Басяк з таго свету; Ад вялікага розуму
Маю Ласіла
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 341с.
Мінск 1990
— Гэты махляр падаўся ў Хельсінкі! Сам казаў, што справы праварочваў — дай божа, а цяпер не можа з бяды выкруціцца.
У Ённевай душы зноў прачнулася надзея. Ён абвясціў, іпто па слядах аферыста трэба спяшацца ў Хельсінкі. Наш герой не зважаў на тое, што, збіраючыся прадаць махлярам адмычку за сто марак, сам стаў на
злачынную сцежку. Ён меркаваў, што такім чынам мусіць зарабіць грошай на дарогу.
— Нікуды ён не зашыецца,— сказаў самадзейны таемны агент сваім паплечнікам.— Ён адзін, а нас трое. Значыць, будзе круціцца ў нас на вачах.
Хеса Руока п’яна засмяяўся і пагадзіўся, што ў вачах ужо сапраўды круціцца. Ённі гнуў сваё. Ён дакляраваў сябрам частку ўзнагароды і распісваў, якое райскае жыццё чакае іх, калі злачынцу нарэшце пасадзяць. Басяк ні хвіліны не сумняваўся, што менавіта так яно і будзе.
Тым часам у Руока скончыліся грошы. Гэта настроіла яго на сур’ёзны лад, і гаворка неўпрыкмет зноў павярнула да багаслоўскіх тэмаў. Прысягнуўшы ніколі больш не разлучацца, сябры зноў горача загаварылі пра бязмежную літасць і спагаду боскую, якія так патрэбны недасканалым людзям.
Калі біблейскія крыніцы ў іхніх душах нарэшце высахлі, жлукты развіталіся як найлепшыя сябры. Руока ад пошукаў злодзея адмовіўся, а натхнёны Ённі смела вырушыў шукаць самога сябе.
XVIII
Бралася на прыцемкі, па небе паўзлі цёмныя хмары. Цягнік на Хельсінкі адыходзіў а першай ночы, і Ённі яшчэ меў час, каб зарабіць сто марак на дарогу дадому. Ён забраў з багажні труну і крыж, узваліў іх на плечы і падаўся да паліцыі. Заставалася пакласці адмычку на закратанае акно, і сто марак былі ў кішэні.
Прайдзісветы таксама з нецярпеннем чакалі свайго выратавальніка, а таму, як толькі Ённі пастукаў, усе кінуліся да акна. Аднак тут яны аж прыселі ад жаху: да іх зноў з’явіўся прывід забітага Ённі са страшнаю ношаю на плячах.
Махляры зашыліся ў цёмныя куты і сядзелі ціха, як мышы. Ённі дарэмна стукаў у акно. Выстукаць сто марак так і не ўдалося. Басяк разгублена патаптаўся і рушыў на станцыю. Скамянелыя ад жаху махляры нават не заўважылі, што на падваконні ляжыць ключ да волі — чаканая адмычка.
Ённі ўдалося нажабраваць грошай, якіх акурат хапіла на білет, і ён сеў у цягнік у нядрэнным гуморы.
У махляроў у гэты час настрой быў зусім іншы. У іх зноў загаварыла сумленне. Уваччу ў кожнага стаяла жудасная здань з крыжам і дамавінай. «Забойцы» ўжо не маглі трываць і проста пасярод ночы пачалі патрабаваць, каб да іх прывялі пастара. Яны крычалі, што вырашылі пакаяцца і пачаць новае жыццё, вартае добрых хрысціян. Пастар зжаліўся з грэшнікаў і прыйшоў да іх у камеру, дзе ён пачуў прызнанне ва ўчыненым незнарок страшным злачынстве.
— Мы не хацелі яго забіваць! — бажыліся махляры,— Імем госпада бога прысягаем!
Пастар добра ведаў пра Ённевы прыгоды і, убачыўшы, як пакутуюць гэтыя невінаватыя людзі, адпусціў ім іхні ўяўны грэх. Махляры слухалі пастараў расказ з велізарнаю ўвагаю. Яны зразумелі, што Ённі з’яўляўся да іх зусім не з таго свету, і з палёгкаю ўздыхнулі. Іхняе сумленне супакоілася і задрамала.
— Калі мы павернем душы свае да госпада, ён не забудзе пра нас,— суцяшаў грэшнікаў пастар.
Махляры змрочна слухалі, але цяпер іх займалі зусім іншыя думкі.
— Яшчэ ўчора гэты «забіты» цягаўся па горадзе і спрабаваў збыць сваю труну,— паведаміў пастар.
— Каб яго на тым свеце чэрці даілі! — вылаяўся Танака.
