Балада пра сумнае кафэ
Карсан Маккалерс
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 190с.
Мінск 1988
Адкрыццё кафэ завяршылася апоўначы. Усе прысутныя прыязна пажадалі адзін аднаму добрай ночы. Міс Амелія прычыніла дзверы, але забылася засунуць засаўку. I хутка ўсюды — і на галоўнай вуліцы з яе трыма крамамі, і на фабрыцы, і ў кожным доме, карацей кажучы, ва ўсім горадзе,— стала цёмна і ціха. Такім чынам прайшлі тры дні і тры ночы, на працягу якіх здарылася столькі падзей: з’яўленнр незнаёмца, разгул злараднасці і адкрыццё кафэ.
Прайшлі чатыры гады — вельмі падобныя адзін на адзін. Змены адбыліся, і значныя, але ўсе падзеі здараліся не адразу, а паступова, і таму ўрэшце ім не аддавалі вялікай увагі. Гарбун, як і раней, жыў у міс Амеліі. Кафэ паступова пашыралася. Міс Амелія пачала прадаваць гарэлку на разліў, і ў краме з’явіліся сталы. Наведвальнікі былі кожны вечар, ну, а ў суботу ад іх было не прадыхнуць. Міс Амелія пачала падаваць на вячэру смажаную рыбу па пятнаццаць цэнтаў за порцыю. Гарбун угаварыў яе купіць механічнае піяніна. За два гады крама ператварылася ў сапраўднае кафэ, адчыненае штодзённа з шасці гадзін вечара да дванаццаці ночы.
Кожны вечар гарбун спускаўся ў кафэ з выглядам чалавека, які ведае сабе цану. Ад яго заўсёды пахла бацвіннем бручкі, бо міс Амелія двойчы на дзень націрала яго моцным настоем, каб надаць яму сілы. Яна песціла яго без ніякай меры, але ўсё дарэмна: ад сытнай ежы большалі толькі горб і галава, а ўсё астатняе было такое ж нямоглае і перакрыўленае. Міс Амелія вонкава не змянілася. Яна, як і раней, насіла балотныя боты і камбінезон, і толькі ў нядзелю надзявала цёмна-чырвоную сукенку, што сядзела на ёй вельмі нязграбна. Але ў яе манерах і ў ладзе жыцця адбыліся значныя змены. Яна па-ранейшаму любіла судзіцца, але ўжо не гарэла, як раней, жаданнем ашукаць каго-небудзь і дамагчыся як мага большых выплат. Паколькі гарбун быў вялікі ахвотнік да кампаній, яна пачала патроху выходзіць «у свет»: прыходзіла на пахаванні, рэлігійныя сходы і гэткія ж іншыя мерапрыемствы. Яе лекарская практыка была па-ранейшаму паспяховая, гарэлка цяпер яшчэ больш удавалася, хоць здаецца, лепшай і быць не можа. Кафэ давала прыбытак, і на многія мілі наўкол яно было адзінае месца, дзе было можна прабавіць час.
А цяпер азірніцеся на мінулыя чатыры гады, звяр-
нуўшы ўвагу на выпадковыя, асобныя эпізоды. Вось барвовым зімнім ранкам гарбун крочыць следам за міс Амеліяй — яны ідуць у сасновы бор на паляванне. Вось яны на полі міс Амеліі — кузен Лаймэн стаіць, засунуўшы рукі ў кішэні, але пільна сочыць за рабочымі і не дае спуску таму, хто замарудзіць. Восеньскім надвячоркам яны сядзяць на ганку, што з двара, і крышаць цукровы трыснёг. Сонечным летнім днём брыдуць па балоце паміж цёмна-зялёных кіпарысаў, дзе пад зблытанымі галінамі балотных раслін пануе дрымотны змрок. Калі сцяжына губляецца ў багне ці абрываецца каля яміны з чорнай балотнай вадой, міс Амелія нахіляецца, каб Лаймэн мог узлезці ёй на спіну, і вось яна крочыць па калена ў балоце, а гарбун сядзіць у яе на плячах, ухапіўшыся рукамі за яе вушы ці шырокі лоб. Часам міс Амелія заводзіла «форд», які яна паспела за гэты час купіць, і везла кузена Лаймэна ў кіно ў Чыха, куды-небудзь на кірмаш ці на пеўневыя баі — гарбун страшэнна захапляўся рознымі відовішчамі. Ну, і, зразумела, кожнае раніцы яны былі ў кафэ, гадзінамі сядзелі каля каміна ў «зале» на другім паверсе. Справа ў тым, што гарбуну ноччу нядужылася і ён баяўся заставацца адзін у цемры. Думка аб смерці звычайна наганяла страх. I міс Амелія не кідала гарбуна сам-насам з пакутлівымі перажываннямі. Можна было нават пагадзіцца з думкай аб тым, што, зрэшты, і кафэ было патрэбнае толькі таму, што там збіраліся кампаніі, да якіх ён быў такі аматар, і гэта дапамагала яму перажыць начныя кашмары. Паспрабуйце скласці вось з такіх асобных момантаў уяўленне аб тым, як яны пражылі гэтыя чатыры гады. Але давайце павядзём гаворку пра іншае.
Цяпер варта даць некаторыя тлумачэнні да таго, што адбылося. Надышоў час загаварыць пра каханне.
Міс Амелія кахала кузена Лаймэна. Гэта было відаць кожнаму. Яны жылі ў адным доме і ўсюды былі разам. Такім чынам, на думку місіс Мак-Фэйл, гэтай пляткаркі з гузаватым носам, што ўвесь час соўгалася разам з крэслам каля вокнаў з аднаго канца пакоя ў другі (ды і не толькі яе), гэтая пара жыла ў граху. Калі яны і былі сваякамі, дык толькі траюраднымі, ды і тое віламі па вадзе пісана. Ну, так, міс Амелія была вялікая баба ростам больш за шэсць футаў, а Лаймэн — маленькі, нямоглы гарбун, што ледзь даставаў ёй да пояса. Што ж, тым лепш для місіс Мак-Фэйл і яе прыяцелек, бо іх хлебам не кармі, а дай папляткарыць наконт якога-небудзь мезальянсу. Ну, і няхай сабе! Добрыя людзі лічылі, што калі гэтым дваім соладка разам, дык гэта датычыцца толькі іх ды самога бога. Наконт адкрыцця місіс Мак-Фэйл у разумных людзей склалася аднолькавая думка. Дык якое ж гэта было каханне?
Па-першае, трэба адзначыць, што, хоць у каханні ўдзельнічаюць двое, гэта не азначае, што ў кожнага з іх аднолькавы ўдзел. Бо адзін — гэта той, хто кахае, а другі — той, каго кахаюць, і ў гэтым яны нібы чужаземцы. Часам каханы — толькі стымул для вызвалення плыні кахання, што на працягу многіх гадоў спакваля збіралася ў сэрцы. I той, хто кахае, ведае гэта. Ён сэрцам разумее нераздзеленасць свайго пачуцця. Яму даводзіцца спазнаць невядомае раней, дзіўнае пачуццё адзіноты, і гэта прычыняе шмат пакут. Такім чынам, яму застаецца толькі адно. Трымаць сваё каханне ў сэрцы, наколькі гэта магчыма, стварыць у сабе цэлы новы ўнутраны свет — трывожны, дзіўны і замкнёны. Трэба дадаць, што гэты закаханы — не абавязкова юнак, што збірае грошы на заручальны пярсцёнак — гэта можа быць і мужчына, і жанчына, і дзіця, адным словам, любая чалавечая істота на гэтай зямлі.
Гэтаксама і каханым можа быць невядома хто... Аб’ектам кахання могуць быць самыя нечаканыя людзі. Мужчына ў пажылым веку, маючы ўжо праўнукаў, можа захоўваць сваё адзінае каханне — да незнаёмай дзяўчыны, якую ён убачыў аднойчы надвячоркам, два дзесяцігоддзі назад, на вуліцы ў Чыха. Прапаведнік можа закахацца ў распусную дзяўчыну. Каханы можа быць здрадлівы, неахайны і распусны. I закаханаму гэта можа быць вядома не горш за іншых, але гэта ні на кроплю не ўплывае на яго каханне. Самая звычайная асоба можа выклікаць каханне, шалёнае, экстравагантнае і прыгожае, як атрутная балотная лілея. Прыстойны чалавек робіцца аб’ектам кахання, адначасова шалёнага і зневажальнага, а закаханасць у мітуслівага вар’ята можа даць закаханаму сэрцу мір і спакой. Вось таму глыбіню кахання можа вызначыць толькі сам закаханы.
3 гэтай прычыны большасць з нас лічыць за лепшае кахаць, чым быць каханымі. Амаль кожны хоча быць закаханым. I, калі гаварыць шчыра, у глыбіні душы многія лічаць ролю каханага нясцерпнай. Каханыя баяцца і ненавідзяць закаханых, і не без падстаў. Бо закаханыя заўсёды імкнуцца абяззброіць каханых. Закаханыя выкарыстоўваюць любую магчымасць, каб завязаць адносіны з каханымі, нават калі ў выніку выклікаюць толькі боль.
