Балада пра сумнае кафэ
Карсан Маккалерс
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 190с.
Мінск 1988
— Лейтэнант Вайнчак прыходзіў праведаць вас?
— Так, ён праведаў мяне.
Лейтэнант быў у прыгнечаным стане. Яна паслала яго ўніз па бутэльку херасу. Калі яны выпілі віна, лейтэнант сеў каля ложка, палажыўшы на калені шахматную дошку, і яны згулялі партыю ў «рускі банк». Яна зразумела, але ўжо вельмі позна, што з яе боку было вельмі нетактоўна прапаноўваць яму гуляць у карты, бо лейтэнант ледзь адрозніваў карты, але стараўся схаваць ад яе гэтую слабасць.
— Ён толькі што даведаўся, што медыцынская камісія яго не прапусціла,— сказала яна.— Хутка прыйдуць паперы на яго адстаўку.
— Ну і ну! Вельмі шкада! — Памаўчаўшы, Анаклета дадаў: — А ўсё ж на яго месцы я б гэтаму радаваўся.
Пасля абеду доктар выпісаў ёй новы рэцэпт, і ў люстэрку, што вісела ў ваннай, яна бачыла, як Анаклета ўважліва агледзеў бутэлечку і паспрабаваў лякарства на язык перад тым, як адмераць ёй патрэбную порцыю. Мяркуючы па выразу твару, Анаклету не вельмі спадабаўся смак мікстуры. Але калі ён вярнуўся ў пакой, на твары яго ззяла ўсмешка.
— Вы ніколі яшчэ не былі на такім прыёме,— сказаў ён.— Што за збоішча!
— Збо-ры-шча, Анаклета.
— Правільней, бедлам. Капітан Пендэртан на дзве
гадзіны спазніўся на арганізаваны ім самім вечар. А калі ён увайшоў, мне здалося, што яго пагрыз леў. Конь скінуў яго ў зарасніку ажыны, а сам уцёк. Вы ніколі не бачылі такога твару.
— Пераломы ёсць?
— Гледзячы на яго, я падумаў, што ён зламаў cade хрыбет,— адказаў Анаклета з непрыхаванай радасцю.— Але трымаўся ён даволі добра — пайпіоў наверх, пераапрануўся ў святочнае адзенне і стараўся паказаць, што ані не засмучаны. Цяпер ужо ўсе пайшлі, акрамя маёра і палкоўніка з рудымі валасамі, жонка якога падобная на просткую жанчыну.
— Анаклета,— мякка папярэдзіла Элісан. Анаклета некалькі разоў вымавіў гэтыя словы, пакуль да яе не дайшоў іх сэнс. Спачатку яна думала, што гэта — які-небудзь выраз з яго роднай мовы, і толькі потым яна нарэшце зразумела, што ён меў на ўвазе слова «прастытутка».
Анаклета паціснуў плячыма і раптам павярнуў да яе заліты чырванню твар.
— Ненавіджу людзей! — горача ўсклікнуў ён.— На вечарынцы нехта расказаў жарт, не ведаючы, што я побач. I гэта было так груба, так абразліва — усё няпраўда.
— Пра што ты гаворыш?
— Я не хачу вам таго пераказваць.
— Ну, тады забудзь, што ты чуў,— сказала яна.— Кладзіся спаць і спакойна выспіся.
Элісан занепакоіў выбух гневу Анаклеты. Ёй здавалася, што яна таксама адчувала агіду да людзей. Ніхто з тых, каго яна ведала апошнія пяць гадоў, не падабаўся ёй,— ніхто — гэта значыць усе, акрамя Вайнчака і, зразумела, Анаклеты і маленькай Кэтрын. Морыс Лэнгдан у сваім грубіянстве быў абмежаваны і бессардэчны, як гэта толькі ўласціва мужчыну. Леанора была не больш чым жывёла. А клептаман Пен-
дэртан у глыбіні душы быў безнадзейна разбэшчаны тып. Ну і кампанія! Яна нават сябе ненавідзела. Калі б не гэтая ганебная нерашучасць, калі б у яе была хоць кропля гонару, яе і Анаклеты не было б сёння ў гэтым доме.
Яна павярнула твар да акна і пачала глядзець у цемру ночы. Узняўся вецер, і на першым паверсе ляпала аб сцяну нейкая незачыненая аканіца. Яна патушыла святло, каб лепей бачыць, што робіцца за акном. На небе надзвычай выразна і ясна мігцела сузор’е Арыён. У лесе вецер гайдаў, нібы горныя хвалі, верхавіны дрэў. I вось якраз у той момант яна перавяла позірк ніжэй, да дома Пендэртанаў, і ўбачыла чалавека, што стаяў на самым ускрайку лесу. Самога чалавека не было відаць, але яго цень вельмі выразна вылучаўся на траве газона. Яна не магла разгледзець яго постаці, але была ўпэўнена, што чалавек стараецца, каб яго ніхто не заўважыў. Яна назірала за ім дзесяць, дваццаць мінут, паўгадзіны. Ён так і не зварухнуўся. Ад гэтага яе ахапіў такі неверагодны жах, што яна падумала: і праўда траціць розум. Элісан заплюшчыла вочы і, дадаючы сямёркі, далічыла да 280. Калі яна потым глянула ў акно, ценю ўжо не было.
Яе муж пастукаў у дзверы. He пачуўшы адказу, асцярожна крутнуў ручку дзвярэй і зазірнуў у пакой.
— Спіш, дарагая? — спытаўся ён так гучна, што разбудзіў бы нават мёртвага.
— Ага,— адказала з горыччу Элісан.— Як забітая.
Збянтэжыўшыся, маёр не ведаў што рабіць — зноў зачыніць дзверы ці зайсці ў пакой. Элісан на адлегласці адчула, што ён часта наведваўся ў Леанорын буфет.
— Заўтра я збіраюся табе нешта паведаміць,— сказала яна.— Ты, відаць, здагадваешся, пра што пойдзе гаворка. Так што падрыхтуйся.
— He маю ніякага ўяўлення,— бездапаможна ўздыхнуў маёр.— Можа, я што не так зрабіў? — Ён
задумаўся на некалькі хвілін, нібыта стараючыся нешта ўспомніць.— Калі гэта пра грошы на якую-небудзь пакупку, то ў мяне іх няма. Прайграў заклад на футболе і павінен заплаціць за ўтрыманне каня.
Дзверы асцярожна зачыніліся.
Ужо было за поўнач, і яна зноў засталася адна. Гэты час — ад дванаццаці гадзін да світання — заўсёды жахлівы. Калі б яна і сказала Морысу, што не спала ўсю ноч, ён бы ўсё роўна не паверыў. Як і не верыў таму, што яна хворая. Чатыры гады назад, калі яна занядужала, Морыса ўстрывожыў стан яе здароўя. Але, калі пасля першай хваробы пайшлі яшчэ: эмпіема, ныркі, а пасля і сэрца, ён пачаў траціць цярпенне, і скончылася тым, што ён наогул перастаў верыць ёй. Морыс лічыў, што ўсё гэта іпахандрычная сімуляцыя, якой яна карысталася, каб не выконваць сваіх абавязкаў, гэта значыць, ігнараваць традьіцыйныя вечарынкі і спартыўныя мерапрыемствы, у якіх яму хацелася ўдзельнічаць. I пэўна, разумней адмовіцца ад прапановы гаспадыні дома на якой-небудзь адной, але грунтоўнай падставе, чым тлумачыць сваю адмову некалькімі прычынамі, якія б уважлівыя яны ні былі. Яна чула, як на другім баку калідора муж ходзіць па сваім накоі, пра нешта гаворачы сам з сабой у павучальным тоне. Элісан запаліла лямпу пры ложку і пачала чытаць.
У дзве гадзіны ночы ёй раптам, без ніякіх папярэдніх сімптомаў, здалося, што гэтай ноччу яна памрэ. Яна сядзела ў ложку, падлажыўшы пад спіну падушку,— маладая жанчына з тварам, што паспеў ужо завастрыцца і састарэць,— ліхаманкава пераводзячы погляд з аднаго канца пакоя ў другі. Яна пакруціла галавой, падняўшы ўгору падбародак, а потым паварочала яго ў бакі, быццам душылася нечым. Ціхі пакой, здавалася ёй, поўніўся гукамі, што дзейнічалі на нервы. У унітазе, у ванным пакоі, капала вада. Ta-
дзіннік на каміне, той самы стары гадзіннік з маятнікам і пазалочана-белымі лебедзямі на шкле футарала хрыпла цікаў. Трэцяе, што найбольш непакоіла, было біццё сэрца. Яна адчувала вялікі неспакой. Здавалася, што сэрца было вымушана пераадольваць адну перашкоду за другой — то яно шалёна калацілася, як пры бегу, то раптоўна ўздрыгвала, як бы збіралася выскачыць, а потым так нечакана пераставала біцца, што ахопліваў жах. Паволі, асцярожна яна адчыніла шуфляду тумбачкі і дастала адтуль вязанне. «Трэба думаць пра што-небудзь прыемнае»,— разважыла яна.
