Басяк з таго свету; Ад вялікага розуму  Маю Ласіла

Басяк з таго свету; Ад вялікага розуму

Маю Ласіла
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 341с.
Мінск 1990
80.23 МБ
Ённі зрабіў выгляд, што гаворка ідзе не пра яго, a пра кагосьці іншага.
У той самай карчме, дзе меўся начаваць Ённі, спыніліся на начлег, патаемна наняўшы пакой, ягоныя «забойцы». Калі ў Тамперэ рабілася небяспечна, яны часцяком хаваліся тут ад паліцыі.
Ённі са сваім багаццем — труною і крыжам — размясціўся акурат побач з пакоем, дзе ладзіліся нанач тамперскія прайдзісветы. Басяк зняў цыліндр, фрак і кашулю і збіраўся са спакойнай душой адысці да сну.
Пошукі міжнароднага аферыста, а таксама злачынцаў, якія забілі басяка Ённі Лумперы, прывялі ў тую самую карчму агента тайнай паліцыі Хюцінена. У гэтым начлежным доме ён часта закідваў свае вуды і раней. Тут ён знаёміўся з рознымі падазронымі асобамі і, заводзячы з імі хітрамудрыя і падступныя размовы, не раз здабываў цікавыя звесткі.
Вось і цяпер ён зазірнуў у каморку, дзе спыніўся Ённі, пазнаёміўся з ім і пачаў размову. Убачыўшы дамавіну і крыж, агент пранікся да чалавека, які падарожнічае з такім багажом, своеасабліваю павагай і нават не западозрыў у ім махляра. Хюцінен прыняў Ённі за заможнага гаспадара, балазе вопратку, якая магла яго выдаць, басяк паспеў ужо зняць.
— Вось набыў сабе на ўсялякі выпадак дамавіну. Рана ці позна такая лодка прыдасца кожнаму,— сказаў Ённі, і агент паставіўся да гэтых слоў з поўнай сур’ёзнасцю.
— Ну вядома, кожны з нае калі-небудзь паплыве на такім чаўне.
Працягваючы гэтую даверлівую размову, Хюцінен перайшоў да справы, якая цікавіла яго найбольш.
— Шукаюць буйнога аферыста, а таксама сляды злачыннай хеўры, што забіла аднаго басяка.
Тамперскія махляры, стаіўшыся за тонкаю пераборкаю, лавілі кожнае слова. Яны, зразумела, не ведалі, што за сцяною размясціўся «забіты» імі Ённі, затое голас агента тайнай паліцыі Хюцінена пазналі адразу. А Хюцінен красамоўна апавядаў пра буйнога міжнароднага аферыста, які праварочваў свае справы ў Швецыі, у фінскім горадзе Оўлу і ў іншых месцах. Усё гэта выглядала так незвычайна і маляўніча, што Ённі ніяк не мог пазнаць у гэтым удачлівым махляру самога сябе, тым больш што ніколі не быў ні ў Швецыі, ні ў Оўлу.
Аднак такое захапляючае апавяданне не магло не зацікавіць басяка. Агент адразу заўважыў гэтую цікавасць і сказаў новаму знаёмаму, што калі той дапаможа шукаць злачынцаў, дык можа нядрэнна зарабіць. За вялікага аферыста, гэта значыць за Ённі, агент паабяцаў пяцьдзесят марак, а за хеўру ягоных забойцаў — дзесяць. Ён паведаміў дакладныя прыкметы гэтых забойцаў, але з яго тлумачэнняў Ённі анічога не зразумеў. Потым Хюцінен абмаляваў прыкметы спрытнюгі-аферыста. Агент атрымаў іх у канторы вадаспаднага таварыства, куды Ённі ў пошуках мільёна завітваў два разы.
У апісанні агента паліцыі Ённі выглядаў так:
— Гэта басяк-здаравіла, не чалавек, а сапраўдны бугай. I выгляд у яго такі звярыны, што прыстойны чалавек адразу спалохаецца. Карацей кажучы, сапраўдйы бандзюк. А жарэ, мярзотнік, як не ў сябе.
Ённі, набычыўшыся, слухаў. Хюцінен зноў узяўся абмалёўваць штукі, якія аферыст рабіў у Швецыі і ў
Оўлу. Гэтыя расказы абудзілі ў Ённевай душы ўспамін пра тое, як няўдала спрабаваў разбагацець ён сам. Басяк слухаў і зайздросціў свайму ўдачліваму калегу. Хюцінен успамінаў усё новыя і новыя падрабязнасці.
— У Швецыі ён абжуліў дзяржаву на некалькі мільёнаў, а ў Оўлу прадаваў чужыя дамы і заводы і нажыў яшчэ два мільёны.
