Басяк з таго свету; Ад вялікага розуму
Маю Ласіла
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 341с.
Мінск 1990
— Гэты галадранец Ённі хваліўся, што ён цяпер багаты, а сам жа, відаць, голы як бізун.
Старая гандлярка папалася на вуду і адразу ж выклала Лійсе, што Ённі сапраўды выйграў дваццаць тысяч.
— Ну, дык ніякі ён не мільянер,— расчаравана сказала кілбасніца.— А ўжо строіць з сябе немаведама што...
Але зайздрасць, варожасць і пагарда пакрысе ўгамаваліся, а думкі павярнулі ў іншы бок. Лійсе прыгадалася, як басякі заўсёды падхвальвалі Ённі і сваталі яго, якая прыязная ўсмешка з’яўлялася на Ённевым твары, калі ён купляў кілбасу. Неўзаметку яе сэрца адпусцілася. Нават сватанне ўжо не здавалася Лійсе нечым немагчымым. Вядома, не праз тое, што Ённі выйграў дваццаць тысяч, а праз тое, што ён быў надзіва добры чалавек. Лійса мела характар няўрымслівы і дзейны, а таму над вольніцаю старога кавалера Ённі навісла сур’ёзная пагроза.
*
Тым часам Ённі дапяў да порта і напаіў сябрыну півам. Ягонае жытло тулілася на самай ускраіне. Ённі шыкаваў у халупцы з адзіным пакоем і зладжанымі з аполкаў сенцамі. Гэтыя апартаменты Ённі на ўсцеху домаўладальніку наймаў за пяцьдзесят марак у месяц. Замест стала і крэслаў пасярод пакоя стаяла вялікая скрынка і пара цурбакоў. Гэта быў увесь абсталюнак. Але сёння тут панавалі радасць і шчырая сяброўская размова. У такі шчаслівы дзень Ённі асабліва хацеў пачаставаць свайго выратавальніка Ханку. У халупцы чуліся хмяльныя воклічы, якія былі сапраўдным хваласпевам гаспадару і ўсім яго дабрачыннасцям, а найперш, вядома, шчодрасці.
— Ённі — наш сябра, а не які-небудзь там буржуй! — узахапы крычалі падпітыя сябры.
Чым больш яны хмялелі, тым болып змястоўнаю рабілася гаворка. Нехта ўзгадаў Енневу мянушку — Самсон, і ўсе пачалі зноў абмяркоўваць яго дабрачыннасці, ужо блытаючы Ённі з біблейскім волатам, які пазычыў басяку сваё імя. Няўзнакі зап’янелая сябры-
на перайшла да старога Ноя і так, пакрысе, перабрала ўсіх вядомых ёй святых і прарокаў. Тым часам звечарэла. Вучоных багасловаў апанавала прыемная млявасць, і дыспут пачаў прыгасаць.
— I прарок Мухамед таксама быў недурны хлопец,— задуменна прамовіў Ханку.
Такая заява падалася дыспутантам даволі легкадумнаю, і яны заўсміхаліся, хоць наогул усе ставіліся да Мухамеда вельмі прыязна. Тады Ханку, крыху шапялявячы і заікаючыся, удакладніў сваю думку:
— У турэцкага султана тры тысячы баб. Такі натоўп ужо ж неяк пракорміць аднаго мужыка.
Пачуўшы гэтыя словы, Ённі як бьіццам прачнуўся. Гарэлка ўжо добра замуціла яму мазгі, аднак ахвота адпомсціць кілбасніцы Лійсе, а за адным разам хоць бы за вочы пасмяяцца з султана, які мае адразу тры тысячы жонак, нарадзіла ў яго такую вось думку:
— Яшчэ б нашу Кілбасу Лійсу таму султану падсунуць. Няхай бы з такой кабеткаю пад старасць пабарукаўся.
Гэтая прапанова захапіла п’яных басякоў, і яны, як малыя дзеці, пачалі кпіць і здзекавацца з Лійсы, але яшчэ больш перапала гарапашнаму султану.
У ачмурэлай галаве Ённі варушыліся дзіўныя і лянівыя, як трутні, думкі і вобразы. To яму падміргваў сам прарок Мухамед з каранам у руках, то чарадою праплывалі перад вачыма прыгажуні-адаліскі з султанскага гарэма, то з’яўляліся аднекуль небаракі-еўнухі ў вялікіх турбанах. Калейдаскоп экзатычных малюнкаў натхніў Ённі на важную заяву:
— Сапраўдны мужчына павінен мець некалькі жонак... Хаця б... хаця б тысячы тры!