Тут ужо гаварылася, што міс Амелія калісьці была замужам. I цяпер, відаць, варта расказаць падрабязна пра гэты эпізод. He трэба забывацца, што гэта здарылася даўно і гэта быў адзіны выпадак у жыцці міс Амеліі да таго, як з’явіўся гарбун, калі яна сутыкнулася з гэтай з’явай — каханнем.
Горад быў такі ж самы, як і цяпер, толькі на галоўнай вуліцы былі не тры крамы, а дзве, а персікавыя дрэвы былі ніжэйшыя і яшчэ крывейшыя. Міс Амеліі было тады дзевятнаццаць гадоў, а бацькі яе ўжо даўно
памерлі. У той час у горадзе жыў механік па прозвішчы Марвін Мэйсі. Ен быў брат Генры Мэйсі, але вам нават у галаву не прыйшло б, што яны сваякі. Марвін Мэйсі быў першы прыгажун у акрузе — высокі, дужы, кучаравы, з нетаропкім паглядам шэрых вачэй. Жыў ён заможна, добра зарабляў і меў залаты гадзіннік з адкідным вечкам і малюнкам вадаспада ўсярэдзіне. Знешне Марвін Мэйсі здаваўся шчасліўчыкам: яму ні перад кім не трэба было шапку здымаць, ён заўсёды атрымліваў тое, што хацеў. Але на больш сур’ёзны і ўважлівы погляд, Марвіну Мэйсі зайздросціць не было чаго, бо чалавек ён быў благі. У цэлай акрузе нельга было знайсці хлопца з горшай рэпутацыяй. Яшчэ падлеткам ён брытвай зарэзаў у бойцы чалавека і потым доўга насіў з сабой яго высушанае засоленае вуха. Ён лавіў у лесе вавёрак і проста так, дзеля забавы, адсякаў ім хвасты, а ў левай кішэні штаноў у яго заўсёды была забароненая марыхуана спакушаць тых, каго скруцілі няўдачы і хто быў на краі гібелі. Але нягледзячы на такую рэпутацыю яго любілі многія жанчыны і нават дзяўчаты — чысценькія, гладка прычасаныя дзяўчаткі з лагоднымі вочкамі, добрымі манерамі і прыгожанькімі задкамі. Гэтых цнатлівых ён даводзіў да распусты і ганьбы. Нарэшце, ва ўзросце дваццаці двух гадоў, Марвін Мэйсі нацэліўся на міс Амелію. Яго вабіла гэта няўклюдная адзінотніца з косымі вачамі. I прычынай былі не грошы, а толькі каханне.
I каханне перамяніла Марвіна Мэйсі. Раней, да таго як ён пакахаў міс Амелію, цяжка было сказаць, ці ёсць у гэтага чалавека сэрца і душа. Праўда, можна знайсці нейкае апраўданне агіднасці яго характару, бо Марвіну Мэйсі давялося зазнаць гора, прыйшоўшы на гэты свет: ён быў адзін з сямі нежаданых дзяцей у бацькоў — людзей, якіх наўрад ці варта было называць гэтым словам; гэтыя так званыя бацькі былі шалапуты, якія толькі і рабілі, што бадзяліся па балотах ды ла-
вілі рыбу. Дзеці, а іх колькасць павялічвалася амаль кожны год, былі ім непатрэбны клопат. Прыйшоўшы вечарам з фабрыкі, яны глядзелі на сваіх дзяцей так, нібыта не ведалі, адкуль тыя ўзяліся. Калі дзеці пачыналі румзаць, іх лупцавалі, і першае, чаму яны навучыліся на гэтым свеце, дык гэта ўменню знаходзіць у пакоі самы цёмны кут і як мага лепей там хавацца. Яны былі тонкія і белагаловыя, зусім як маленькія здані, і ніхто не чуў, каб яны размаўлялі, нават паміж сабой. Нарэшце бацькі іх зусім кінулі, аддаўшы на літасць горада. Зіма была тады вельмі халодная, фабрыку зачынілі амаль на тры месяцы, і ўсе жылі ў галечы. Але гэта быў не той горад, дзе маглі даць бедным сіротам загінуць на вачах усіх пасярод вуліцы. I вось што выйшла: старэйшы з дзяцей — васьмігадовы хлопчык — пайшоў у Чыха і знік. Мабыць, ускочыў дзенебудзь у таварны цягнік і памчаў разам з ім у вялікі свет — ніхто добра не ведае. Яшчэ трое дзяцей знаходзілі прытулак у розных дамах у горадзе, вандруючы ад адной кухні да другой, і паколькі яны былі кволыя, то не дажылі да вялікадня. Засталіся двое — Марвін Мэйсі і Генры Мэйсі; гэтыя двое трапілі ў сям’ю. Жыла ў горадзе добрая жанчына — Мэры Хэйл. Яна ўзяла іх да сябе і любіла іх, як сваіх родных дзяцей.