Басяк з таго свету; Ад вялікага розуму
Маю Ласіла
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 341с.
Мінск 1990
— Зусім глуздануўся Ённі. He паспеў забагацець, а надзьмуўся ўжо — чысты буржуй. I пра душу, і пра вечнае шчасце забыўся.
Ханку меў рацыю: іхняя сутычка ператварыла Ённі ў сапраўднага бязбожніка. Ён зрабіўся ерэтыком назло Ханку. Калі той загаварыў пра ўзнясенне і вы-
ратаванне душы, Ённі ад злосці на прыяцеля перавярнуў асновы Хрыстовага вучэння і выракся слова боскага.
*
Уратаваўшыся ад свайго выратавальніка, Ённі пацягнуўся проста на вакзал. Але, ідучы праз рыначны пляц, ён успомніў, што недзе тут гандлюе яго нявеста Лійса. Цяпер усе ягоныя намеры наконт маёнтка ды і наогул усё шчасце ў жыцці залежала ад уяўных Лійсіных тысяч. Да таго ж Ханку развярэдзіў яму душу, і Ённі, каб крыху супакоіцца, вырашыў пашукаць Лійсу.
Знайшоўшы кілбасніцу, ён узрушана загаварыў:
— Ну, гэты Ханку! Яшчэ нешта пра веру вярзе! — I ўжо больш спакойна казаў далей:
— Я ўсё жыццё веру толькі ў тое, што можна пабачыць і пакаштаваць, а гэты Ханку чаўпе нешта пра ўзнясенне і пра турэцкага султана.
Ённі так доўга гаварыў, што сямейныя справы турэцкага султана — гэта яго асабістыя справы, што Лійса западозрыла нешта нядобрае і гнеўна ўсклікнула:
— Я не якая-небудзь мармонка Ч
Ённі адпусціўся. Ён паверыў у Лійсіну бязгрэшнасць і суцешыў яе:
— Гэта я так, каб упэўніцца... Разумееш, Лійса,— пачаў тлумачыць ён,— бывае, што жаночае каханне раптам знікае, як пара ў лазні. Ну, выпараецца.
Умацаваўшы такім чынам сваю веру і ўпэўніўшыся ў Лійсінай адданасці, ён сказаў:
— Я доўга шукаў.
I, каб растлумачыць, чаму, што і як ён шукаў, Ённі сказаў:
1 Мармоны — рэлігійнае аб’яднанне, якое ўзнікла ў XIX ст. у ЗША і дапускала мнагажэнства.
— Я ўсё жыццё што-небудзь шукаю. Хоць і рухаюся павольна. Зразумела, калі нічога такога няма. Яшчэ ў маладосці я думаў пра дачку Хіпінена, але яна дужа задзірала нос. Потым была на прыкмеце адна ўдава, Мая яе звалі, потым Анха-Леена, але Мая была касая, а Леена — заіка, так што нічога з гэтага не атрымалася.
Лійса трохі падумала і, не прыдумаўшы нічога лепшага, абвясціла:
— Затое ў мяне мужчын увогуле не было.
Галоўным у любоўных справах Ённі лічыў менавіта жаночую цнатлівасць. Упэўніўшыся, што тут у Лійсы ўсё ў парадку, ён са спакойнай душою рушыў у Тамперэ, адкуль збіраўся ў маёнтак Пунтуры.
*
У Тамперэ Ённі пазнаёміўся з нейкім Анці Піткяненам. Што за чалавек гэты Піткянен, ніхто дакладна не ведаў: адны мелі яго за махляра, другія проста за лайдака. Ён быў страшэнна высокі і худы, так што цудоўна адпавядаў свайму прозвішчу Яго маленькая галоўка высока тырчала на худым і доўгім целе, і ў рыначным натоўпе Піткянен нечым нагадваў марскі маяк. Кажуць, з самага дзяцінства ён быў нядэшлы і жыў як птушка нябесная. Усё, што меў, Піткянен прапіваў, а чаго-небудзь лепшага ён ад жыцця і не чакаў, бо прывык задавальняцца малым. Часам ён працаваў у порце, але найчасцей займаўся іншымі справамі: бегаў па кілбасу, здабываў выпівакам гарэлку, меў знаёмствы і сярод людзей з цёмнымі прафесіямі, але замешаны ў іхніх махінацыях не быў.
Піткянен, як і Ённі, быў нявінным дзіцём гарэлкі, бесклапотнай нябеснаю птушкай, недасведчанаю ў
1 Pitkanen — даўгалыгі (фінск.).
жыццёвых справах. А для паліцыі Тамперэ ён быў такім самым пракляццем, як Ённі для паліцыі Хельсінкаў. Басякі сустрэліся ў шынку. Рост і худасць Піткянена так зацікавілі Ённі, што ён падышоў і завёў гаворку:
— Відаць, ты такі худы праз сваю даўжыню. У табе ж без малага два метры.
— Ага, даўжыні хапае,— ветліва пагадзіўся Анці, і яны пазнаёміліся.
— А ты хто будзеш? — пацікавіўся Ённі.— Часам не з буржуяў?
I тут Анці ахвотна распавёў, як ён жыве і з чаго жывіцца...
— Даўно ўжо быў бы багаты, каб не гарэлка,— зазначыў Піткянен.
Пасля гэтага ён пайшоў-паехаў пра сваё жыццёбыццё. Напрыклад, на тым тыдні ён параіў багацею Тахва Пянняры загнаць лес адной канторы пад назваю «Лясное таварыства». Пянняры прадаў гэты лес з вялікім прыбыткам, а яму, Анці, даў за параду пяць марак і яшчэ пляшку гарэлкі. Ённі адразу ўцяміў, што гэты чалавек будзе карысны і яму. Агент Наўкарынен казаў, што лес з маёнтка Пунтуры можа даць сто тысяч прыбытку. Ці не дапаможа Анці прадаць яго той самай канторы. Гэтыя птахі нябесныя ўжо зрабіліся сапраўднымі сябрамі. Ённі спытаўся ў Анці адрас гэтага ляснога таварыства і адкрыў яму ўсе свае дзелавыя задумы.
— Раней я быў бедны, як царкоўная мышына,— казаў Ённі,— а вось цяпер забагацеў. Спачатку выйграў дзве тысячы ў латарэю, потым выгадна ажаніўся — атрымаў яшчэ дваццаць тысяч, так што справы ідуць няблага. Цяпер вось прадаю вялікі лес.
Выгаднаю жаніцьбаю ён называў свае перамовы з Лійсай, а вялікім лесам — маёнтак Пунтуры. Карацей, Ённі нічога не хаваў ад новага сябра.
— Усё жыццё я нешта шукаў,— казаў Ённі.— Спярша адно, потым другое. А цяпер мне трэба толькі адно — упаляваць багацце.
Апрача шынка яны схадзілі ў порт Тамперэ, і гэты візіт абудзіў у Ённевай душы ўспаміны пра порт Хельсінкі, пра ягоныя вялікія плошчы і рынкі. У Тамперэ ўсё выдавалася бяднейшым і не такім вясёлым, як у сталіцы. Ённі ўпершыню ў жыцці пакінуў роднае гняздо і засумаваў, як дзіпя. Гэтая сумота і ўспаміны настроілі ягоную душу на паэтычны лад, і ён сказаў Анці:
— Дзеці Ізраіля жывіліся ў лясных нетрах маннай нябеснай.
Аднак размова на біблейскія тэмы неяк адразу высілілася, і Ённі загававыў зусім пра іншае:
— Але мне бліжэй да душы вось якое вучэнне: калі ўжо прываліў табе тавар, дык трэба яго і збыць.
Згадкі пра Хельсінкі і пра сталічны порт патушылі ў Ённевым сэрцы біблейскія матывы, і ён узяўся апяваць радасці зямнога жыцця.
Анці Піткянен уважліва слухаў гэтыя паэтычныя ўспаміны і маўчаў. У ягоную бязгрэшную душу глыбока запалі Ённевы словы пра выгадную жаніцьбу і багацце, а таму, калі Ённі скончыў, Анці шчыра сказаў усё, што ён наконт гэтага думае:
— Каб добра пажыць, трэба мець багатую жонку. Вось тады пажывеш...
Ён паабяцаў новаму сябру, што дапаможа яму ва ўсіх камерцыйных справах, а Ённі паабяцаў аддзячыць таму за ўсе турботы. А пакуль тое, ён напаіў Анці да божае моцы, і, калі паліцэйскі пягнуў яго ва ўчастак, Анці ўжо анічога не чуў і не бачыў.
Так яны рассталіся, і Ённі скіраваў далей да блаславёнага маёнтка Пунтуры, Сябры нават не здагадваліся, што неўзабаве іх лёсы так пераплятуцца, што яны не разлучацца нават на тым свеце.
Ённі ішоў да мэты, а Анці Піткянен почасту прыгадваў новага сябра і яго словы пра грошы і багатую жонку. Асабліва часта гэта прыходзіла Анці на памяць, калі ён выпіваў разам з рознымі дробнымі прайдзісветамі. Аднойчы ў такую хвіліну ён сказаў:
— Калі ў мужчыны ёсць багатая баба, вось тады ён жыве.
Аслабелы ад гэткіх мудрых думак, ён звесіў галаву на грудзі і змоўк. Ён сядзеў, п’яны і стомлены, a жулікі смяяліся і кпілі з яго:
— Закахаўся наш Анці. Трэба знайсці яму якую бабу.
*
Але павядзём нашу аповесць далей.
Гісторыя продажу маёнтка Пунтуры была самая звычайная. Пану Пунтуры спатрэбіліся грошы, і ён пазычыў іх у агента, які займаўся ляснымі справамі Enea Лундберга. Пазычыў, вядома, пад заклад свайго лесу. Гэты доўг вісеў на Пунтуры страшэнным цяжарам. Нарэшце ён вырашыў прадаць свой маёнтак. Калі ў канторы Ёнса Лундберга пачулі, што маёнтак прадаецца, пану Пунтуры паслалі запытанне наконт цаны. Той адказаў. Цана не падалася Лундбергу вялікай, але з адказам ён марудзіў. Камерцыі саветнік спадзяваўся, што грашовыя непамыслоты змусяць пана Пунтуры панізіць цану, а таму пакуль што маўчаў.
Аднак Пунтуры зразумеў гэтае маўчанне па-свойму. Калі няма адказу, разважаў ён, значыць, з дня на дзень трэба чакаць чалавека, які з’явіцца, каб аформіць гэтую справу. Ёп быў незнаёмы з Лундбергам, але шмат чуў пра яго сквапнасць. Ён чуў, што гэты неверагодна багаты чалавек, які меў некалькі мільёнаў, быў страшэнны скнара і хадзіў ледзь не ў рызманах. Тут, у правінцыі, пра мільянера хадзілі розныя чуткі, іх разносілі найперш гандлёвыя агенты. Яны нават
склалі емешную песеньку пра багацея ў падрайых штанах. Шмат хто спяваў тую песеньку, але калі па шчырасці, дык штаны ў камерцыі саветніка былі хоць і зашмальцаваньія, але цэлыя.
He дзіва, што пасля такіх плётак Пунтуры меў пра камерцыі саветніка, а найперш пра яго вопратку, даволі своеасаблівае ўяўленне.
I тут з’явіўся Ённі. Пашкуматаныя штаны, старыя чаравікі, цыліндр, стары фрак і ўсё аблічча наогул пакідалі незвычайнае ўражанне. У першую хвіліну Пунтуры так разгубіўся, што моўчкі закурыў і, толькі зацягнуўшыся цыгарэтай, сцяміў, што перад ім стаіць сам камерцыі саветнік Лундберг, або Лумперы, як гучала яго прозвішча па-фінску.
Прыгаломшаны з’яўленнем такога важнага госця і прыгнечаны сваім доўгам, гаспадар маўчаў.
Ённі таксама моўчкі курыў і аглядаўся па баках.
— Вялікі ў вас дом,— пачаў ён.
— Ага... Нішто сабе... Жыць можна,— схіліўшыся ў ліслівым паклоне, замармытаў Пунтуры.
Гаворка пакрысе заладзілася. Ённі, не спяшаючыся, набліжаўся да галоўнага і нарэшце запытаўся:
— Дык што, прадаецца ваш маёнтак?
Баючыся, што госць адразу пачне збіваць цану, Пунтуры вырашыў крыху схітраваць.
— Ну, не тое каб прадаваўся... Гэта мая старая нешта такое казала...
Такі адказ Ённі яўна не задаволіў, і тады Пунтуры, нібыта згаджаючыся, спытаўся:
— А хто мой шаноўны госць будзе?
Ённі пачаў здалёк. Інстынктыўна адчуўшы, што трэба спаслацца на свае вялікія сувязі ў гандлёвым саюзе, ён адказаў пытаннем на пытанне:
— Камерцыі саветніка Лундберга ведаеце?
— Ну вядома! Шмат чулі пра пана камерцыі саветніка!
— Дык вось...— упэўнена пачаў Ённі. Ён меўся растлумачыць, што камерцыі саветнік — яго цёзка, але раптам думкі павярнулі ў іншы бок. Ён прамовіў толькі сваё «дык вось», але загаварыў ужо зусім не пра тое:
— Ды што тут казаць... Камерцыі саветнікі і іншыя... Усе мы смяротныя.
Тут Пунтуры канчаткова ўпэўніўся, што Ённі — гэта і ёсць камерцыі саветнік Лундберг. Яму вельмі спадабалася, што госць так проста гаворыць пра чыны і пра тытулы. Зусім не фанабэрысты стары! Пунтуры расчуліўся і ўсхвалявана сказаў:
— Вядома, як прыйдзе час стаяць перад госпадам, ніякія чыны не дапамогуць.
Гаспадыня і сямейнікі слухалі размову ўважліва, як царкоўную казань. А Пунтуры лісліва казаў далей: