Басяк з таго свету; Ад вялікага розуму  Маю Ласіла

Басяк з таго свету; Ад вялікага розуму

Маю Ласіла
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 341с.
Мінск 1990
80.23 МБ
Маю Ласіла
Маю Аасіла Басяк з таго свету Ад вялікага розуму
Аповесці
3 фінскай
Мінск «Мастацкая літаратура» 1990
ББК 84.4Фн
Л 26
Серыя заснавана ў 1983 г.
Рэдкалегія: С. Андраюк, Я. Брыль, I. Навуменка, I. Пташнікаў, Б. Сачанка
Пераклалі з фінскай
Уладзімір Арлоў і Якуб Лапатка
Пераклад зроблены з выданняў:
Lassila, Maiju. Kuolleista herannyt, Kilpakosjat; Pojat asialla.— Hameenlinna: Karisto, 1978.— 487 s.
Lassila, Maiju. Liika viisas — Petroskoi; Karjalais-Suomalaisen SNT: Valtion Kustannusliike, 1955.— 142 s.
B кнпгу включены остросатпрііческне повестн фннского пнсателя-класснка М. Ласснлы (1868 —1919).
4703010100—118
Л М 302(03)—90	171—90
©Выдавецтва «Мастацкая літаратура», 1990
НАМЁКІ, ПРЫВІДЫ, ЗАГАДКІ
«— Вось каб Ённі зараз прыйшоў, га? Каб даведаўся, што старыя сябры тут яго памінаюць, дык прыйшоў бы кульнуць чарачку,— смела сказаў нехта.
3 цёмных сенцаў пачуўся нейкі тупат і грукат. На парозе паўстала даўгалыгая постаць Ённі ў цыліндры і з страшнаю ношаю на плячах. Басякі залямантавалі ад жаху і, не чуючы пад сабою ног, рынулі паўз аслупянелага Ённі на вуліцу. У іх уваччу стаяў жудлівы прывід з крыжам і труною, які яны выклікалі з таго свету...»
Такая сцэна ў кнізе «Басяк з таго свету» паўтараецца тройчы. Тры разы з’яўляецца перад скамянелымі ад жаху героямі змрочная здань басяка Ённі Лумперы, і кожны раз тыя, што клікалі «памерлага» сябра, кідаюцца бегчы на злом галавы, забыўшыся, што хвіліну таму прагнулі яго бачыць. I гэтае троеснае паўтарэнне жудаснага гратэску міжволі наводзіць на думку, іпто ўсе героі кнігі ганяюцца за прывідамі. Нават чытач і той уцягнуты ў гэтую гонку. I сапраўды, эпічны запаволены пачатак, можа, нават крыху перагружаны падрабязнымі апісаннямі, стамляе чытача, прывучанага да экраннай лёгкасці твораў. Нічога не дае падстаў думаць, што праз некалькі старонак адбудзецца нешта незвычайнае. Чытач чакае працягу такога ж велічнага і эпічнага. Але раптам аказваецца, што ўся гэтая эпіка прысвечана ашалеламу ад сквапнасці басяку, які пачынае паляванне за мільёнамі. Мы яшчэ не раз заглынём такую прынаду: прывідам аказваецца шчасце камерцыі саветніка Ёнса Лундберга, які нажыў мільёны, а потым схаваўся ад іх у дэманстратыўнай беднасці і аскетызме. Падманныя Ённевы тысячы вабяць самавітую гандлярку Лійсу, і яна так-
сама пачынае ганяцца за багаццем. Па меры развіцця падзей мы ўсё болей пераконпаемся, што практычпа кожпы герой кнігі пакланяецца прывіду. I шыкоўны п’янюга палкоўнік Порхала, і багацей Пунтуры, і прайдзісветы з Тамперэ — усе думаюць толькі, як ухапіць фартуну за чупрыну. Ад гэтай паспешлівай прагі багацця і ўзнікаюць дзесяткі камічных і бязглуздых сітуацый. Аднак аўтар падае іх нам з поўнай сур’ёзнасцю, і праз тое яны робяцца яшчэ больш гратэскнымі.
Асабліва недарэчна гучаць дыялогі басяка з так званымі прыстойнымі людзьмі. Гэта часам выклікае ў чытача здзіўленне, але ж тыя размовы і павінны быць бязглуздымі! Мы выдатна разумеем, чаго вартыя разважанні непісьменнага Ённі пра сусветную палітыку ці палітэканомію, і дзівімся, чаму таго адразу не раскусяць ягоныя суразмоўнікі. Аднак у адрозненне ад нас іх слепіць агромністы прывід мільёна, які стаіць за плячыма Ённі, а таму самая несусвеціца, якую чаўпе басяк, падаецца ім вышэйшай мудрасцю. Нават п’яны крык басяковай душы «Далоў тытулы!» успрымаецца як дэмакратызм і народнасць зап’янелага мільянера.
Гэтак жа паблажліва ставяцца героі кнігі «Ад вялікага розуму» да казаняў вар’ята Сакары Колістая, які абвясціў крыжовы паход супраць чалавечай мудрасці. Але тут адносіны даходзяць да пэўных межаў: вар’ят аказваецца ў вар’ятні, няхай сабе і на пасадзе дырэктара. I ў тым, што вар’ят кіруе вар’ятамі, чытаецца змрочны намёк на сучаснае грамадства. Вось гэтая аналогія — гонка за багаццем, за ўладай, за прывідным шчасцем — і вымусіла нас аб’яднаць менавіта гэтыя дзве аповесці пад адной вокладкай. Апрача таго, ёсць у іх і яшчэ адна агульная рыса — у абедзвюх кнігах няма ніводнага станоўчага героя. I гэта таксама выклікае здзіўленне.
*
Маю Ласіла — пад такім жаночым імем увайшоў у фінскую літаратуру Альгот Ціецівяйнен. Ён нарадзіўся ў 1868 годзе ў Заходняй Карэліі. Калі хлопчыку было трынаццаць гадоў, памёр яго бацька, маці неўзабаве выйшла замуас за небагатага селяніна. Прозвішча аіічыма — Унтала — і прыняў будучы класік фінскай літаратуры. Яго жыццёвы шлях быў нялёгкі і няпросты, да гэтай пары не зусім добра вывучаны і даследаваны. Яшчэ ў дзяцінстве ён спазнаў, што такое нялёгкая сялянская праца, калі быў за парабка ў багатай цёткі. Потым, у 1887 годзе, яму пашчасціла трапіць у настаўніцкую семінарыю ў горадзе Сортавала. У 1891 годзе ён пачынае працаваць настаўнікам. Педагагічная дзейнасць працягвалася да 1898 года ў розных раёнах Фінляндыі. У горадзе Вііпуры (Выбарг) Ласіла пазнаёміўся з рускай сям’ёй і пачаў удасканальваць свае веды ў рускай мове. Трэба зазначыць, што Ласіла ўвогуле меў выдатныя і лінгвістычныя здольнасці — ён ведаў некалькі еўрапейскіх моў.
У 1898 годзе Ласіла паступіў на службу і правёў піэсць гадоў у Пецярбургу, дзе быў прадстаўніком гандлёвай фірмы. Аднак камерцыя не засланіла ад яго грамадскага жыцця рускай сталіцы. Малады камерсант пачаў займацца рэвалюцыйнай дзейнасцю і нават быў у складзе тэрарыстычнай групы, якая рыхтавала замах на міністра ўнутраных спраў Плеве.
Вярнуўшыся на радзіму, Ласіла працаваў настаўнікам, а потым пакідае і гэтую працу, каб цалкам аддацца палітычнай і пісьменніцкай дзейнасці. Ён уступіў у так званую «Старафінскую партыю», якая прывабіла яго сваімі «народнымі» лозунгамі. Але праз пэўны час Ласіла адышоў ад яе.
У літаратуру Ласіла ўступіў на пятым дзесятку свайго веку. За дзевяць гадоў літаратурнай дзейнасці ён напісаў каля сарака твораў, апублікаваў — дваццаць шэсць. Найболыпую папулярнасць набылі сатырычныя і гумарыстыч-
ныя творы пісьменніка, апублікаваныя пад псеўданімам Маю Ласіла, Гэтае імя і засталося ў залатым фондзе фінскай літаратуры побач з імёнамі Эйна Лейна, Юхані Аха, Франца Эміля Сіланпяя, Катры Валы, Пенці Хаанпяя і іншых фінскіх класікаў.
У гэты час пісьменнік зусім перастаў займацца йалітычнай дзейнасцю і вёў даволі дзіўнае, незразумелае жыццё. Ен нідзе не паказваўся публічна, адмаўляўся ад сустрэч з выдаўцамі і рэдактарамі сваіх твораў, ведучы з імі толькі перапіску. Пры гэтым пісьменнік не даваў ім нават свайго адраса, атрымліваючы карэспандэнцыю да запатрабавання. Ад суседзяў ён хавае сваё імя і прафесію. Нават на шпацыр выходзіць крадком, каб яго не бачылі. Здаецца, пісьменнік зрабіў усё, каб збіць з нанталыку сваіх будучых даследчыкаў. Літаратурная праца ў тагачаснай Фінляндыі прыносіла невялікі заробак, але і тут Ласіла паводзіць сябе даволі своеасабліва. Ён згаджаецца на самыя маленькія ганарары, а калі яму прысудзілі першую прэмію за гумарыстычную аповесць, ён праз газету адмовіўся ад яе.
