Басяк з таго свету; Ад вялікага розуму
Маю Ласіла
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 341с.
Мінск 1990
— Трэба выгнаць дурное парася са свінушніка,— абвясціў ён і, заклапочаны будучыняй чалавецтва, падаўся да пастара Пёндзінена па дазвол прапаведаваць.
*
Пастар, які так рашуча выступіў у казанях супроць чалавечага розуму і прасвятліў душу нашага грэшнага героя, з першых сваіх дзён у новым прыходзе захапляўся пабожнасцю Сакары Колістая. Шчыра кажучы, гэта ён і натхніў Сакары зрабіцца прапаведнікам вучэння пра грахоўнасць чалавечай мудрасці. Аднак пакуль што весткі з глухой лясной вёскі, дзе жыў наш герой, яшчэ не дапялі вушэй пастара, і той не ведаў, што яго ўдзячны вучань ужо абвяшчае пра сваю бяду на ўвесь белы свет.
А цяпер колькі слоў пра справы царкоўнага прыхода.
Вядома, што новы пастар Пёндзінен быў спачатку просты царкоўны прапаведнік, а болыпая частка прыхаджан — добрапрыстойныя вернікі. Пробст 1 Пёўхенен, што нядаўна перасяліўся ў лепшы свет, каля дзесяці гадоў таксама быў прапаведнікам, аднак, калі трапіў у вялікі прыход, адразу ж далучыўся да большасці прыходскіх праведнікаў, якія і забяспечылі яму неабходную колькасць галасоў падчас выбараў пастара. Апрача таго, ён ажаніўся з дачкой свайго папярэдніка
1 Старшы пастар у лютэранаў.
Амаліяй і цяпер, пасля смерці, пакінуў болей за сто тысяч марак, моцную царкоўную гаспадарку, шэсцьдзесят кароў і дзесяць коней, добрую мэблю, вялікую, аздобленую срэбрам піпку, дзве кнігі казаняў і маладую ўдаву. У казанях Пёўхенен таксама не надта ўслаўляў чалавечы розум, але і не лаяў яго з такім запалам і нянавісцю, як спадкаемец ягонага прыхода і ўдавы пастар Пёндзінен. Свае казані новы пастар лічыў выклікам рацыяналізму, які ўсё болей пашыраўся ў Еўропе. Пёндзінен зацята змагаўся супроць грахоўнай веры ў мудрасць, што атручвала чалавечыя душы.
Вось такі чалавек і абудзіў Сакары Колістая да яго шматстайнай дзейнасці. Між іншым, пастар Рудольф Пёндзінен ніколі не шкадаваў, што выракся розуму, бо цяпер быў пэўны, піто большасць галасоў у прыходзе будзе за яго. Апрача таго, ён ужо заручыўся з багатай удавою свайго папярэдніка Амаліяй, якая была кабета не толькі пабожная, але і гаспадарлівая. Малады пастар прыйшоўся ёй даспадобы, бо таксама быў чалавек гаспадарлівы і памяркоўны, да таго ж разлічваў не на такую драбніцу, як чалавечы розум, а на нешта вечнае, дадзенае ад бога.
Назаўтра пасля заручынаў да пастара і прыйшоў Сакары Колістая. Ён хацеў атрымаць дазвол хадзіць і прапаведаваць новае вучэнне.
РАЗДЗЕЛ ДРУП
Над пастаравай сядзібаю панавала цішыня летняга поўдня. Усе, нават кухонная прыслуга, былі на сенажаці. Адно падобны на вялізны мех парабак Туомас, расцягнуўшыся на пузе, спаў пасля абеду пасярод двара, і з куточка яго вуснаў цягнулася нітачка салодкай асцы. Парабак раскінуў рукі, шапка з ягонай галавы звалілася. Пад плотам на распаленай зямлі ляжалі дзве вялікія свінні, прычым лыч адной упіраўся ў за-
кручаны хвост яе сяброўкі. Каля варот, звесіўшы галаву так нізка, што здавалася, яна можа адарвацца ад шыі і ўпасці на дол, стаяў стары пастараў конь. У гэтай цішыні насустрач Сакары выскачыла аднекуль маленькае, не больш за добрага пацука, віславухае шчаня. Яно адразу ж зацікавілася канём. Напэўна, шчаня падумала, ці не адваліцца ў канякі галава, і з гэтае прычыны развесялілася. Яно ўзрадавана цяўкнула і падскочыла, каб ухапіць каня за адвіслы грыб, аднак той акурат шлёпаў у сне губамі, і атрымалася так, нібыта ён хацеў ухапіць назолу. Віславухае шчаня спалохалася, жаласна завішчала і, падціснуўшы хвост, кінулася пад ганак. Відаць, шчаню падалося, што каняка якраз і мераўся адкусіць яму хвост. Але стары конь ціхамірна спаў.
