Басяк з таго свету; Ад вялікага розуму
Маю Ласіла
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 341с.
Мінск 1990
— Сапраўды багатыя людзі не хваляцца сваімі чынамі і грашыма.
Ён сказаў гэта, каб неяк пацешьіць самалюбства пана камерцыі саветніка. Потым ён пачаў частаваць і трактаваць Ённі як чаканага госця, дабрадзея сям’і і багатага крэдытора. Падчас размовы Ённі адчуў прыліў натхнення, і яму заманулася пахваліцца сваім вольным жыццём у порце. Пунтуры ўзяўся расхвальваць уцехі вясковага жыцця ў маёнтку, але Ённі перапыніў яго:
— А ў нас у горадзе караблі дзень і ноч падвозяць тавары, так, што ледзь памяшчаюцца ў крамах.
— Ого! — усклікнуў Пунтуры. Ён не сумняваўся, што камерцыі саветнік гаворыць пра свае ўласныя тавары і параходы, а таму пакорліва сказаў:
— Гасподзь сам ведае, каму адмераць поўнаю мерай.
Усе прысутныя, пачуўшы пра параходы і пра тавары, якія ледзь памяшчаюцца ў крамах, страшэнна расхваляваліся, бо ім яшчэ ніколі не даводзілася бачыць такога багатага чалавека.
VI
Справа заладзілася. Пунтуры паказваў Ённі маёнтак і асабліва нахвальваў будаўнічы лес.
— Дзякуй богу, што я збярог гэты лес,— пабожна сказаў ён і, памаўчаўшы, дадаў: — Усё-ткі не голая зямля, а дрэвы выраслі.
Ённі быў невялікі знаўца лесу, аднак, каб не дацца ў зман, рабіў мудры выгляд. Хоць басяк, як дзіця, верыў Пунтуры, але, як і належыць сапраўднаму камерсанту, трымаўся асцярожліва.
— Ну так, лесу тут багата,— прамовіў ён.
Тады Пунтуры зусім асмялеў і пачаў брахаць ужо проста бязбожна:
— Тут тысяч сто камлёў набярэцца, калі палічыць як след.
Ён спахапіўся, што надта ж перабраў, і, каб супакоіць сумленне, дадаў:
— Праўда, ніхто не лічыў, бо я не думаў яго прадаваць.
Словы пра сто тысяч моцна заселі ў Ённевай галаве, і на ўсякі выпадак ён сказаў:
— Мяне на лесе вакол пальца не абвядзеш.
— Ды як тут абвесці? Кожная хвойка навідавоку! — усклікнуў Пунтуры, каб паказаць, што ён не збіраўся махляваць, і, падкрэсліваючы сваю шчырасць, пабожна дадаў: — Хіба ж будзе чалавек губіць сваю душу праз некалькі лішніх ствалоў?.. Ну, на нейкі дзесятак можна і памыліцца... Няхай даруе нам гасподзь.
Яны ўжо дайшлі да мяжы ўладанняў Пунтуры. 3 суседняга маёнтка далятаў шум вялікага вадаспада Паўхукоскі, палюбавацца якім часта прыязджалі турысты.
— Можа, хочаце паглядзець на вадаспад? — прапанаваў Пунтуры.— Гэта тут побач.
Ённі з ахвотаю згадзіўся. Ён вырашыў, што гэтае
дзіва прыроды таксама належыць Пунтуры. Шум вадаспада быў такі моцны, што Ённі напалохаўся. Ён нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у Хельсінках і нічога такога ніколі не бачыў.
— Гэта ж столькі вады! Ашалець!
— Калі знайсці добрага пакупніка,— растлумачыў Пунтуры,— гэты вадаспад можа даць вялікія прыбыткі. У ім будуць усе дваццаць тысяч конскіх сіл.
Ённі быў у шалёным захапленні. Ён анічога не петрыў у вадаспадах, а ў конскіх сілах і пагатоў, але наяўнасць у маёнтку гэткага скарбу надзвычай усцешыла яго душу. Каб не спудлаваць і не дазволіць Пунтуры ўзняць цану, ён пагардліва зазначыў:
— Вадаспады, браток, цяпер не ў цане.— I каб надаць сваім словам ббльшай вагі, адразу ж схлусіў: — Камерцыі саветнік Пёсё ўжо даўно прадае вадаспад, у два разы болыпы за гэты, але купца так і не знайшоў.
— Хм...— толькі і змог адказаць Пунтуры, і яны вярнуліся ў дом, каб канчаткова дамовіцца.
Пачаліся перамовы, якіх свет яшчэ не бачыў. Пунтуры вагаўся, ці варта прапаноўваць Ённі выпіўку, але, убачыўшы, што той у добрым гуморы, асмялеў і запрасіў госця за стол. Ён меркаваў, што, калі пакупнік возьме чарку, торг пойдзе лепей.
