Балада пра сумнае кафэ
Карсан Маккалерс
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 190с.
Мінск 1988
— Божа?! 0 божа...
Ён біўся галавой аб стол, пакуль на лбе не выскачыў гуз. Да палавіны сёмай раніцы ён выпіў больш за літр віскі. Ён прыняў душ, адзеўся і пазваніў урачу Элісан — палкоўніку медыцынскай службы, свайму блізкаму сябру. Пасля запрасілі яшчэ аднаго ўрача, і яны ўдвух пстрыкалі запалкамі перад носам Элісан і задавалі ёй розныя пытанні. Якраз у час гэтага абследавання маёр узяў з вешалкі ў ваннай ручнік і павесіў яго на руку. Такім чынам, ён меў выгляд чалавека, гатовага да любых экстрэмальных абставін, і гэта суцяшала яго. Перад тым як развітацца, палкоўнік доўга гаварыў з ім, шмат разоў вымаўляючы слова «псіхалогія», і маёр моўчкі ківаў галавой.
У канцы размовы ўрач параіў як мага хутчэй паслаць хворую ў санаторый.
— Але, паслухай,— бездапаможна падаў голас маёр,— толькі не туды, дзе надзяваюць уціхамірвальныя кашулі, ці яшчэ куды-небудзь накшталт гэтага. Трэба туды, разумееш, дзе яна магла б круціць патэфон, адным словам, дзе ёй было б зручна. Ну, ты ведаеш, што я маю на ўвазе.
За два дні падабралі адпаведнае месца ў Вірджыніі. У спешцы лячэбніцу выбралі хутчэй па кошту лячэння (яно было неверагодна дарагое), чым па яе рэпутацыі як лячэбнай установы. Элісан, затаіўшы горыч, моўчкі выслухала планы, пра якія ёй паведамілі. Анаклета, зразумела, таксама ехаў з ёй. Праз тры дні ўсе трое выправіліся ў дарогу на цягніку.
У той установе ў Вірджыніі лячыліся пацыенты як з фізічнымі, так і з псіхічнымі захворваннямі. Вядома, хваробы, што адначасова кранаюць цела і мозг,— спецыфічныя. Было там некалькі старых мужчын, што блукалі ў поўнай рассеянасці, вымушаныя сачыць за кожным рухам сваіх нягнуткіх ног. Было там таксама некалькі дам-марфіністак і процьма маладых багатых алкаголікаў. Але ў санаторыі была прыгожая тэраса, дзе ў другой палове дня падавалі чай, сады былі дагледжаныя, а пакоі — шыкоўна абстаўленыя. Маёр застаўся задаволены і ганарыўся тым, што ўсё гэта можа сабе дазволіць.
Элісан з самага пачатку не рабіла ніякіх заўваг. Яна наогул не размаўляла з мужам, пакуль яны не селі вячэраць. Як выключэнне, бо гэта быў першы дзень Элісан у лячэбніцы, ёй дазволілі вячэраць на першым паверсе, але пачынаючы з раніцы наступнага дня ёй было забаронена падымацца з ложка, пакуль не палепшыцца стан яе сэрца. На іх стале стаялі свечкі і аранжарэйныя ружы. Сервіз і настольнік былі найвышэйшага гатунку.
Але Элісан, здавалася, не заўважала ўсёй гэтай прыгажосці. Сеўшы за стол, яна абвяла залу доўгім павольным позіркам. Яе вочы, цёмныя і, як заўсёды, праніклівыя, вывучалі пацыентаў, што сядзелі за іншымі сталамі.
Нарэшце яна ціха, з ноткай горычы ў голасе, сказала:
— Божа мой, якая адборная кампанія.
Маёр Лэнгдан на ўсё жыццё запомніў тую вячэру, бо гэта быў іх апошні вечар. Ен паехаў з санаторыя вельмі рана на наступны дзень і па дарозе заехаў пераначаваць да свайго старога знаёмага па гульні ў пола, што жыў у Пайнхэрсце. Калі ён вярнуўся ў гарнізон, яго ўжо чакала тэлеграма. На другую ноч свайго знаходжання ў санаторыі Элісан памерла ад сардэчнага прыступу.
* * *
У тую восень капітану Пендэртану споўнілася трыццаць пяць гадоў. Нягледзячы на адносную маладосць, яго ў хуткім часе чакалі кляновыя лісцікі — знакі, адпаведныя званню маёра; у войску, дзе павышэнне ў чыне залежыць у асноўньім ад выслугі гадоў, нечарговае павышэнне па службе было ў значнай меры данінай здольнасцям. Капітан шмат працаваў, у яго быў геніяльны, як для вайскоўца, розум — і многія афіцэры, у тым ліку і капітан, прытрымліваліся думкі, што калі-небудзь ён будзе высокапастаўленым генералам. Але па капітану было відаць, што ён ператаміўся ад доўгага напружання. Здавалася, у тую восень, асабліва за некалькі апошніх тыдняў, ён неяк занадта хутка пастарэў. Пад вачамі з’явіліся сінія кругі, а твар стаў жоўты і плямісты. Да таго ж яго пачалі вельмі непакоіць зубы. Дантыст сказаў, што трэба вырваць два карэнныя і паставіць масты, але капітан
усё адкладаў гэта, не маючы вольнага часу. Твар у капітана ўвесь час быў напружаны, і ў левым воку пачаўся цік. Праз гэтае паторгванне павека яго напяты твар здаваўся спаралізаваным.
Капітан увесь час знаходзіўся ў стане стрыманага ўзбуджэння. Справа з салдатам усё больш займала яго, і цяга да радавога Уільямса, нібы хвароба, усё мацней брала ў палон. Як пры захворванні ракам клеткі выходзяць з-пад кантролю і пачынаюць каварна размнажацца, пакуль нарэшце не знішчаць чалавека, так і ў галаве ў капітана думкі пра салдата ўжо даўно перасягнулі дазволеныя межы. Часам ён з жахам перабіраў у памяці падзеі, што прывялі яго да такога стану: кава, незнарок вылітая на яго новыя штаны, выпадак з прарэджваннем лесу, сустрэча пасля той шалёнай язды на Жарптаху, мімалётныя сустрэчы на вуліцах гарнізона. Як прыкрасць змагла перарасці ў нянавісць, а нянавісць — у гэту ненармальную апантанасць,— гэтаму капітан не мог знайсці лагічнага тлумачэння.
Капітана апаноўвалі дзіўныя мары. Ен заўсёды прагнуў пашаны, таму часта цешыўся тым, што далёка наперад думаў пра павышэнне ў званні. Напрыклад, калі ён быў яшчэ курсантам ваеннай акадэміі ў ВестПойнце, словазлучэнне палкоўнік Уэлдан Пендэртан ужо было звыклае і прыемнае яго вуху. А мінулым летам ён уявіў сябе камандуючым карпусным раёнам, геніяльным і ўсемагутным. Часам ён нават шаптаў сам сабе «генерал-маёр Пендэртан» — і яму здавалася, што ён народжаны дзеля такога звання, настолькі добра яно пасавала да яго прозвішча. Але ў апошнія тыдні гэтыя марныя думкі дзіўным чынам пайшлі ў адваротным кірунку. Аднойчы вечарам, ці, дакладней, у палове другой гадзіны ночы — ён стомлены сядзеў за пісьмовым сталом. Раптам у яго на языку з’явіліся тры словы: «радавы Уэлдан Пендэртан». I ад гэтых
слоў, а таксама ад асацыяцый, што яны выклікалі, у капітана нарадзілася ненармальнае пачуццё палёгкі і задавальнення. Замест таго каб марыць пра пашану і званні, ён цяпер адчуваў дзіўную асалоду, уяўляючы сябе радавым салдатам. У гэтых марах ён бачыў сябе юнаком, амаль блізнём салдата, якога ён ненавідзеў; у яго было маладое лёгкае цела, зграбнае, нягледзячы на тое, што яно было апранута ў форму радавога салдата, бліскучыя густыя валасы і круглыя вочы без сініх кругоў ад навуковых заняткаў і перанапружання. У гэтыя мары ўвесь час уплятаўся вобраз радавога Уільямса. А фонам была казарма: гул маладьіх мужчынскіх галасоў, вясёлае гультайства на сонцы, легкадумныя сяброўскія жарты.
У капітана з’явілася звычка прагульвацца штодня пад вечар каля будынка, дзе быў раскватараваны радавы Уільямс. Звычайна ён бачыў, што салдат сядзіць адзін на адной і той самай лаўцы. Ідучы па тратуары, капітан праходзіў за два метры ад салдата, і, калі ён набліжаўся, радавы Уільямс неахвотна падымаўся і ляніва аддаваў чэсць. Дні рабіліся ўсё карацейшыя, і ў гэты час, у канцы дня, ужо пачынала цямнець. На кароткі час пасля захаду сонца неба асвятляла імглістае бледна-ліловае зарыва.
