Басяк з таго свету; Ад вялікага розуму  Маю Ласіла

Басяк з таго свету; Ад вялікага розуму

Маю Ласіла
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 341с.
Мінск 1990
80.23 МБ
— Я адразу падумала, што ніякі ён не камерцыі саветнік,— падліла масла ў агонь гаспадыня.— I еў як не ў сябе. Чысты басяк.
— Мяне збіў з панталыку аўтарытэт камерцыі саветніка,— апраўдваўся збянтэжаны аграном.
Пунтуры мусіў развітацца з надзеяю купіць дом.
— Гэта пачатак агульнай смуты,— змрочна казаў ён сваім сямейнікам.— Рука сацыялістаў. Яны даўно ўжо капаюць пад наш парадак... Калі кожны басяк зробіцца махляром...
Паны з вадаспаднага таварыства таксама трапілі ў нявыкрутку. Яны вырашылі маўчаць, але газетчыкі ўсё роўна прасцей простага маглі разнюхаць гэтую справу і выставіць іх на смех перад усёй краінай. Можна сабе ўявіць, якая паніка паднялася б у канторы, каб у дадатак акцыянеры даведаліся, што іх абвёў вакол пальца не які-небудзь спрактыкаваны махляр, а звычайны басяк.
Прыехаўшы ў Тамперэ, Ённі пакінуў труну ў карчме, дзе фурман карміў каня. Уваскрэслы з мёртвых меркаваў прадаць яе на рынку, а спачатку наважыў схадзіць у вадаспаднае таварыства па свой мільён. Аднак як толькі ён адчыніў дзверы, хлопчык-пасыльны заверашчаў:
— Глядзіце, махляр! Той самы махляр прыйшоў!
Канторскія загулі, быццам восы, і на чале з дырэктарам Кахілайненам, які ўзброіўся даўгой лінейкай, накінуліся на візітанта. Раней, чым Ённі паспеў нешта ўцяміць, яму намясілі бакі, пералічылі ўсе скабы і выпхнулі за дзверы.
— Турма па табе плача, сукін сын! — крычаў услед яму Кахілайнен.
Апынуўшыся на вуліцы, Ённі ачмурэла круціў галавою і па-ранейшаму нічога не разумеў. Хлопчык-
пасыльны адчыніў перад ім дзверы і проста ў твар крыкнуў:
— Махляр!
Хлапчук паказаў Ённі язык, і дзверы з грукатам зачыніліся.
Замаркочаны басяк пацягнуўся прэч. Ён ніяк не мог раскусіць, чаму яго сустрэлі грымакамі, і з гэтае прычыны ягоны настрой дазвання сапсаваўся.
На падворку карчмы Ённі сустрэў свайго фурмана. Той сядзеў на веку труны і чытаў газету. У газеце быў надрукаваны з’едлівы фельетон пра тое, як нейкі махляр ледзь не прадаў вадаспад Паўхукоскі. Фурман чытаў уголас, і Ённі пачаў прыслухоўвацца. Ён пачуў толькі самы канец: «Хто гэты махляр, пакуль што невядома. Але не выключана, што ён проста памыліўся і, аглядаючы маёнтак, які меўся купіць сабе, падумаў, што і вадаспад знаходзіцца ў межах яго ўладанняў».
Тады Ённі нарэшце адкрылася горкая праўда.
— Але ж і ёлупень гэты мужык, калі не мог расшалопаць, чый гэты вадаспад,— зазначыў вазак.
Каб адвесці ад сябе падазрэнні, Ённі пагадзіўся з ім і дадаў:
— Ды ў яго не галава, а гарэх-свістун.
Але фурманава цікавасць да гэтае гісторыі ўжо высілілася. Ён выпусціў цэлую хмару дыму і вяла пагадзіўся:
— Падвёў яго дурны кумпал пад манастыр. Цэлы мільён міма рота праплыў.
Ённі раззлавана пачухаў патыліцу і сеў побач з вазаком. Пякучыя думкі аб страчаным мільёне мучылі ягоную душу, і басяк сказаў:
— Узяўся заганяць чужое, дык абмазгуй усё як след, а не лезь на ражон. Трэба было нешта такое прыдумаць, каб усё законна...
Аднак ён не здолеў нічога параіць і толькі скрушліва прамовіў:
— Гэх, даў хлопец пудлу!
— Анягож,— ляніва азваўся вазак.
— Даўбешка,— дадаў басяк. Ён ужо скарыўся перад жорсткім лёсам і на заканчэнне размовы сказаў: — У кожнага чалавека дзве рукі і дзве нагі, а вось галава адна, і калі яна схібіць, дык ужо няма рады.