— Павярніцеся да госпада, і літасць ягоная будзе нязмернаю,— гаварыў пастар.— Станьце на шлях бо-
жы, дарагія мае браты ў Хрысце, і тады вы здабудзеце сабе сапраўдную волю.
— Лепей бы нам ад волі ключы здабыць,— з прыкрасцю сказаў Танака.
Але божы служка не зразумеў, што яны гавораць пра розныя рэчы.
— Пашле, пашле гасподзь вам ключы да раю,— суцешыў махляроў пастар.— He абыдзе сваёй міласцю нікога.
— Ага,— пагадзіўся абачлівы Танака, які ўжо шкадаваў, што ў яго вырваліся тыя словы пра ключы.— Дзякуй, пан пастар, за добрую параду. Будзем маліцца і чакаць ключы да раю.
Пастар паверыў, што гэтыя зацятыя грэшнікі папраўдзе раскаяліся і што яму ўдалося паставіць іх на шлях дабрачыннасці. Божы служка развітаўся з махлярамі з пачуццём выкананага абавязку.
Пасля гэтага падзеі ў паліцыі пачалі разгортвацца вельмі хутка. 3 тае прычыны, што злачынцы раскаяліся і зрабіліся добрымі хрысціянамі, прыстаў загадаў зняць узмоцненую варту. Але калі махляры і раскайваліся, дык толькі ў тым, што забабоны не далі ім узяць у Ённі ключы да сапраўднай, а не ад райскай свабоды. Злуючыся на сябе, яны ўзяліся правяраць моц замка і аконных кратаў. На падваконцы нехта знайшоў блаславёную адмычку. Славячы бязмежную боскую літасць, шчаслівыя махляры на поўны голас заспявалі псалмы. Яны раўлі, як іерыхонскія трубы, a Анці Танака тым часам завіхаўся каля замка.
Шылахвосты так старанна славілі госпада, што адзін ахоўнік сказаў другому:
— Бач ты, і сапраўды раскаяліся.
Ахоўнікі задумаліся пра ўсемагутнасць слова боскага, якое можа прасвяціць нават такія душы, што абраслі грахамі, не раўнуючы як старая лодка бага-
віннем. Ну, а «добрыя хрысціяне» з камеры спакойна рабілі сваю справу і неўзабаве ўжо былі на волі.
— Недарэмна ўсё-такі гэты пастар чытаў нам свае казані,— заўважыў Танака.— Як абяцаў, так і атрымалася. I ключы, і літасць боская.
Замятаючы сляды, махляры селі ў цягнік на Хельсінкі, прычым у той самы, дзе ехала Ённева нявеста ўдава Коўру. Яна яшчэ не чула пра свайго жаніха аніводнага дрэннага слова і цяпер кіравалася ў сталіцу, каб купіць усё неабходнае да вяселля.
Калі ў паліцыі заўважылі, што камера пустая, нехта ўспомніў іхнія гучныя пацеры, якія перад уцёкамі аглушылі ўвесь участак.
— Цікава, у якога гэта прарока яны выпрасілі адмычку?
Паліцэйскі не ведаў, што гэтым прарокам быў жаніх пабожнай удавы Коўру «мільянер» Ённі Лумперы.
*
А ў Тамперэ паліцыя хавала шматпакутныя астанкі Анці Піткянена. Яго аддалі зямлі пад імем Ённі Лумперы. Такім чынам, Малінен, замест таго каб нешта высветліць, заблытаў справу яшчэ болей.
Забастоўка працягвалася, і несці труну на могілкі мусілі самі паліцэйскія. Сярод іх быў і Нуўцінен.
— Каго гэта мы цягнем? — спытаўся ён па дарозе ў паліцэйскага Імпінена, якога прызначылі старшым.
— Ды нейкага басяка з Хельсінкаў,— адказаў той.— А завуць яго Ённі Лумперы.
Нуўцінен груба вылаяўся.
— А каб на ім шэрсць курэла! Куды ні ступіш — усюды гэты нягоднік! I заўсёды я павінен цягаць яго на сваім карку!
Нарэшце яны прыйшлі на могілкі і паставілі труну на край магілы, якую надоечы раскапаў Ённі. I тут Нуўцінена агарнуў сумнеў.
— А можа, гэта не Лумперы,— кіўнуў ён на дамавіну,— а яшчэ хто?
Імпінен пераконваў яго, што ўсё ў парадку і ў труне ляжыць менавіта Ённі Лумперы, якога нядаўна ўскрывалі.
— Урэшце ёсць адпаведная папера,— сказаў Імпінен, каб развеяць апошнія сумненні свайго калегі.
Але Нуўцінен ніяк не мог даць веры, што ягоны мучыцель сапраўды сканаў.
— Папера паперай, але ён мог і выкруціцца. Гэта такі чалавек, што і з таго свету вернецца.
Па дарозе з могілак яны сустрэлі агента паліцыі Хюцінена, які гэтак спрытна завербаваў Ённі ў памагатыя. Агент падміргнуў Нуўцінену і таямніча намякнуў:
— Шукаю адну важную птушку. Трэба яе хутчэй пасадзіць у клетку.
— Я таксама тут важдаўся з адной птушкай, не ведаю толькі, ці ўдалося ад яе пазбыцца.
Абодва, не здагадваючыся, што гаворка ідзе пра аднаго чалавека, мелі на ўвазе Ённі, які дзейнічаў цяпер адразу ў некалькіх іпастасях, прычым не толькі на гэтым свеце, але і на тым.
Вярнуўшыся ў паліцыю, Нуўцінен атрымаў загад выехаць у гарадок Рыйхімякі, каб расследаваць справу пра крадзёж.
Тут трэба заўважыць, што нажабраваных грошай Ённі хапіла на білет толькі да гэтай станцыі. На ёй сышлі і вызваленыя басяком тамперскія злодзеі.
Скарыстаўшыся з Ённевай адмычкі яшчэ раз, яны залезлі ў дом доктара Пуцілайнена і ўкралі ўсе дванаццаць літраў каньяку, па які хадзіў Ённі, пакуль доктар ускрываў ягоны труп.
Калі махляры апынуліся на волі, уся іхняя вера ў госпада развеялася, як ранішні туман, і яны зноў узяліся за сваё. Займаючыся сваімі цёмнымі справамі,
яны кпілі з літасці боскай і нават са святога пісьма.
— Можа, гэта сам гасподзь і паслаў нам каньяк, каб мы не надта сумавалі,— здзекліва заявіў Анці Танака, калі злодзеі чысцілі запасы доктара Пуцілайнена.
На ўспамін аб візіце ў ягоны дом, а таксама замест платы за каньяк, злодзеі пакінулі доктару Ённеву адмычку.
Пра пакражу, што пазбавіла яго ўсіх запасаў акавіты, доктар Пуцілайнен даведаўся яшчэ ў Тамперэ, дзе затрымаўся пасля ўскрыцця, неабачліва адаслаўшы каньяк дадому. Кусаючы локці ад роспачы, ён адразу ж заявіў у паліцыю. Менавіта гэтае злачынства і загадалі расследаваць Нуўцінену.
На вакзале Нуўцінен сустрэўся з доктарам. Яны былі знаёмыя, бо падчас вучобы ва універсітэце Пуцілайнен жыў паблізу ад Нуўцінена. Доктар зарадаваўся, што расследаванне даручылі ягонаму знаёмаму, і ў сэрцы старога прыхільніка Бахуса прачнулася надзея.
— Толькі што зрабіў ускрыццё аднаго басяка з Хельсінкаў,— паведаміў ён паліцэйскаму.— Нейкі Ённі Лумперы. Памёр ад разрыву сэрца.
Такім чынам, Нуўцінен атрымаў пра смерць свайго мучыцеля самыя дакладныя звесткі. Да гонару паліцэйскага трэба сказаць, што гэтая навіна не ўсцешыла яго. Наадварот, добрая душа Нуўцінена напоўнілася жалем.
— Гэта ўсё таму, што Ённі вельмі любіў увесь свет,— прамовіў ён.— He дзіўна, што сэрца не вытрымала.
Тут падышоў цягнік, і прыяцелі працягвалі размову ўжо ў вагоне. Ённева смерць надта ўзрушыла Нуўцінена. Ён увесь час прыгадваў чалавечыя вартасці нябожчыка і дзяліўся гэтымі ўспамінамі са спадарожнікам.
— Ённі быў вельмі жаласлівы. He дзіва, што свет не змясціўся ў ягоным сэрцы і яно разарвалася. Ён быў як дзіця. Усім дапамагаў, а пакрыўдзіць не мог нават ката. Чаму такія людзі паміраюць так рана?
Смутак Нуўцінена быў шчыры і глыбокі. Размаўляючы пра нябожчыка і прывідныя радасці зямнога існавання, доктар і паліцэйскі няўзнак даехалі да сваёй станцыі.
У гэты час Ённі жабраваў грошы на далейшую дарогу да Хельсінкаў. Прахожыя нічога не давалі, і басяк зусім замаркоціўся. Ад няма чаго рабіць ён завёў гаворку з нейкім чалавекам і распавёў таму пра свае пошукі буйнога аферыста. Субяседнік, не тоячы захаплення ўдачлівым махляром, ахвотна падтрымаў гэтую тэму.