Балада пра сумнае кафэ
Карсан Маккалерс
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 190с.
Мінск 1988
За чатыры гады, што мінулі з таго часу, як крама ператварылася ў кафэ, у пакоях на другім паверсе нічога не змянілася. Гэтая частка дома заставалася нязменнай на працягу ўсяго жыцця міс Амеліі, яе бацькі і, відаць, дзеда. Усе тры пакоі, як ужо гаварылася, заўсёды былі бездакорна чыстыя. Кожная дробязь там ляжала на сваім месцы, але штораніцы ўсё чысцілася і шаравалася Джэф — служанкай міс Аме-
ліі. Пакой ад вуліцы належаў кузену Лаймэну — той самы пакой, у якім Марвін Мэйсі правёў некалькі начэй, калі яго яшчэ пускалі ў дом, а яшчэ раней тут была спальня бацькі міс Амеліі. Тут стаяла вялікая шафа, камода, накрытая вышытым па краях белым абрусам, і стол з мармуровым верхам. Ложак быў велізарны — старасвецкае збудаванне з чырвонага дрэва, аздобленае разьбой. На ім пад полагам ляжалі дзве пярыны, валікі і мноства самаробных падушачак. Ложак быў такі высокі, што да яго была зроблена спецыяльная лесвічка з дзвюх прыступак. Ніхто, праўда, раней не карыстаўся гэтай лесвічкай, а вось кузен Лаймэн кожны вечар выцягваў яе і важна падымаўся па прыступках. Побач з лесвіцай, толькі схаваны ад цікаўных вачэй, стаяў гаршчок, размаляваны бледнымі ружамі. Цёмная падлога заўсёды шаравалася да бляску. Дываноў не было, а на вокнах віселі фіранкі, таксама аздобленыя вышыўкай па краях. Па другі бок залы была спальня міс Амеліі. Яна была меншая на велічыню і сціпла абстаўленая. Тут стаяў вузкі, зроблены з сасновых дошак ложак, была таксама камода, куды міс Амелія клала свае кашулі і брыджы, а таксама выхадную сукенку, а на боты яна забівала два цвікі ў сценку кладоўкі. У пакоі не было ні дываноў, ні фіранак, ні якіх-небудзь упрыгожанняў.
Паміж спальнямі была прасторная, з шыкам абстаўленая зала. Перад камінам стаяла сафа з чырвонага дрэва, абабітая ўжо добра выцертым зялёным шоўкам. Столікі з мармуровым верхам, дзве швейныя машыны фірмы «Зінгер», вялікая ваза з пампаснай травой — усё было велічнае і раскошнае. Галоўным прадметам у абстаноўцы ўсё ж быў сервант, у якім захоўваліся розныя каштоўнасці і проста сувеніры. Міс Амелія дадала да гэтай калекцыі дзве рэчы: вялікі жолуд чорнага дуба і аксамітавую скрыначку з двума каменьчыкамі шэрага колеру. Часам, калі міс
Амелія была не вельмі занятая, яна даставала скрыначку з серванта, падыходзіла да акна, трымаючы на далоні каменьчыкі, і доўга разглядала іх з павагай, захапленнем і страхам. Гэта былі камяні з нырак міс Амеліі. Іх дастаў адтуль хірург у час аперацыі, якую ёй зрабілі ў Чыха некалькі год назад. Уражанне ад яе было вельмі непрыемнае з першай да апошняй мінуты. А ў выніку яна атрымала вось гэтыя два каменьчыкі. Так што ёй заставалася альбо ставіцца да іх як да вялікай каштоўнасці, альбо прызнацца, што яе напаткалі страшэнныя выдаткі. Дык вось, яна захавала іх і на друті год жыцця з Лаймэнам падаравала яму ланцужок да гадзінніка, упрыгожаны гэтымі каменьчыкамі. Другім экспанатам, які яна ўключыла ў калекцыю — вялікім жолудам — яна таксама вельмі даражыла, але, калі глядзела на яго, заўсёды рабілася сумная і нейкая разгубленая.
— Амелія, што гэта за жолуд? — спытаўся ў яе аднойчы Лаймэн.
— Звычайны жолуд,— адказала тая.— Я падабрала яго ў той дзень, калі памёр тата.
— Як гэта? — працягваў дапытвацца Лаймэн.
— Вось так. Проста ўбачыла на зямлі жолуд, падабрала і палажыла ў кішэню. Нават не ведаю чаму.
— Што за патрэба трымаць яго ў серванце? — здзівіўся Лаймэн.
