Басяк з таго свету; Ад вялікага розуму  Маю Ласіла

Басяк з таго свету; Ад вялікага розуму

Маю Ласіла
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 341с.
Мінск 1990
80.23 МБ
— Схілімся перад воляю боскай і тады не будзем мець ні болю, ні слёз.
XII
Справа была зроблена. Удава адно адклала заручыны да наступнай нядзелі. У сям’і захоўваўся добры звычай, паводле якога бацькі мусілі абавязкова быць на даччыных заручынах, а прыехаць старыя маглі не раней нядзелі.
Ённі адклад таксама задавальняў. За гэтыя дні ён меркаваў давесці да ладу ўсе астатнія справы збыць з рук сваю былую нявесту Лійсу, а потым скончыць гандлёвыя аперацыі з вадаспадам і маёнткамі. Акрамя таго, да нядзелі, напэўна, паспеюць пералічыць і дрэвы ў ягоным лесе.
На развітанне ён прымусіў новую нявесту прысягнуць яму на вернасць і дадаў:
— Я вось думаю, трэба пад нашай дамоваю паставіць крыжыкі.
Нявеста, здагадваючыся, што гаворка ідзе аб прысязе самому госпаду, пакорліва пагадзілася.
— Вось мы і пакляліся перад госпадам богам,— усхвалявана і расчулена сказала яна.
Ённі таксама расчуліўся. Словы ўдавы Коўру нагадалі басяку святое пісанне, а яшчэ — ягоную мянушку Самсон, і гэта настроіла Ённі на паэтычны лад:
— Усе мы ў госпада птушкі нябесныя. У нас так, як у Самсона, не будзе.
Ён меў на ўвазе не сілу свайго біблейскага аднайменніка, а гісторыю яго кахання, а таму растлумачыў:
— Качаўся Самсон як сыр у масле і не меў аніякага клопату, пакуль не злыгаўся з гэтай Далілай.
Захоплены паэтычнасцю сваіх слоў, Ённі запэўніў: — Што да мяне, дык я на два сукі ніколі не вешаюся.
I ён са спакойным сумленнем рушыў дамоў, каб хутчэй атрымаць грошы за Лійсу. Будучае жыццё здавалася яму цудоўным і абяцала нечуваныя радасці і ўцехі.
*
Тамперскія прайдзісветы як след падрыхтаваліся да сустрэчы з Ённі. Дзеля сваіх цёмных спраў яны даўно ўжо выбралі карчму Роўвары. Тут яны зазвычай абіралі вясковых падарожнікаў, якіх з нейкай прычыны не здолелі ачмурыць у Тамперэ. Вось у гэтым таемна нанятым доме круцельская брація, закупіўшы гарэлку і ўсё патрэбнае, і чакала Ённі. Анці Танака калісьці быў электрыкам і цяпер, выдаючы сябе за паважнага майстра, захапіў з сабою скрынку з інструментам і нават бутэльку сернай кіслаты на літаванне. Кіслата, як і гарэлка, была ў бутэльцы з-пад ліманаду. Каб не зблытаць бутэлькі, Анці трымаў кіслату асобна. Ён пабойваўся, каб хто памылкова не выпіў яе, а таму схаваў гэтую бутэльку пад шафу.
Але, пакуль шэльмы займаліся іншымі справамі, карчомная служка прыйшла прыбраць у пакоі, змеціла тую бутэльку і выкінула яе на сметнік. Бутэлька пабілася, але там кіслата не нарабіла ніякай шкоды.
Нарэшце прыехаў Ённі. Яму праглася пахваліцца сваімі шлюбнымі поспехамі, і ён ахвотна далучыўся да махляроў.
— Я тут даў дыхту адной удаве,— паведаміў ён.
Ён хваліўся, што ўдава да смерці закахалася і дала згоду выйсці за яго замуж, аднак імя сваёй багатай абранніцьі пакуль што не называў. Яны пакрьісе хмялелі, у душы шчаслівага жаніха зноў загучалі наэтыч-
ныя струны, і ён, як зазвычай, загаварыў на біблейскія тэмы.
— Гэты блудны сын быў вялікі марнатраўца.— Каб падкрэсліць, што ён не ўхваляе паводзіны блуднага сына, Ённі выпіў яшчэ чарку.— I жыў ён няправедна.
Жулікі, як па камандзе, заківалі, і падбадзёраны Ённі смела рушыў па шляху кагадзе асуджанага ім няправеднага жыцця. Ён піў і крычаў, а потым сеў з махлярамі гуляць у карты. Увесь гэты час ён нястомна ганіў басяцкае распуснае жыццё наогул і блуднага сына ў прыватнасці.
— Нездарма ён збег... Пакуль свой мільён не прагуляў. У п’янюгі і мільён не залежыцца.
— He залежыцца,— усцешана пагадзіліся тамперскія шылахвосты.
— Вось каб ён аддаў свой мільён бацьку,— працягваў свае мудрагелістыя развагі Ённі,— або паклаў бы яго ў банк, дык памёр бы мільянерам.
Ён яшчэ доўга бэсціў блуднага сына за ягоныя грахі. Але, куляючы чарку за чаркай, Ённі не забываў, што сам ён усё ж не блудны сын і марна траціць сваё багацце не збіраецца. Першым чынам трэба было прадаць махлярам былую нявесту.
— Цяпер Лійса вольная,— пачаў ён хваліць свой тавар.— Такая, скажу вам, кабетка, што глядзіш і аблізваешся.
Між тым гульня ў карты працягвалася, і апошняя Ённева тысяча паціху пераходзіла ў кішэні да махляроў, якія ўсё не згаджаліся купіць у яго Лійсу. Ённі зусім захмялеў. Ён ужо ледзь варочаў языком, але ўсё ішоў няправедным шляхам блуднага сына.
— Каб мне сказалі, што можна прапіць бабу... Ды хіба мала іх на свеце... 3 мільёнамі і з прыгожымі бабамі лепей не звязвацца... Лепей быць ад іх далей.— I раптам ён загарлаў: — Рукі прэч ад мільёнаў і ад прыгожых баб!
*
Гэтым жа часам у гаспадара карчмы гасцяваў яго знаёмы Сіпіля, што вяртаўся са сваім братам з Тамперэ. 3 горада браты везлі шмат розных рэчаў і сярод іх бутэльку з сернай кіслатой, акурат такую самую, якую меў і прайдзісвет Танака. Каб хто-небудзь не выпіў замест ліманаду атруту, Сіпіля старанна схаваў бутэльку з кіслатой у гаспадаровай шафе.
Госці з гаспадаром былі на адной палавіне дома, a жулікі нанялі пакоі на другой.
*
Як мы ўжо казалі, Ённі прасаджваў у карты апошнюю тысячу. Але хіба мог трэсціся над нейкай тысячай чалавек, які вось-вось будзе варочаць мільёнамі?
Стомленаму і п’янаму Ённі спатрэбілася выйсці на двор. Сіпіля якраз меўся ад’язджаць. Ён падрыхтаваў сваё майно і, выставіўшы на стол бутэльку з сернай кіслатой, пайшоў запрагаць каня. На нейкі час пакой застаўся без догляду.
Ённі з недапітаю пляшкай у руцэ вяртаўся з падворка ў хату і з перапою забрыў на гаспадарову палавіну. Ён сеў, дапіў сваю гарэлку і паставіў парожнюю пляшку на стол. Прыняўшы гэтую порцыю, Ённі ўжо не здолеў падняцца і, зусім ачмурэўшы, застаўся сядзець за сталом. Тут у пакой зайшоў другі брат Сіпіля. Ён угледзеў на стале бутэльку з кіслатой, якую п’яніца мог прасцей простага выжлукціць, і ў думках вылаяў брата за гэткую неабачлівасць. Ён выйшаў з хаты, гукнуў брату, каб той варушыўся, і выехаў з двара.
П’яны сон хіліў Ённі ўсё ніжэй, і нарэшце праведны басяк загрымеў на падлогу. У сне ён жудасна хроп і стагнаў.
*
Тут вярнуўся па кіслату першы брат Сіпіля. Ён убачыў па стале выпітую Ённі бутэльку і жахнуўся. Сіпіля вырашыў, што чалавек, які стогне на падлозе, памылкова выніў атруту і цяпер канае.
Сіпіля пачаў клікаць людзей. У карчме надняўся страшэнны вэрхал. Ніхто не ведаў, што рабіць.
— Ну хто так абыходзіцца з атрутай! — закрычаў нехта.
Сіпіля перапалохаўся. Яго маглі абвінаваціць у забойстве па неасцярожнасці.
— Адкуль жа я ведаў, што так атрымаецца,— спалохана апраўдваўся небарака.
Ённі спрабавалі вярнуць да прытомнасці, яго трэслі, круцілі з боку на бок, але той толькі прыдушана хрыпеў.
— Канцы,— безнадзейна сказаў нехта.
Хтосьці прыцягнуў і выліў Ённі на галаву вядро халоднай вады. Ённі ўсё адно хрыпеў, але працэдура зрабіла сваё: басяк крыху ачомаўся і сеў. Ён ачмурэла аглядаўся, аднак па-ранейшаму нічога не цяміў.
