Балада пра сумнае кафэ  Карсан Маккалерс

Балада пра сумнае кафэ

Карсан Маккалерс

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 190с.
Мінск 1988
48.51 МБ
А той, хто быў вінаваты ва ўсім, што здарылася — Марвін Мэйсі — не пакутаваў ад сораму. Яго бачылі
ўсюды. У будныя дні, калі людзі працавалі, ён туляўся каля фабрыкі, заглядаючы ў вокны, а ў нядзелю надзяваў чырвоную кашулю і шпацыраваў з гітарай па галоўнай вуліцы горада. Ен, як і раней, быў прыгожы: шатэн з яркімі вуснамі і шырокімі плячыма, але кожны ведаў, якая ў яго чорная душа, і яе нельга было схаваць за прывабнай знешнасцю. I тое благое, што ён насіў у сэрцы, выяўлялася ў адных грахоўных учынках. Так, ён абрабаваў тыя заправачныя станцыі. Але раней ён сапсаваў жыццё самым далікатным дзяўчатам акругі і пасля нават пацяшаўся з гэтага. На яго сумленні — безліч благіх учынкаў, а ў дадатак яшчэ ад яго патыхала подласцю, якая адчувалася заўсёды, нібы пах цела. Да таго ж ён ніколі не пацеў, нават у жнівеньскую спёку, а гэта таксама наводзіла на роздум.
Цяпер, на думку жыхароў горада, ён быў яшчэ больш небяспечны, чым раней, бо ў Атланце, дзе ён сядзеў у турме, відаць, навучыўся чараваць. Бо як інакш можна растлумачыць яго ўздзеянне на кузена Лаймэна? Варта было гарбуну толькі адзін раз убачыць Марвіна Мэйсі, як яго адразу ахапіў нейкі дурман. Ен не адставаў ні на крок ад гэтага арыштанта і ўвесь час вырабляў розныя глупствы, каб толькі звярнуць на сябе ўвагу. Але Марвін Мэйсі, як і раней, ставіўся да гарбуна з нянавісцю альбо наогул не заўважаў. Часам гарбун, не вытрымаўшы, хапаўся на ганку за парэнчу, быццам знямоглая птушка за тэлеграфны дрот, і на вачах прысутных пачынаў выказваць сваё гора.
— Чаго вы так? — пыталася міс Амелія, скіраваўшы ў яго бок позірк сваіх шэрых косых вачэй і сціснуўшы далоні ў кулакі.
— О, Марвін Мэйсі,— стагнаў у адказ гарбун, збіваючыся з рытму галашэння і пачынаючы ікаць,
— Ен быў у Атланце.
Міс Амелія круціла галавой, яе твар наліваўся крывёю і рабіўся яшчэ больш суровы. Пачнём з таго, што ў яе не хапала цярпення на падарожжы — яна ставілася з пагардай да тых мітуслівых людзей, што выпраўляліся ў Атланту ці ехалі за пяцьдзесят міль, каб паглядзець на акіян.
— Тое, што ён быў у Атланце, не робіць яму гонару.
— Ен быў у турме,— працягваў гарбун, ахоплены тугой.
Ну, што можна сказаць супраць такога аб’екта зайздрасці? Міс Амелія ў разгубленасці сама была ўжо не вельмі ўпэўненая ў тым, што гаварыла.
— Быў у турме, кузен Лаймэн? Ну, што ж, такімі экскурсіямі не хваляцца.
На працягу тых некалькі тыдняў усе ўважліва сачылі за міс Амеліяй. Паводзіла яна сябе дзіўным чынам: выраз яе твару сведчыў, што думкі яе былі недзе далёка, і здавалася, што яна знаходзіцца ў трансе. Няведама чаму, пасля прыезду Марвіна Мэйсі яна ўжо больш не надзявала камбінезона, а ўвесь час насіла чырвоную сукенку, у якую раней прыбіралася ў нядзелю ці калі збіралася на пахаванне альбо судовае пасяджэнне. Праз некалькі тыдняў яна пачала рабіць такія-сякія захады, каб выправіць сітуацыю. Але зразумець яе намаганні было цяжка. Калі ёй непрыемна было бачыць, як Лаймэн цягаўся за Марвінам Мэйсі па горадзе, чаму б тады было не вырашыць усе пытанні адразу, заявіўшы гарбуну, што, калі той і далей будзе звязвацца з Марвінам Мэйсі, яна выганіць яго з свайго дома?
Усё б выйшла вельмі проста, бо Лаймэн мусіў бы паслухацца, каб не апынуцца ў незайздросным становішчы беспрытульнага. Але міс Амелія, здавалася, страціла волю, бо ўпершыню ў жыцці завагалася, не ведаючы, якога кірунку трымацца. I, як гэта
здараецца з большасцю людзей, што апынуліся ў стане нерашучасці, міс Амелія зрабіла найгоршую рэч — выбрала адразу некалькі кірункаў, і ўсе яны былі супярэчлівыя.