Гэтая думка ўсім дужа спадабалася, і балюшка працягвалася. Сябры з асалодаю падрахоўвалі султанавыя выдаткі і прыбыткі і шчасна цешыліся, што гэтак вольна і беспакарана могуць разабраць па костач-
ках такую важную асобу, як султан. Яны забаўлялісЯ, быццам малыя, і хоць у іх у кішэнях (вядома, апрача Ённевых) гуляў вецер, кожны лічыў сваім абавязкам паспачуваць султану з прычыны яго страшэнных выдаткаў на сям'ю. Падчас абмеркавання султанавых праблем яны кульнулі яшчэ па некалькі чарак і ўспомнілі пра Ённі.
— Наш Ённі яшчэ і ў мільянеры нралезці можа,— прыжмурыўшы вочы, сказаў Ханку.
Ніхто з басякоў не пярэчыў. Ённі сапраўды мог зрабіцца мільянерам. П’яная гамонка, што была трохі ачахла, успыхнула з новай сілай.
— Вось тады яму будзе разгарненне,— казаў далей Ханку.— Захоча — і султанам стане!
Неўпрыкмет пераваліла за поўнач. Ённі зусім раскіс. У галаве ўсё змяшалася, і ён пачаў правальвацца ў сон.
— Ённі! — галёкаў Ханку, тузаючы сябра за рукаў.— He вешай нос на квінту! Будзеш султанам!
Басяк падняў галаву і паспрабаваў сказаць нешта разумнае:
— Тут мне... Нуўцінен. Калі падпісацца... крыжык...
Галава зняможана ўпала на грудзі, і Ённі захроп. Сябрыну таксама апанаваў сон. Некалькі басякоў выпаўзлі на вуліцу, астатнія паснулі, дзе хто сядзеў.
Гаспадар хроп так, што на стале трымцелі шклянкі. Спачатку ён прысніў прарока Мухамеда. Потым ператварыўся ў Самсона. Гэты сон быў доўгі, і, каб падтрымаць сваю сілу, Ённі нешта бясконца еў.
III
Нарэшце Ённі, патраціўшы на гэта амаль цэлы дзень, выцверазеў ад першай радасці. Ён вырашыў, што абавязкова павінен аддзячыць камерцыі саветніку
Ёнсу Лундбергу, і рушыў да свайго дабрадзея. Ён урачыста ішоў па вуліцы ў фраку, з цыліндрам на галаве, і толькі старыя нагавіцы і чаравікі выдавалі басяка. На парозе Лундбергавага дома ён так пранікся ўрачыстасцю, што ўжо не ведаў, як пачаць сваю прамову, і, вылупіўшы вочы, тупаў каля дзвярэй.
— 3 якой справаю прыйшоў, Ённі? — спытаўся камерцыі саветнік.
Ённі набраўся смеласці, падышоў да печы, дзе стаяла плявальніца, харкнуў туды, цяжка паглядзеў спадылба і абвясціў:
— Дык, значыць, хачу пагаварыць пра той латарэйны білет, што даў мне пан камерцыі саветнік.— Ён ацёр рукавом пот і казаў далей: — Ну вось, пашэнціла мне! Адхапіў дзве тысячы паперак!
Ёнс Лундберг ужо ведаў пра гэта і быў шчыра ўсцешаны шчасцем свайго аднайменца.
— Значыць, гэта быў добры білет,— лагодна прабурчаў ён з-за сваёй лічыльнай кнігі і з тае прычыны, што заўсёды зычыў Ённі шчасця, адразу ж узяўся вучыць яго, як скарыстаць грошы найлепшым чынам. Камерцыі саветнік пабойваўся, што, застаўшыся ў горадзе, Ённі хутка прасадзіць свае грошы ў шынку, a таму параіў яму пераехаць у вёску, купіць там хату і пачаць новае жыццё.
— Іначай з цябе атрымаецца бандзюк. Вялікі гультай і бандзюк,— суха сказаў стары.
Потым ён распавёў Ённі пра самога сябе.
Аказалася, што камерцыі саветнік пачаў сваю кар’еру дзесяцігадовым хлапчуком, маючы ў кішэні ўсяго дзесяць пені.
— Затое цяпер у мяне цэлы мільён і нават трохі болей,— пахваліўся ён.
— Каб цябе чэрці! — вырачыў вочы басяк. Ён і ўявіць не мог, якое гэта багацце.— Мільён! Во гэта грошы! Колькі ж іх у мільёне?
Расчулены Ёнс Лундберг па-сяброўску растлумачыў:
— Адзін мільён — гэта вялікія грошы. За іх можна купіць велічэзны мураваны дом. Можна купіць дом на цэлы квартал.
Ад такіх слоў у Ённевай галаве ўсё пераблыталася. Ён не ведаў, што сказаць, думкі яго разбягаліся ў розныя бакі. Басяк стаяў і, не разумеючы, што робіць, пляваў у плявальніцу. Перш чым зноў урупіцца ў працу, стары прароч.і сказаў:
— I ты, Ённі, таксама можаш стаць мільянерам. Вялікім баіацеем можаш стаць. Толькі трэба кідаць піць і брацца за спекуляцыю.
Стары Лундберг утаропіўся ў свой гросбух, нібыта намагаючыся разгледзець за лічбамі яшчэ нешта, і такім самым прарочым тонам пацвердзіў:
— Ага, ты не памрэш, пакуль не займееш мільён. Лічы, што ён ужо ў цябе ў кішэні. Толькі пачынай спекуляваць і кідай піць. Чуеш?
Басяк вылупіў на старога вочы і аслупянеў. Ад такога прароцтва яму як зарвала.
Нарэшце да яго вярнулася рухавасць, і ён падышоў бліжэй да плявальніцы. Алс ўсё адно ніяк не мог уцяміць, чаму стары Лундборг завёў гаворку пра дом на цэлы квартал Гронквістын, а таму адказ атрымаўся даволі бязглузды:
— Я вось думаю... Калі ўжо сам пан саветнік кажа пра такі дом... Колькі ж гэта на яго трэба цэглы?..
Што б там ні было, але калі Ённі выходзіў ад старога, гэта быў ужо зусім іншы чалавек. Ён наважыў прыняць параду і напытаць сабе якую-небудзь сялібу. Душою Ённі завалодала прага ўзбагачэння, і ў галаве засталася адна-аднюткая, як гарошына ў бразготцы, думка: колькі ж грошай у тым мільёне?
Спачатку ён меўся купіць, як і раіў стары Лундберг, невялікі клінок зямлі, але, увесь час думаючы
пра мільён, так асмакаваўся, што ўжо захацеў набыць зямлю не з нейкаю там хацінай, а з сапраўдным домам, прычым памеры гэтага дома хутка павялічваліся, і нарэшце Енні пачаў марыць пра велічэзны маёнтак.
Цяпер ён унікаў знаёмых басякоў, баючыся, што тыя будуць прасіць на выпіўку.
Аднойчы, калі Ённі сядзеў у порце на скрынках з таварамі, да яго падышоў знаёмы валацуга Рыекі. Спадзеючыся, што стары дружбак не адмовіць, Рыекі прыніжана папрасіў:
— Ённі, пастаў пляшачку, га?
Аднак Ённі як быццам не пачуў. Ён збіраўся снедаць і, выцягнуўшы з кішэні кавалак кілбасы, з наіўным выглядам сказаў:
— Вось купіў на рынку кілбасы... Сустрэў там Ёры з «Паларыса»... дык ён і пытаецца: ці праўда, што Рамперы Косі наняўся на «Паларыс» і з’ехаў у Марсель?
Такім чынам, справу з выпіўкай удалося замяць, і Ённі запусціў зубы ў сваю кілбасу.
На царкве святога Міколы ўдарылі ў званы, і ў гарачай сухой цішыні паплыў цяжкі гул. Ённі на ўсякі выпадак сказаў:
— Ага-а-а. Б’юць, б’юць у званы. Яшчэ некага гасподзь забраў да сябе.
А тым часам кілбасніца Лійса ўвішна ўзялася за ўладкаванне любоўных спраў. 3 чутак і плётак яна вызнала, што Ённі выпаў галоўны выйгрыш у дваццаць тысяч марак. Між іншым, сама Лійса мела капітал у дзве тысячы марак, але сярод партовых басякоў хадзіла пагалоска, што Кілбаса мае ў панчосе не дзве, а ўсе дваццаць тысяч.
У Лійсінай душы панавала жаданне выйсці замуж.
Праўдзівей, жаданняў было два: першае — зрабіцца жонкаю Ённі, другое — маючы дваццаць дзве тысячы марак, адчыніць уласную краму і назаўсёды згарнуць свой рыначны гандаль. Годзе ўжо ёй зімою ляскаць зубамі на марозе, пара спраўдзіць мрою ўсяго жыцця — адчыніць сваю краму.
Лійса не збіралася валаводзіцца. Калі Ённі выпадкова праходзіў па рынку каля яе яткі, кілбасніца, не губляючы ні хвіліны, пачала завабліваць яго ў свой нерат. Спыніўшыся непадалёк, Ённі пачуў салодкае буркатанне:
— Ну і сказаў... Вось вам з гэтай тысячы... Бач ты, як сказаў...
Яна прамовіла гэтыя словы з самай прывабнаю ўсмешкай, як сапраўдная спакусніца. Шчыра кажучы, гэта было непрыхаванае заляцанне. Аднак Ённі не здолеў дапяць да сапраўднага сэнсу Лійсіных слоў, a таму вельмі здзівіўся: