Басяк з таго свету; Ад вялікага розуму  Маю Ласіла

Басяк з таго свету; Ад вялікага розуму

Маю Ласіла
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 341с.
Мінск 1990
80.23 МБ
Наўкарынен яшчэ нешта гаварыў, але ўрэшце стаміўся ад свайго маналога і чакаў, калі Ённі пойдзе. Але той па-ранейшаму сядзеў і маўчаў. Каб прымусіць госця хутчэй пайсці, Наўкарынен спытаўся:
— Ну што? Ці даспадобы табе такая купля?
Тым часам Ённі паспеў ачомацца і ўсё абдумаць. Хаваючы ад агента сваё сапраўднае фінансавае становішча, ён адказаў:
— А нішто сабе.
Ён ужо сабраўся ісці, але, каб пакінуць апошняе слова за сабою, яшчэ дадаў:
— Вядома, някепска жыць на свеце, калі маеш у кішэні немалыя грошы.
*
Між тым кілбасніца Лійса толькі і думала пра Ённі, а менавіта пра тое, як і што зрабіць, каб ён узяў яе замуж. Лійса пачала справу рашуча: наняла Кайсу Нукары, каб тая пагаварыла з Ённі. Сватацца ў адкрытую было непрыстойна, а таму нявеста параіла свацці весці размову намёкамі.
Аднак Мары, сястра Лійсы, выступіла супраць гэтых планаў. Мары была замужам за краўцом другой катэгорыі і тое, што яе сваяком будзе басяк, палічыла за абразу.
— Навошта табе гэты валацуга? — пагардліва спыталася яна, даведаўшыся пра Лійсіна сватанне.
Кілбасніца ажно зайшлася ад злосці і крыкнула:
— А чым валацуга горшы за іншых мужчын? У яго таксама... душа ёсць!
Пасля гэтага яна зноў паклікала Кайсу Нукары, каб яшчэ раз усё як след абмеркаваць.
— Валацуга з дваццаццю тысячамі варты цэлага тузіна некаторых паноў,— бурчала яна падчас размовы, нібыта працягваючы сваю спрэчку з сястрой.— Ведаем мы такіх паноў: на пузе шоўк, а ў пузе — шчоўк.
Лійса шчыра верыла ў Ённевы дваццаць тысяч марак. Яна варыла кілбасу і зласліва, з пагардаю да самой сябе казала:
— У маім веку і басяк падыходзіць. Я ж старая, тоўстая, як капа, гандлярка...
Выхапіўшы з агню чыгун, яна з той самай безнадзейнасцю жалілася:
— Хоць кукуй, хоць шчабячы, а больш, чым басяка, не зловіш...
Кайса Нукары пагадзілася і, пасмоктваючы сваю кароткую люльку, самаўпэўнена пацвердзіла:
— Галоўнае, каб ён быў добры мужык.
Кайса павяла справу як належыць — пачала гаворку з Ённі здаля. Яна прыйшла якраз тады, калі басяк сеў есці. Свацця распыхкала люльку і ўзялася нахвальваць Лійсу. Аднак Ённі нічога не раскусіў. Ён слухаў і старанна жаваў.
— Ну, Лійса даволі ёмкая штучка,— усё-такі пагадзіўся Ённі, набіваючы рот.
Кайса ўбачыла ў гэтым добры знак і загаварыла зусім смела:
— Паслухай, Ённі, ці не пара табе і кабету займець, калі займеў багацце...
Замест адказу Ённі пачаў яшчэ старанней працаваць сківіцамі. Ён па-ранейшаму не мог даўмецца, што тут да чаго. А Кайса ўсё гаварыла і гаварыла, і нарэшце ў Енневай галаве варухнулася думка: а ці не прыйшла гэтая жанчына па любоўных справах?
— Што ты там, Кайса, балбочаш? — падазрона спытаўся ён.— 3 чаго гэта ты так расхвальваеш мне Лійсу?
Кайса адчула, піто ўсё ідзе на лад, што Ённі гатовы і можна пайсці на адкрытую, але яна вырашыла на ўсялякі выпадак падпусціць трохі туману, а таму, зацягнуўшыся дымам, прамармытала:
— Ды я так, нічога.— I з хітрынкаю дадала: — Я падумала, калі так — дык так, а не — дык не...
Нарэшце Ённі змікіціў. Ён даснедаў, запіхнуў нож у похвы, падняўся і, павольна падбіраючы словы, сказаў:
— Ага, дык вось чаму ў яе быў рот да вушэй. Гэта значыць, яна ад тысячы марак так заўсміхалася. Цяпер зразумела, чаму гэтая курыца на новы лад закудахтала!
Але тут ён узгадаў чуткі, што хадзілі сярод басякоў наконт Лійсіных дваццаці тысяч, і ў ягонай галаве як быццам бліснула маланка. Ён зразумеў, што panep зможа, як раіць Наўкарынен, купіць маёнтак і што перад ім, як некалі перад яго аднайменнікам Ёнсам Лундбергам, зноў адкрылася дарога да мільёнаў.
Справа закруцілася. Лійса шчыравала так, нібыта ўсё ўжо вырашана. Яна заявілася да Ённі, каб расчуліць яго і прыспешыць з вяселлем. Як і на рынку, кілбасніца пусціла ў ход пяшчотныя лёстачкі. У гэты час Ённі збіраўся да Наўкарынена, ён якраз апранаўся, і тут Лійса палезла са сваімі кірмашовымі жарцікамі.
— Ну і Ённі... Як скажа... Вазьмі ў мяне з гэтай тысячы... Вось дык сказаў...
Аднак Ённі спяшаўся і не меў намеру марнаваць час на нішчымныя размовы. Надзяваючы падараваны Ёнсам Лундбергам фрак, ён рашуча пачаў:
— Вось што, Лійса, скажы мне шчыра...
Ён меўся сказаць, што ім трэба пажаніцца, але ягоная асцярожнасць узяла верх, і замест гэтага ён сказаў зусім іншае:
— Дык ці шмат у цябе грошай?
Лійса засаромелася сваёй беднасці. Аднак, калі яна
накінула свае дзве тысячы да Ённевых дваццаці, атрымалася даволі прыстойная сума. Спачатку яна адказала так:
— Колькі ёсць — усе мае!
Тут Лійсін голас затрымцеў, і яна дадала:
— Разам з тваімі набярэцца тысяч дваццаць.
Гэта пацвердзіла звесткі пра Лійсіны дваццаць тысяч, Каб суцешыць кілбасніцу, задаволены Ённі сказаў:
— Ну, і гэтыя грошы не абы-што.
Усё было ясна: яны паразумеліся. Ённі сурова сказаў:
— Цяпер табе, Лійса, нельга быць легкадумнай і бегаць за іншымі мужыкамі.
Лійса пачала бажыцца:
— Калі я ўжо дажыла без гэтага да сваіх гадоў, дык не думай, што цяпер кінуся ў паскудства.— I з гонарам за сваю цнатлівасць яна сказала: — Я ніколі не грашыла. Болей за сорак гадоў госпад наш дапамагаў мне спраўляцца з рознымі спакусамі.
Ённі таксама карцела сказаць што-небудзь аб прыгажосці сваёй душы. Ужо адыходзячы па сваіх справах,ён паведаміў:
— I я таксама не грашыў.— Ён тужэй зацягнуў папругу і паабяцаў: — Калі застануся ўдаўцом, дык ты не бойся, другой замест цябе не вазьму.
Ад сваіх любоўных поспехаў Ённі зусім расчуліўся і, калі Лійса, пяшчотна ўсміхнуўшыся, пусціла слязу і пачала сваё заўсёднае: «Ну ска-а-жа», ён, каб суцешыць яе, узнёсла прамовіў:
— Мы з табой, Лійса, як два галубкі.
Тут ён чамусьці ўспомніў старыя галёшы, у якіх хадзіла маці аднаго яго сябра, і гаварыў далей у тым самым паэтычным стылі:
— Калі ўжо каханне пастукалася ў нашыя душы, трэба звіць сваё гняздо, пакуль мы з табой не ператварыліся ў старыя атопкі.
Сэрца ў кілбасніцы перапоўнілася пачуццямі, ды і Ённі таксама пачуваўся, як закаханы хлапчук. На Лійсіны вочы накруціліся слёзы, і яна здолела толькі прамармытаць:
— Во яшчэ... Скажа... Старыя атопкі...
Лійса энергічна рыхтавалася адчыняць сваю краму. Спачатку яна мелася купіць у Малайнена краму кілбасаў і кандытарскіх вырабаў, да таго ж гаспадар прасіў усяго дзевятнаццаць тысяч марак. Але супроць гэтых планаў зноў паўстала Лійсіна сястра.
— Яшчэ што прыдумала — прадуктовую краму. Ды твой мужык-валацуга за тыдзень увесь тавар умалоціць.
Лійса задумалася, і ёй здалося, што сястра кажа праўду. Тады яна пачала з панам Пёсё перамовы наконт крамы скураных вырабаў. Балазе гэтая крама каштавала не болей дваццаці тысяч марак, а значыць, усё было ў парадку.
Ённі пра свой будучы маёнтак маўчаў. Ен хацеў уразіць Лійсу, ужо атрымаўшы прыбытак. Лійса нічога не казала пра краму. Такім чынам, патаемна рьтхтаваліся дзве важныя пакупкі.
