Басяк з таго свету; Ад вялікага розуму
Маю Ласіла
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 341с.
Мінск 1990
скарыўся, але яму карцела падкалоць гэтага ганарліўца Сакары, і, уздыхнуўшы, ён з’едліва дадаў: — як тым, хто непамерна заганарыўся сваім розумам.
Сакары слухаў з пабожнаю ўвагаю.
— Так, непамерна заганарыўся! — Ён знясілена і пераможна адкінуўся ў фатэль і пачаў гушкацца.
— Ну што ты бядуеш? — супакоіў яго Сакары.— He так ужо ў цябе гэтага розуму і шмат.
Пасля такога суцяшэння пастару адабрала мову.
— Увесь прыход ведае,— пачціва гаварыў Сакары,— што галоўнае парасё ў тваёй галаве не вішчыць. Карацей, вялікага розуму ў цябе і не начавала.
Пастар глядзеў на яго застылымі вачыма.
— Наш прыход вырашыў аддаць галасы таму, у каго ў галаве сядзіць самае бязгрэшнае парася,— паведаміў госць.
Значыць, на выбарах яго праваляць! Пастар зразумеў словы Сакары менавіта так і спалохана закашляўся. Згодна з матрыкулам абшчына давала 10 973 маркі даходу, але папраўдзе — значна болей. Да таго ж пастар больш спадзяваўся не на бога, а на Сакары. Вось і дачакаўся!
Божа літасцівы! Пастар цяжка ўздыхнуў. Сын Торапайнена нарэшце зайшоў у кабінет, спыніўся каля парога, сцягнуў з галавы шапку і замест прывітання сказаў:
— Дык, гэта самае, у нас удава памерла. Бацька прасіў адзначыць у царкоўнай кнізе...
Навіна давала пастару невялікі перадых. Ён зрабіў пра смерць удавы адпаведны запіс і сказаў хлопцу:
— Ну, добра. Перадай бацьку, што я ўсё зрабіў.
— Ага,— азваўся сын Торапайнена. Ён разгублена прайшоўся па пакоі, плюнуў у плявальніцу і, цягнучы за сабой даўгія рукавы, ужо з-за дзвярэй гукнуў: — Бывайце!
*
Цяпер усё даводзілася пачынаць спачатку, бо пастар што б там ні было намерыўся абараніць сваю зямную мудрасць, якая паводле царкоўнага матрыкула ацэньвалася ў 10 973 маркі за год. Але госць, захоплены жаданнем улесціць пастара, зацята стаяў на сваім.
— He, тут твая душа няхай будзе спакойная. Лішку розуму ў цябе няма,— сказаў Сакары.
Гэта было ўжо занадта, і пастар раззлаваўся. Дайшло да таго, што ён нават узяўся бараніць ад Сакары мудрасць, якую госць пасля казаняў ненавідзеў усім сваім хрысціянскім сэрцам.
— Дзякуй богу, што ў тваёй галаве анічога няма,— адказаў божы чалавек Сакары.
Пастару здалося, што з яго ўжо здзекуюцца. Ён пачырванеў, як рак, і, падняўшыся, прасіпеў:
— Што ты сабе дазваляеш?..
Пёндзінен бегаў па кабінеце і даводзіў, што ён не вар’ят і нават не дурань.
— Я здаў экзамен на духоўны чын...— I ён пералічыў усе свае высокія адзнакі, адну з якіх завысіў на цэлы бал.
Пасля гэтага Пёндзінену ўдалося ўтаймаваць сябе, і ён зноў загаварыў спакойна і ўрачыста, як і належыць пастару. Цяпер ён шукаў дапамогі ў Бібліі.
— Жыў калісьці чалавек, які захацеў пакрыўдзіць бліжняга,— маючы на ўвазе свайго крыўдзіцеля, пачаў пастар.
Але Сакары адразу ж скіраваў гамонку зусім у іншы бок:
— Дык жа ад ягоных грахоў розуму ў цябе не прыбавілася.
Небарака пастар падумаў, што гасподзь назаўсёды пакінуў яго, аддаўшы ў рукі гэтаму злому насмешніку.
— Я чалавек без хітрыкаў і заўсёды кажу праўду
ў вочы,— дзёўб сваё Сакары.— Я вакол праўды хадзіць, як кот вакол пірага, не буду.
На шчасце, у гэты момант прачнуўся парабак Туомас. Яшчэ не ачомаўшыся ад сну, ён уваліўся ў дзверы, нацубіў на галаву шапку, выцерся рукавом і, абапёршыся на вушак, прамовіў:
— Калі ўжо пастар тут за гаспадара, дык...
Тае ж хвіліны з іншых дзвярэй выйшла гаспадыня, што ўвесь гэты час падслухоўвала, і нарэшце вырашыла ўмяшацца.
— Тут пастар кажа,— апярэдзіў пані Амалію Сакары,— што ў яго, не раўнуючы як у нас, бедных прыхаджан, зашмат розуму, але я сказаў яму ўсю праўду.
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
Прыход Туомаса і пані Амаліі паспрыяў таму, што Сакары Колістая ступіў на цярністы шлях прапаведніцкай дзейнасці трохі раней, чым можна было б чакаць. Ён развітаўся так хутка, што пастар нават не паспеў сказаць свайму вучню апошніх слоў.
3 дому Сакары выправіўся, не сказаўшы нікому ні слова, і жонка разам з суседзямі ўжо шукала яго ў навакольных лясах. Анна-Лійса думала, што яе звар’яцелы муж хаваецца менавіта там, і гэтая пагалоска абляцела ўсю ваколіцу. Аднавяскоўцы меліся звярнуцца ў паліцыю.
— Гэта ж трэба, такі сур’ёзны і разумны гаспадар глуздануўся! Верыць, што ў яго зашмат розуму! — спачувальна ўздыхалі суседзі.
А тым часам Сакары Колістая спакойна набліжаўся да месца сваёй прапаведніцкай дзейнасці. Ён кіраваўся туды, адкуль нядаўна прыйшоў Пёндзінен. Людзі там былі яшчэ бесклапотныя, і пастар разлічваў, што Сакары здолее пасеяць у іхніх сэрцах зерне праў-
дзівай веры. Між іншым, пастар ужо падрыхтаваў іх да прыходу новага прапаведніка.
— Гэты чалавек разумны і ўвішны ў справах боскіх,— казаў Пёндзінен сваім колішнім адназемцам.
He дзіва, што яшчэ да з’яўлення Сакары чутка пра яго незвычайны розум абышла ўвесь прыход.
Між тым сваякі Анны-Лійсы параілі ёй неадкладна звярнуцца ў суд, каб узяць прыдуркаватага мужа пад апеку. I яны мелі рацыю, бо, з’ехаўшы з глузду, Сакары мог прадаць дом або ўчварыць яшчэ што-небудзь. Сёй-той нават намякаў Анне-Лійсе, што, калі муж звар’яцеў, жонка можа падаць і на развод. У галаве ў гаротнай жанчыны ўсё пераблыталася, яна разгубілася і гатовая была рабіць немаведама што.
*
Візіт Сакары ў пастараў дом стаўся сапраўднай бядою. Шчасце, у якім жылі дагэтуль заручаныя, разбілася. Праўда, Пёндзінен і пані Амалія стараліся прыхаваць злосць і няёмкасць, але праз гэта злаваліся яшчэ болейс
Хоць у матрыкуле стаялі іншыя лічбы, пастарскі даход складаў усе дванаццаць тысяч марак, да таго ж пані Амалія зусім не хацела перабірацца адсюль кудынебудзь яшчэ. Але самае кепскае, што сярод прыхаджан ужо пайшла пагалоска, нібыта іхні пастар — дурань. Яшчэ можна было трываць, каб казалі, што ён благі прапаведнік, але сумнявацца, што ў яго разумная галава... I ўсё гэта чула Амалія!
Нервова пакерхваючы, пастар яшчэ імкнуўся неяк усё ўладзіць, Амалія ж адно бязладна мітусілася па доме. Застаўшыся з нявестаю з вока на вока, ён паспрабаваў загаварыць да яе, але неяк адразу асекся і стаў глядзець у акно. Акурат у гэты час стары конь падышоў да слупа, што тырчаў пасярод двара. На слу-
пе вісеў звон, якім усіх насельнікаў дома склікалі палуднаваць. Вяроўка ад звона цягнулася да самага долу. Тым часам каня ўтнуў авадзень, але стары лайдак нават не павярнуў галавы, каб пачухацца, а замест гэтага ўхапіў губамі вяроўку. Звон ляніва брынкнуў, і задаволены конь пацёгся на выган.
Амалія ўзялася вязаць панчоху, але не змагла.
— Што ты там выглядаеш, Рудольф? — з дрэнна прыхаванай злосцю запыталася яна.
— Я... тут...— прамармытаў пастар, якому было неяк няёмка прызнавацца, што ён віжаваў за старым канякам.
Раззлаваная пані Амалія падышла да другога акна і таксама зірнула на двор. Гарэзлівае шчаня брахала на котку, якая, не зважаючы на яго, спакойна мылася. Шчаня ўсцешана брахала і падскоквала, ягоныя вялікія вушы весела матляліся.
— Налле, гэй, Налле! — усхвалявана і строга крыкнула пастарыха і забарабаніла па шыбіне.
Але шчаня і не думала сунімацца. Пані ўстурбавалася яшчэ больш, яна была пэўная, што котка ўрэшце раззлуецца і выдрапае шчаняці вочы.
— Зараз... яна... яна... абдзярэ яго! — у роспачы закрычала пані Амалія.— Рудольф, дарагі!
I сапраўды ў тую самую хвіліну котка пырхнула, драпнула шчаня па пысе і вокамгненна ўзляцела на ліхтарны слуп. Шчанюк з віскатам кінуўся на кухню. Пераможца, распушыўшы хвост, пагардліва назірала за гэтымі ўцёкамі.
— Божухна! — Пані Амалія таксама пабегла на кухню.
Туды ж якраз прыйшла з сенажаці распараная служанка Лійса ў завязанай на макаўцы хустцы.
— Лійса! — напусцілася на яе гаспадыня.— Што гэта ты забываешся на свае абавязкі?! Зусім ужо не глядзіш няшчаснага Налле!
Лійса здзівілася: якая гэта муха ўкусіла пані Амалію? Карацей, усчалася невялікая сварка.
— Лійса! — прыкрыкнула гаспадыня.
— У мяне сваіх спраў па завязку! He хапала яшчэ шчанюка пасвіць!
— Лійса!
Але служанка, не зважаючы на пагрозлівы гаспадынін тон, грымела начыннем.
— Няма чаго крычаць,— сурова і з годнасцю адрэзала яна.— Прыслуга — таксама людзі.
Тут да пастара прыйшлі, каб ахрысціць дзіця, муж і жонка Хепакайнены. Гэта спыніла сварку, і пані Амалія з пабожным выглядам пачала дапытвацца, колькі часу дзіця жыве на свеце.
— Ды тут вось, на пачатку сенакосу і нарадзілася,— адказаў злёгку збянтэжаны бацька.
*
Дзень хіліўся да вечара. Над зямлёю разлягалася летняя ціша. На даўгой жардзіне самотна драмаў у сінечы неба бляшаны певень-ветраўнік.
У доме таксама было ціха. Пастарыха зварыла каву, але зрабіла гэта ўжо не з такім задавальненнем, як апоўдні. Накрыты тоўстым ватным каўпаком кавярнік стаяў на стале. Пані Амалія нервова вязала. Раз-пораз яна падхоплівала петлі, прычым накідвалася на іх з такім імпэтам, як галодная курыца на ячмень. Тады ў ціхім пакоі чуваць быў бразгат вязальных пруткоў.
Пастар моўчкі хадзіў туды-сюды і часам бездапаможна пакерхваў. Пані Амалія працягвала хуценька працаваць пруткамі.
На стол ускочыла котка. Яна ўладкавалася ля кавярніка з яўным разлікам на тое, што атрымае вяршкоў.
— Апсік! — крыкнула гаспадыня і спіхнула котку далоў.
3 кухні пачуліся галасы парабчанак. Пані ўжо не магла трываць і скіравала туды, каб было на кім спагнаць злосць.
Дзяўчаты мылі на беразе бялізну, а памыўшы, склалі яе ў порткі і ў кашулю нябожчыка пробста. Кашуля разбухла і выдавала на вялікі гарбуз, а штаны нагадвалі сапраўдны прывід. 3 гэтае прычыны пані Амалія і пачала сварку. Ад лаянкі яна яшчэ болей раззлавалася і вярнулася ў пакой чырвоная як бурак. Увечары, пяшчотна пацалаваўшы пастара, яна пайшла ў спальню і там дала волю слёзам.
У гэты час Пёндзінен стаяў у сваёй спальні каля акна і глядзеў на ноч. Ціха прашалясцеў крыламі кажан. На асноведзі звечарэлага неба, як і раней, тырчаў незварушны ветраўнік. Недзе ў полі дзёрся драч. На пастаравай душы ляжаў камень. Думкі ў галаве ледзьве краталіся. Божы служка адкашляўся і зноўку ўтаропіўся ў цёплую летнюю ноч. Ён трохі супакоіўся толькі тады, калі засвярбела правая нага.
Пастар пачухаў нагу і ўсцешліва адчуў, як ягоную істоту пакрысе напаўняе бадзёрасць. Ён узгадаў пра свой розум і пачаў маракаваць, якім чынам яшчэ да выбараў абвергнуць усе брыдкія плёткі, што хадзілі пра яго па наваколлі. Прысеўшы каля стала, Пёндзінен задумаўся. Перад ім была прынесеная нявестаю гронка вінаграду. Побач з ёю на стале ляжаў вялікі скрутак з прасвіркамі, які прывёз з горада царкоўны служка. Пастар пакаштаваў спачатку вінаград, потым прасвіркі, і на яго душу зляцеў супакой. Так ён сядзеў і жаваў да позняе ночы, пакуль не пачаў правальвацца ў сон.