Шмат аб чым гаварылі міс Амелія і кузен Лаймэн, седзячы ў зале на досвітку, калі гарбуна не браў сон. Міс Амелія была жанчына маўклівая і не малаціла языком пра ўсё, што прыходзіла ёй у галаву. Але былі тамы, на якія яна любіла пагаварыць. Усе яны вылучаліся адным — былі невычэрпныя. Яна любіла паразважаць наконт праблем, што маглі заставацца нявырашанымі дзесяцігоддзі. Лаймэн жа быў гатовы гаварыць на любую тэму — другога такога балбатуна цяжка было знайсці. Іх манера весці гутарку была зу-
сім розная. Міс Амелію цікавілі глабальныя ідэі, якія яна магла абмяркоўваць бясконца, гаворачы ціха і задуменна, а Лаймэн раз-пораз перабіваў яе, нібы тая сарока, чапляючыся за якую-небудзь падрабязнасць, якая магла быць хоць і нязначнай, але затое канкрэтнай і звязанай з рэальнасцю. Міс Амелія, у прыватнасці, любіла пагаварыць пра зоркі, пра тое, чаму негры чорныя, чым лепш лячыцца ад рака і аб розньіх такіх рэчах. Яшчэ адной невычэрпнай тэмай, дарагой сэрцу міс Амеліі, быў яе бацька.
— Эх, Ло,— гаварыла яна Лаймэну,— але ж і спала я тады! Клалася, як толькі запальвалі лямпу, і засынала, нібы танула ў цёплай каламазі. А раніцай прыходзіў тата, кратаў мяне за плячо і гаварыў: «Прачніся, Малая!» Потым ішоў у кухню і, падпаліўшы ў пліце, крычаў адтуль: «Смажаная кукуруза’. Свініна з падліўкай! Яечня з салам!» I я бегла па лесвіцы ўніз і адзявалася каля гарачай пліты, а тата ішоў на двор мыцца. Потым мы ішлі на балота гнаць самагон, а можа...
— Кукуруза была сёння недасмажаная,— гаварыў Лаймэн.— Мала трымалі на агні, таму ўсярэдзіне нават не прагрэлася.
— I вось, бывала, калі тата нагоніць гарэлкі...— і гутарка цягнулася бясконца. Міс Амелія звычайна сядзела, выцягнуўшы ногі да каміна, у якім і зімой і летам гарэў агонь, бо Лаймэн быў мярзляк. Захутаны ў коўдру ці зялёную баваўняную хустку, ён сядзеў насупраць міс Амеліі, не зусім дастаючы нагамі да падлогі. Міс Амелія гаварыла пра свайго бацьку толькі з ім і больш ні з кім.
Гэта была адна з праяў яе кахання да Лаймэна. Яна давярала яму ў самых далікатных і важных пытаннях. Ён адзін ведаў, дзе схаваны план, на якім паказана, дзе закапаны бочкі з віскі. Ён адзін меў доступ да яе чэкавай кніжкі і ключа ад серванта. Ён
браў грошы з касы поўнымі жменямі і задаволена слухаў, як яны потым звінелі ў кішэнях. Яму належала амаль усё, што было ў доме, бо, калі ён быў не ў гуморы, міс Амелія перакопвала ўсё ў доме, шукаючы што-небудзь яму ў падарунак; у выніку знайсці якуюнебудзь рэч у доме, каб зрабіць прэзент, было ўжо немагчьіма. Вось толькі ўспамінамі пра сваё дзесяцідзённае замужжа яна дзяліцца не хацела. Ніколі яны не гаварылі і пра Марвіна Мэйсі.
I вось прайшло шэсць нетаропкіх гадоў з таго часу, як аднойчы суботнім вечарам у горадзе з’явіўся кузен Лаймэн. Быў жнівень, і над горадам увесь дзень палала неба, падобнае на вогненны купал. Але ўжо набліжаўся надвячорак з яго зеленаватым змрокам і жаданым пасля спёкі халадком. Зямля была засланая тоўстым пластом сухога залацістага пылу, і амаль голыя дзеці, што бегалі па вуліцах, часта чхалі, пацелі і капрызілі. Фабрыка спыніла работу апоўдні. На прыступках кожнага дома на галоўнай вуліцы адпачывалі людзі, жанчыны абмахваліся пальмавымі веерамі. На доме міс Амеліі вісела шыльда: кафэ. 3 другога боку дома, на верандзе, схаванай ад спёкі рашэцістымі вокнамі, Лаймэн круціў ручку марожаніцы. Раз-пораз адграбаў убок соль і лёд, здымаў накрыўку, каб лізнуць марожанага і наогул паглядзець, што там робіцца. Джэф завіхалася на кухні. Яшчэ раніцай міс Амелія павесіла над ганкам, што ад вуліцы, аб’яву, на якой было напісана: «Сёння на абед кураціна па дваццаць цэнтаў». Кафэ ўжо адчынілі, і міс Амелія толькі што скончыла сваю работу ў канторы. Усе восем сталоў былі ўжо занятыя, брынкала механічнае піяніна.
