Балада пра сумнае кафэ
Карсан Маккалерс
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 190с.
Мінск 1988
— Колькі гэта каштуе? — спыталася яна.
— Матэрыял дарагі, але тканіны такой якасці танней не купіш. Да таго ж падумайце, колькі гадоў яна будзе насіцца.
Элісан зноў узяла кнігу.
— Мы падумаем пра гэта.
— Напрамілы бог, нават не думай і купі сабе гэту сукенку,— усклікнуў маёр. Яму непрыемна было слухаць усе гэтыя разважанні Элісан пра цэны.
— I калі ўжо зайшла пра гэта размова, то, можа, варта заказаць які лішні ярд мне на пінжак,— дадаў Анаклета.
— Добра. Калі я ўсё ж надумаю купіць гэту тканіну.
Анаклета наліў Элісан лякарства і зморшчыўся, пакуль яна піла яго. Потым падлажыў ёй пад спіну электрычную грэлку і расчасаў валасы. Але выходзячы з пакоя, ён не змог спакойна прайсці каля вялікага, у рост чалавека, люстэрка, што было прымацавана на дзвярах шафы ў сцяне. Спыніўшыся, ён аглядзеў сябе ў люстэрку, выцягнуў насок нагі і адкінуў галаву.
Потым павярнуўся да Элісан і зноў пачаў пасвістваць.
1 Вынашаная (фр.).
— Адкуль гэта? Вы з лейтэнантам Вайнчакам ігралі ў чацвер пасля абеду.
— Першы такт Санаты ля-мажор Франка.
— Паслухайце! — з хваляваннем усклікнуў Анаклета.— Якраз у тую хвіліну гэта самая мелодыя падказала мне ідэю балета. Чорныя аксамітавыя кулісы і водсветы сонца на захадзе, нібыта зімовым надвячоркам. Спачатку вельмі павольна з удзелам усёй трупы. Потым пражэктар высвятляе сольны нумар, вельмі імклівы, як агонь, пад вальс, што выконваў містэр Сяргей Рахманінаў. Потым у фінале зноў Франк, толькі цяпер,— ён глянуў на Элісан дзіўнымі яснымі вачыма,— хмельны!
Пасля гэтых слоў ён пачаў танцаваць. Год назад яго бралі з сабой на рускі балет, і ён ніяк не мог забыць яго. Ніводны гук, ніводны рух не застаўся ім незаўважаны. Рухаючыся на шэрым дыване ў млявай пантаміме ўсё павальней і павальней, ён нарэшце спыніўся са складзенымі накрыж нагамі ў сандалях і рукамі, нібы для малітвы. Потым раптам лёгка крутнуўся і завіхурыў у кароткім, але шалёным сольным танцы.
Па яго натхнёным твары было відаць, што ў думках ён бачыў сябе на вялізнай сцэне зоркай першай велічыні ў грандыёзным спектаклі. Элісан таксама не хавала свайгб захаплення. Маёр глядзеў то на яе, то на яго з недаверам і прыкрасцю. Канец танца быў як п’яная пародыя на пачатак. У фінале Анаклета спыніўся ў недарэчнай позе, трымаючы ў адной руцэ локаць другой і падпёршы кулаком падбародак з грымасай збянтэжанасці на твары.
Элісан засмяялася.
— Брава! Брава! Анаклета!
Яны пачалі смяяцца разам, і філіпінчык абапёрся аб дзверы, шчаслівы і крыху ўзрушаны. Нарэшце ён аддьіхаўся і ўсклікнуў у захапленні:
— Вы заўважылі, як «брава» добра пасуецца да «Анаклета»?
Элісан перастала смяяцца і задуменна кіўнула галавой:
— Сапраўды, Анаклета. Я заўважала гэта многа разоў.
Філіпінчык пайшоў, але затрымаўся на парозе. Ён абвёў позіркам пакой, правяраючы, ці ёсць яшчэ якая патрэба ў яго паслугах. Потым паглядзеў Элісан у твар, і яго вочы раптам зрабіліся праніклівыя і вельмі сумныя.
— Паклічце мяне, калі я вам спатрэблюся,— коратка прамовіў ён.
Было чуваць, як ён спачатку паволі, а потым з падскокам спускаўся па лесвіцы. На апошніх прыступках ён, відаць, паспрабаваў зрабіць ужо нешта зусім віртуозна, бо раптам пачуўся грукат. Калі маёр выйшаў на лесвіцу, Анаклета ўжо ўставаў, сабраўшыся з сіламі, мужна стараўся трымацца з гонарам.