— Ты атруту выпіў! — закрычаў гаспадар карчмы.
Ённі маўчаў.
— Атруту выпіў! — зароў яму проста ў вуха перапуджаны Сіпіля.
— Хто? — азваўся Ённі.
Тады Сіпіля торкнуў яму пад нос парожнюю бутэльку з-пад ліманаду і яшчэ гучней закрычаў:
— Атруту выпіў!
— Хто?
— Ты! Тут не гарэлка была, а серная кіслата! — роспачна залямантаваў Сіпіля.
Пачуўшы крыкі і беганіну, у пакой заявіліся махляры.
— Басяк памірае,— трасучыся ад страху, растлумачыла ім гаспадыня.— Выхлябтаў во серную кіслату.
Тут замітусілася і круцельская хеўра. Шэльмы вырашылі, што Ённі выпіў іхнюю атруту. Яны кінуліся да шафы, але бутэлькі, якую прынёс Танака, там не было.
Махляры не ў жарт перапалохаліся, бо кожны з іх меў непрыемнасці з паліцыяй, а тут атрымлівалася, што яны загубілі чалавека. Гэта пахла турмой, бо ніякі суд не дасць веры, што яны атруцілі Ённі незнарок, не маючы нейкай злачыннай мэты. Хеўра як зміргнуць вокам пахапала манаткі і разбеглася па лесе, каб якнебудзь цішком дабрацца да Тамперэ.
*
Нарэшце Ённі дапяў, што выпіў не гарэлку, а атруту. Яго апанаваў жах. Басяк круціў асавелымі вачыма і пытаўся:
— Дык гэта, каб яе чэрці, была атрута?
— Атрута,— пацвердзіў гаспадар карчмы.— Зараз памрэш.
— Ай, перкеле! 1 — страшным голасам зароў Ённі.
Хмель дарэшты вылецеў з галавы, і басяк адчуў, што ўсё ягонае нутро гарыць агнём.
— А-вой, а-вой! — роў ён ад болю і страху.— Як мяне забірае!
«Атручаны» брыдка лаяўся і крычаў, што вантробы яму пячэ пякельны агонь. Ённі крычаў шчырую праўду, але прычынаю гэтых пакут была не атрута, a тое, што Ённевы страўнік быў не прывучаны да далікатнай ежы і цяпер адмаўляўся ператраўляць удовіныя прысмакі.
У карчме быў поўны розрух. Жанчыны спалохана галасілі. Мужчыны хіталі галовамі, уздыхалі і, чухаючы патыліцы, чакалі, калі гаротнік адыдзе.
1 Фінская лаянка.
Але Ённі не адыходзіў, і яго вынеслі з дому, каб везці ў Тамперэ да доктара. У вазку добра падаслалі і, як мага ямчэй уладкаваўшы хворага, рушылі. Аднак з такім цяжкім хворым нельга было ехаць шпарка, a таму наперад паслалі яшчэ аднаго вазака, які павінен быў везці доктара насустрач.
Кіламетраў за дваццаць ад Тамперэ сустрэліся з доктарам. Далей везці Ённі было няможна, бо той скардзіўся, што боль мацнее. Тады яго завезлі на хутар Пінтуры, які стаяў непадалёку ад дарогі. Пачуўшы, што здарылася, скнарысты гаспадар хутара занатурыўся і непрыязна спытаў:
— А хто мне сплаціць выдаткі?
Ніхто не ведаў, ці мае Ённі грошы. Пакуль што ён ляжаў на возе каля дома, бо гаспадар не згаджаўся даць хвораму прытулак.
— Нельга адмаўляць чалавеку, калі ён пры смерці,— сказаў доктар і пагрозліва дадаў: — За такую справу пойдзеце пад суд.
Пасля гэтых слоў душа пабожнай гаспадыні напоўнілася літасцю і міласэрнасцю, і гэтая добрая жанчына загаварыла да мужа:
— Ну тады няхай нясуць у хату.
Важкага Ённі занеслі ў пакой і паклалі на ложак. Доктар падрабязна распытаў вазакоў і, даведаўшыся, што хворы высадзіў поўную бутэльку сернай кіслаты, лаканічна, як і ўсе вучоныя людзі, сказаў:
— Ну, гэтаму мала засталося.
Яго ўразіла, што хворы яшчэ чапляецца за жыццё. Агледзеўшы магутнага і даўгога Ённі, лекар растлумачыў сабе і прысутным:
— Надзіва магутны арганізм.
Ён параіў паіць хворага салодкім малаком.
— Няхай п’е, колькі зможа,— сказаў доктар.— He так будзе задыхацца, і пякотка крыху адпусціць.— I суха дадаў: — Але ўсё адно доўга не працягне.