А Ённі тым часам пачаў заводзіць гаспадарку. За сто марак ён набыў сапраўдны двухспальны ложак, a таксама яшчэ сёе-тое патрэбнае для шчаслівага жыцця двух закаханых.
Лійса і Пёсё з дапамогаю агента Наўкарынена ўжо дамовіліся наконт крамы. Лійса заплаціла агснту пяцьдзесят марак задатку. Пасля гэтага яна адчула сябе жонкаю буйнога камерсанта і сапраўды закахалася ў Ённі.
V
Мінулася некалькі дзён.
Ённі рыхтаваўся стаць гаспадаром. Яго страшэнна злавала, што партовыя басякі толькі і чакалі выпадку,
каб усім гамузам заваліцца да яго на выпіўку. Ханку ж назаляў дзень і ноч, а таму Ённі баяўся яго, як чорт крыжа. Вось і цяпер Ханку з’явіўся ў самы нязручны момант. Ённі акурат збіраўся ехаць у Тамперэ. Ён не ведаў, як пазбыцца гэтага небяспечнага госця. Ённі ўжо зразумеў, што багатым людзям грошы вельмі патрэбны, а таму кожны новы візіт Ханку адно прыспорваў нашаму багацею злосці.
Ённі вырашыў пазбавіцца ад свайго ратаўніка і адразу ўзяўся плесці інтрыгу. Апранаючыся, ён уважліва паглядзеў на візітанта і пачаў:
— Ты, Ханку, калісьці казаў нешта пра турэцкага султана. Дык вось, не ўсё тое, што ты казаў, праўда.— Ён тупнуў нагой і гучна абвясціў: — Турэцкі султан кіруе дзяржавай... Так што не думай, быццам ён забаўляецца са сваімі бабамі, і ўсё.
Ённі сказаў гэтую лухту і адразу ж паверыў у яе сам. Аднак Ханку не надта давяраў Ённевым ведам пра мусульманскага валадара, а таму запярэчыў:
— Але ж ты, Ённі, у Турцыі не быў... Адкуль ты ведаеш? А можа, магаметанская вера патрабуе, каб султан... гэта самае...
Ённі адчуў у прыяцелевых словах праўду і раззлаваўся, але ўсё ж неяк утаймаваў гнеў. Усю сваю злосць ён уклаў у наступную фразу:
— Вельмі ўжо ты разбіраешся ў рэлігіях! — А потым зняважліва дадаў: — Вядома, у пытаннях веры ты — як рыба ў вадзе.
Ённі карцела пасварыцца. Ён корпаўся з вопраткай і пагардліва казаў далей:
— А я вось не прызнаю гэтых баек. Калі ўжо чалавек памёр і косткі ягоныя сатлелі, дык ён болей не падымецца.
Ённі адкрыта лез у сварку. Ягоны тон быў настолькі абразлівы, што Ханку таксама зазлаваў і вырашыў выступіць у абарону веры і самога сябе. Ён меўся ска-
заць, што ўваекрэеенне ўсё ж магчыма, але Ённі не дазволіў яму і рота адкрыць. Яшчэ больш злосна і з’едліва ён крыкнуў:
— Паспрабуй! Ну, паспрабуй, узнясіся, калі ты гэткі праведнік! — Баючыся, што Ханку загаворыць пра выпіўку, Ённі паспешліва дадаў: — Можа, вось зараз і над намі смерць лётае! Вось, напрыклад, нап’ецца чалавек перад смерцю, а як памрэ небарака, і ўсё тут. Паспрабуй, узнясіся.
Ён плявузгаў яшчэ нешта наконт смерці і ўзнясення. Ханку зноў паспрабаваў пярэчыць, аднак Ённі быў такі развар’яваны, што не даў прыяцелю нават пікнуць.
— Ну, паспрабуй, калі так!
I ён сам і ягоны голас дрыжалі ад злосці. Такі бязбожны імпэт напалохаў Ханку, і ён паспрабаваў спыніць сябра і ўратаваць яго ад бездані, куды той ляцеў на скрут галавы.
— Ённі, загубіш душу! Ты стаў сапраўдным буржуем! Во што робіць гэтае багацце! Што ты балбочаш пра ўзнясенне?..
Ханку так расхваляваўся, што нават забыў на выпіўку.
А Ённі пазіраў на засмучанага дурня Ханку, які верыў ва ўзнясенне, і адно зларадна ўсміхаўся.
— Калі ўжо цябе прыціснулі два метры зямлі, дык ляжы і не рыпайся! А ён, бач ты, на неба сабраўся!
Варожа касавурачыся адзін на аднаго, выратаваны і выратавальнік разышліся. Застаўшыся адзін, Ханку раззлавана пачухаў патыліцу і прабурчаў: