Басяк з таго свету; Ад вялікага розуму
Маю Ласіла
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 341с.
Мінск 1990
хачу звярнуцца ў пракуратуру, дзе бьіло засведчана, што ён памёр ад разрыву сэрца, быў ускрыты і пахаваны, пасля чаго ў афіцыйным парадку зарэгістравалі ягонае ўваскрэсенне.
Часцяком Ённі сядзеў у порце на пустых скрынках, слухаў звон, які плыў па-над горадам з царквы святога Міколы, і думаў, як некалі ягоная душа ўзляціць у захмарную высачыню і зноў уваскрэсне.
*
А потым Ённі яшчэ раз памёр. Гэтым разам ён сапраўды памёр, і басяк Рыўку прыбег з сумнай навіною ў царкоўную канцылярыю. Пісар, той самы бязбожнік, пачаў рабіць адпаведны запіс і раптам згледзеў, што гэты чалавек ужо два разы адзначаны як мёртвы.
— Дык ён жа памёр ужо шмат гадоў таму,— сказаў пісар.— Нават два разы. Спачатку ад атруты, а потым ад разрыву сэрца.
Высвятленне гэтай дзіўнай справы цягнулася датуль, пакуль Рыўку не растлумачыў:
— Дык ён жа тады ўратаваўся і ўваскрэс!
Разгублены пісар пачаў званіць па розных установах і нарэшце сяк-так звёў канцы з канцамі. Ён зрабіў трэці запіс пра смерць Ённі Лумперы і зласліва сказаў:
— Гэты чалавек усё сваё жыццё толькі і рабіў, што паміраў. Памёр раз, зрабілі ўскрыццё і ўсё, што належыць. Можна было б, здаецца, і супакоіцца, дык не, памірае зноў. У яго што, работа такая?
— А што? Можа, і работа,— з’едліва адказаў Рыўку.— I між іншым, не надта лёгкая. Жыллё — дрэнь, плацяць як кот наплакаў. He кожны за такую работу і возьмецца.
— Калі хаўтуры? — злосна спытаўся пісар.
— Ну, спярша яго павязуць ва універсітэт на ўскрыццё, бо ён, калі быў яшчэ жывы, прадаў сваё цела, а тыя грошы прапіў,— растлумачыў Рыўку.
— Во шэльма! — абурыўся пісар.— He, каб памерці як прыстойны чалавек. He будзе ягонай душы паратунку.
На гэта Рыўку адказаў, што Ённі мае медаль за выратаванне чалавека, а значыць, уваскрэсенне яму забяспечана.
Лійса абмыла нябожчыка і аплакала яго. Грошай Ённі пасля сябе не пакінуў, і хавалі яго за скарбовы кошт. На той час паліцэйскі Нуўцінен перавёўся назад у Хельсінкі, і яму зноў давялося несці Ённі на могілкі.
3 горада Котка прыехаў на пахаванне басяк Янне Лімперы, які некалі купіў у нябожчыка ягонае імя. Янне так смуткаваў, што, не дачакаўшыся хаўтураў, напіўся да божае моцы.
Ённі пахавалі на тых самых могілках, дзе пад ягоным крыжам ляжаў Ханку. Спачатку іхнія сябры хацелі выкапаць крыж і паставіць яго паміж дзвюх магіл, тым больш што на крыжы стаяла Ённева прозвішча. Аднак потым яны ўсё ж здабьілі новы крыж і напісалі на ім: «Тут спачывае сапраўдны Ённі Лумперы, які ўваскрэс з мёртвых і знайшоў самога сябе. Спі спакойна, дарагі сябар».
Пасля хаўтураў Ённевы сябры сабраліся ў ягонай хаціне. Яны ўспаміналі, як калісьці спраўлялі тут першыя памінкі і як Ённі перапалохаў іх, з’явіўшыся сярод ночы з крыжам і з дамавінаю.
— Ну, цяпер ён ужо не ўваскрэсне,— журботна казалі басякі.
Што да Нуўцінена, дык той пасля пахавання ўскаціў на Ённеву магілу вялізны камень.
— Ну, цяпер ужо не ўваскрэсне!
Вярнуўшыся ў паліцыю, ён з палёгкаю сказаў прыставу:
— Нарэшце я пазбавіўся ад гэтага Ённі!
Заняты пісанінаю прыстаў слухаў не надта ўважліва.
— А, Нуўцінен,— азваўся ён.— Толькі што званілі з начлежкі. Просяць забраць аднаго басяка, здаецца, Ённі Лумперы. Цягні яго сюды.
Нуўцінен аслупянеў. Ён хацеў вылаяцца, але замест лаянкі з грудзей вырваўся стогн.
— Няўжо гэты басяк ніколі не ўгамуецца? He паспелі занесці на могілкі, як зноў цягні яго на сваім карку.
Нуўцінен успомніў, што Ённі ўжо два разы ўскрывалі, і злосна дадаў:
— Хоць бы яго парэзалі на дробныя кавалкі, a то заўтра зноў нап’ецца і будзе на мне ездзіць.
Па дарозе ў начлежку паліцэйскі яшчэ раз вылаяўся і задуменна прамовіў:
— Няўжо ён і праўда неўміручы?
АД ВЯЛІКАГА РОЗУМУ
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
На падворку Сакары Колістая было так ціха і пустэльна, як і павінна быць апоўдні ў летнюю пільніцу. Адно пад плотам раскашавала чародка белых парасятаў ды раз-пораз палохалі цішу і спакой певень і квактуха, што ніяк не магла ўгамавацца пад ганкам.
Гэтаксама пуста было і ў хаце. ГІраўда, на лаўцы каля стала хроп парабак Ісакайнен. Ён кагадзе папалуднаваў, і ягоная велізарная кучаравая галава, падобная на расшкуматаны мех воўны, неяк сама сабою апусцілася на стол, прычым нос уткнуўся проста ў лыжку. ,
— Ану падымайся, лежань! — уваходзячы ў хату з вядром вады, гыркнула на парабка гаспадыня, жонка Сакары Анна-Лійса. Адразу было відаць, што яна вельмі раззлаваная.
Ісакайнен не пачуў гэтага грознага воклічу і паранейшаму спаў як пшаніцу прадаўшы.
— 3 такім ёлупам хутка і сама глузданешся,— злосна прабурчала Анна-Лійса, бразгаючы вёдрамі. Гэтыя словы датычыліся не парабка, а яе мужа Сакары, выбрыкі якога апошнімі днямі ўжо выйшлі за межы ўсякага цярпення.
Ісакайнен нарэшце прачнуўся. Ён пазяхнуў, намацаў на стале лыжку, старанна аблізаў яе, уторкнуў у шчыліну на сцяне і, перасунуўшыся на сярэдзіну лавы, зноў захроп. Яго вялізная кудлатая галава хілілася ўсё ніжэй, і здавалася, лайдак вось-вось бразнецца лбом аб падлогу.
Гаспадыня ўжо махнула на парабка рукой і адда-
лася сваім невясёлым думкам. «Трэба было б парасят злягчаць, але дзе ж тут за ўсім паспееш»,— мільганула ў яе заклапочанай галаве.
*
Анну-Лійсу вельмі непакоілі паводзіны яе мужа: Сакары раптам усвядоміў сваю страшэнную грахоўнасць. Ён спасціг яе, як спасцігае ўвесь цяжар ранейшых грахоў неафіт, і з гэткаю ж прагаю кінуўся шукаць паратунку. Ну а калі дакладней, дык Сакары дайшоў да разумення сваёй мудрасці, і гэта было жахліва, бо пастар Пёндзінен, нястомна тлумачачы святое пісанне, адважна і настойліва вучыў, што ўся мудрасць — ад нячысціка і праз яе чалавек трапляе на вечныя пакуты ў пекла. He менш смела божы служка сцвярджаў, што спасцігнуць і растлумачыць справы зямныя можна толькі праз веру. Так пастар назаўсёды вырашыў галоўную праблему чалавецтва — праблему мудрасці. Цяпер лёгка можна было справіцца і з іншымі праблемамі: рэлігіі, навукі, мастацтва, спорту, а таксама з пытаннямі жаночай эмансіпацыі, кахання і з усім астатнім, пачынаючы ад заблытанай Балканскай праблемы і канчаючы пытаннем фінскага народнага тэатра. Усе галаваломкі цывілізацыі Пёндзінен вырашыў у два мігі. Праз веру ён развязаў усе вечныя пытанні і нават пытанне вечнага рухавіка, бо цяпер дастаткова было паверыць, што, як казаў адзін вядомы мудрэц, «усё-ткі яна круціцца».
Такім чынам, самае вострае і балючае пытанне — пытанне чалавечай мудрасці — было вырашана. Усялякую мудрасць трэба выкінуць з галавы, і тады замест адвечнага тлуму і гармідару там усталююцца пішыня і спакой, не раўнуючы як у свінушніку, калі адтуль выкінуць галоднае віскотнае парася.
— Пракляты Пёндзінен! — лаялася Анна-Лійса, якая з тых казаняў нічога не ўцяміла.
*
Дык вось, як мы і казалі, пад дабратворным уплывам пранікнёных казаняў пастара Пёндзінена наш Сакары Колістая нібыта прачнуўся ад нейкага сну. Пачуўшы, якія пакуты чалавек можа зазнаць ад сваёй мудрасці, ён з жахам адкрыў у сабе лішкі розуму і пачаў шукаць выратавання. Першым чынам сумленна і пакорліва, як і належыць кожнаму, хто ўсвядоміў сваю грахоўнасць, Сакары прызнаў перад усім светам, што ён занадта разумны. Ён нават не спрабаваў схаваць ці як-небудзь прыхарошыць свой грэх. Сябры і сваякі дарэмна спрабавалі суцешыць Сакары тым, што якраз розуму ў яго не так ужо і багата і наўрад ці набярэцца столькі, каб ён быў асуджаны на всчныя пакуты ў пекле. Сакары Колістая пускаў усё гэта міма вушэй.
— He тое вы кажаце,— адпрэчваў ён спакусу вярнуцца ў свой бесклапотны сон.— Пастар Пёндзінен — чалавек разумны. Калі ўжо і верыць каму, дык толькі пастару і ягоным казаням.
I Сакары як сапраўдны хрысціянін нястомна прызнаваўся, што ён занадта разумны, а значыць — страшэнны грэшнік. Д’ябал увёў Творцу ў зман — гэта Сакары Колістая зразумеў адразу. Цішком, за плячыма Творцы, ён падсунуў Сакары лішак розуму, асудзіўшы яго на вечныя пакуты. Пекла ўжо раскрыла перад ім вогненную пашчу.
I ніадкуль няма ніякай дапамогі! Сябры і сваякі ўжо не супакойвалі, а паціху шапталіся, што адкрыццё Сакары ніякае не адкрыццё, а проста дурнота. Праз гэта Сакары маркоціўся яшчэ больш і часам выкідваў такія конікі, якія чалавеку са звычайным розумам маглі толькі прысніцца.
Аднойчы, калі Анны-Лійсы не было дома, ён вырашыў наліць хату вадою. Сакары дзень навылёт цягаў вёдрамі ваду і выліваў яе ў комін. Другога разу ён
наняў людзей, каб памяняць ваду ў сваёй студні, і тыя за некалькі кіламетраў вазілі ваду са студні ў возера, а з возера — у студню. Праз колькі дзён ён целяшом залез на хату і, седзячы на вільчыку, спяваў псалмы, апавяшчаючы наваколле, што ён не Сакары Колістая, а сам цар ізраільскі Давыд. У спякотныя летнія дні яго асабліва турбавала, што ад пажару можа загарэцца і згарэць разам з рыбаю да дна лясная азярына. Ён спрабаваў застрахаваць азярыну, але чыноўнікі са страхавой кампаніі адмовіліся. Тады на выпадак пажару ён нацягаў на бераг вогнетушыцеляў і прывёз бочку вады. Вялікі розум Сакары падштурхнуў яго і на многія іншыя ўчынкі, дзіўнаватыя з пункту гледжання не надзеленых грахоўнаю мудрасцю людзей.
Так ён і жыў, і словам і чынам абвяшчаючы ўсяму свету пра свой незвычайны грэх — задужа вялікі розум. Сваякі раілі Анне-Лійсе здаць мужа ў вар’ятню. Яна і сама думала пра гэта, але пабойвалася, што бальнічны догляд будзе каштаваць занадта дорага. Да Taro ж дома Сакары быў даволі ціхі, почасту размаўляў зусім як звычайны чалавек, і ў такія хвіліны ніхто не даў бы веры, што гаворыць з каралём мудрацоў.
Анна-Лійса спрабавала лекаваць мужаву галаву без дактароў. Паводле добрага старога звычаю яна звярнулася да тамтэйшых кастаправаў і зельнікаў. Сакары расціралі, пускалі яму кроў, аднак нічога не дапамагала. Калі пасля ўсіх гэтых працэдур АннаЛійса з надзеяю пыталася: «Ну што, баліць?», муж пакорліва адказваў: «Баліць».
*
Калі чалавек усведамляе сваю грахоўнасць, ён пачынае дбаць і пра тое, каб адкрыць вочы іншым, перасцерагчы іх ад граху і пазбавіць ад вечных пакут і праклёну. Гэтак здарылася і з Сакары, у якім абудзі-
лася жаданне ўратаваць людзей ад той бяды, што прычынілася з ім самім — ад вялікага розуму. Як мы ўжо казалі, Сакары Колістая меў даволі вялікую сялібу, аднак дзеля выратавання людзей, задаўленых грахоўнай мудрасцю сяброў і адназемцаў, ён выракся дому і гаспадаркі, выракся жонкі і, калі б меў дзяцей, адмовіўся б, відаць, нават ад іх.