Балада пра сумнае кафэ  Карсан Маккалерс

Балада пра сумнае кафэ

Карсан Маккалерс

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 190с.
Мінск 1988
48.51 МБ
Капітан пачуў, як грукнулі дзверы, і падняўся з-за стала. У кухні на стале сядзела яго жонка, і служанка-негрыцянка сцягвала з яе боты. Місіс Пендэртан не была стопрацэнтная жыхарка паўднёвых штатаў. Яна нарадзілася і гадавалася сярод вайскоўцаў, і яе бацька, які за год перад адстаўкай даслужыўся да брыгаднага генерала, паходзіў з заходняга ўзбярэжжа краіны. Маці была з Паўднёвай Караліны. I капітанава жонка ў пэўным сэнсе належала да гэтага тыпу
людзей — жыхароў Поўдня. Газавая пліта ў іх доме не зарасла брудам, але і сказаць, што яна чыстая, таксама было нельга. Місіс Пендэртан прытрымлівалася многіх іншых традыцыйных уяўленняў, тыповых для жыхароў Поўдня; яна, напрыклад, цвёрда верыла, што пірожнае або хлеб нельга есці, калі цеста не раскачалі на мармуровым стале. Якраз таму, калі капітана аднойчы накіравалі служыць у Шофілд-Бэракс, яны пацягнулі з сабой і стол, на якім яна цяпер сядзела, на Гаваі, а потым назад. Калі яна знаходзіла ў талерцы чорны кручаны волас, яна спакойна вымала яго на сурвэтку і ела далей са смакам, нават вокам не маргнуўшы.
— Сузі,— спыталася місіс Пендэртан,— а ў людзей таксама ёсць такія пупкі, як у курэй?
Капітан стаяў у дзвярах, не заўважаны ні жонкай, ні служанкай. Місіс Пендэртан скінула боты, басанож прайшла па кухні, дастала з духоўкі кавалак шынкі, пасыпала карычневым цукрам і хлебнымі крошкамі, зноў наліла сабе віскі, гэты раз паўкілішка, і ад лішняй энергіі раптам пусцілася ў скокі — выканала кароткі эксцэнтрычны танец. Капітана жонка вельмі раздражняла, і яна ведала гэта.
— Напрамілы бог, Леанора, ідзі наверх і абуйся.
У адказ місіс Пендэртан завяла нейкі дзіўны матыўчык і прайшла міма капітана ў залу.
Капітан пайшоў за ёю.
— У такім выглядзе ты падобная на кудлу.
У каміне ўжо ляжалі прыгатаваныя дровы, і місіс Пендэртан нагнулася запаліць іх. Яе гладкі міленькі твар заружавеўся, на верхняй губе блішчалі кропелькі поту.
— Лэнгданы могуць прыйсці з хвіліны на хвіліну, а ты што, у такім выглядзе і сядзеш за стол?
— Вядома,— адказала яна.— А чаму не, слухай, ты, старая размазня.
Капітан прамовіў холадна і стрымана:
— Ты мне агідная.
Місіс Пендэртан зарагатала; смех быў мяккі і шалёны, нібыта яна пачула доўгачаканую скандальную навіну ці прыгадала які-небудзь фрывольны жарт. Яна зняла з сябе вязаны жакет, скамячыла яго і шпурнула ў кут. Потым павольна расшпіліла брыджы і выйшла з іх, калі яны асунуліся на падлогу. Праз момант яна ўжо зусім голая стаяла перад камінам. Асветленае яркімі аранжава-залатымі водбліскамі агню, яе цела было надзвычай прыгожае. Плечы былі роўныя, ключыцы ўтваралі выразную лінію. Паміж круглых грудзей віднеліся тонкія блакітныя жылкі. Праз некалькі гадоў яе цела распусціцца, як ружа, раскрые пялёсткі, цяпер жа мяккую круглявасць яшчэ стрымліваў спорт. Леанора стаяла нерухома і спакойна, здавалася, яе цела трапеча і даволі крануць яго рукой, як адчуеш прыціхлае, але энергічнае пульсаванне крыві. Капітан глядзеў на жонку разгублена і абурана, як чалавек, якому толькі што далі аплявуху; тая ж спакойна пайшла ў прыхожую і далей да лесвіцы. Дзверы на вуліцу былі расчыненыя, і з цемры ночы дзьмуў вецер, развяваючы яе распушчаныя медныя валасы.
Яна прайшла да палавіны, калі капітан апрытомнеў ад шоку. Трасучыся, ён пабег за ёю.
— Я заб’ю цябе! — крыкнуў ён, задыхаючыся.— Чуеш? Заб’ю!
Капітан упёрся рукой аб парэнчу і прысеў, паставіўшы адну нагу на вышэйшую прыступку, як бы рыхтуючыся кінуцца на жонку.
Яна паволі павярнулася і, безуважна паглядзеўшы на яго, сказала:
— Сынок, цябе калі-небудзь выкідала за каршэнь на двор і лупцавала голая жанчына?
Капітан застыў на месцы. Ен схіліў галаву на вы-
цягнутую руку і ўсім целам абапёрся аб парэнчу. 3 яго грудзей вырваўся рэзкі крык, падобны на плач, хоць вочы засталіся сухімі. Праз нейкі час ён выцер шыю хустачкай і тады заўважыў, што дзверы на вуліцу адчыненыя, дом — ярка асветлены, а шторы — паднятыя. Ад гэтага яму адразу зрабілася млосна. Хто-небудзь мог прайсці па цёмнай вуліцы каля дома. Ен падумаў пра салдата, які яшчэ зусім нядаўна быў паблізу. Нават ён мог убачыць усё, што адбылося. Капітан збянтэжана азірнуўся. Нарэшце ён пайшоў у кабінет, дзе ў яго быў графін вытрыманага віскі.
Леанора Пендэртан не баялася ні людзей, ні звяроў, ні самога чорта, бога таксама не ведала. Калі ўспаміналі бога, адзінае, што ёй прыходзіла ў галаву — гэта стары бацька, які часам у нядзелю пасля абеду чытаў біблію. 3 той кніжкі яна помніла толькі дзве рэчы: па-першае, што Ісуса распялі на крыжы ў месцы, якое называецца гара Галгофа, па-другое, што аднойчы ён ехаў вярхом некуды на асле, ну, а каму ахвота ездзіць вярхом на асле?
Праз пяць хвілін Леанора Пендэртан ужо забылася, што адбылося паміж ёй і мужам. Яна наліла вады ў ванну і падрыхтавала тое, у што збіралася адзецца сёння вечарам. Пра Леанору Пендэртан хадзіла шмат плётак. На думку гарнізонных дам, яе мінулыя і цяперашнія раманы ўяўлялі стракаты калейдаскоп амурных прыгод. Але большасць з таго, пра што пляткарылі дамы, былі ўсяго толькі чуткі і здагадкі, бо Леанора Пендэртан належала да тых людзей, што аддаюць перавагу спакою і не любяць ніякіх ускладненняў. Яна выйшла замуж за капітана нявінная. Чатыры ночы пасля вяселля яна па-ранейшаму заставалася нявінная; на пятую перайшла ў новы статус, які не прынёс нічога новага, акрамя хіба невялікай разгубленасці. Пра далейшае лепш памаўчаць. Калі б Леанора ацэньвала свае раманы па распрацаванай ёй самой сістэме,
то стары палкоўнік у Лівенворце атрымаў бы палову рахунку, а малады лейтэнант з Гаваяў — усяго некалькі працэнтаў. Але апошнія два гады ў яе быў толькі маёр Морыс Лэнгдан, і нікога больш. Ім яна была цалкам здаволеная.
У ваенным гарадку Леанора Пендэртан мела рэпутацыю гасціннай гаспадыні, выдатнай спартсменкі і нават гранд-дамы. Аднак было нешта такое, што заставалася загадкаю сябрам і знаёмым. Яны адчувалі, іпто ў яе ёсць нейкая рыса, якую проста так не выявіш. Справа ў тым, што Леанора была не надта далёкая на розум.
Гэты сумны факт не ўсе бачылі на вечарынках, на стайні, за сталом. Толькі тры чалавекі ведалі гэта: яе стары бацька — генерал, якому нямала давялося патурбавацца, пакуль удала не выдаў дачку замуж; яе муж, які адносіўся да гэтага як да стану, натуральнага ўсім жанчынам, якім няма яшчэ сарака гадоў, і маёр Морыс Лэнгдан, які любіў яе за гэта яшчэ больш. Яна не змагла б памножыць дванаццаць на трынаццаць нават перад пагрозай дыбы. Калі ёй трэба было абавязкова напісаць ліст, каб, скажам, падзякаваць дзядзьку за грашовы перавод, атрыманы ў дзень нараджэння, ці заказаць па пошце вуздэчку, гэта было вельмі нялёгка. Яна зачынялася з Сузі на кухні, стварыўшы такім чынам атмасферу акадэмічнай ізаляванасці. Абедзве садзіліся за стол, на якім ужо ляжалі цэлы стос паперы і некалькі акуратна завостраных алоўкаў. Потым, калі канчатковы варыянт быў гатовы ў чарнавіку і нарэшце перапісаны начыста, яны былі ўжо такія змораныя, што марылі толькі пра адно — спакойна выпіць чаго-небудзь, каб акрыяць.
