Балада пра сумнае кафэ
Карсан Маккалерс
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 190с.
Мінск 1988
— Я табе расказвала пра трынаццацігадовую дзяўчынку, што паехала з намі на паляванне на лісіц, была там выжлятнікам і скруціла сабе шыю.
— Ага, Леанора,— адказала Элісан, стараючыся
стрымацца.— Ты расказвала мне пра гэта з усімі жудаснымі падрабязнасцямі разоў пяць.
— Гэта цябе нервуе?
— Вельмі.
— Хм.
Леанору зусім не засмуціў такі рэзкі адказ. Яна спакойна закурыла цыгарэту.
— He слухай нікога, калі табе будуць гаварыць, што так трэба паляваць на лісіц^ Я ведаю, бо сама палявала і тым і другім спосабам. Слухай, Элісан! — яна занадта старанна вымаўляла словы і наўмысна гаварыла бадзёрым тонам, нібы звярталася да дзіцяці.— Ты ведаеш, як трэба паляваць на апосумаў?
Элісан кіўнула і паправіла пакрывала.
— Іх трэба заганяць на дрэва.
— I рабіць гэта пешшу,— удакладніла Леанора.— Вось так трэба паляваць і на лісіц. У майго дзядзькі ёсць драўляная хата ў гарах, і мы з братам ездзілі туды. Бывала, калі надарыцца халодны вечар, збяромся чалавек шэсць і пойдзем з сабакамі пасля захаду сонца. За намі яшчэ бег негрытосік, несучы за спіной збан, поўны мяккай і сакавітай кукурузы. Здаралася, цэлую ноч хадзілі за лісіцай. Эх, гэта словамі не апішаш! I ўсё ж,— Леанору перапаўнялі пачуцці, але ў яе не хапала слоў, каб перадаць іх.— Потым вып’ем па апошняй чарцы ў шэсць гадзін і садзімся снедаць. I тут — божа мой! Усе гаварылі, што гэты мой дзядзька быў чалавек з дзівацтвамі, але што на стол паставіць, ён ведаў. Пасля палявання ішлі да стала, ён быў літаральна завалены ікрой, смажанай шынкай, курамі, пячэннем велічынёй што твая рука.
Калі Леанора нарэшце пайшла, Элісан не ведала, плакаць ёй ці смяяцца. Яна зрабіла тое і другое даволі істэрычна. Анаклета падышоў да яе і старанна паправіў матрац, выраўняўшы ўмяціну, што засталася пасля Леаноры.
— Я збіраюся развесціся з маёрам, Анаклета,— раптам сказала яна, перастаўшы смяяцца.— Я паведамлю яму пра гэта сёння вечарам.
Па выразу твару Анаклеты яна не зразумела, здзівіла яго гэта паведамленне ці не. Ен пастаяў моўчкі, а потым спытаўся:
— Куды ж мы з вамі тады пададзімся, пані Элісан?
У яе ў галаве ўзнікла і прайшла доўгая чарада планаў, што нарадзіліся ў бяссонныя ночы: выкладаць лацінскую мову ў якім-небудзь студэнцкім горадзе, лавіць крэветак, паслаць Анаклету на якую-небудзь чорную работу, а самой сядзець у пансіёне і браць на дом шыццё. Але яна толькі сказала:
— Гэта я яшчэ не вырашыла.
— Цікава,— сказаў Анаклета ў задуменні,— што будуць рабіць Пендэртаны?
— Цябе гэта не павінна цікавіць, бо не наш клопат.
Тварык у Анаклеты пацямнеў, а сам ён, паклаўшы руку на спінку ложка, задумаўся. Элісан адчувала, што ён хоча яшчэ нешта спытаць, і таму глядзела на яго, чакаючы пытання. Нарэшце ён спытаўся з надзеяй у голасе:
— Як вы думаеце, мы маглі б жыць у гасцініцы?
* * *
У другой палове дня капітан Пендэртан пайшоў на стайню, каб, як звычайна, паехаць на прагулку. Радавы Уільямс яшчэ быў там, хоць у той дзень павінен быў вызваліцца ў чатыры гадзіны. Капітан загаварыў з пагардай пранізлівым голасам, не гледзячы на маладога салдата.
— Асядлай каня місіс Пендэртан, Жарптаха.
Радавы Уільямс стаяў нерухома, утаропіўшыся ў збялелы напружаны твар капітана.
— Што капітан загадаў?
— Жарптаха,— паўтарыў капітан.— Каня місіс Пендэртан.
Загад быў нечаканы. Раней капітан толькі тры разы ездзіў на Жарптаху, і кожны раз з ім была жонка. У капітана не было свайго каня, і ён браў тых, што былі прыпісаны да стайні. Чакаючы, пакуль выведуць каня, капітан стаяў на адкрытай пляцоўцы, нервова тузаючы за пальцы пальчатку. Калі ж нарэшце Жарптаха вывелі, ён выказаў сваю нездаволенасць: радавы Уільямс надзеў на каня пляскатае англійскае сядло місіс Пендэртан, а капітану больш падабалася вайсковае сядло тыпу маклелан. Сядло памянялі, капітан зазірнуў каню ў круглыя барвовыя вочы і ўбачыў у іх дрыготкае адлюстраванне свайго збянтэжанага твару. Калі ён садзіўся вярхом, радавы Уільямс трымаў каня за вуздэчку. Капітан сеў увесь напружаны, моцна сціскаючы зубы, і ўпёрся каленямі ў сядло. Салдат стаяў безуважна, па-ранейшаму трымаючыся за вуздэчку.
Праз нейкі час капітан сказаў:
— Ну, што там, радавы, бачыш, я ўжо сеў. Адпускай!
Радавы Уільямс адступіў на некалькі крокаў. Капітан нацягнуў повад і напружыў ногі. Ніякай рэакцыі. Конь не рвануўся наперад і не закусіў цуглі, як гэта здаралася кожную раніцу, калі на ім была місіс Пендэртан, а спакойна стаяў, чакаючы каманды. Зразумеўшы гэта, капітан ажывіўся ад раптоўнай зласлівай радасці. «Ага,— падумаў ён.— Яна надламала яго дух, як я і прадбачыў». Капітан прышпорыў каня і ўдарыў яго кароткім плеценым бізуном. Яны рушылі галопам па дарожцы для верхавой язды.
Дзень быў пагодны. Лёгка дыхалася паветрам, на-
сычаным гаркавата-салодкім пахам сасны і прэлага лісця. На неабсяжным блакітным небе не было ні воблачка. Конь, якога ў той дзень яшчэ не выводзілі са стайні, здавалася, крыху ашалеў ад асалоды вольнага бегу. Жарптах, як і большасць коней, рабіўся наравісты, вырваўшыся на волю адразу ж пасля выпасу. Капітан ведаў гэта, і таму наступны яго ўчынак быў вельмі нечаканы. Праскакаўшы мерным галопам, відаць, тры чвэрці мілі, капітан раптам рэзка рвануў апушчаны повад. Рывок быў такі нечаканы, што Жарптах страціў раўнавагу, нязграбна ступіў убок і стаў дыбкі. Потым ён спакойна спыніўся здзіўлены, але паслухмяны. Гэта вельмі ўзрадавала капітана.
Гэты манеўр быў паўтораны двойчы. Капітан адпускаў повад, пакуль Жарптах не адчуе радасці волі, а потым раптоўна асаджваў яго назад. Капітан і paHeft рабіў так. Шмат разоў за жыццё ён вызначаў дзіўныя і таемныя спосабы пакарання, сэнс якіх было б цяжка растлумачыць іншым людзям.
Трэці раз конь спыніўся, як звычайна, але ў гэты момант здарылася нешта такое, што прымусіла капітана занепакоіцца, і яго задаволенасць адразу знікла. Калі яны ўжо стаялі нерухома, адны на дарожцы, конь паволі павярнуў галаву і глянуў капітану ў твар. Потым памалу апусціў галаву да зямлі, прыціснуўшы вушы.
Капітан раптам зразумеў, што конь яго зараз скіне і не толькі скіне, але і заб’е. Капітан заўсёды баяўся коней: ездзіў на іх, бо так было заведзена і таму што гэта быў адзін з спосабаў самакатавання. Ён загадаў замяніць зручнае жончына сядло на мулкае сядло маклелан толькі таму, што там была выгнутая лука і за яе можна было ўхапіцца ў крытычнай сітуацыі. Цяпер ён сядзеў цвёрда, стараючыся трымацца адначасова за сядло і за повад. Але раптоўны страх быў такі моцны, што ён загадзя аддаўся на волю лё-
су, выцягнуў ногі з страмёнаў, прыкрыў рукамі твар і агледзеўся вакол, шукаючы месца, куды падаць. Аднак гэта была толькі мінутная слабасць. Калі капітан зразумеў, што конь яго ўсё ж не скіне, яго ахапіла радаснае пачуццё перамогі.
Дарога для верхавой язды праходзіла праз лес і паступова ўзбіралася ўгару. Галопам капітан пад’ехаў да скалы, адкуль на некалькі міль наўкол адкрываўся від на запаведнік. Удалечыні цёмнай рыскай на фоне яркага восеньскага неба зелянеў сасновы лес. Зачараваны цудоўным краявідам, капітан хацеў крыху там пастаяць і пацягнуў за повад. Але тут адбылося зусім непрадбачанае здарэнне, за якое капітан ледзь не заплаціў жыццём. На поўным скаку ён выехаў на грэбень скалы. I ў гэты момант конь раптоўна, з д’ябальскай хуткасцю, ірвануў улева, потым уніз пад адхон.
Гэта было так знянацку, што капітан выпаў з сядла. Ён ссунуўся на шыю каню, і ногі, выскачыўшьі са страмёнаў, матляліся па баках. I ўсё ж не зваліўся. Учапіўшыся адной рукой за грыву, а другой ледзь утрымліваючы повад, ён змог вярнуцца назад у сядло. Але на большае ў яго не хапіла сілы, бо конь імчаў з такой шалёнай хуткасцю, што кожны раз, калі капітан расплюшчваў вочы, у яго пачынала кружыцца ў галаве. Усесціся надзейна ў сядле, каб цвёрда ўзяць у рукі повад, капітан не здолеў, як не здолеў і спыніць каня. I таму кожны яго мускул, кожны нерв былі падначалены аднаму — утрымацца. 3 хуткасцю славутага продка Жарптаха — чэмпіёна скачак, яны імчалі па шырокім, парослым травой полі, паміж скалой і лесам. Пад промнямі сонца блішчала медна-чырвоная трава. Потым капітан заўважыў, што зверху яго ахінуў зялёны змрок, і здагадаўся, што па нейкай вузкай сцежцы ўехалі ў лес. Конь, здавалася, не збаўляў хуткасці. Капітан у стане, блізкім да непрытом-
насці, амаль ляжаў на кані. Нейкай калючкай яму разадрала левую шчаку, але ён не адчуваў болю, хоць бачыў, як на руку капала гарачая пунцовая кроў. Прыгнуўся яшчэ ніжэй, так што правая шчака пачала церціся аб цвёрдае шчацінне на шыі Жарптаха. Чапляючыся ў адчаі за грыву, повад і луку сядла, ён болып не адважваўся прыўзняць галаву, баючыся, каб яе не адарвала якім-небудзь суком.
Толькі тры словы круціліся ў галаве ў капітана. Яны нячутна выляталі з яго дрыготкіх вуснаў, бо ў яго нават не хапала дыхання прашаптаць: «Вось і канец».
I, развітаўшыся з жыццём, капітан раптам павесялеў. Яго ахапіла неабдымная шалёная радасць. Гэта пачуццё, такое ж нечаканае, як і рывок, калі конь схіліўся да зямлі, капітану было раней невядомае. Яго мутныя, напалавіну заплюшчаныя, нібы ў трызненні, вочы раптам убачылі тое, чаго ніколі раней не заўважалі. Свет здаваўся калейдаскопам, і кожная з яго праяў, што траплялі ў поле зроку, пакідала ў памяці глыбокі і выразны след. Вось унізе ён заўважыў ледзь бачную сярод апалага лісця асляпляльна белую кветачку з тонкім узорам пялёсткаў. Калючая сасновая шышка, птушка ў блакітным ветраным небе, вогненны слуп сонечнага святла ў зялёным змроку — усё гэта капітан бачыў нібы ўпершыню ў жыцці. Ён адчуваў, што паветра чыстае і рэзкае, усведамляў цуд, якім было яго напружанае цела, тахканне сэрца, і тое дзіва, што ўяўлялі сабой яго кроў, мускулы, нервы, косці. Капітан не адчуваў больш страху; ён узняўся да той рэдкай ступені свядомасці, калі містык адчувае, што зямля — гэта ён і што ён — гэта зямля. Учапіўшыся, нібы краб, за каня, капітан нёсся наперад з грымасай экстазу на акрываўленых вуснах.
Капітан не ведаў, колькі часу працягвалася тая шалёная язда. Пад канец ён убачыў, што яны выска-
чылі з лесу і імчалі па адкрытай прасторы. Яму здалося, што краем вока ён заўважыў на камені чалавека, які грэўся на сонцы, і каня, што пасвіўся побач. Гэта карціна яго не здзівіла і праз момант вылецела з галавы. Цяпер усе яго думкі былі накіраваны толькі на тое, што, зноў апынуўшыся ў лесе, конь пачаў губляць сілы. Ахоплены агоніяй страху, капітан падумаў: «Калі ён спыніць свой бег, мне будзе канец».