У куце каля дзвярэй за сталом сядзеў Генры Мэйсі з маленькім хлопчыкам. Ён піў гарэлку, што было само па сабе нязвыкла — ён хутка п’янеў і пачынаў плакаць ці смяяцца. Твар яго быў белы, левае вока нервова паторгвалася, што здаралася кожны раз, калі
ён быў усхваляваны. Зайшоўшы ў кафэ, ён не азваўся на прывітанні, прайшоў бокам у кут і моўчкі сеў за стол. Хлопчык, што сядзеў побач з ім,— сын Хорэйса Уэлса — хварэў, і яго яшчэ раніцай прывялі да міс Амеліі.
Міс Амелія выйшла з канторы ў добрым настроі. Яна пайшла ў кухню і, вырашыўшы там некалькі дробных спраў, вярнулася ў кафэ з курынай гузкай у руцэ — яе любімай курынай часткай. Яна агледзела залу, упэўнілася, што ўсё ў парадку, і пайшла ў кут, дзе сядзеў Генры Мэйсі. Яна павярнула крэсла, села на яго верхам — да вячэры было яшчэ далёка, і ёй проста хацелася тут пасядзець. 3 задняй кішэні яе камбінезона тырчэла бутэлька Гаючай вады — лякарства, якое яна гатавала з віскі, ледзянцоў і яшчэ аднаго невядомага кампанента. Міс Амелія адкаркавала бутэльку і паднесла да вуснаў хлопчыка. Потым павярнулася да Генры Мэйсі і, убачыўшы, як паторгваецца яго павека, спыталася:
— Што з табой?
Генры Мэйсі быў ужо гатовы паведаміць нешта непрыемнае, але, паглядзеўшы доўгім позіркам у вочы міс Амеліі, праглынуў сліну і змаўчаў.
Тады міс Амелія зноў занялася сваім пацыентам. Хлопчык ледзь даставаў падбародкам да стала. Твар яго гарэў, вочы былі амаль заплюшчаныя, а рот крыху разяўлены. У хлопчыка быў нарыў на назе, і яго прывялі да міс Амеліі, каб яна разрэзала гэты нарыў. Але да маленькіх пацыентаў у яе быў асаблівы падыход. Ёй не хацелася, каб дзіця плакала, крычала, вырывалася. Таму яна пакінула хлопчыка на цэлы дзень, давала яму лакрыцу і часта давала піць Гаючую ваду, а пад вечар завязала яму на шыі сурвэтку і накарміла абедам. Цяпер хлопчык сядзеў за сталом насупраць міс Амеліі. Ён паволі ківаў галавой, цяжка дыхаў і ціхенька стагнаў.
У кафэ нехта зайшоў. Міс Амелія хутка павярнулася. Гэта быў Лаймэн. Кожны вечар ён урачыста і велічна заходзіў у кафэ. Дайшоўшы да залы, ён спыняўся і ўважліва аглядаў прысутных, ацэньваючы людзей, што сядзелі за сталамі, і вызначаючы, які тут пануе настрой. Лаймэн быў вялікі інтрыган. Ён радаваўся любому скандалу і, не сказаўшы ні слова, надзіва спрытна мог падбухторыць аднаго чалавека супраць другога. Гэта праз яго браты-блізняты Рэйні пасварыліся з-за складанага нажа і вось ужо два гады не размаўлялі адзін з адным. Калі Рып Уэлбарн біўся з Робертам Калвертам Хэйлам, гарбун быў тут як тут і за ўсе гэтыя шэсць гадоў не прапусціў ніводнай бойкі. Ен усюды торкаў свой нос, ведаў самыя інтьімныя падрабязнасці пра людзей і часта злоўжываў гэтым. Але, як ні дзіўна, нягледзячы на ўсё гэта, менавіта гарбуну кафэ было абавязана сваёй папулярнасцю. Без яго было б сумна. Кожны раз, калі гэты назола з’яўляўся ў кафэ, усе насцярожваліся: нельга было ведаць, якое ліха зараз зваліцца на галаву, што здарыцца праз хвіліну.