Балада пра сумнае кафэ  Карсан Маккалерс

Балада пра сумнае кафэ

Карсан Маккалерс

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 190с.
Мінск 1988
48.51 МБ
— Ну што, хіліць на сон? — спыталася яна.
— Зусім не.
Але ад аднаго напамінку пра сон ён адчуў такую стомленасць, што не ўтрымаўся і пазяхнуў. Захоўваючы да канца сваю адданасць, ён адвярнуўся і пастараўся зрабіць выгляд, што разявіў рот спецыяльна, каб памацаць указальным пальцам зуб мудрасці, што нядаўна вырас.
— Я падрамаў пасля абеду, а потым яшчэ звечара паспаў. Я бачыў Кэтрын у сне.
Кожны раз, калі Элісан думала пра сваё дзіця, яе ахоплівала пачуццё, поўнае такой любові і смутку, што яно невыносным цяжарам клалася на сэрца. Няпраўда, што час можа прыглушыць боль страты. Толькі што цяпер Элісан у большай ступені магла валодаць сабой. Нейкі час пасля тых адзінаццаці месяцаў, поўных радасці, трывогі і пакут, у ёй не адбывалася амаль ніякіх змен. Кэтрын пахавалі на могілках у гарнізоне, дзе служыў тады яе муж. I доўга ёй не даваў спакою выразны і жудасны прывід маленькага цельца ў магіле. Жахлівыя думкі пра гніенне і пра маленькі шкілецік давялі яе да такога стану, што нарэшце пасля мноства бюракратычных правалочак яна атрымала дазвол адкапаць труну. Усё, што засталося ад цела, завезлі ў крэматорый у Чыкага, а попел рассеялі па снезе. I цяпер усё, што засталося ад Кэтрын, дык гэта памяць, якую яны захоўвалі разам з Анаклетам.
Элісан крыху памаўчала, каб стрымаць хваляванне ў голасе, і потым спыталася:
— Дык што ты бачыў у сне?
— Неспакойны сон,— ціха адказаў Анаклета.— Нібы трымаў у руках матылька. Калыхаў на каленях Кэтрын. Раптам — сутаргі. А вы спрабавалі адкрыць кран з гарачай вадой.— Анаклета адчыніў скрынку з фарбамі і разлажыў перад сабой паперу, пэндзлікі. Ад агню яго бледны твар заружавеў, а ў цёмных вачах засвяціліся чырвоныя водбліскі.— Потым... Замест Кэтрын на каленях я трымаў адзін з чаравікаў маёра, што я павінен быў чысціць двойчы на дзень. Чаравік быў поўны слізкіх, толькі што народжаных мышанят, яны курчыліся і лезлі з чаравіка, а я стараўся не выпускаць іх, каб яны не распаўзліся па маім целе. Фу! Гэта было як...
— Змоўкні, Анаклета! — перапьініла яго Элісан, скалануўшыся.— Калі ласка!
Анаклета пачаў маляваць, а яна глядзела на яго. Ён памакнуў пэндзлік у шклянку, і ў вадзе расплылося бледна-ліловае воблачка. Ён з задуменным тварам схіліўся над паперай і потым адзін раз адарваўся, каб зрабіць лінейкай некалькі замераў на стале. Як мастак Анаклета валодаў вялікім талентам — яна была ўпэўнена ў гэтым. У іншых сваіх мастацкіх пачынаннях ён таксама дасягнуў пэўнага майстэрства, але па сутнасці яно было пераймальным, і ён быў у гэтым выпадку амаль, як сказаў бы Морыс, малпачкай. А вось у яго акварэлях і малюнках прыкметна адчуваўся ён сам. Калі яны жылі ў гарнізоне паблізу Нью-Йорка, ён пасля абеду ездзіў у горад, каб наведаць Саюз студэнтаў прыгожых мастацтваў. I яна з гонарам, хоць і без здзіўлення, назірала, як многія наведвальнікі выстаўкі, наладжанай студыяй, не адзін раз вярталіся да яго карцін.
Работы Анаклеты былі адначасова прымітыўныя і вытанчаныя, і гэта нейкім дзіўным чынам зачароўвала гледача. Але яна не здолела пераканаць яго ў не-
абходнасці паставіцца да свайго таленту з належнай сур’ёзнасцю і працаваць з адпаведнай стараннасцю.
— Асаблівасці сноў,— ціха сказаў Анаклета,— гэта дзіўная рэч, калі падумаць. Папалудні, на Філіпінах, калі падушка вільготная, а ў пакоі свеціць сонца, сон — аднаго віду. А вось на Поўначы, ноччу, калі падае снег...
Але Элісан ужо зноў ахапіў яе звычайны неспакой, і яна больш не слухала, што гаварыў Анаклета.
— Скажы мне,— раптам перапыніла яна Анаклету.— Калі ты бьіў сёння раніцай не ў настроі і сказаў, што збіраешся гандляваць у Квебеку бялізнай, ты меў на ўвазе што-небудзь канкрэтнае?
— Ну, а як жа? — адказаў ён.— Ведаеце, мне заўсёды хацелася ўбачыць горад Квебек. I, на маю думку, няма нічога больш прыемнага, чым мець справу з прыгожай бялізнай.
— I гэта — усе твае планы,— сказала яна. У яе голасе не хапала пытальных інтанацый, і ён не адгукнуўся.— Колькі ў цябе грошай у банку?
Анаклета на нейкі момант задумаўся, трымаючы пэндзлік над шклянкай з вадой.
— Чатырыста долараў і шэсць цэнтаў. Хочаце, я здыму іх з рахунку?
— He цяпер. Але яны могуць нам спатрэбіцца пазней.
— Напрамілы бог,— усклікнуў Анаклета,— не турбуйцеся. Ад гэтага ніколечкі не палепшае.
Па ўсім пакоі ружавелі водсветы агню і мітусіліся трывожныя цені. Гадзіннік абазваўся кароткім хрыпам і адбіў тры гадзіны.
— Гляньце,— раптам сказаў Анаклета. Ён скамячыў паперу, на якой толькі што маляваў, і кінуў. Потым сеў у задуменнай позе, абхапіўшы падбародак далонямі, і ўтаропіўся ў чырвонае вуголле ў каміне.— Паўлін, такога жудаснага зялёнага колеру. 3 адным
вялізным залатым вокам. А ў ім гэтыя адлюстраванні нечага такога малюсенькага і...
Намагаючыся знайсці патрэбнае слова, ён падняў руку, злажыўшы разам вялікі і ўказальны пальцы. Ад рукі на сцяне за яго спіной лёг вялізны цень.
— Малюсенькага і...
— Гратэскавага,— закончыла фразу Элісан. Анаклета адразу кіўнуў у знак згоды галавою. Але калі ён зноў узяўся за працу, нейкі гук у ціхім пакоі ці, можа, успамін пра тое, якім тонам яна сказала апошняе слова, прымусіў яго павярнуцца.
— О! He трэба! — усклікнуў ён. I, рвануўшыся ад стала, ён перакуліў шклянку з вадой, і яна, зваліўшыся з каміна, разбілася ўдруз.
л * *
У тую ноч радавы Уільямс быў у пакоі, дзе спала капітанава жонка, не больш як гадзіну. Усю вечарынку ён прастаяў на ўскрайку лесу. Калі большасць гасцей пайшла, ён сачыў за капітанавай жонкай праз акно ў зале, пакуль яна не пайшла на другі паверх класціся спаць. Потым ён зайшоў у дом, як гэта рабіў раней. I зноў пакой быў заліты ясным і срэбраным святлом месяца. «Пані» ляжала на баку, абхапіўшы авальны твар не вельмі чыстымі далонямі. На ёй была атласная начная сарочка, а пакрывала было сцягнута да пояса. Малады салдат сеў на кукішкі каля ложка. Адзін раз выцягнуў руку і памацаў пальцамі слізкую тканіну яе сарочкі. Зайшоўшы ў пакой, ён азірнуўся. Нейкі час ён стаяў перад камодай і разглядаў флакончыкі, пухоўкі і розныя іншыя туалетныя прылады. Адна з іх,— пульверызатар, зацікавіла яго. I ён паднёс яго да акна і агледзеў са здзіўленнем на твары. На стале стаяў сподак з недаедзенай курынай нагой.
Салдат дакрануўся да яды, панюхаў і адкусіў кавалак.
Цяпер ён сядзеў на кукішках у месячным святле з прыплюшчанымі вачыма, радасна ўсміхаючыся. «IlaHi» павярнулася ў сне, уздыхнула і пацягнулася. Цікаўнымі пальцамі салдат дакрануўся да карычневай пасмы валасоў,[ што распусціліся на падушцы.
Мінула ўжо тры гадзіны ночы, калі салдат раптам замёр. Ён азірнуўся і, здавалася, пачаў услухоўвацца ў нейкі гук. Ен не адразу зразумеў, што выклікала гэту змену, гэты неспакой, што ахапіў яго. Потым ён убачыў, што ў суседнім доме запалілі святло. У цішы начы ён пачуў жаночы плач. Потым пачуў, як перад домам, у якім запалілі святло, затармазіла машына. Радавы Уільямс нячутна выйшаў у цёмную прыхожую. Дзверы капітанавага пакоя былі зачыненыя. Праз некалькі хвілін ён паволі ішоў краем лесу.
Салдат вельмі мала спаў апошнія двое сутак, і таму вочы ў яго апухлі ад стомы. Абышоўшы наўкола гарнізон, ён выйшаў на самую кароткую сцежку, што вяла да казармы. Ідучы такім шляхам, ён пазбягаў сустрэчы з вартавым. А на досвітку, першы раз за многія гады, ён убачыў сон і закрычаў. Салдат, што ляжаў на другім канцы казармы, прачнуўся і шпурнуў у яго чаравікам.
У Уільямса не было сяброў сярод тых, хто жыў з ім у адной казарме, і яго адсутнасць ні ў кога не выклікала цікавасці. Падумалі, што салдат знайшоў сабе жанчыну. Многія салдаты ўпотай жаніліся і часам начавалі ў горадзе з жонкамі. У доўгім і цесным спальным пакоі святло тушылі ў дзесяць гадзін, але не ўсе вайскоўцы былі ў гэты час у ложку. Іншы раз, асабліва на пачатку месяца, у туалеце ўсю ноч ішла гульня ў покер.
Аднойчы ў тры гадзіны ночы радавы Уільямс сустрэўся з вартавым, але ён служыў у войску ўжо два
гады і быў знаёмы каравульнаму, і той яго не затрымаў.
Некалькі наступных начэй Уільямс адпачываў і спаў спакойна. Надвячоркам ён сядзеў на лаўцы перад казармай, а ўвечары іншы раз наведваў месцы адпачынку гарнізона — хадзіў у кіно і спартыўную залу.
Вечарам спартыўная зала ператваралася ў каток, дзе каталіся на ролікавых каньках. У зале іграла музыка і быў адгароджаны закутак, дзе радавыя і сяржанты маглі пасядзець за столікам і выпіць халоднага пеністага піва. Уільямс заказаў бакал і ўпершыню паспрабаваў алкагольнага напітку. Побач з моцным грукатам каталіся па крузе салдаты, і ў паветры стаяў пах поту і масцікі. Трое салдат, усе з іх стараслужачыя, вельмі здзівіліся, калі Уільямс падняўся з-за свайго стала і падсеў да іх. Малады салдат глядзеў ім у твар і, здавалася, хацеў нешта спытацца. Але так нічога не спытаў і праз нейкі час пайшоў ад іх стала.
Радавы Уільямс заўсёды быў такі некампанейскі салдат, што наўрад ці хоць палавіна салдатаў, якія спалі з ім у адной казарме, ведалі яго імя. Імя, па якім яго ведалі ў войску, не было сапраўднае. У час залічэння на вайсковую службу суровы сяржант — стары служака — глянуў на яго подпіс — Л. Дж. Уільямс — і гаркнуў: «Напішы імя поўнасцю, вёска смаркатая!» Салдат доўга збянтэжана маўчаў, а потым прызнаўся, што гэтыя ініцыялы і былі яго імя, адзінае, якое ён меў. «Ну, з такім ідыёцкім імем цябе ў армію ЗША не возьмуць,— сказаў сяржант.— Я перараблю яго на Э-л-дж-ы. Згода? — Радавы Уільямс кіўнуў галавой, і, бачачы такую абыякавасць, сяржант гучна і груба зарагатаў.— Ну і прыдуркаў жа нам прысылаюць!» — заўважыў ён, вяртаючыся да сваіх папер.
Быў лістапад, і два дні запар дзьмуў моцны вецер. За адну ноч асыпалася лісце з маладых клёнаў, што раслі ўздоўж тратуараў. Лісце яркім залатым дыва-
ном слалася пад дрэвамі, неба было скрозь у белых зменлівых воблаках. Наступны дзень ліў халодны дождж. Лісце змокла, пачарнела, затапталася на вільготных ад дажджу вуліцах, і яго нарэшце зграблі і павывозілі. Потым зноў распагодзілася, і голыя сукі дрэў склалі філігранны малюнак на фоне зімовага неба. Раніцай на прамерзлай траве забялеў іней.
Адаспаўшыся за чатыры ночы, радавы Уільямс зноў прыйшоў да капітанавага дома. Гэты раз, ведаючы ўжо звычкі яго жыхароў, ён не чакаў, пакуль капітан ляжа ў ложак. Апоўначы, калі капітан усё яшчэ працаваў у сваім кабінеце, ён падняўся ў пакой «пані» і быў там цэлую гадзіну. Потым ён пастаяў каля акна кабінета і з цікавасцю паназіраў за капітанам, пакуль у дзве гадзіны той не пайшоў на другі паверх. Бо ў гэтую хвіліну нешта такое здаралася, чаго салдат не разумеў.