Праходзячы каля салдата, капітан глядзеў яму проста ў твар і прыцішваў крок. Ен ведаў, што салдат павінен быў ужо здагадацца, што менавіта ён прычына гэтых прагулак. Капітана нават здзівіла, што салдат не пазбягаў яго і не хаваўся на гэты час дзе-небудзь. Тое, што салдат прытрымліваўся сваёй звычкі, надавала гэтым штодзённым кантактам адценне спаткання, мімаволі нават хвалявала. Мінуўшы салдата, ён быў вымушаны кожны раз стрымліваць жаданне азірнуцца, і чым далей ён адыходзіў, тым больш яго сэрца поўнілася настальгічным сумам, які ён быў не ў змозе пераадолець.
У доме капітана адбылося некалькі змен. Маёр Лэнгдан прыбіўся да Пендэртанаў, зрабіўшыся нібыта трэцім членам сям’і, і гэтая сітуацыя імпанавала як капітану, так і Леаноры. Смерць жонкі моцна ўзрушыла маёра і зрабіла яго зусім бездапаможньім. Ён змяніўся нават фізічна. Ад былой бравай выпраўкі не засталося і следу, і калі яны ўтраіх сядзелі вечарам каля каміна, здавалася, што ён наўмысна скручваўся ў самыя нязграбныя і нязручныя позы. Нібыта цыркавы акрабат, ён пераплятаў ногі ці падымаў масіўнае плячо так высока, што яно плюшчыла вуха. Яго думкі і словы засяроджваліся цяпер на Элісан і ўсім перыядзе жыцця, што так раптоўна скончыўся. Ён зрабіўся схільны да меланхалічных банальнасцей пра бога, душу, пакуты і смерць — тэмы, толькі пры напамінку пра якія ў яго раней дранцвеў язык. Леанора даглядала яго, частавала выдатнымі абедамі і слухала кожную яго скаргу.
— Хаця б Анаклета вярнуўся,— часта гаварыў ён.
Справа ў тым, што Анаклета знік з санаторыя ў тую раніцу, калі памерла Элісан, і з таго часу пра яго не было ніякіх вестак. Ён зноў спакаваў чамаданы, акуратна паклаўшы туды рэчы Элісан. Потым ён проста знік. Як замену Леанора наняла маёру аднаго з братоў Сузі, які ўмеў кухарыць. Маёр шмат гадоў Mapa^ пра звычайнага чарнаскурага служку, які б — хай сабе! — паціху папіваў яго віскі, не выціраў пылу пад дываном, але — крый бог! — не брынкаў на піяніна і не сюсюкаў па-французску. Брат Сузі быў добры хлопец; ён іграў на грабянцы^ абгорнутым у туалетную паперу, напіваўся і гатаваў смачнае печыва з кукурузнай мукі. Між тым маёр не адчуваў радасці, на якую спадзяваўся. Яму шмат у чым не хапала Анаклеты. Да таго ж, успамінаючы пра яго, Лэнгдан мучыўся дакорамі сумлення.
— Ведаеце, я дапякаў Анаклету, страшачы карамі, што чакалі яго, калі б ён апынуўся пад маёй камандай у войску. Як вы думаеце, няўжо гэты шэльма ўспрымаў усё ўсур’ёз? Я ўвогуле толькі дражніў яго, але заўсёды лічыў, што лепш за ўсё яму было б пайсці ў войска.
Капітану надакучылі размовы пра Элісан і Анаклету. Шкада, што гэты мярзотны малы філіпінец таксама не памёр ад сардэчнага прыступу. У гэтыя дні амаль усё ў доме абрыдла капітану. Асабліва агіднымі здаваліся простыя і сытныя стравы, тыповыя для Поўдня, якія са смакам елі Леанора і Морыс. На кухні было брудна, а неахайнасць Сузі было цяжка апісаць словамі. Капітан разбіраўся ў ежы і сам быў выдатны кухмістр. Яму падабалася вытанчанасць новаарлеанскай кухні і тонкая гармонія французскай. Раней капітан часта, застаўшыся дома адзін, заходзіў у кухню, гатаваў які-небудзь ласунак дзеля душы. Яго любімай стравай было філе а ля беарнэз. Аднак капітан быў педант і дзівак; калі мяса перасмажвалася, а соус пераграваўся і хоць крыху загусаў, ён выносіў усё гэта на двор і закопваў. Але цяпер ён страціў апетыт да яды. У той дзень пасля абеду Леанора пайшла ў кіно, і ён выправіў Сузі з дому. Ён падумаў, што нядрэнна было б згатаваць што-небудзь асаблівае. Але ў самым разгары прыгатавання пірага з начынкай ён раптам страціў усялякую цікавасць да гэтага занятку, кінуў усё, як было, і пайшоў з дому.