Вазак тупаў вакол каня, рыхтуючыся ад’язджаць. Ён дапамог басяку зняць труну з калёсаў і з усмешкаю прамовіў:
— Тут у газеце пішацца і пра тое, як ты выпіў атруту і памёр.
Гэтае паведамленне даў лекар, які быў пэўны, што Ённі не выжыве. Аднак фурманавы словы не кранулі Ённі, і ён толькі прабурчаў:
— Ат! У гэтых газетах адна лухта.
Вазак паехаў дадому, а Ённі, абвязаўшы дамавіну вяроўкаю, прыладзіў яе на спіну і падаўся на рынак.
*
За дзень да гэтага з Ённевым сябрам і будучым Лійсіным жаніхом Анці Піткяненам прычынілася маленькае няшчасце. Напіўшыся да божай моцы, ён трапіў у паліцэйскі ўчастак і там ціха заснуў вечным сном. Паліцэйскі Цімпуры далажыў пра гэта прыставу, і той абыякава сказаў:
— Ну і дзякаваць богу. Нам спакайней будзе.
Аднак ён памыліўся, бо Анці Піткянен не меў ні грошай, ні маёмасці, ні сваякоў, і паліцыі давялося хаваць яго за свой кошт. Прыстаў паслаў аднаго з падначаленых заказаць труну. Піткянен перад сваім апошнім падарожжам ціха ляжаў у прыцемнай каморы, a Ённі ў гэты час спрабаваў прадаць на рынку еваю даўжэзную труну.
*
У гэты самы дзень адкрылася яшчэ адно буйное махлярства. У Швецыі і ў горадзе Оўлу нейкі прайдзісвет прадаваў пад імем мільянера гарадскія дамы, вадаспады і вялікія дзялянкі лесу, зарабіўшы такім чынам два мільёны. Газеты толькі што паведамілі пра гэта, і справа набыла вялікую вядомасць.
У паліцыі адразу ж суаднеслі навіну з нядаўнімі дзёрзкімі махінацыямі ў Тамперэ і вырашылі, што тут дзейнічае адна небяспечная купа махляроў, якая прыкрываецца імем камерцыі саветніка Лундберга. Дарэчы, на той час ужо выплыла на свет і справа з палкоўнікам Порхала. Крэдыторы палкоўніка былі вельмі занепакоены. Ну а Ённі па-ранейшаму свабодна гуляў па горадзе і быў па-за падазрэннямі.
Зняслаўленыя акцыянеры вадаспаднага таварыства далі ў газету аб’яву, абяцаючы заплаціць тысячу марак таму, хто затрымае прайдзісвета. У канторы вадаспаднага таварыства кусалі сябе за локці, што не схапілі махляра, калі той наведаўся да іх сам. Але ж тады яны баяліся зняславіць сябе і спрабавалі замяць справу.
Такім чынам, паліцыя лавіла буйнога махляра. У гэты самы час тайны агент Хюцінен стараўся злавіць Ённевых забойцаў, каб хутчэй атрымаць трыста марак і заплаціць свае картачныя даўгі. Агент не ведаў Ённі з твару, не ведаў, што той уваскрэс, і не здагадваўся, што менавіта гэтага атручанага ў карчме Роўвары чалавека шукае цяпер уся фінская паліцыя.
Тым часам Ённі спакойна прадаваў труну на рынку ў Тамперэ. Праўда, вьтсветлілася, што зрабіць гэта не так проста.
— Рэч, якая спатрэбіцца кожнаму! Прытулак для вечнага спачыну! — гучна хваліў свой тавар Ённі, але пакупцоў не знаходзілася.
Зрэшты, былі тут і людзі, якіх цікавіў менавіта
прытулак для вечнага спачыну, але іх палохала незвычайная даўжыня дамавіны.
— Такая скрыня і ў пекла не ўлезе,— заўважыў адзін з пакупцоў.
Потым да Ённі падышоў чалавек, які надумаў купіць труну замест шафы, але пачуўшы, што рэч, за якую ён меркаваў заплаціць пяць марак, каштуе ў дзесяць разоў болей, ажно падскочыў і намкнуўся прэч, каб схавацца ў натоўпе.
— Ты паглядзі, які моцны тавар! — запыніў яго Ённі.
Ён круціў труну і так і гэтак, ляпаў па ёй далоняй і казаў:
— Гэта табе не якая-небудзь ламачына, а сапраўдная дамавіна. Вечны прытулак трэба кожнаму, і калі ўжо купляеш, дык купляй не абы-што. На тым свеце чалавек жыве доўга, а з рамонтам там кепска.
Ад такой рэкламы спалоханы пакупнік падаўся назад:
— Не-не, не трэба. Дзеці баяцца будуць.
Раззлаваны Ённі закрычаў яму ўслед:
— Нічога, ад труны не ўцячэш!
Абражаны пакупнік вярнуўся, і пачалася сварка.
— Думаеш, ты ўцячэш? — спытаўся ён ва ўваскрэслага Ённі.
— He ўцяку і не ўцякаю,— гэтаксама злосна адказаў басяк.— Памяняю гэты свет на той, і гатова.
Акурат тае хвіліны паўз іх праходзіў Яска Рынні. Ён ужо заказаў Ённі магілу і пахваліўся:
— Патрабавалі даведку, што той басяк апруцянеў, але я сказаў, што ён ужо гніе, і абышлося без даведкі.
Гэтае паведамленне зацікавіла Ённі настолькі, што ён пачаў даваць парады, як захоўваць мерцвяка, каб засцерагчы ад гніення:
— Кажуць, дзеля гэтага кладуць у маразільнік або абкладваюць лёдам, асабліва галаву.
Аднак лёс грэшнага нябожчыкавага цела не надта займаў Яску.
— Дык ён жа бутэльку кіслаты выжлукціў. Тут ужо абкладвай лёдам, не абкладвай — усё адно разваліцца.
Разважыўшы, Ённі пагадзіўся, пагатоў, яму трэба было найперш дбаць пра тое, як збыць труну, а не пра тое, як захаваць да хаўтураў труп нейкага там апруцянелага басяка.
— Ну так,— прамовіў Ённі.— Цяпер яму ніхто не дапаможа. Няхай сабе гніе спакойна.
Яго цалкам захапілі зямныя клопаты. Ён успомніў пра дзвюх сваіх нявест і з цеплынёю на сэрцы падумаў пра кілбасніцу Лійсу, балазе справа з мільёнам правалілася, а значыць, разлічваць на ўдаву Коўру не прыходзілася.
— Нам,— глыбакадумна сказаў Ённі,— трэба думаць пра хлеб наш надзённы, а таксама і пра страўнік, бо калі няма страўніка, дык і хлеб не патрэбны.
Усе спробы прадаць труну скончыліся марна, але затое Ённі пазнаёміўся з тутэйшымі басякамі. Тыя прапанавалі кінуць гандаль і пайсці з імі ў блізкі лясок выпіць. Ённі з радасцю ўзваліў дамавіну на плечы, і сябрына рушыла ў лясок.
— Хацеў прадаць гэтую ламіну, але не пашэнціла,— сказаў ён новым прыяцелям, кульнуўшы першую чарку.
Тыя выказалі яму сваё спачуванне, а ўдзячны Ённі распавёў, як уратаваўся ад смерці. Гаворка заладзілася, усе непамыслоты адплылі ў незваротнае мінулае, і цяпер нават нязбытая дамавіна выдавала добрай і карыснай рэччу. Прыязна кіўнуўшы на яе, Ённі сказаў:
— Такая штука трэба кожнаму чалавеку. Камусьці давядзецца ўзяць і гэтую ламачыну.
Басяк, якога звалі Рыса, успомніў, як Ённі нахвальваў свой тавар на рынку, і папракпуў яго:
— Ты ж казаў, што гэта вьішэйшы гатунак.
— Любую справу трэба весці, каб быў прыбытак,— не даў сябе спанталычыць Ённі.— Добра жывецца таму, хто не ўпускае выпадку.
Тут паміж імі завязалася філасофская спрэчка пра тое, ці трэба купляць труну загадзя і наогул пра ролю труны ў чалавечым жыцці. Басякі пярэчылі, а п’яны Ённі зацята даводзіў:
— Калі не можаш зарабіць грошы на сваёй труне, дык ніколі не будзеш мець мільёна.
Ён піў чарку за чаркай і ўпарта паўтараў:
— А я свой мільён пускаць міма рук не збіраюся.
Басякі пераміргваліся і рвалі смехам бакі. Яны ўпершыню бачылі чалавека, што меўся зарабіць мільён на сваёй труне.
— Вы ў гэтых справах петрыце, як свіння ў памеранцах! — крычаў раззлаваны Ённі.— А я свой мільён ужо зарабіў!
— Чалавек павінен умець сабраць свой мільён,— фанабэрыста працягваў ён.
Страсці разгараліся, і хутка ўсчалася бойка. Адны басякі стаялі за Ённі-мільянера, а другія кпілі і смяяліся з яго. Ну а сам «мільянер» тым часам захмялеў і, ашчаперыўшы свой вечны прытулак, заснуў сном бязгрэшнага дзіцяці. Усе ягоныя мільёны былі ў мінулым, у кішэні засталася адно нейкая дробязь, але басяк спаў моцна і спакойна.