*
Завітаем у пастараву гасцёўню, якая была ўадначас і кабінетам.
Пёндзінен сядзеў у старым фатэлі-гушкалцы, піў каву і курыў срэбную піпку свайго папярэдніка па службе і па шлюбе з Амаліяй. Уся прыслуга была на сенакосе.
— Вунь, здаецца, ідзе Сакары Колістая,— сказаў пастар нявесце і дадаў: — Ужо зразумеў сваю грахоўнасць.
Абое паглядзелі ў акно. Сакары спыніўся і пазіраў на свіней. Яго вельмі зацікавіла, што хвост адной з іх упіраўся ў лыч другой. Сакары глядзеў на гэтае відовішча даволі доўга.
— Што ён так разглядае? — спыталася пані Амалія са звычайнай жаночай цікаўнасцю.
— Відаць, свіней... Там, у яме, спяць,— азваўся пастар.
Нарэшце Сакары, нагледзеўшыся дасхочу, рушыў
далей. Каля варот ён вырашыў праверыць, ці ўкормлены ў пана пастара конь. Сакары тыцнуў жывёліну пальцам у азадак. Укормленасць была нішто сабе. Конь па-ранейшаму спаў. Ён, праўда, адчуў, што нехта яго даследуе, але прачнуцца паленаваўся. Няхай сабе лезуць! Калі-небудзь адчэпяцца!
*
Стары насценны гадзіннік доўга і хрыпата адлічваў дванаццаць удараў, хоць стрэлкі паказвалі ўжо дзве гадзіны. Так ён біў яшчэ з часоў нябожчыка пробста.
Сакары ўжо атрымаў ад пастара дазвол прапаведаваць, і цяпер божы служка разважаў з госцем пра святое слова. Сакары, як і належыць прасветленаму душой неафіту, слухаў настаўленні пакорліва і ціхмяна, і гэта вельмі расчуліла пані Амалію. Яна была ў захапленні ад таго, што ў яе мужа такія цудоўныя прьіхаджане. У душы яна была ўдзячная Сакары і хацела сказаць яму што-небудзь добрае.
— Паглядзім, паглядзім, гаспадар Колістая, як яно будзе, бо народ тут у нас разбэшчаны...— казаў пастар, рыхтуючы Сакары да прапаведніцкай дзейнасці.— Разбэшчаны, а да таго ж яшчэ і не абуджаны.
— Дык няўжо яны не абудзяцца, калі пачну стукаць ды грукаць сам я, Колістая — упэўнена сказаў будучы прапаведнік.
Душа пані Амаліі, якая пасля заручын зрабілася надзвычай чуллівай, зусім растала.
— Вядома...— сур’ёзна і спагадліва падбадзёрыла яна Сакары.— У справе божай чалавеку няма чаго і сумнявацца, а трэба смялей стукаць і грукаць.
1 Гульня слоў: Колістая — грукатун (фінск.).
Цяпер ужо расчуліўся і пачаў збянтэжана круціць у руках свой капялюш сам Сакары.
— Справа божая — святая справа,— падтрымаў размову пастар.— Калі б царква і яе апосталы не абудзілі чалавецтва грукатам ды стукатам, як кажа гаспадар Колістая, мы б яшчэ і сёння блукалі ў цемры.
— У цемры непрасвяцімай,— пацвердзіў Сакары.— А яе мудрасцю не разгоніш.
— Дык смела стукайце і грукайце, гаспадар, і не бойцеся кпінаў і знявагі,— сказала пані Амалія.— Справа вашая дагодная госпаду.
Пані Амалія і сам Пёндзінен нецярпліва чакалі, пакуль Сакары пойдзе. Гутарка з будучым прапаведнікам здоўжылася, і гаспадыня нават запыталася ў пастара па-шведску:
— Калі ўжо ён сыдзе? Ты ж яшчэ не дапісаў казань.
Тым часам Сакары, зусім не збіраючыся сыходзіць, заглыбіўся ў багаслоўскія разважанні і ўжо дапяў да самай сутнасці пытання — да чалавечай мудрасці. Пастар яму падабаўся, і Сакары захацелася зрабіць свайму настаўніку што-небудзь прыемнае, каб узвысіць яго ў вачах нявесты.
— Ну, табе розуму гасподзь даў не дужа багата,— пачаў госць.
Вочы ў пані Амаліі акругліліся і застылі. Запанавала цяглае маўчанне. Прыгаломшаны пастар хацеў быў штосьці сказаць, але яму заняло. Гасподзь даў яму мала розуму! I гэта пачула Амалія! Ратуй, божа! Пры нявесце прыхаджанін абзывае яго дурнем! Пастар бездапаможна пакерхаў у кулак.
— Значыцца, нам не давядзецца шкадаваць, што выбралі занадта разумнага пастара,— казаў далей задаволены сабою Сакары.
Пані Амалія пачырванела і закашлялася. У пакоі зноў усталявалася цішыня. Са сталовай чулася няспеш-
нае таканне старога гадзінніка. Каўнер раптам сціснуў пастару шыю, і ён адчуў, што задыхаецца.
— Амалія... Любая Амалія... Гэты каўнер... Я задыхаюся...— прамармытаў пастар.
— Увесь прыход, а найперш мы, праведнікі, ведаем, што лішняга розуму ў пана пастара няма,— працягваў Сакары.
— Крый божа! — прашаптала Амалія. Ёй таксама зрабілася млосна.
Пастар бездапаможна падняўся з фатэля і зазірнуў за кухонныя дзверы, хоць добра ведаў, што там нікога няма. Ён хацеў, каб нявеста пакінула іх з Сакары самнасам.
— Прыслуга нешта там шуміць. Можа б, ты дапамагла, Амалія?
Аднак Амалія засталася ў гасцёўні. Пакінуць жаніха з гэтым Сакары? Хто ведае, як той яго яшчэ абразіць! Госць разявіў рот, каб працягваць, але тут пані Амалія кінулася жаніху на дапамогу:
— А што вы там па дарозе так доўга разглядалі?
Гэта была памылка, бо Сакары вырашыў расказаць гаспадарам пра дзвюх свіней і пра тое, што адна з іх казытала хвастом лыч другой. Успомніўшы пра свіней, ён задаволена і летуценна ўсміхнуўся. Пастар адразу скеміў, што іх чакае, і зусім разгубіўся. Словы ўжо круціліся ў Сакары на языку. Небарака Пёндзінен, безупынна торгаючы свой каўнер, чакаў новых абразаў. Але раптам ён даўмеўся, як можна перашкодзіць гаваркому госцю.
— Любая Амалія,— павярнуўся ён да нявесты,— там у пакоі наверсе засталася мая казань. Зрабі ласку, прынясі яе.
Пастар разлічыў дакладна. Праклінаючы Сакары, пані Амалія пайшла па казань, а Пёндзінен зноў узяўся настаўляць госця на шлях ісціны.
*
Пастару было цяжка і крыху боязна папрякаць самага пабожнага гаспадара ў прыходзе. Пёндзінен пакерхваў, хадзіў сюды-туды і шукаў першае слова. Ён кінуў позірк у акно і ўбачыў там сына Торапаўнена. Той заехаў на двор на сваім задрыпаным тарантасе, прывязаў нядэшлага коніка да плота, выцер нос даўжэзным рукавом і ўтаропіўся на акенца пад страхою свірна. Там сядзела і лавіла лапкамі канец вяроўкі кацяня. Хлопец захоплена сачыў за гэтай небяспечнай гульнёю.
— Ну дык вось... Калі мы...— пачаў нарэшце пастар. Ён пачуваўся як перад пачаткам важнага набажэнства. Ад багатага і пабожнага прыхаджаніна Сакары залежала, за каго аддадуць вернікі галасы, выбіраючы пасрэдніка паміж сабою і госпадам.
— Калі б мы пачалі...— няўпэўнена працягваў пастар.
Па твары Сакары яшчэ блукала народжаная ўспамінам пра свіней салодкая ўсмешка, а Торапайнен паранейшаму глядзеў, як у акенцы пад страхою забаўляецца кацяня.
I ўсё ж пастар мусіў неяк пачынаць.
— Там гэты свавольнік сын Торапайнена нешта разглядвае,— сказаў ён.— Напэўна, прыехаў сказаць, што памерла ўдава Хілтунен.
Такім чынам размова завязалася, і неўзабаве пастар ладышоў да галоўнага.
— Што да майго розуму, дык...
На гэтым яго запал скончыўся. Патрэбныя словы ніяк не ішлі на язык, аднак абражаны пастар, як і належыць пакорліваму хрысціяніну, трымаўся з годнасцю.
— Дзякуй айцу нашаму нябеснаму, калі... калі... ён і не даў мне гэтулькі розуму, як тым...— хоць пастар і