Балада пра сумнае кафэ
Карсан Маккалерс
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 190с.
Мінск 1988
У час гэтых «разведак» і «вахт», што ён нёс у цемры пакоя «пані», салдат не адчуваў страху. Ім валодалі пачуцці, а не думкі; ён ішоў у нязведанае, не абдумваючы сваіх цяпёрашніх ці даўніх учынкаў. Пяць гадоў назад Л. Дж. Уільямс забіў чалавека. Пасварыўшыся з-за тачкі гною, ён усадзіў нож у негра, а потым схаваў забітага ў закінутай каменяломні. Ён наляцеў на сваю ахвяру, не памятаючы сябе ад гневу, але яму запалі ў памяць і яркі колер крыві, і цяжкае, вялае цела, якое ён цягнуў на сабе па лесе. Помніў ён і гарачае сонца ў той ліпеньскі дзень, пах пылу і смерці. Яго ахоплівалі здзіўленне, маўклівыя пакуты, толькі не страх, і ніколі потым ён выразна не ўсвядоміў, што ён забойца. Розум — гэта нібыта багатая дэкаратыўная тканіна, у якой колеры — выпрабаванні, зведаныя пачуццямі, а малюнак — звіліны інтэлекту. Памяць Уільямса была насычана рознымі колерамі і дзіўнымі адценнямі, але ў ёй не было нічога акрэсленага, што мела канкрэтную форму.
За гэтыя першыя зімовыя дні Уільямс зрабіў толькі адно адкрыццё, прынамсі, ён пачаў заўважаць, што капітан увесь час сочыць за ім. Два разы на дзень капітан, з яшчэ забінтаваным і незагоеным тварам, выязджаў вярхом на кароткія прагулкі. А потым, аддаўшы каня, затрымліваўся на нейкі час каля стайні. Тройчы здаралася так, што, калі, ідучы ў сталовую, Уільямс азіраўся, ён заўважаў за дзесяць метраў ад сябе капітана. Намнога часцей, чым гэта магло здарыцца, капітан сустракаўся яму на тратуары. Аднойчы пасля такой сустрэчы салдат спыніўся і азірнуўся. Хутка капітан таксама спыніўся і таксама азірнуўся. Было гэта надвячоркам, і, як бывае зімовым прыцемкам, усё навокал мела бледна-фіялетавае адценне. Позірк у капітана быў цвёрды, жорсткі і ясны. Мінула амаль мінута, пакуль яны разам, нібы згаварыўшыся, павярнуліся і пайшлі кожны сваёй дарогай.
РАЗДЗЕЛ IV
У вайсковым гарнізоне афіцэру не так проста ўвайсці ў непасрэдны кантакт з радавымі. Цяпер капітан Пендэртан гэта зразумеў. Быў бы ён звычайны страявы афіцэр, як маёр Морыс Лэнгдан, і ўзначальваў бы роту, батальён ці полк, у яго склаліся б пэўныя адносіны з падначаленымі. Маёр Лэнгдан вось ведаў прозвішчы амаль усіх салдат, што былі пад яго камандай, ведаў іх і ў твар. Але становішча капітана Пендэртана, служба якога была звязана са школай, было іншае. Апрача конных прагулак (а цяпер капітану ні адзін спосаб верхавой язды не здаваўся занадта рызыкоўным), у яго не было ніякай магчымасці завязаць адносіны з салдатам, якога ён зненавідзеў.
Тым не менш капітан адчуваў нясцерпнае жаданне наладзіць з ім хоць які-небудзь кантакт. Думкі пра
салдата не давалі яму спакою. Ён прыходзіў на стайню вельмі часта, як дазваляла пачуццё меры. Радавы Уільямс сядлаў каня, а потым трымаў яго за вуздэчку, пакуль капітан садзіўся вярхом. Калі капітан загадзя ведаў, што сустрэне салдата, у яго пачынала круціцца ў галаве. У кароткія, як бы выпадковыя сустрэчы ён дзіўным чынам часова страчваў магчымасць успрымаць знешняе асяроддзе; калі ён быў побач з салдатам, то адчуваў, што не можа ні добра бачыць, ні чуць, і толькі ад’ехаўшы на кані і зноў апынуўшыся сам-насам, ён пачьінаў нарэшце ўсведамляць тое, што толькі адбылося. Твар юнака — маўклівы выраз вачэй, пухлявыя чуллівыя вусны, што часта былі вільготныя, кучаравая грыўка, нібы ў хлопчыка-пажа — увесь воблік салдата быў невыносны капітану. Ён рэдка чуў, каб салдат гаварыў, але яго невыразная гаворка увесь час лунала ў аддаленых кутках памяці, нібы трывожная песня.
Надвячоркамі капітан гуляў па вуліцах паміж стайняй і казармамі, спадзеючыся сустрэць радавога Уільямса. Калі яшчэ здалёк ён заўважаў салдата па соннай, але зграбнай паходцы, у яго сціскалася ў горле. Апынуўшыся твар у твар з капітанам, радавы Уільямс звычайна няўважліва глядзеў некуды паверх галавы капітана і вельмі марудна вітаў яго, даволі вяла беручы пад казырок. Аднойчы, калі яны набліжаліся адзін да аднаго, капітан заўважыў, як Уільямс разгарнуў цукерку і нядбала кінуў паперку на акуратны газон побач з тратуарам. Гэта раз’юшыла капітана, і ён, прайшоўшы крыху, вярнуўся, падабраў абгортку (была гэта паперка ад батончыка пад назвай «Малышка Рут») і паклаў яе ў кішэню.
У капітана Пендэртана, з яго ўвогуле суровым і пазбаўленым усялякіх эмоцый ладам жыцця, не ўзнікала пытанняў пра гэтую дзіўную нянавісць. Раз ці два, прачнуўшыся позна пасля занадта вялікай дозы сна-
творнага, ён адчуў няёмкасць, падумаўшы пра свае паводзіны ў апошні час. Але ён не намагаўся зрабіць з гэтага якія-небудзь вывады.
Аднойчы папалудні ён пад’ехаў на машыне да казармы і ўбачыў салдата, які адпачываў на лаўцы. Капітан ад’ехаў далей па вуліцы, спыніў машыну і, седзячы ў ёй, пачаў за ім назіраць. Той нядбала разваліўся на лаўцы, нібы збіраючыся задрамаць. Неба было бледна-зялёнае, і ад апошніх промняў зімовага сонца на зямлю клаліся выразныя доўгія цені. Капітан назіраў за салдатам, пакуль таго не паклікалі на вячэру. I потым, калі Уільямс пайшоў у сталовую, капітан усё сядзеў у машыне, не зводзячы вачэй з казармы.
Стала цёмна, і ў будынку запалілі яркае святло. Капітану было відаць, як у пакоі адпачынку салдаты гулялі ў більярд ці, разваліўшыся ў крэслах, гарталі часопісы. Капітан уяўляў сабе сталовую з доўгімі сталамі, застаўленымі гарачай ежай, якую елі прагаладалыя салдаты і весела смяяліся, з’яднаныя здаровым духам сяброўства. Капітан не быў блізка знаёмы з радавым саставам, і яго ўяўленне пра казарменнае жыццё ў значнай меры было вынікам фантазій, Капітана цікавіла сярэднявечча, і ён дэталёва вывучаў гісторыю Еўропы эпохі феадалізму. I гэта прыхільнасць у значнай меры вызначала яго ўяўленне пра казарму. Падумаўшы, што ў гэтых чатырох сценах жывуць дзве тысячы чалавек, ён раптам адчуў сябе адзінока. Ён сядзеў у цёмнай машыне, глядзеў на асветленыя вокны, за якімі было цесна ад людзей, слухаў смех і звонкія галасы, што даляталі адтуль, і на яго вадзяністыя вочы нагарнуліся слёзы. Яго мучыла горыч адзіноты. Ен хутка паехаў дадому.
Леанора ляжала ў гамаку на краі лесу, калі пад’ехаў муж. Яна пайшла ў дом і памагла Сузі ўправіцца на кухні, бо ў той дзень яны збіраліся павячэраць до-
ма, а потым ужо ехаць на вечарынку. Адзін знаёмы прыслаў ім паўтузіна перапёлак, і Леанора захацела занесці паднос з ядой Элісан, у якой быў моцны сардэчны прыступ якраз у тую ноч, калі ў Пендэртанаў была вечарынка, два тыдні да гэтага, і цяпер ёй было забаронена падымацца з ложка. Леанора і Сузі разлажылі яду на вялікім сярэбраным падносе, паклалі на шырокую талерку дзве перапёлкі, шчодра абклаўшы іх рознай гароднінай, што паспела пусціць ужо сок, і таму ў цэнтры талеркі нацякла лужынка. Акрамя таго, на падносе было шмат іншых смачных рэчаў, і калі Леанора панесла, хістаючыся ад цяжару, усё гэта ў дом Лэнгданаў, Сузі пабегла следам з яшчэ адным падносам, падабраўшы, што засталося.
— Чаму не прывяла з сабой Морыса? — спытаўся капітан, калі Леанора вярнулася дадому.
— Бедалага,— уздыхнула Леанора.— Яго ўжо няма дома. Харчуецца ў афіцэрскім клубе. Падумаць толькі!
Яны адзеліся, каб ісці на вечарынку, і стаялі каля каміна ў зале, на якім была бутэлька віскі і шклянкі. На Леаноры была чырвоная сукенка з крэпу, а на капітане — смокінг. Капітан нерваваўся, і ў яго шклянцы ўвесь час пазвоньваў лёд.
— Ха! Паслухай! — раптам усклікнуў ён.— Вось якую даволі цікавую навіну я пачуў сёння.— Ён збіраўся расказаць гісторыю і цяпер разважаў, як лепш пабудаваць сваё апавяданне. У капітана было добра развітае пачуццё гумару, і ён быў з’едлівы пляткар.
— He так даўно пазванілі генералу, і ад’ютант, пазнаўшы голас Элісан, адразу папрасіў таго падняць трубку. «Генерал, у мяне да вас просьба,— вельмі культурна і ўпэўнена звярнуўся той жа голас.— Я хачу, каб вы зрабілі мне вялікую паслугу, загадалі, каб салдат не трубіў пабудку ў шэсць гадзін раніцы. Гэта парушае адпачынак місіс Лэнгдан». Пасля гэтага бы-
ла доўгая паўза, і нарэшце генерал сказаў: «Прашу прабачэння, але мне здаецца, што я не зусім вас разумею». Просьбу паўтарылі, пасля чаго паўза была яшчэ даўжэйшая. «Малю вас, скажыце,— нарэшце папрасіў генерал,— з кім я маю гонар размаўляць?» Голас у трубцы адказаў: «Garcon de maison місіс Лэнгдан, Анаклета. Дзякуй».
Капітан зноў змоўк і стаяў з сур’ёзным выразам твару, бо быў не з тых, хто смяецца з сваіх жартаў. He засмяялася і Леанора — здавалася, што пачутае паставіла яе ў тупік.
— Хто, сказаў ён, такі? — спыталася яна.
— Ён хацеў сказаць, што ён «слуга», па-французску.
— I ты хочаш сказаць, што Анаклета пазваніў і вось такое сказаў пра пабудку. Ну, такога я яшчэ ніколі ў жыцці не чула. Мне нават цяжка ў гэта паверыць!
— Дурніца! — усклікнуў капітан.— Гэтага на самай справе не было. Гэта выдумка, анекдот.
Леанора так нічога і не разумела. Яна не была пляткаркай. Па-першае, ёй заўсёды было цяжкавата ўявіць сітуацыю, што разгортвалася па-за сценамі пакоя, а не побач з ёй. I да таго ж яна ні на кроплю не была зламысная.
— Як гэта? — здзівілася яна.— Калі гэтага не было, каму трэба ўсё гэта прыдумляць? Зрабілі дурня з Анаклеты. Як ты думаеш, ад каго гэта пайшло?
Капітан паціснуў плячыма і дапіў віскі. Ён прыдумаў не адну жартаўлівую гісторыю пра Элісан і Анаклету, і ўсе яны з вялікім поспехам хадзілі па гарнізоне. Складанне гэтых скандальных гісторый і прыдумванн^ новых дэталяў прыносілі капітану вялікую асалоду. Ён пускаў іх у ход цішком, даючы зразумець, што яны ідуць не ад яго, а ён толькі пераказвае. Ён рабіў гэта не столькі з-за сціпласці, колькі з-за стра-
ху, што аднойчы яны могуць дайсці да вушэй Морыса Лэнгдана.
У гэты вечар новая гісторыя не задаволіла капітана. Цяпер, тут, у доме, дзе яны былі толькі ўдваіх з жонкай, яго зноў ахапіла меланхолія, як тады, калі ён сядзеў у машыне перад асветленымі вокнамі казармы. У памяці ўсплылі спрытныя смуглыя рукі салдата, і ўнутры ўсё закалацілася.
— Пра што, чорт вазьмі, ты думаеш? — спыталася Леанора.
— Hi пра што.
— Вельмі ж ты неяк дзіўна выглядаеш.
Яны дамовіліся, што возьмуць з сабой Морыса Лэнгдана, і якраз тады, калі яны сабраліся ўжо ад’язджаць, той пазваніў і запрасіў зайсці да іх і выпіць па чарцы. Элісан адпачывала, так што яны не падымаліся на другі паверх. Таропка выпілі за сталом, бо пазніліся. Калі яны скончылі, Анаклета прынёс маёру парадны плашч. Філіпінчык правёў іх да дзвярэй, сказаўшы ім на развітанне ласкавым голасам: