Балада пра сумнае кафэ  Карсан Маккалерс

Балада пра сумнае кафэ

Карсан Маккалерс

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 190с.
Мінск 1988
48.51 МБ
Уільямс сядзеў на кукішках каля ложка ў пакоі «пані» амаль да світання. За гэты час ён не зварухнуўся, не выдаў сябе ніводным гукам і не адвёў вачэй ад цела капітанавай жонкі. Потым, калі пачало ўжо світаць, ён зноў абапёрся аб падаконнік, каб утрымаць раўнавагу, і асцярожна падняўся. Ён сышоў уніз па лесвіцы і нячутна зачыніў за сабою дзверы. Неба ўжо было бледна-блакітнае, і ў ім дагарала зорка Венера.
РАЗДЗЕЛ III
Элісан Лэнгдан правяла пакутлівую ноч. Яна не заснула, пакуль не ўзышло сонца і не пратрубілі пад’ём. Увесь гэты доўгі час яе непакоілі сумныя думкі. На світанні ёй здалося, і яна была амаль упэўненая, што сапраўды бачыла, як нехта выйшаў з дома Пендэртанаў і падаўся да лесу. Потым, ледзь Элісан нарэшце заснула, яе абудзіў страшэнны шум. Яна ху-
ценька накінула на сябе халат, сышла па лесвіцы і стала сведкай скандальнай і недарэчнай сцэны. У сталовай яе муж з чаравікам у руцэ ганяўся вакол стала за Анаклетам. Маёр бегаў у шкарпэтках, але пры поўным парадзе, з усімі атрыбутамі для суботняга ранішняга агляду, так што начэпленая шабля брынкала, ляпаючы яго па сцягне. Убачыўшы Элісан, абодва адразу спыніліся.
— Ён зрабіў гэта наўмысна! — зароў маёр голасам, поўным абурэння.— Я пазнюся. Мяне чакаюць шэсцьсот чалавек. А тут глянь, не, ты зірні, калі ласка, што ён мне прынёс!
Чаравікі сапраўды ўяўлялі сумнае відовішча. Здавалася, што іх шаравалі з вадой, загадзя абсыпаўшы мукой. Яна насварылася на Анаклету і прасачыла, каб ён пачысціў чаравікі як належыць. Анаклета жаласна румзаў, але яна знайшла ў сабе сілу волі, каб не супакойваць яго. Скончыўшы чысціць, Анаклета прабурчаў нешта пра тое, што ўцячэ з дому і пачне гандляваць бялізнай у Квебеку. Яна занесла начышчаныя чаравікі мужу і аддала іх, не сказаўшы ні слова, але з папрокам у вачах. Адчуўшы боль у сэрцы, яна зноў лягла і ўзяла ў рукі кнігу.
Анаклета прынёс ёй кавы, а потым з’ездзіў у гарнізонны магазін, каб купіць усё неабходнае на выхадны дзень. Праз нейкі час, калі яна скончыла чытаць кнігу і глядзела ў акно на сонечны восеньскі дзень, Анаклета зноў зайшоў у пакой. Ён быў вясёлы і зусім забыўся пра вымову за чаравікі. Ён распаліў моцны агонь у каміне і ціхенька адчыніў верхнюю шуфляду камоды, каб трохі ў ёй пакорпацца. Анаклета дастаў адтуль крышталёвую запальнічку, што па заказе Элісан зрабілі з старадаўняга флакона нюхальнай солі. Анаклету настолькі спадабалася гэтая цацка, што Элісан ужо некалькі гадоў назад падаравала яму запальнічку. Тым не менш ён трымаў свой падарунак разам
з яе рэчамі, каб мець магчымасць на законнай падставе адчыніць шуфляду, калі яму толькі захочацца. Анаклета папрасіў яе пазычыць яму акуляры і доўга ўглядаўся ў ільняную дарожку на камодзе. Потым ён ухапіў нешта нябачнае двума пальцамі і панёс да скрынкі смецця. Ён пра штосьці гаварыў сам з сабою, але яна не звяртала ўвагі на яго шчабятанне.
Што стане з Анаклетам, калі яна памрэ? Гэтае пытанне ўвесь час непакоіла Элісан. Морыс, канешне, паабяцаў не пакінуць яго ў нястачы, але чаго варта будзе гэтае абяцанне, калі Морыс зноў ажэніцца, а гэта здарыцца абавязкова. Яна ўспомніла, як сем гадоў назад на Філіпінах Анаклета першы раз з’явіўся ў іх доме. Якое сумнае маленькае стварэнне гэта было! Яго так мучылі іншыя служкі, што ён цэлымі днямі, як сабака, хадзіў следам за ёй. Дастаткова было камунебудзь глянуць на яго, як ён пачынаў залівацца слязьмі і заломліваць рукі. Анаклету бьіло семнаццаць гадоў, але яго хваравіты, разумны, збянтэжаны твар быў наіўны, як у дзесяцігадовага дзіцяці. Калі яна збіралася вяртацца ў Штаты, ён папрасіў, каб яго ўзялі з сабой, і яна згадзілася. Удваіх з Анаклетам яны змаглі б неяк пражыць разам на гэтым свеце, але што будзе рабіць ён адзін, калі яна памрэ?
— Анаклета, ты шчаслівы? — раптам спыталася яна.
Філіпінчык быў не з тых, каго можна было здзівіць нечаканым інтымным пытаннем.
— Ну, а як жа,— адказаў ён, не вагаючыся ні хвіліны.— Калі толькі вы адчуваеце сябе добра.
У пакоі было светла ад сонца і агню ў каміне. На адной сцяне водсветы ўтварылі вясёлку, і яна назірала за яе скокамі, слухаючы адным вухам ціхія разважанні Анаклеты. «Што мне цяжка ўявіць, дык гэта тое, што яны ведаюць»,— мармытаў ён. Вельмі часта ён пачынаў размову з такой вось цьмянай загадкавай
заўвагі, і таму Элісан спадзявалася, што праз нейкі час ёй удасца ўлавіць сэнс. «Толькі праслужыўшы ў вас доўгі час, я сапраўды паверыў, што вы ведаеце. Цяпер я веру ўсім, апрача містэра Сяргея Рахманінава».
Элісан павярнула твар у яго бок.
— Пра што ты гаворыш?
— Пані Элісан,— адказаў Анаклета,— вы і праўда верыце, што містэр Сяргей Рахманінаў ведае, што крэсла — гэта тое, на чым сядзяць, і што гадзіннік паказвае час? I што, калі я здыму чаравік, паднясу да яго вачэй і спытаюся: «Што гэта, містэр Сяргей Рахманінаў?» — ён адкажа, як любы іншы чалавек: «Як што, Анаклета? Гэта — чаравік». Мне цяжка гэта ўявіць.
Сольны канцэрт Рахманінава быў апошні, на якім яны былі, і, на думку Анаклеты,— найлепшы. Што да Элісан, то яе не вабілі канцэртныя залы з натоўпамі людзей, яна лічыла за лепшае траціць грошы на грамафонныя дыскі, але час ад часу добра было вырвацца з гэтага гарнізона, і гэтыя паездкі складалі радасць жыцця Анаклеты. Хаця б таму, што начавалі ў гасцініцы, а гэта выклікала ў Анаклеты захапленне.
— Як вы лічыце: можа, калі я ўзаб’ю падушкі, вам будзе зручней ляжаць? — спытаўся Анаклета.
А вячэра пасля таго канцэрта! Анаклета ганарліва прыплыў услед за ёй у рэстаран пры гасцініцы ў сваім аранжавым аксамітавым пінжаку. Калі надышла чарга рабіць заказ, ён паднёс меню да твару і потым заплюшчыў вочы. Ён загаварыў па-французску, тым самым вельмі здзівіўшы афіцыянта-мулата. Яна ледзь не пырснула са смеху, але ўсё ж здолела стрымацца і пераклала, стараючыся быць як мага болып сур’ёзнай, нібыта была дуэньяй ці фрэйлінай. Але як ведаў Анаклета французскую мову слаба, зроблены ім заказ быў даволі дзіўны. Лексікон быў узяты з падручніка,
па якім ён вывучаў французскую мову, з урока пад назвай «Агарод», і таму на вячэру былі заказаны толькі капуста, фасоля і морква. Таму, калі з уласнай ініцыятывы Элісан да яго заказу дадала кураня, Анаклета расплюшчыў на момант вочы і кінуў на яе хуткі ўдзячны позірк. Афіцыянты ў белых смокінгах нібы мухі пазляталіся падзівіцца на гэткі цуд, што вельмі ж узрушыла Анаклету, ён нават не дакрануўся да яды.
— А што, калі мы паслухаем музыку? — спыталася яна.— Давай паставім квартэт соль-мінор Брамса.
— Fameux — адказаў Анаклета.
Ен паставіў першы дыск і падрыхтаваўся слухаць, сеўшы на зэдліку каля каміна. Але не паспеў яшчэ скончыцца першы пасаж — прыгожы дуэт фартэпіяна і струнных інструментаў, як нехта пастукаў у дзверы. Анаклета перагаварыў з некім у калідоры, зачыніў дзверы і выключыў патэфон.
— Місіс Пендэртан,— прашаптаў ён, узняўшы бровы.
— Я ведала, што калі пастукаю ў дзверы на першым паверсе, то давядзецца стукаць да канца свету, пакуль вы мяне пачуеце,— сказала Леанора, зайшоўшы ў пакой. Яна плюхнулася на ложак з такой сілай, што, здалося, нават лопнула спружына. Потым, успомніўшы, што Элісан дрэнна сябе адчувае, Леанора таксамд пастаралася зрабіць хваравітую міну, бо ў яе ўяўленні менавіта так трэба было паводзіць сябе ў пакоі, дзе знаходзіцца хворы,— Ну, як? Зможаш сёння вечарам?
— Што змагу?
— Божа мой, Элісан! У мяне ж сёння госці! Апошнія тры дні я толькі тое і рабіла, што рыхтавалася да іх. Такія вечары я і наладжваю два разы на год.
1 Выдатна (фр.).
— I праўда,— сказала Элісан.— У мяне гэта зусім выскачыла з галавы.
— Слухай! — сказала Леанора, і яе свежы ружовы твар зачырванеў ад прадчування жаданага эфекту.— Каб ты толькі бачыла цяпер маю кухню! Слухай, як усё будзе. У сталовай я рассуну стол на ўсю шырыню, і кожны будзе падыходзіць і накладаць сабе, што захоча. Прыгатавала пару віргінскіх шынак, вялікую індычку, засмажаную курыцу, нарэзаную халодную свініну, шмат смажаных свіных рэбраў, розныя закускі — марынаваную цыбулю, масліны, радыску. Да таго ж гасцям будуць падаваць гарачыя булачкі і сырнікі, у куце будзе стаяць ваза з пуншам, а тым, хто не захоча разбаўляць, я прыгатавала на буфеце восем літровых бутэлек віскі «Кентакі-бурбон», пяць — жытнёвага віскі і пяць — шатландскага. I яшчэ я запрасіла з горада акардэаніста.
— Але хто ж, напрамілы бог, гэта ўсё з’есць? — спыталася Элісан, праглынуўшы сліну, бо ёй зрабілася моташна.
— Уся хеўра,— з энтузіязмам усклікнула Леанора.— Я абзваніла ўсіх, пачынаючы з жонкі Старога Мілёнка.
«Старым Мілёнкам» Леанора называла генерала — камандуючага гарнізона, нават і калі звярталася да яго. 3 генералам, як і з іншымі мужчынамі, яна паводзіла сябе раскавана і пяшчотна, і таму не дзіўна, што генерал, як і большасць афіцэраў гарнізона, паслухмяна падпарадкоўваўся ёй. Жонка ў генерала была тлустая, марудлівая, сентыментальная і зусім не прывабная.
— Вось яшчэ чаму я вырашыла зайсці з раніцы,— сказала Леанора.— Ці не змог бы Анаклета наліваць пунш гасцям?
— Ен будзе рады памагчы табе,— адказала за яго Элісан.
Анаклета, які стаяў на парозе, не выказаў асаблівай радасці. Ён з папрокам глянуў на Элісан і пайшоў на першы паверх гатаваць абед.
— Два браты Сузі памагаюць на кухні, і, божа мой, каб ты толькі бачыла, якая гэта ненажэрная зграя! Я ніколі ў жыцці такога не бачыла.
— Між іншым,— спыталася Элісан,— Сузі замужам?
— He, бог з табой! Яна і знацца не хоча з мужчынамі. Папалася, калі ёй было чатырнаццаць гадоў, і дагэтуль не можа апамятацца. А што?
— Я спыталася, бо амаль упэўнена, што бачыла, як нехта зайшоў у ваш дом з чорнага хода ўчора позна ўночы і выйшаў на досвітку.
— Табе проста здалося,— пастаралася супакоіць Элісан Леанора. Яна лічыла, што ў Элісан не ўсе дома, і не давала веры нават самым звычайным яе словам.
— Можа, і так.
Леаноры стала сумна, і яна ўжо хацела ісці дадому. Але яна лічыла, што візіт суседзяў павінен працягвацца не менш за гадзіну, і таму цярпліва адбывала гэты час. Леанора ўздыхнула і зноў паспрабавала зрабіць хваравітую міну. На яе думку, самай тактоўнай тэмай размоў ля ложка хворага былі хваробы іншых людзей, і яна гаварыла толькі пра гэта, калі толькі не збівалася на размовы пра яду і спорт. Як усе абмежаваныя людзі, яна мела схільнасць да жахлівых гісторый, якія яна са смакам пераказвала і з захапленнем выдумляла сама. Яе трагедыйны рэпертуар абмяжоўваўся ў асноўным страшнымі здарэннямі, звязанымі са спортам.