. Водсветы агню ў пліце высвечвалі доўгі цёмны твар міс Амеліі. Вочы яе нібыта глядзелі ўсярэдзіну. У іх адлюстроўваліся боль, разгубленасць і няўпэўненая радасць. У той вечар яна не сцінала вуснаў, а толькі раз-пораз глытала сліну. Шчокі былі бледныя, а далоні спацелыя. Позірк яе вачэй сведчыў, што перад вамі — адзінокая закаханая жанчына.