— Ён не пакалечыўся? — занепакоена спыталася Элісан.
Анаклета падняў на маёра вочы, поўныя слёз.
— Усё ў парадку, пані Элісан,— крыкнуў ён.
Маёр нахіліўся і паволі прашаптаў, варушачы так вуснамі, каб Анаклета мог разабраць словы:
— Шкада — што — ты — не — скруціў — сабе — галавы.
Анаклета ўсміхнуўся, паціснуў плячыма і пайшоў, кульгаючы, у сталовую. Маёр вярнуўся ў спальню і ўбачыў, што жонка зноў чытае. Яна не ўзняла галавы, таму ён пайшоў праз калідор у свой пакой, грукнуўшы за сабою дзвярыма. Яго пакой быў маленькі, даволі непрыбраны, і адзіным упрыгожаннем у ім былі кубкі, якія ён атрымаў, удзельнічаючы ў конных спаборніцтвах. На тумбачцы каля ложка ляжала разгорнутая кніга — вельмі мудрагелістая і вучоная. Ста-
ронка была закладзена запалкай. Маёр адгарнуў яшчэ каля, сарака старонак — аптымальную колькасць на вечар — і залажыў запалкай новае месца. Потым ён выцягнуў з-пад стоса кашуль у шуфлядзе камоды надрукаваны на таннай паперы часопіс «Навуковая фантастыка» — адзін з тых, што спецыялізуюцца на розпых сенсацыях. Ен уладкаваўся зручней у ложку і пачаў чытаць пра жорсткую міжпланетную супервайну.
У гэты час у пакоі па другі бок калідора яго жонка, адклаўшы кнігу, моўчкі сядзела ў ложку з падаткнутай пад спіну падушкай. Твар у яе быў скрыўлены ад болю, а хваравітыя вочы трывожна аглядалі сцены пакоя. Элісан строіла планы. Яна развядзецца з Морысам — гэта ўжо вырашана. Але як усё гэта зрабіць? I, што самае галоўнае, ці змогуць яны з Анаклетам зарабляць сабе на жыццё? Яна заўсёды з пагардай ставілася да жанчын, што, не маючы дзяцей, прымалі аліменты, а наколькі яна зможа захаваць хоць крыху гонару, залежала ад таго, ці хопіць у яе рашучасці адмовіцца ад яго грошай пасля разводу. Але ж куды яны пададуцца — яна і Анаклета? Перад тым як выйсці замуж, яна год выкладала лацінскую мову ў жаночай школе, але цяпер, з яе здароўем, пра гэта не магло быць і гаворкі. Можа, кнігарня? Тут павінна быць Hernia такое, чым мог бы займацца Анаклета ў тым выпадку, калі яна захварэе. А можа, яны маглі б лавіць крэветак? Аднойчы яна разгаварылася на беразе мора з рыбакамі, што лавілі крэветак. Быў адзін з тых дзён, калі на ўзбярэжжы ўсё навокал было блакітна-залацістае, і ёй расказалі многа цікавага. Яна і Анаклета выходзілі б у мора і, закінуўшы сеткі, заставаліся б там цэлы дзень, а навокал — толькі халодны салёны вецер, акіян і сонца — Элісан неспакойна пакруціла галавой. Што за фантазія!
Калі восем месяцаў назад яна даведалася пра му-
жаву здраду, гэта быў страшэнны ўдар. Яна, лейтэнант Вайнчак і Анаклета тады паехалі ў горад, яны збіраліся прабыць там два дні і дзве ночы, схадзіць на канцэрт і ў тэатр. Але на другі дзень у яе паднялася тэмпература, і яны вырашылі вярнуцца дадому, Прыехалі надвячоркам, Анаклета высадзіў яе каля ўвахода ў дом з вуліцы, а сам паехаў ставіць машыну ў гараж. Яна прыпынілася на дарожцы, што вяла да дзвярэй, загледзеўшыся на парасткі кветак. Ужо амаль сцямнела, і ў мужавым пакоі гарэла святло. Пярэднія дзверы былі замкнёныя, і, спыніўшыся перад імі, яна ўбачыла на камодзе ў пярэдняй Леанорына паліто. Элісан тады яшчэ вельмі здзівілася, падумаўшы, што навошта замыкаць дзверы, калі ў доме — Пендэртаны. Потым ёй прыйшло ў галаву, што яны, відаць, гатуюць сабе кактэйлі на кухні, а Морыс у гэты час у ванне. I яна накіравалася да чорнага хода. Але не паспела ўвайсці ў дом, як насустрач ёй уніз па лесвіцы збег Анаклета з перапалоханым да смерці тварыкам. Ен прашаптаў ёй, што яны павінны вярнуцца ў горад, які быў за дванаццаць міль, бо нешта там забыліся. А калі яна, даволі здзіўленая, ступіла на лесвіцу, ён схапіў яе за руку і сказаў таямнічым збянтэжаным голасам:
— Вы не павінны цяпер ісці туды, пані Элісан.
