Басяк з таго свету; Ад вялікага розуму
Маю Ласіла
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 341с.
Мінск 1990
Але нарэшце гэтыя мудрыя размовы стамілі Енні.
Апрача таго, ён быў п’яны. Пунтуры на нейкі час выйпіаў, і, скарыстаўшы гэта, Ённі расказаў аграному пра свае справы.
Ён пачаў з вадаспада Паўхукоскі. Таямніча прыцішыўшы голас і ўвесь час падміргваючы ў бок пустога крэсла Пунтуры, Ённі прашаптаў:
— Прадаю вялікі вадаспад. Ты не ведаеш, хто б яго купіў?
Аграном падумаў, што пан саветнік мае на ўвазе не вадаспад Паўхукоскі, а яшчэ нейкі, і з радасцю паведаміў, што ў Тамперэ ёсць акцыянернае таварыства, якое купляе вадаспады.
— Вось ім, дзядзечка, і прапануй.
Ённі так упадабаў гэтую ідэю, што ад яго п’янае стомы не засталося і звання.
— А колькі мне заплацяць за вадаспад, у якім дваццаць тысяч конскіх сіл? — спытаўся ён у агранома.
Той прыкінуў цану і памяркоўна адказаў:
— За такі вадаспад можна ўзяць каля мільёна... Калі не болей. За адну конскую сілу плацяць сто марак.
Ённі зусім працверазеў. Фантастычныя прароцтвы камерцыі саветніка Лундберга пачыналі спраўджвацца! Ённі вырашыў хутчэй купляць маёнтак, бо Пунтуры мог дачуцца пра вадаспаднае таварыства і падняць цану. Як толькі Пунтуры вярнуўся, Ённі паспешліва абвясціў:
— Дык вось, Пунтуры! Дамовіліся! Даю дваццаць пяць тысяч, але спачатку плачу дваццаць.
I яны на знак згоды паціснулі адзін аднаму рукі.
Для сям’і Пунтуры гэта быў незабыўны момант.
— А што скажа мая жонка? — спытаўся гаспадар.
Жончына душа ўзляцела ў самыя высокія сферы. Пакорлівая волі боскай пані Пунтуры адказала:
— А што я магу сказаць?
Аднак адразу ж дадала:
— Усё ў руках айца нябеснага, і гандаль, і ўсё астатняе...
Такім чынам, пакупнік і гаспадар нарэшце паразумеліся. Пунтуры сказаў, што ў чацвер з’ездзіць да суддзі, каб аформіць адпаведныя паперы. Ён хацеў зрабіць гэта яшчэ ўчора, але суддзя некуды паехаў. Тым часам Ённі думаў толькі пра вадаспад. Іншыя дробязі яго не цікавілі. Пры аграноме і ўсіх гасцях Ённі афіцыйна спытаўся ў Пунтуры:
— Значыць, з сённяшняга дня маёнтак з усімі водамі назаўсёды пераходзіць да мяне?
— Да вас,— пацвердзіў Пунтуры, аднак Ённі не задаволіўся такім адказам і перапытаў:
— 3 усімі водамі, да апошняй кроплі? 3 усімі, якія цякуць тут?
Пунтуры ўрачыста паўтарыў:
— Апрача вады нябеснай, якая належыць ужо не мне, а Усявышняму, перад якім усе мы толькі нікчэмныя грэшнікі.
— Ну, нябесная вада мне не трэба. Хопіць і той, што на зямлі,— сказаў Ённі, але гаспадыня набожна паправіла яго:
— Вада нябесная цячэ для ўсіх. Гасподзь пасылае яе і грэшнікам, і няверным.
Удалае заканчэнне справы зрабіла душы прысутных больш узнёслымі, і гаворка ўвачавідкі паварочвала да боскіх тэмаў. He дзіва, што Пунтуры, малітоўна склаўшы рукі, дадаў да жончыных слоў:
— Ну вось, з боскаю дапамогай... Надыходзіць сухмень, але ў свой час праліваецца на зямлю дожджык. Усё ў ягонай уладзе. Пражылі мы тут бязгрэшна...
Душа Пунтуры была на сёмым небе. Агульны настрой захапіў і бязбожную душу Ённі. Ён расчуліўся і, напусціўшы на твар багавейлівасці, удзячна прамовіў:
— Ага. Але ж творца наш нейкі дужа непастаян-
ны. To сушыць, то палівае, быццам шалёны. I будзе ліць, пакуль не паспяваеш яму хвалебныя псалмы. Ну а потым і супакоіцца.
VII
Шчыра кажучы, Ённі быў задаволены, што канчатковае афармленне купчай на некалькі дзён адкладваецца: яму не давала спакою думка, што запаветныя дваццаць тысяч марак ляжаць яшчэ не ў яго, а ў Лійсінай кішэні. Але ён успомніў парады Анці Піткянена наконт ляснога таварыства ў Тамперэ і ў тую ж хвіліну вырашыў умацаваць сваё фінансавае становішча, не чакаючы Лійсіных тысяч. Ён наважыў прадаць гэтаму таварыству лес, балазе маёнтак быў ужо фактычна куплены. Заставалася толькі падпісаць адпаведныя паперы — пустая фармальнасць.
Ён вырашыў цішком з’ездзіць у Тамперэ і збыць лес. Але болей за ўсё Ённі цягнула туды жаданне прадаць незвычайна дарагі вадаспад Паўхукоскі таму таварыству, пра якое казаў аграном. Той, дарэчы, таксама меўся выбрацца ў дзелавую паездку праз Тамперэ і прасіў узяць яго з сабою.
— Дзядзечка не пакрыўдзіцца, што набіваюся да яго ў кампанію? — ветліва спытаўся ён.
Ённі згадзіўся, і яны паехалі разам.
А Пантуры выправіўся афармляць паперы. За адным разам ён вырашыў заехаць у родны жончын горад Хямеенліну, каб напытаць там дом. Ён меў намер назаўсёды пазбыцца клопатаў і нягод памешчыцкага жыцця, тым болып ягоных грошай разам з дваццаццю тысячамі за маёнтак хапала на гарадскі дом ажно з лішкам.
— He так ужо і дорага,— казаў ён жонцы.— А з гэтым маёнткам у наш час адны пакуты.
Дамова з панам камерцыі саветнікам расхвалявала
сэрца пану Пунтуры так, быццам ён атрымаў спадчыну ад любімага прадзеда. Гэты ўдалы продаж нарадзіў у душы ў Пунтуры і яго жонкі дзіўную прасветленасць і супакой, балазе яны яшчэ раней пагадзіліся з тым, што маёнтак давядзецца выгадна прадаць. Жонка тупалася па гаспадарцы і, перапоўненая пачуццямі, якім было цесна ў грудзях, ціха і пакорліва казала мужу самыя патрэбныя ў такі момант словы:
— Усё мінаецца, бо ўсё ў руцэ боскай. Гасподзь наш клапоціцца пра нас, а мы мусім ісці туды, куды ён вядзе.
I ў доме запанавала ўрачыстая, нібыта на хаўтурах, цішыня.
*
Тым часам Енні і аграном падаліся ў Тамперэ. Яны ехалі на паштовых конях, і на самай першай станцыі Ённі вырашыў заплаціць, каб паказаць аграному банкноту ў тысячу марак, адну з дзвюх, якую ён яшчэ не паспеў размяняць.
Але вазак здзіўлена паглядзеў на яго, плюнуў, ацёр губы і даволі няветла спытаўся:
— А драбнейшыя ёсць?
— А што, рэшты няма? — раззлаваўся Ённі.
Фурман зганьбіў бы ўсіх фурманаў на свеце, каб упусціў гэткую магчымасць падкалоць ездака.
— Можа, і ёсць, ды шкада ў чалавека апошняе забіраць.
Вазак быў дужа задаволены, што хоць раз пашэнціла як след ушчыкнуць багатага пана. А Ённі дык і не раскумекаў, што з яго хочуць пасмяяцца. Ён цешыўся, што цяпер можа прадэманстраваць яшчэ і пяцісоценную. Калі ж фурман не здолеў размяніць і яе, Ённі вырашыў канчаткова правярнуць справу на сваю карысць і рашуча сказаў:
— He хочаш грошай — лаеуйся паветрам!
Аднак тут дастаў грошы і разлічыўся з вазаком Ённеў спадарожнік. Калі раней ён яшчэ не зусім даваў веры, што Ённі — гэта сапраўдны камерцыі саветнік Ёнс Лундберг, дык цяпер, пасля таго як аграном на свае вочы ўбачыў, якімі вялікімі грашыма варочае Ённі нават у такіх дробных справах, як разлік з фурманам, усе яго сумненні развеяліся дазвання.
Нядэшлая паштовая кляча везла падарожнікаў далей. Фурманка была занадта цяжкая, вазак лічыў, што праз гэтага тоўстага бамбізу з ягонымі тысячамі конь надрываецца, і моўчкі злаваўся на Ённі, які сядзеў з пагардлівым выглядам. Па дарозе аграном, як і належыць выхаванаму чалавеку, паслужліва спрабаваў гаварыць пра нешта вытанчанае і ўзнёслае. Цяпер ён абраў тэмаю сваёй гаворкі цывілізацыю.
— Мы яшчэ шмат у чым адстаём,— красамоўнічаў ён.— Асабліва ў культуры...
Невядомае слова «культура» канчаткова збіла Ённі з панталыку, і ён падазрона запытаўся:
— Ты гэта пра што?
Ён хацеў проста даведацца, што гэта за слова «культура», але аграном не зразумеў і пачаў тлумачыць:
— Я маю на ўвазе, што нам... так бы мовіць... ну шмат чаго не хапае... то аднаго, то другога...
— Грошай нам не хапае — вось чаго! — з непахіснай упэўненасцю басяка сказаў Ённі і працягваў: — Вось калі ёсць што выкінуць на стол, тады ўсё ў парадку.
Аграном адразу зразумеў, што пярэчыць багатаму дзядзьку не варта, і пачаў на хаду прыстасоўвацца да арыгінальных Ённевых выслоўяў.
— Безумоўна, дзядзечка мае рацыю. Багацце — гэта аснова і апірышча ўсёй культуры.
I ён апусціўся да таго, што пачаў наракаць на бездапаможнасць фінскага народа.
— У нашага народа,— казаў ён, махаючы рукамі,— у нашага народа няма, як, напрыклад, у англічан, няўрымслівасці, няма здольнасці зарабіць і разбагацець.
Ённі пагадзіўся і пагардліва прамовіў:
— Якія ўжо там здольнасці! Адно балбочуць пра багацце!
Каб давесці слушнасць сваіх слоў, ён, выхваляючыся, дадаў:
— Фін не можа размяняць тысячу марак! Хіба так разбагацееш?
Гэтыя словы прыспорылі аграному энергіі і імпэту. Пацвярджаючы, што Ённі мае рацыю, ён гаварыў яшчэ вельмі доўга. Басяк жа, не зважаючы на балбатню адукаванага спадарожніка, маўкліва, як гара, узвышаўся над фурманкаю і абдумваў свае справы. Потым у яго засвярбела срака, і ўсе Ённевы думкі і разумовыя сілы засяродзіліся на адным, ці можна яму паёрзаць, каб суняць гэты сверб? А аграном далей разважаў пра першапрычыны сувязі паміж духоўнай культурай і матэрыяльным становішчам.
— Развіваць культуру ў нашай нястачы,— казаў ён,— тое самае, што прасіць гасцей за пусты стол. Яны ж разбягуцца ад голаду.
Ённі сядзеў змрочны і знясілены ад свербу і ад нясцерпнага жадання пачухаць задніцу. На першы погляд, гэты велічны муж з выпрастанай спіной увасабляў у сабе ўсе клопаты свету, а папраўдзе ён думаў толькі пра сваю патаемную справу.
Аграном тым часам натхнёна гаварыў:
— Але дастаткова нам разбагацець, і ўсё зменіцца. Усё акультурыцца і...
А Ённі пакутаваў ад жадання пачасацца. Басяк упарта змагаўся з ім, але барацьба, якая захапіла ўсе ягоныя думкі, была няроўная, і Ённі пачаў здавацца.
— А што вы думаеце? — спытаўся аграном.
Гэтае простае пытанне дайшло да Енневай свядомасці, і «пан камерцыі саветнік» нібыта прачнуўся. Усю папярэднюю гаворку ён пусціў міма вушэй, і яму здалося, што аграном пытаецца акурат пра тое, чым былі занятыя ў гэтую хвіліну яго, Ённевы, думкі.
— Ды я толькі пра тое і думаю,— гучна адказаў ён,— як бы гэта падняць сцягняк і пачухацца як след, калі ўжо цярпення няма.
Енні гаварыў шчыра, і яго словы ішлі з самага сэрца.
— Свярбець пачало яшчэ ў Пунтуры,— дадаў ён,— у доме, але не хацелася ўжо турбавацца.
I аграном не пакрыўдзіўся. У словах багатага госця з Хельсінкаў гучала сапраўдная народнасць, у якой не было аніякай непавагі да субяседніка. Аграном усміхнуўся і ахвотна падтрымаў жарт «камерцыі саветніка», яго цудоўную гульню ў дэмакратызм.
— Ну дык і што тут такога? — з поўным разуменнем сказаў ён.— Няхай дзядзечка возьме і пачухаецца.
— Можна і паскрэбціся. Толькі хворы адмовіцца ад гэтага, калі няма змогі трываць. Аднак раней намучаецца, бо такія ўжо ўсе мы дурні.
Цяпер, калі гарэлка Пунтуры лачала выветрывацца, Ённі пакрысе апанавала лянота і стома ад доўгай язды.