Яна ўспомніла самы шчаслівы час у сваім жыцці, Ёй тады быў дваццаць адзін год, і яна ўжо дзевяць месяцаў намагалася ўбіць у галовы вучаніц школыінтэрната хоць што-небудзь з Цыцэрона і Вергілія. I вось, калі надышлі канікулы, яна была ў Нью-Йорку, з двумастамі доларамі ў рыдыкюльчыку. Яна села ў аўтобус і паехала на Поўнач, не маючы аніякага ўяўлення, куды едзе. Недзе ў штаце Вермонт ля пасёлка, які спадабаўся ёй сваім выглядам, яна злезла і праз некалькі дзён знайшла і наняла хацінку ў лесе. Яна прывезла з сабой ката Пятроніуса, але пад канец лета мусіла змяніць канчатак на жаночы, бо раптам у «ката» з’явіўся цэлы вывадак кацянят. Да іх прыбілася некалькі беспрытульных сабак, і раз на тыдзень яна хадзіла ў пасёлак, каб накупляць прадуктаў катам, сабакам і сабе. Раніцай і ўвечары яна гатавала сваю любімую ежу: тушаную ялавічыну ў вострай падліве з чырвонага перцу, якую запівала чаем са здобным сухаром. Нарыхтаваўшы днём дроў, вечарам яна сядзела на кухні, выцягнуўшы ногі да печкі, і чытала ці спявала ўголас сама сабе.
Бледныя, палушчаныя вусны Элісан шапталі нейкія словы, а вочы ўтаропіліся ў спінку ложка. Потым Элісан раптоўна выпусціла з рук вязанне і затаіла дыханне. Сэрца зусім перастала біцца. У пакоі было ціха,
як у магіле, і яна пачала ўслухоўвацца, разявіўшы рот і павярнуўшы набок галаву. Яе апанаваў страх, але калі яна хацела крыкнуць і тым самым парушыць цішыню, ёй не ўдалося вымавіць ні гуку.
У дзверы нехта ціха пастукаў, але яна гэтага не чула. He заўважала яна і таго, што ў пакой зайшоў Анаклета і ўзяў яе за руку. Пасля доўгай жахлівай паўзы (а яна, безумоўна, цягнулася не менш за мінуту) сэрца зноў пачало біцца, зборкі яе начной сарочкі заварушыліся на грудзях.
— Дрэнна сябе адчуваеце? — спытаўся Анаклета вясёлым, бадзёрым галаском. Але на яго твары, калі ён глядзеў на яе, была аднолькавая з ёю грымаса болю; верхняя губа рэзка паднялася, агаліўшы зубы.
— Я так спалохалася,— сказала яна.— Што-небудзь здарылася?
— Нічога не здарылася. Але не глядзіце так.— Ён дастаў з кішэні блузы насавую хустачку і, памачыўшы ў шклянцы з вадой, выцер ёй лоб.— Я пайду прынясу свае рэчы і пабуду тут, пакуль вы не засняце.
Анаклета прынёс акварэльныя фарбы, а таксама паднос з гарачым напіткам «овалцін». Ён распаліў агонь у каміне і паставіў перад камінам столік для гульні ў карты. Прысутнасць Анаклеты настолькі супакоіла Элісан, што ёй хацелася плакаць ад палёгкі. Паставіўшы перад ёй паднос, ён зручна ўсеўся за сталом і пачаў паволі піць «овалцін», смакуючы кожны глыток. Гэта была якраз тая рыса характару Анаклеты, якая больш за ўсё падабалася ёй: у яго была геніяльная здольнасць рабіць з амаль кожнай падзеі свята. Цяпер Анаклета паводзіў сябе так, быццам гэта ён не па сваёй ахвоце падняўся з ложка сярод ночы, каб сядзець побач з хворай жанчынай, а нібы яны па сваёй волі выбралі менавіта гэты час для надзвычайнай падзеі. Калі ім даводзілася рабіць што-небудзь непрыемнае, яму заўсёды ўдавалася наладзіць усё так,
каб атрымаць нават крыху асалоды. Вось і цяпер ён сядзеў, закінуўшы нага за нагу, заслаўшы калені белай сурвэткай, і так цырымонна піў «овалцін», быццам у кубку было адборнае віно, хоць сам трываць не мог гэтага «овалціну», таксама як і яна, і купіў, бо спакусіўся на яго нібыта цудоўныя якасці, распісаныя на ўсе лады на ярлыку бляшанкі.