У той вечар Леанора Пендэртан з задавальненнем памылася ў ванне. Потым не спяшаючыся надзела загадзя падрыхтаваную простую шэрую спадніцу, блакітны пуховы світэр, пачапіла жамчужныя завушні-
цы. Калі а сёмай гадзіне яна зноў спусцілася на першы паверх, госці ўжо былі там.
На думку місіс Пендэртан і маёра вячэра была выдатная. На першае быў булён, потым шынка, салат з маладога лісця рэпы, запраўлены алеем, а таксама зацукраваны батат, які ад святла здаваўся празрыстым бурштынам і быў шчодра паліты нечым салодкім. Былі таксама свежыя булачкі і хлеб. Сузі толькі раз абнесла ўсіх салатам, а потым паставіла ўсе стравы паміж маёрам і Леанорай, бо абое любілі добра паесці. Маёр еў, абапёршыся локцем аб стол, і наогул адчуваў сябе як дома. Яго чырвона-карычневы твар меў тупаваты, вясёлы і прыязны выраз; яго любілі як афіцэры, так і салдаты. За сталом амаль не гаварылі, успомнілі толькі пра выпадак з Жарптахам. Місіс Лэнгдан амаль не дакранулася да яды. Гэта была маленькая чарнявая кволая жанчына з вялікім носам і выразнымі вуснамі. Яна была вельмі хворая, аб гэтым можна было здагадацца па яе выгляду. Хвароба была не толькі фізічная; уся яна настолькі змучылася ад смутку і непакою, што была на парозе вар’яцтва. Капітан Пендэртан сядзеў вельмі роўна з прыціснутымі да бакоў локцямі. За ўвесь час ён толькі зусім афіцыйна павіншаваў маёра з медалём, які той атрымаў. Раз-пораз ён пстрыкаў па краі шклянкі і ўслухоўваўся ў празрысты звон. На дэсерт быў пірог з начынкай. Пасля гэтага ўсе чацвёра перайшлі ў залу, каб правесці рэшту вечара за картамі і размовай.
— Ты вельмі добрая кухарка, мая дарагая,— з сытай здаволенасцю сказаў маёр.
Акрамя чацвярых, што сядзелі за сталом, непадалёк быў яшчэ адзін. У цемры восеньскага вечара каля акна стаяў чалавек, які маўкліва сачыў за ўсім, што рабілася ў доме. Ноч была халодная, і ад чыстага паху соснаў паветра было вельмі свежае. У лесе, што шу-
меў побач, заводзіў свае песні вецер. Неба зіхацела ледзянымі зоркамі. Чалавек стаяў так блізка ля акна, што халодная шыбіна пацела ад яго дыхання.
Радавы Уільямс сапраўды бачыў, як місіс Пендэртан ішла ад каміна ўгору па лесвіцы ў ванну. У сваім жыцці малады салдат ніколі не бачыў голай жанчыны. Ен вырас у доме, дзе былі толькі мужчыны. Ад свайго бацькі, што гаспадарыў на ферме, на якой з усёй скаціны быў толькі адзін мул, а ў нядзелю чытаў пропаведзі ў царкве, ён даведаўся, што жанчыны — гэта носьбіты смяротнай і заразнай хваробы, ад якой мужчыны слепнуць, робяцца калекамі і непазбежна трапляюць у пекла. Ужо служачы ў войску, ён таксама чуў размовы пра гэту агідную хваробу і да таго ж раз на месяц яго аглядаў урач, каб праверыць, ці быў ён у блізкіх адносінах з жанчынай. Уільямс не толькі ніколі па сваёй ахвоце не дакранаўся ні да адной жанчыны, але нават не глядзеў на іх, не размаўляў.
Ен забавіўся ў лесе, збіраючы сырое буйное лісце. Калі нарэшце загад быў выкананы, ён, кіруючыся ў сталовую на вячэру, ішоў міма дома капітана. Выпадкова зірнуў на вокны ярка асветленай пярэдняй і ўжо не змог скрануцца з месца. Ен моўчкі стаяў у начной цішыні, бязвольна апусціўшы рукі. Калі, вячэраючы, пачалі рэзаць шынку, ён глытнуў сліну. Сумны пранізлівы позірк салдата быў скіраваны на капітанаву жонку. Маўклівы выраз яго твару не змяніўся ад убачанага, толькі залаціста-карычневыя вочы часам звужаліся, быццам у галаве нараджаўся нейкі таямнічы план. Калі капітанава жонка пайшла са сталовай, ён яшчэ нейкі час пастаяў на тым самым месцы. Потым паволі адвярнуўся. На роўную траву газона, асветленага вокнамі, што засталіся за яго спіной, лёг яго доўгі цень. Салдат пайшоў прэч, як бы згінаючыся пад цяжарам незразумелай мроі, і крокі яго былі мяккія і зусім нячутныя.