Які ж гэта быў удар, калі яна ўсё зразумела! Яны з Анаклетам селі ў машыну і зноў паехалі. Гэта адбылося ў яе доме — вось абраза, з якой яна не магла змірыцца. I трэба ж было такому здарыцца, што менавіта тады, калі яны збавілі хуткасць на кантрольнапрапускным пункце, там на варце быў малады салдат, які не ведаў іх і загадаў спыніцца. Ён зазірнуў у іх маленечкі аўтамабіль, нібы спадзяваўся знайсці схаваны там кулямёт, а потым утаропіўся на Анаклету, які ў сваім шыкоўным цёмна-аранжавым пінжаку ледзь стрымліваўся, каб не расплакацца. Салдат спы-
таўся ў іх, хто яны такія, гэтак, што, на яго думку, яны адразу павінны былі зразумець дарэмнасць спробы назвацца якім-небудзь выдуманым прозвішчам.
Яна ніколі не забудзе твар таго салдата. Тады яна не магла прымусіць сябе назваць прозвішча мужа. Малады салдат чакаў, не зводзячы з іх вачэй і не гаворачы ні слова. Пасля яна бачыла таго самага салдата ў стайні, куды заязджала па Морыса на машыне. У яго быў дзіўны засяроджаны выгляд, як у не кранутых цывілізацыяй людзей на палотнах Гагена. Яны глядзелі адно на аднаго, відаць, цэлую хвіліну, пакуль, нарэшце, не прыйшоў афіцэр.
Яна і Анаклета ехалі каля трох гадзін па холадзе, не сказаўшы адно аднаму ні слова. I вось пасля таго ў доўгія ночы, калі яна хварэла і ніяк не магла супакоіцца, пачалі нараджацца планы, задумы, што адразу з узыходам сонца ўжо здаваліся недарэчнымі. А потым быў вечар, калі яна прыбегла дадому ад Пендэртанаў і зрабіла тую жахлівую рэч. Яна ўбачыла на сцяне садовыя нажніцы і, не помнячы сябе, спрабавала ўваткнуць іх у грудзі і такім чынам памерці. Але нажніцы былі занадта тупыя. А потым на нейкі час яна, відаць, страціла розум, бо сама не ведала, як усё здарылася. Элісан уздрыгнула ад успамінаў і закрыла твар далонямі. Яна пачула, як муж адчыніў дзверы свайго пакоя і выставіў у калідор чаравікі. Яна адразу патушыла святло.
Маёр скончыў чытаць часопіс і засунуў яго назад у шуфляду. Ён выпіў апошні раз перад сном, лёг, зручна ўладкаваўшыся ў ложку, і пачаў глядзець проста перад сабой у цемру. Яму прыгадалася першая сустрэча з Леанорай. Адбылася яна тады, калі памерла дзіця. Увесь той год цэлых дванаццаць месяцаў Элісан альбо была ў бальніцы, альбо блукала па доме нібы здань. Леанору ён сустрэў на стайні ў першы тыдзень службы ў гэтым гарнізоне, і яна прапанавала яму па-
казаць наваколле. Яны з’ехалі са сцежкі для верхавой язды і перайшлі на поўны галоп. Калі прывязалі коней, каб тыя адпачылі, Леанора ўбачыла непадалёк зараснікі ажыны і сказала, што пашукае заадно ягад для крушону на абед. I божа! Калі яны прабіраліся разам праз тыя зараснікі, кідаючы ягады ў капялюш, усё і здарылася першы раз. У дзевяць гадзін раніцы і праз дзве гадзіны пасля таго, як пазнаёміліся! Нават цяпер яму верылася ў гэта з цяжкасцю. Але што гэтая сустрэча нагадала яму тады? А так... Нібыта ён быў на манеўрах у халоднае дажджлівае надвор’е, мерзнучы цэлую ноч у палатцы, у якую працякала вада. А потым падняўся на досвітку і ўбачыў, што дождж аціх і на небе зноў ззяе сонца. Убачыў бравых салдат, якія гатавалі сабе каву на бівачных вогнішчах, з якіх у чыстае белае неба ляцелі іскры. Цудоўнае пачуццё — найлепшае ў свеце!