Кафэ, як і раней, было адчыненае кожны вечар, і, як ні дзіўна, калі туды з’яўляўся Марвін Мэйсі са сваім хвосцікам Лаймэнам, міс Амелія не выганяла яго за парог. Яна нават налівала яму бясплатна гарэлкі, а твар яе крывіўся ў нейкай дзікай усмешцы. Разам з тым яна змайстравала на балоце жудасную пастку на Марвіна Мэйсі, і калі б ён туды трапіў, то абавязкова загінуў бы. Яна дазволіла Лаймэну запрасіць Марвіна Мэйсі на абед у нядзелю і паспрабавала даць яму падножку, калі той ішоў уніз па лесвіцы. Яна разгарнула неверагодную дзейнасць, каб дагадзіць Лаймэну: арганізоўвала спецыяльна для яго вельмі ўтомныя наведванні розных відовішчаў, што наладжваліся ў самых аддаленых месцах, ганяла машыну за трыццаць міль у Чаўтаўкуа, вазіла яго на парад у Фокс-Фолс. Адным словам, на гэты час міс Амелія забывалася пра ўсё астатняе. На думку болыпасці жыхароў горада, яна далёка зайшла ў сваёй бязглуздасці, і таму ўсе чакалі, чым усё гэта скончыцца.
Зноў пахаладала, у горад прыйшла зіма. Калі на фабрыцы канчалася апошняя змена, на вуліцы было ўжо цёмна. Дзеці клаліся спаць не распранаючыся, a жанчыны паварочваліся спіной да печак, задзіралі спадніцы і летуценна песціліся каля агню. Пасля дажджу гразь на дарозе змярзалася ў камякі, у вокнах ледзь мігцелі лямпы. Голыя персікавыя дрэўцы нагадвалі шкілеты. У цёмныя маўклівыя зімовыя вечары кафэ было асяродкам цеплыні, агні ў яго вокнах гарэлі так ярка, што іх можна было ўбачыць за чвэрць мілі. У агромністай чыгуннай печцы ў канцы залы патрэсквалі дровы, яна гула і напалялася да чырвані. Міс Амелія павесіла на вокны чырвоныя фіранкі, а ў
гандляра, што неяк завітаў у горад, купіла цэлы букет папяровых ружаў, што выглядалі як жывыя.
Але не толькі за цеплыню, святло і ўтульнасць любілі кафэ. Былі і іншыя больш глыбокія падставы на тое, каб яго так шанавалі жыхары горада. Яно выклікала пачуццё гонару, раней невядомае ў тутэйшых мясцінах. Каб зразумець гэтае пачуццё, варта падумаць, наколькі таннае чалавечае жыццё. Да фабрыкі заўсёды тулілася мноства людзей, але рэдка здаралася, каб кожная сям’я мела дастаткова сродкаў пракарміцца, прыстойна апрануцца і задаволіць іншыя патрэбы. Жыццё можа ператварыцца ў доўгую і непрыглядную барацьбу за існаванне. Але вось што незразумела: усе патрэбныя чалавеку рэчы маюць сваю цану і іх можна набыць толькі за грошы, менавіта гэтая акалічнасць і рухае свет. Вядома — тут і разважаць не трэба — колькі каштуе кіпа бавоўны ці кварта чорнай патакі. Але пакуль што не вызначана цана чалавечага жыцця. Яно даецца нам дарма і адбіраецца бясплатна. Ha­ro яно вартае? Калі пачнеш азірацца навокал, часам здаецца, што каштуе яно зусім мала альбо нічога. Часта, калі пасля доўгіх намаганняў і выпрабаванняў, справы так і не лепшаюць, недзе глыбока ў душы ўзнікае ўсведамленне таго, што ты нямногага варты.
Але новае пачуццё гонару, што ўзнікла ў гэтым горадзе разам з кафэ, зрабіла ўплыў амаль на кожнага жыхара, нават на дзяцей. Каб пайсці ў кафэ, неабавязкова было заказваць абед ці гарэлку. Дастаткова было выпіць бутэльку якога-небудзь напітку за пяць цэнтаў. А калі не хапала грошай і на гэта, на такі выпадак у міс Амеліі было пітво пад назвай «Вішнёвы сок», ружовага колеру і вельмі салодкае, што каштавала ўсяго адзін цэнт за шклянку. Лічы, кожны жыхар горада, за выключэннем яго прападобнасці Т. М. Уіліна, заходзіў у кафэ хоць раз на тыдзень. Дзеці любяць начаваць у гасцях і есці ў суседскім доме. У такіх выпад-
ках яны паводзяць сябе прыстойна і з пачуццём уласнай годнасці. Жыхарамі горада валодала менавіта такое пачуццё ўласнай годнасці, калі яны сядзелі за столікамі ў кафэ. Перш чым пайсці да міс Амеліі, яны мыліся і вельмі старанна выціралі ногі перад тым, як пераступіць парог кафэ. Тут, хоць на некалькі гадзін, можна было заглушыць горкае ўсведамленне сваёй невялікай вартасці ў гэтым свеце.
Асаблівым поспехам карысталася кафэ сярод людзей адзінокіх, розных бедалаг і сухотнікаў. Тут трэба адзначыць, што былі некаторыя падставы падазраваць, што кузен Лаймэн таксама хварэў на сухоты. Ліхаманкавы агонь у яго шэрых вачах, гаварлівасць і кашаль — усе прыкметы хваробы былі ў наяўнасці. Да таго ж лічыцца, што існуе непасрэдная сувязь паміж гарбатасцю і сухотамі. Але калі пра гэта заводзілі гаворку пры міс Амеліі, тая пачынала злавацца; яна як магла аспрэчвала ўсе довады, але ўпотай лячыла Лаймэна гарачымі кампрэсамі, давала яму піць Гаючую ваду, спрабавала іншыя лекі. У тую зіму кашаль мучыў Лаймэна яшчэ больш, чым раней. Тым не менш гэта не перашкаджала яму цягацца за Марвінам Мэйсі.
Кожную раніцу ён выходзіў з дому міс Амеліі, ішоў у двор місіс Хэйл і заміраў у чаканні каля яе дзвярэй, бо Марвін Мэйсі любіў паспаць. Лаймэн стаяў пад дзвярамі і ціхенька клікаў яго. Так часам дзеці пасядуць на зямлю каля норачак, дзе, яны думаюць, жывуць жукі, тыкаюць у дзірачкі саломай і жаласна клічуць: «Жук-жучок, жук-жучок, выходзь на волю. Жук-жучок, жук-жучок, ляці дадому. У тваёй хатцы пажар, твае дзеткі гараць». Вось такім галаском — адначасова сумным, зазыўным і поўным адчаю — гарбун кожную раніцу клікаў Марвіна Мэйсі. Потым, калі той выходзіў з дому, Лаймэн бег за ім па пятах па ўсім горадзе, і часам яны разам надоўга знікалі на балоце.
А міс Амелія па-ранейшаму займалася самай нсдарэчнай справай: спрабавала ісці адразу некалькімі шляхамі. Калі Лаймэн выходзіў з дому, яна не клікала яго, не прымушала вярнуцца, а толькі стаяла пасярод вуліцы і сумна глядзела ўслед гарбуну, пакуль той не знікаў з вачэй. Амаль кожны дзень Марвін Мэйсі ўвальваўся з Лаймэнам у яе дом пад абед і садзіўся за стол. Міс Амелія адкрывала слоік з грушавым кампотам, на стол падаваліся шынка ці курынае мяса, вялікія місы з мамалыгай і зялёным гарошкам. Гэта праўда, што аднойчы міс Амелія спрабавала атруціць Марвіна Мэйсі, але выйшла памылка: яна пераблытала талеркі і пачала есці з той, дзе была атрута. Яна хутка гэта зразумела па ледзь адчувальнай гаркаце і ў той вечар болын не дакранулася да ежы. Адкінуўшыся ў крэсле, яна так і праседзела ўвесь час, пакуль тыя двое не скончылі есці, мацаючы біцэпсы і паглядаючы на Марвіна Мэйсі.
Кожны вечар Марвін Мэйсі заходзіў у кафэ і садзіўся за самы лепшы і большы стол, што стаяў пасярод залы. Лаймэн прыносіў яму гарэлку, за якую той не заплаціў ніводнага цэнта. Марвін Мэйсі адмахваўся ад гарбуна, як ад балотнага камара, і не толькі не дзякаваў за паслугі, а нават даваў яму кухталя кожны раз, калі Лаймэн трапляўся на яго дарозе, ці прыкрыкваў: «Ану пайшоў адсюль, гарбаты, пакуль я табе плеш на галаве не пракруціў!» У такіх выпадках міс Амелія выходзіла з-за прылаўка і пачынала паволі падыходзіць да Марвіна Мэйсі. Рукі яе сціскаліся ў кулакі, а недарэчная чырвоная сукенка чаплялася за худыя калені. Марвін Мэйсі таксама сціскаў кулакі, і яны абое паволі і грозна пачыналі хадзіць адно вакол аднаго. I хоць усе прысутныя адразу затойвалі дыханне, сочачы за тым, што адбываецца, далей справа ніколі не заходзіла. Час для сутычкі пакуль не надышоў.