I раптам пустэльнік пасля некалькіх гадоў самотнага жыцця вяртаецца да палітычнай дзейнасці. У 1916 годзе ён пачынае працаваць у сацыял-дэмакратычнай газеце «Цюэсміес» («Рабочы»), Там ён працаваў да канца свайго жыцця — да 1918 года. У красавіку 1918 года, калі нямецкія салдаты з егерскай дывізіі фон дэр Гольца і фінскія белагвардзейцы, якіх звалі «мяснікі» за незвычайную жорсткасць, захапілі рэвалюцыйны Хельсінкі, пісьменнік да апошніх хвілін знаходзіўся на сваім пасту — у рэдакцыі газеты «Цюэсміес». Потым яму ўдалося пакінуць памяшканне, але неўзабаве ён дэманстратыўна выйшаў на вуліцу, дзе і быў арыштаваны. Яго асудзілі на пакаранне смерцю і 21 мая 1918 года забілі на параходзе, які вёз асуджаных рэвалюцыянераў на востраў Сантахаміна. Так загінуў славуты фінскі пісьменнік. Яго жыццёвы шлях быў поўны супярэчнасцяў і нечаканых, рэзкіх паваротаў лёсу.
Якуб Лапатка
БАСЯК 3 ТАГО СВЕТУ
I
Калі вам даводзілася бываць у порце Хельсінкі ўлетку, калі там пануе няспынны рух і падобныя да вялізных лянівых рыбін караблі ўдзень і ўначы прыстаюць да берага, няўклюдна разварочваюцца і выходзяць у мора, вы, відаць, часта сустракалі там аднаго падстаркаватага басяка, які любіў сядзець на прычале і карміць хлебам галубоў. Часам туды даляталі перазовы царкоўных званоў і музыка з багатых пахаванняў. Хаўтурны звон і жалобныя мелодыі разлягаліся па-над горадам і портам, змешваліся з параходнымі гудкамі і гулам карабельных машьін. Тады ж можна было ўбачыць, як той самы басяк, разваліўшыся на грудзе выгружаных тавараў, тлумачыў сваім сябрам сутнасць сур’ёзных пытанняў жыцця і смерці. Журботны звон ахутваў наваколле і, напэўна, абуджаў у душы ў старога басяка думкі пра марнасць чалавечага жыцця, а таксама ахвоту пагаманіць пра гэта з іншымі людзьмі. Такія гаворкі, відаць, моцна бралі за жывое гэтых адвечных дзяцей порта. Яны моўчкі слухалі свайго прыяцеля, моўчкі смакталі люлькі, і перад іхнімі вачыма была ўжо не сіняя марская далячынь, а паўставалі зусім іншыя малюнкі. Ды і з самім прамоўцам, гэтым адданым сябрам галубоў, сэрца якога назаўсёды прырасло да хельсінкскага порта, з басяком Ённі Лумперы, адбывалася нешта незразумелае, калі ён казаў пра непазбежнасць смерці, а потым — уваскрэсення перад Страшным судом, які чакае кожнае бязгрэшнае дзіця порта, кожнага, хто там нарадзіўся, быў ахрышчаны і звекаваў свой век. Ён казаў
пра гэта і адчуваў, як яго душа ператвараецца ў чаіцу, імкліва нясецца над марскімі хвалямі і дазвання растае ў марской сінечы.
Ённі Лумперы быў, бадай, самы старэйшы і самы сапраўдны хельсінкскі басяк, якіх засталося ўжо не бог ведае колькі. Ён быў басяк не толькі целам, але і душой, басяк па перакананнях, па прызванні і нават складам свайго розуму. Даволі было глянуць на яго, каб адразу зразумець, што перад вамі басяк, гэтаксама як даволі зірнуць на карчавы пень, каб упэўніцца, што гэта якраз пень, а не гонкая мачтавая хваіна. Ён быў сапраўдны басяк, а таму больш за ўсё на свеце любіў вольнае жыццё пустадомка. Цягавіты і бадзё-ры, ён вылучаўся сярод партовай браціі сваім ладна скроеным целам і незвычайным апетытам, які знікаў значна пазней, чым апошні кавалак са стала. Зрэшты, трэба сказаць, што здаралася і так, што ў яго па некалькі дзён запар не было ў роце ні макулінкі. За сілу і жарлівасць сябры далі яму мянушку Самсон. Апрача таго, ён часта апавядаў сваім дружбакам пра подзвігі біблейскага волата. Але Ённі чуў тую гісторыю даўно, ды і то краем вуха, а таму аздабляў свае расказы такімі незвычайнымі прыгодамі, што калі б іх пачуў сам біблейскі герой, дык ніколі не даў бы веры, што ўсё гэта было з ім, а не з кімсьці іншым.