У гэты час у маёнтак завітаў аграном Паапуры, які меў непадалёку адсюль дом і ладны кавалак зямлі. Ён дачуўся, што да Пунтуры прыехаў пакупнік, прычым не абы-хто, а сам камерцыі саветнік Лундберг. Аграном чуў шмат плётак пра дзівацтвы гэтага мільянера і вырашыў пабачыць яго на свае вочы.
Ённі ўжо быў на добрым падпітку. Усцешаны Пунтуры падліваў і падліваў. Гамонка рабілася ўсё больш п’янай. Пунтуры баяўся, што сам захмялее, і, каб не папусціць у цане, узяўся велягурыста хваліць вартасці свайго госця.
— Калі дазволіце, я скажу пра тытулы,— сур’ёзна
пачаў ён.— Вось вы казалі, што камерцыі саветнікі з таго ж цеста, што і ўсе астатнія людзі...
Гаворачы пра Ённеву сціпласць, пан Пунтуры меў намер толькі падлабуніцца да пакупніка, але словы пра тытулы абудзілі ў п’янай галаве ў басяка незвычайнае натхненне, і ён рашуча перапыніў усхваленні:
— Ды ну іх, гэтыя тытулы...
Яму ўзгадаліся лозунгі і п’яныя крыкі даўніх сяброў-валацугаў, і ён раз’ятрана зароў:
— Далоў тытулы!
Акурат у гэты момант у пакой зайшоў аграном Паапуры. Пунтуры вырашыў пазнаёміць яго з Ённі і пачаў:
— Калі мне будзе дазволена рэкамендаваць...
Аднак Ённі не надта цяміў у правілах добрага Tony, а таму, не зважаючы на ўсе гэтыя цырымоніі, выскачыў па пільнай патрэбе на двор. Такім чынам, знаёмства не атрымалася. Пакуль пакупніка не было, Пунтуры ўвёў агранома ў курс справы:
— Камерцыі саветнік Лумперы з Хельсінкаў. Прыехаў купіць маю сялібу. Хоць, здаецца...
У п’янай Ённевай галаве па-ранейшаму блукаў басяцкі лозунг «Далоў тытулы!». На панадворку яму прыгадаліся і іншыя заклікі падпітых сябрукоў. Калі Ённі вярнуўся ў дом, гэтым заклікам у галаве ўжо зрабілася цесна, і яны прасіліся вонкі.
Пунтуры паспрабаваў яшчэ раз пазнаёміць госця з аграномам, але адразу асекся. Тады Паапуры сам наважыўся павітацца з Ённі, і той нарэшце дапяў, што з ім хочуць пазнаёміцца. Ён без лішніх цырымоній патрос аграному руку і прагарлаў:
— Далоў тытулы!
Ённі шырока ўсміхнуўся. Аграном збянтэжыўся. А Ённі з п’янай упартасцю вёў сваё:
— Я заўсёды і ўсім кажу: далоў тытулы!
Ённевы словы прагучалі даволі строга, і аграном
зразумеў, што камерцыі саветнік хоча, каб да яго звярталіся на «ты» і патрабуе адкінуць усякія цырымоніі.
— Вельмі рады пазнаёміцца,— збянтэжана прамармытаў госць.— Мяне завуць Суна.
Ён папрасіў у камерцыі саветніка дазволу з прычыны сваёй маладосці звяртацца да яго не па імю, а называць дзядзькам.
Ённі было ўжо ўсё адно, і ён закрычаў:
— Называй! Толькі так і называй! Няхай я буду табе дзядзька і па маці, і па бацьку. Але, галоўнае, памятай: далоў тытулы!
Гэта прагучала як жарт і дужа спадабалася аграному. Ён быў у захапленні, што пан саветнік трымаецца так проста, і вырашыў зрабіцца сябрам гэтага выдатнага чалавека.
Яны кульнулі яшчэ па некалькі чарак, і Ённі нават забыўся на свае гандлёвыя справы. Хоць усе ўжо даўно выпілі на брудэршафт і пан саветнік патрабаваў адкінуць усялякія тытулы, аграном яшчэ крыху бянтэжыўся і звяртаўся да высокага госця сур’ёзна і асцярожна. Перад усім ён быў памешчык і хацеў павучыцца камерцыі ў спрактыкаванага пана саветніка. Аграном загаварыў да яго паводле ўсіх правіл ветлівасці:
— Ды вы тут, дзядзечка, па справах? Сялібу купляеце?
Ённі сядзеў, утаропіўшыся на бутэльку.
— Ды што тут балбатаць пра нейкія справы,— прамармытаў ён.
— Хто мае грошы, дарэмна не цягаецца,— адразу заўважыў Пунтуры.
Яны зноў загаварылі пра маёнтак. Пунтуры хлусіў і хваліўся, а асабліва нахвальваў свой лес і, як зазвычай бывае ў такіх выпадках, падвышаў цану.
— Можна прадаць і лес, і зямлю,— казаў ён.— Зямлю можна прадаваць і па дзялянках. I цана невялікая — дваццаць пяць тысяч.— Ён меркаваў, што для
камерцыі саветніка такая цана якраз падыходзіць.— Я ўжо ўсё падрахаваў.
Ённі баяўся, што Пунтуры паспрабуе падняць цану і абуць яго ў лапці, а таму пярэчыў, як толькі мог. Потым ён успомніў пра тысячы, якія былі не ў яго, а ў Лійсы, засумаваў і змоўк. Памаўчаўшы, ён маркотна сказаў:
— А вось з грашыма справы швах. Тавараў навалам, а грошай няма.— Адсутнасць грошай так засмуціла Ённі, пгго ён дадаў: — Мала грошай, хоць галавой аб сценку.
Ён пачаў наракаць на сваю беднасць, але Пунтуры і аграном ведалі, што гэта звычайныя хітрыкі, якімі стары скнара спрабуе збіць цану.
— Ну, не скажыце, з вашымі грашыма жыць яшчэ можна. А з таварамі...— гнуў сваё Пунтуры, аднак аграном, як чалавек адукаваны і свецкі, далікатна перапыніў і перавёў гаворку на больш узнёслыя тэмы.
— Гэта часіны цяпер такія зменлівыя. Прыемна, дзядзечка, што нават пры такой кан’юнктуры вы не баіцеся праварочваць справы і спекуляваць.
3 гэтае фразы Ённі анічога не зразумеў, а таму, не зважаючы на яе, аддаўся сваім цяжкім думкам. Аграному карцела падтрымаць ачахлую размову, і ён, выпіўшы для натхнення, зноў загаварыў, але цяпер чамусьці ўзбіўся на палітыку:
— А дарэчы, што скажа дзядзечка пра наша палітычнае становішча?
— Палітыка, яна палітыка і ёсць,— з важным выглядам адказаў Ённі.
Ад гарэлкі ў яго ў галаве ўсё перамяшалася і гудзела. Ённі баяўся, што размовамі пра палітыку яго хочуць збіць з панталыку, а потым непрыкметна падвысіць цану.
— Мяне на палітыцы не абыдзеш,— заўважыў Ённі.
Ён сядзеў за сталом так, нібыта праглынуў аршын, і, каб давесці, што ў палітыцы ён разбіраецца не горш за іншых, апавядаў, як Ханку не ўдалося выманіць у яго грошы на выпіўку.
— Дык вось прыходзіць гэты Ханку...
Суразмоўнікі падумалі, што Ханку — гэта нейкая важная персона, а Ённі тым часам апавядаў далей:
— Ён збіраўся заліць вочы, а я яму і кажу: «Жыві сваёй палітыкай!»
Ён некалькі разоў паўтарыў: «Жыві сваёй палітыкай!» і «Далоў тытулы!», а Пунтуры і аграном вырашылі, што Ханку — важны палітык, якому так і не пашэнціла выпіць за кошт пана саветніка. Адчуўшы ўвагу слухачоў, Ённі захапіўся яшчэ болей:
— Ён пачаў мне плесці нешта пра жыццё ў Турцыі, а я яму: «Жыві сваёй палітыкай! Няма чаго прымяраць да нас турэцкія турбаны і турэцкае жыццё».
— Туркі толькі нядаўна дабіліся законнай дзяржаўнасці, так што ваш таварыш не меў права параўноўваць нашу палітыку з турэцкай! — усклікнуў аграном.
Пунтуры пагадзіўся з аграномам, а Ённі зусім расперазаўся:
— Мяне ў гандлёвай палітыцы вакол пальца не абвядзеш, я гэтаму Ханку так і сказаў. Бач ты яго, султан турэцкі!
— Шчыра кажучы, у гандлёвай і эканамічнай палітыцы я не вельмі разбіраюся,— прызнаўся ўражаны гэтаю заўвагай аграном.— Як вядома, да маёй спецыяльнасці адносяцца галоўным чынам аграномія, агракультура і яе адгалінаванні.
Цяпер рэй у застоліцы зноў вёў Ённі, і аграном зразумеў, што такі выбітны чалавек, як камерцыі саветнік Лундберг, выдатна разбіраецца ў таямніцах гандлёвай палітыкі розных краін.