Балада пра сумнае кафэ  Карсан Маккалерс

Балада пра сумнае кафэ

Карсан Маккалерс

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 190с.
Мінск 1988
48.51 МБ
Відаць, Карсан Маккалерс была з тых сапраўдных мастакоў, што бяруцца за пяро, толькі калі іх вымушае на гэта ўнутраная патрэба. Бо напісала яна няшмат. Услед за аповесцю « Адлюстраванні ў залатым воку» ў 1944 годзе ўбачыў свет раман «Госць на вяселлі». Потым, праз сем гадоў, была надрукавана «Балада пра сумнае кафэ», а праз дзесяць гадоў — раман «Гадзіннік без стрэлак», які пачынаецца са слоў: «Смерць заўсёды проста смерць, але кожны чалавек памірае па-свойму».
Карсан Маккалерс да самай сваёй смерці ў 1967 годзе заставалася «бардам адзіноты» і пакінула пасля сябе, апрача пералічаных вышэй кніг, яшчэ некалькі апавяданняў, зборнік дзіцячых вершаў ды напісаную ў маладосці п’есу. Але кнігі яе не згубіліся ў неабсяжным акіяне сусветнай літаратуры. Яны ўвесь час перавыдаюцца на многіх мовах і знаходзяць сваіх прыхільнікаў у розных краінах. Зразумела, кожны знаходзіць у творах пісьменніцы нешта сваё, але ўсе разумеюць галоўную ідэю — заклік да яднання «адзінокіх сэрцаў». Менавіта так гучыць фінальны акорд «Балады пра сумнае кафэ»: «I кожны дзень гучыць мелодыя. Сумны голас пачынае яе, і першая фраза нагадвае хутчэй рэчытатыў і падобная на пытанне. Праз хвіліну ў мелодыю ўплятаецца яшчэ адзін голас, і вось песню падхопліваюць усе зняволеныя. Сумныя галасы сярод золата дня зліваюцца ў мелодыю, адначасова сумную і радасную. Песня шырыцца, і вось ужо здаецца, што спяваюць не дванаццаць зняволеных, а сама зямля ці неабсяжнае неба. Мелодыя поўніць сэрца, халадзіць душу ад хвалявання і жаху. Потым яна паступова заціхае, гучыць толькі адзін голас. I вось зноў цішыня пад спякотным сонцам, чуваць толькі конскі храп ды стук кірак аб цвёрдую гліну. I хто ж здольны стварыць такую мелодыю? Усяго толькі дванаццаць звычайных смяротных: сямёра неграў і пяцёра белых — жыхароў гэтай самай акругі. Усяго толькі дванаццаць смяротных людзей, калі яны спяваюць разам».
Пра што гэтая кніга? Мне верыцца, што, прачытаўшы яе, Вы на гэта пытанне адкажаце: пра ЖЫЦЦЁ. Менавіта пра яго напісаны кнігі Карсан Маккалерс.
Праўда, варта сказаць пра адну акалічнасць, што зра-
біла ўплыў на выбар менавіта гэтых твораў пісьменніцы. Асабіста мне здаецца, што чытачу будзе цікава пазнаёміцца з вельмі пашыранымі на Захадзе спробамі сродкамі літаратуры зазірнуць глыбока ў псіхіку чалавека, даследаваць самыя патаемныя яе куткі, часта высвеціць тое, аб чым гавораць толькі шэптам і што яшчэ не вельмі адважваецца кранаць беларуская літаратура. На што, відаць, ёсць свае падставы: усяго адзін неасцярожны крок — і замест адлюстравання нечаканых рухаў чалавечай душы — смакаванне праяў нізкіх інстынктаў. Нешта такое здарылася з экранізацыяй аповесці «Адлюстраванні ў залатым воку». Нягледзячы на ўдзел вядомых артыстаў: Элізабет Тэйлар, Брайэна Кэйта, Роберта Форстэра і нават Марлона Брандо, які, на думку крытыкаў, даволі ўдала выканаў ролю капітана Пендэртана, таленавітаму рэжысёру Джону Хастану не ўдалося перадаць «сілу і высакароднасць духу» твора Маккалерс, якіх, на думку Тэнэсі Уільямса, «не было ў амерыканскай прозе з часоў Германа Мэлвіла». Многія крытыкі заўважылі толькі псіхічныя і сексуальныя ненармальнасці персанажаў. Куды больш пашанцавала «Баладзе пра сумнае кафэ», якую інсцэніраваў вядомы драматург Эдвард Олбі. П’еса, што ўпершыню была пастаўлена ў ЗША ў 1963 годзе, мела вялікі поспех і на сцэне маскоўскага тэатра «Современннк».
Прагна ўглядалася Карсан Маккалерс у чалавека, піукаючы ў ім светлыя ідэалы Праўды, Любові, Справядлівасці. I яна здолела заўважыць у сэрцах, раз’яднаных жорсткасцю навакольнага свету, самыя чыстыя чалавечыя пачуцці. Давайце ж і мы зірнём на герояў кнігі пільнымі і спагадлівымі вачамі.
Уладзімір Шчасны
БАЛАДА ПРА СУМНАЕ КАФЭ
Горад гэты сам па сабе маркотны: там толькі і ёсць што прадзільная фабрыка, домікі, кожны на два пакоі, у якіх жывуць рабочыя, некалькі персікавых дрэўцаў, царква з двума каляровымі вокнамі ды ўбогая галоўная вуліца, усяго якіх-небудзь сто метраў даўжынёй. У суботу прыязджаюць сяляне з суседніх фермаў пагаманіць, прадаць што ці купіць. У іншыя дні горад наганяе нуду і здаецца адрэзаным ад астатняга свету. Самая блізкая чыгуначная станцыя — у Сасаеці-Сіці; а аўтобусныя маршруты кампаній «Грэйхаўнд» і «Уайт-бас» абмінаюць горад па фокс-фолскай дарозе за тры мілі. Зіма тут кароткая і мокрая, а летам — пякельная спёка.
Калі жнівеньскім надвячоркам выйсці на галоўную вуліцу, то заняцца там зусім няма чым. Самы вялікі будынак, што ў цэнтры горада, стаіць забіты дошкамі і так нахіліўся ўправа, што, здаецца, вось-вось паваліцца. Будынак вельмі стары. Ён мае дзіўны, пануры выгляд — і спачатку не разумееш, у чым справа — пакуль раптам не ўбачыш, што калісьці, вельмі даўно, пафарбавалі правы бок ганка, кавалак сцяны і на гэтым спыніліся, таму адна частка выглядае цямнейшай і бруднейшай. Здаецца, што ў доме не знойдзеш ні душы. Але на другім паверсе засталося адно акно, не забітае дошкамі. Часам пад вечар, калі спёка робіцца асабліва нясцерпнай, чыясьці рука паволі адчыняе аканіцы, і ў акне паказваецца чалавечы твар. Гэты твар падобны на тыя невыразныя жахлівыя твары, што бачацца ў сне: не мужчынскі і не жаночы, з косымі
шэрымі вачамі, косымі настолькі, што яны ўжо даўно ўпотай тужліва зазіраюць адно ў адно. Праз якую гадзіну твар знікае, аканіцы зачыняюцца і, хутчэй за ўсё, на галоўнай вуліцы больш не з’явіцца ніводнай жывой душы. У такі жнівеньскі надвячорак, калі на фабрыцы заканчваецца змена, у горадзе зусім няма чым заняцца. Можна, бадай што, пайсці на фокс-фолскую дарогу і паслухаць, як спяваюць зняволеныя, што працуюць на яе рамонце.
I ўсё ж калісьці тут, у гэтым самым горадзе, было кафэ. I гэты стары, забіты дошкамі дом быў месцам, роўнага якому не было на многія мілі навокал. Былі ў ім сталы з абрусамі і папяровымі сурвэткамі, электрычныя вентылятары з каляровымі стужкамі. У суботу вечарам збіралася шмат людзей. Уладальніцай кафэ была міс Амелія Івэнс, але сваім поспехам і той вясёлай атмасферай, што панавала тут, кафэ было абавязана перш за ўсё чалавеку, якога называлі кузен Лаймэн.
I яшчэ адна асоба мела дачыненне да гісторыі кафэ — былы муж міс Амеліі, страшны чалавек, што пасля доўгай адседкі ў турме вярнуўся ў горад, нарабіў бяды і зноў знік. Кафэ ўжо даўно зачынена, але памяць аб ім жыве і цяпер.
Спачатку ў доме не было ніякага кафэ. Будынак застаўся міс Амеліі ў спадчыну ад бацькі, і ў ім была крама, у якой можна было купіць фураж, угнаенні і правіянт, перш за ўсё муку грубога памолу і тытунь. Міс Амелія была багатая. У дадатак да крамы за тры мілі ад горада, на балоце, у яе быў свой бровар, дзе гналася лепшая ў акрузе гарэлка. Міс Амелія была чарнявая высокая жанчына, шырокая ў касці, і ў сіле не саступала мужчыну. Зачэсаныя ўгору кароткія валасы адкрывалі загарэлы твар, заўсёды насцярожаны і пануры. Яна, відаць, была б прыгожай жанчынай, калі б не касавокасць, якая ўжо тады кідалася ў вочы.
У яе знайшліся б кавалеры, але мужчыны не цікавілі міс Амелію — ёй было лепш адной. Яе замужжа не было падобнае ні на адзін шлюб у акрузе: гэта быў дзіўны, небяспечны саюз, што працягваўся ўсяго дзесяць дзён, але вельмі здзівіў і моцна ўразіў увесь город. Калі не лічыць гэтага незразумелага замужжа, міс Амелія пражыла жыццё ў адзіноце. Надзеўшы камбінезон і гумовыя боты, яна цэлыя ночы праседжвала ў будане на балоце, падтрымліваючы слабы агонь пад перагонным апаратам.
Міс Амеліі спадарожнічаў вялікі поспех у любой справе, што рабілася рукамі. У суседнім горадзе прадаваліся прыгатаваныя ёю кілбасы і вантрабянка. Пагоднымі восеньскімі днямі яна малола copra, сіроп у яе чанах атрымоўваўся цёмна-залацісты і прыемны на смак. Усяго за два тыдні яна пабудавала за крамай цагляную прыбіральню, і ў цяслярскай справе яна была майстрам. Вось толькі з людзьмі ў яе не выходзіла гэтак гладка. Людзей, калі толькі іх не змусіш абставінамі ці хваробай, нельга ўзяць у рукі і за ноч зляпіць нанова, каб выйшла што-небудзь болып вартае і прыбытковае. Таму, на думку міс Амеліі, людзей можна выкарыстоўваць адным чынам — зарабляць на іх грошы. А гэта яна рабіла вельмі паспяхова. Грошы ад закладных пад ураджай і маёмасць, прыбыткі ад лесапільні, працэнты ў банку... Яна была самая заможная жанчына ў акрузе і была б багатая, як кангрэсмен, калі б не адзін яе вялікі недахоп — цяга да судовых спраў. За якую-небудзь дробязь яна ўступала ў доўгія і заўзятыя судовыя разборы. Гаварылі, што дастаткова было міс Амеліі спатыкнуцца аб камень на дарозе, як яна адразу ж пачынала азірацца, шукаючы, на Ka­ro падаць у суд. Калі не лічыць судовых разбораў, жыццё яе было аднастайнае, кожны наступны дзень не адрозніваўся ад папярэдняга. Апрача замужжа, што працягвалася ўсяго дзесяць дзён, у яе жыцці не
было ніякіх значных падзей да вясны таго года, калі ёй споўнілася трыццаць гадоў.
Быў ціхі красавіцкі вечар. Набліжалася поўнач. Неба было колеру сіняга балотнага касача, на ім ясна свяціў месяц. У тую вясну разлічвалі на добры ўраджай бавоўны, і ўжо некалькі тыдняў фабрыка працавала і ўначы. Яе цагляны будынак у лагчыне каля рэчкі свяціўся жоўтымі агнямі, адтуль далятаў ледзь чутны роўны гул станкоў. У такую ноч прыемна слухаць, як недзе далёка, за полем, працяжна спявае закаханы негр. Прыемна сесці і ўзяць у рукі гітару альбо проста адысціся ад усіх і пабыць аднаму, проста так, не думаючы ні аб чым сур’ёзным. На вуліцы ў той вечар было пуста, але ў краме міс Амеліі гарэла святло, а на ганку сядзелі пяць чалавек. Там быў Стампі МакФэйл, майстар з фабрыкі, мужчына з чырвоным тварам і далікатнымі барвовага адцення рукамі. На верхняй прыступцы сядзелі два хлопцы ў камбінезонах — блізняты Рэйні, абодва цыбатыя і флегматычныя, з бялявымі валасамі і соннымі зялёнымі вачамі. Чацвёрты мужчына — Генры Мэйсі, чалавек сціплы і сарамлівы, да таго ж далікатны і нервовы, сядзеў на краі ніжняй прыступкі. Сама ж міс Амелія стаяла на парозе, абапёршыся аб вушак дзвярэй і скрыжаваўшы ногі, абутыя ў вялізныя балотныя боты. Яна цярпліва разблытвала вузлы на вяроўцы, што выпадкова трапіла ёй у рукі. Ужо доўгі час ніхто з прысутных не вымавіў ні слова.
Першы загаварыў адзін з блізнят, які ўжо даўно выглядаў нешта на, здавалася, зусім пустой дарозе.