— Во дае! — не стрымаў свайго захаплення Ённі.
— Вялікі майстра,— гэтаксама захоплена пацвердзіў агент.— Сапраўды, варочаў мільёнамі.
Ённі зажурыўся. Хюцінен прыкмеціў гэта і запытаўся:
— Што такое, гаспадар?
I тады Енні, нібыта прачнуўшыся ад доўгага сну, загаварыў:
— Во гэта шанцуе! Узяў сабе і загроб пару мільёнаў!
Ён падумаў пра свае няўдачы, і яго настрой зусім сапсаваўся. Вядома ж, непрыемна, калі грошы грабеш не ты сам, а нехта іншы.
— А я рупіўся, рупіўся і дайшоў да няма нічога. Усё задні ход дае, хоць тапіся!
Ён крыху памаўчаў і засмучана працягваў:
— Я ж таксама нядаўна прадаваў вадаспад і яшчэ сёе-тое. I лес прадаваў, і гэтыя конскія сілы ў вадаспадзе, і ўсё кату пад хвост. He шанцуе дык не шанцуе,— скрушліва ўздыхнуў апанаваны зайздрасцю Ённі.— Адно, што засталося, цягнуць на гарбе свой крыж.
Хюцінен спачувальна ківаў. Слухаючы гэтую шчырую споведзь пра няўдалы продаж лесу і вадаспада, ён нават ні на хвіліну не западозрыў, што перад ім той самы аферыст і махляр, які заграбае чужыя мільёны і якога ён так старанна шукае. Агент бачыў у сваім субяседніку чалавека, у якога пасля жыццёвых нягод засталося адзінае багацце — дамавіна і крыж.
Але тут Ённі ўзгадаў, што ён яшчэ мае Лійсу і яе
дваццаць тысяч. Гэты ўспамін крыху падбадзёрыў яго і даў нейкія спадзяванні на будучыню.
— Шмат грошай я кінуў на вецер,— прамовіў ён,— але дваццаць тысяч у мяне яшчэ ёсць.
Махляры за сцяной сядзелі ціха, як мышы. Цэлых дваццаць тысяч! Такога смачнага кавалка ім яшчэ не перападала.
— Ого! Важная птушка! — прашантаў Анці TanaKa, і ўсе пачалі падслухоўваць яшчэ чуйней.
Хюцінен ужо меўся ісці.
— Кажуць, гэтага забітага басяка ўжо пахавалі,— сказаў ён на адвітанне.
Ённі адразу сцяміў, што гаворка ідзе пра Анці Піткянена.
— Го! Дык я ж яго добра ведаў!
— Во як?! — наструніўся агент і пачаў выпытваць у Ённі прыметы забітага.
— 3 выгляду гэта быў прыстойны чалавек,— адказаў басяк. Ён успомніў, як яны з Анці пазнаёміліся, і ўздыхнуў: — Даводзілася мне з ім і выпіваць, але гэта быў прыстойны чалавек.
Успаміны пра выпіўку абудзілі жаданне выпіць, і Ённі яшчэ больш зажурыўся, бо здабыць гарэлку было страшэнна цяжка.
— Цяпер ужо не тое,— сказаў ён Хюцінену.— Захочаш выпіць, ды толькі аблізнешся.
Але тут Хюцінена паклікалі да тэлефона, і яны нарэшце развіталіся. Хюцінен зноў паабяцаў Ённі добра заплаціць за дапамогу, і той сур’ёзна задумаўся, ці не зрабіцца яму агентам тайнай паліцыі.
*
Як толькі Хюцінен выйшаў, тамперскія махляры вырашылі прыбраць Ённі да рук. Цераз пераборку яны чулі, што ў яго засталося толькі дваццаць тысяч, і вы-
рашылі, што там сядзіць багаты гаспадар. Пайсці проста да яго махляры баяліся, бо па калідоры хадзілі людзі, аднак выйсце хутка знайшлося. Успомніўшы Ённевы нараканні, што няма гарэлкі, яны пастукалі ў сцяну і спыталіся:
— Гэй, гаспадар! Выпіць хочаш?
— Вядома, хачу! — усцешана адказаў Ённі.
— Дык у нас ёсць,— пачулася цераз пераборку.
Ённі вырашыў, што нарэшце яму пашанцавала. Але з суседняй каморкі паведамілі:
— Тут прадаваць небяспечна. Выходзь на дарогу ў Хямеенліну. За другім верставым слупам будзе сцежка ў лес. Пройдзеш праз лес і ўбачыш лазню каля спаленай хаты. Заўтра будзем чакаць цябе там, калі звечарэе. Заплаціш дзве з паловаю маркі за бутэльку, але, як давязеш яе да Тамперэ, возьмеш усе пятнаццаць, a калі будзеш прадаваць чаркамі, дык і болей.
Узрадаваны Ённі адразу згадзіўся. Ён меў яшчэ пяць марак, а значыць, мог купіць дзве бутэлькі і атрымаць дваццаць пяць марак чыстага прыбытку. Апрача таго, Хюцінен абяцаў яму іпэсцьдзесят марак за аферыста і за банду забойцаў. Такім чынам, калі пашанцуе, ён мог пакласці ў кішэню восемдзесят пяць марак.
Назаўтра Ённі ледзьве дачакаўся вечара. Яму праглася хутчэй выйсці на дарогу ў Хямеенліну, якая вяла да дваццаці пяці марак прыбытку. Але, каб не марнаваць час, ён цэлы дзень сноўдаўся па рынку і па тамперскіх вуліцах, спадзеючыся высачыць буйнога аферыста з абліччам жорсткага бандзюка.
XVI
Тым часам чуткі з Тамперэ дайшлі да хельсінкскай пракуратуры. Сталася так, што пастар, які хаваў Ённі, сустрэўся ў цягніку са сваім школьным сябрам чыноў-
нікам пракуратуры панам Пётуры. Вядома ж, пастар не прамінуў паведаміць пра дзівоснае пахаванне, на якім яму давялося быць.
— Надоечы ў Тамперэ адбыўся даволі забаўны, a праўдзівей, страшны выпадак.— Адказаўшы на прывітанне нейкага пасажыра, пастар працягваў: —Дык вось, тамтэйшая паліцыя дакацілася да таго, што ледзь не пахавала жыўцом басяка Ёнса Лундберга, або, як тут вымаўляюць, Ённі Лумперы.
Акурат тады цягнік падышоў да яго станцыі, і пастар, пахапаўшы свае рэчы і паспешліва развітаўшыся, пабег да выхаду. Яму так і не ўдалося распавесці пра дзіўны і страшны выпадак у Тамперэ, але нават пачатак сябровага расказу дужа зацікавіў пана Пётуры. У Хельсінках ён падзяліўся пачутым з калегамі, неўзабаве навіна дайшла да самога пракурора, і ён пазваніў у Тамперэ, у той самы паліцэйскі ўчастак, дзе ледзь не пахавалі жывога басяка.
— Гэта з пракуратуры,— пачаў пракурор.— Што там у вас прычынілася?
— Ды так, памылачка маленькая атрымалася,— няпэўна адказаў занепакоены прыстаў.
He ведаючы, пра што ідзе гаворка, прыстаў выкручваўся наўздагад, а калі справа праяснілася, ён паведаміў пракурору, што адказаць на гэтае пытанне без паліцмайстра не можа.
Пракурор адразу западозрыў, што тут і сапраўды хаваецца нейкае злачынства. Вынікам гэтага падазрэння была накіраваная ў тамперскую паліцыю афіцыйная папера, у якой значылася: «3 тае прычыны, што сталі вядомымі акалічнасці, якія даюць падставы меркаваць, што ў паліцэйскім упраўленні Тамперэ ўчынена крымінальнае злачынства, а менавіта, піто там пахавалі жыўцом нейкага Ёнса Лундберга, ён жа Ённі Лумперы, і з тае прычыны, што вышэйпамянёныя дзеянні паліцыі маглі давесці нябожчыка да смерці, дзеля
канчатковага высвятлення справы пракуратура лічыць неабходным накіраваць у Тамперэ паліцэйскага чына, каб у яго прысутнасці супольна з паліцыяй Тамперэ дактары зрабілі ўскрыццё вышэйпамянёнага нябожчыка Ёнса Лундберга, каб устанавіць, што злачынных дзеянняў з боку паліцыі ў наяўнасці не было». (Дата, подпіс.)
На месца Нуўцінена ў Хельсінкі быў пераведзены з горада Котка паліцэйскі Пека Малінен. Ён і быў тэрмінова накіраваны ў Тамперэ, каб разабрацца з гэтай пахавальнай справаю. Малінен не ведаў Ённі, але шчыра спачуваў яму, бо ўжо шмат чуў пра яго жахлівы лёс.
*
У гэты час па Тамперэ праляцела пагудка, што за мяжою, здаецца, у Швецыі, за злоў таго буйнога тамперскага аферыста, гэта значыць за нашага героя Ённі, абвешчана ўзнагарода на цэлы мільён. Там, за мяжой, нібыта здагадаліся, што і ў іх, і ў Тамперэ дзейнічаў той самы няўлоўны спрытнюга. Ённі пачуў навіну ад тамперскіх басякоў, якія ўмелі зрабіць з мухі слана і наогул намалоць тры мяхі лухты.