Басяк з таго свету; Ад вялікага розуму  Маю Ласіла

Басяк з таго свету; Ад вялікага розуму

Маю Ласіла
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 341с.
Мінск 1990
80.23 МБ
Думкі ў Сакары зблыталіся, ён нічога не разумеў
— Зарубі сабе на носе, я — нармальны! Чуеш? Нармальны! — бушаваў ленсман. Ён паведаміў прапаведніку, што сам рэкамендаваў яго на пасаду ў вар’ятню і абурана крыкнуў: — Як табе не сорамна!
Сакары не сказаў на гэта ні слова, ды, пэўна, ён і не здолеў бы нічога сказаць, бо ад такога наступу зусім ачмурэў. Ленсман зноў падышоў да дзвярэй і спраўдзіў, ці шчытна яны зачыненыя.
— Але я яшчэ вазьму рэванш! — прыгразіў ён.— I юрыдычны, і маральны! — Ягоныя вочы гарэлі нянавісцю.
Ленсман паабяцаў распачаць у праўленні барацьбу супраць Сакары і працягваць яе, пакуль таго не скінуць з пасады загадчыка. Калоцячыся ад злосці, ён выскачыў на вуліцу, брыдка аблаяў свайго сабаку і пашыбаваў дадому.
*
Праз гэтую справу Сакары Колістая хутка выславіўся на ўвесь прыход, Простыя людзі толькі пра тое
і казалі, што загадчык вар’ятні, дарма што сам чыноўнік і важны пан, паўстаў супраць іншых паноў і нават супраць самога ленсмана. Прыхаджане былі страшэнна ўражаныя, бо чулі пра такое ўпершыню. Усе службоўцы зазвычай аціраліся сярод паноў і ўсяляк імкнуліся ўбіцца да іх у ласку.
— Нарэшце ў вар’ятні справядлівы загадчык,— казалі то тут, то там.— Калі б такія людзі на ўсіх пасадах былі, дык простаму чалавеку, можа, і дыхалася б вальней.
Народ у прыходзе заварушыўся, як быццам атрапаючыся ад сну. Натхнёныя прыкладам Сакары, людзі таксама ўзяліся крытыкаваць чыноўнікаў. Так прапаведнік абудзіў шырокія масы прыхаджан да палітычнага жыцця. Жыхары воласці ўсвядомілі свае правы і пачалі патрабаваць іх ажыццяўлення.
— Разумны мужык! — казалі пра Сакары ў вёсках і дадавалі: — Дый дзіва што! У яго ж усе прыдуркі пад рукой!
*
У жыцці ленсмана Каксінайнена надышлі чорныя часіны.
Прыляцеўшы пасля размовы з Сакары дадому, ён доўга лаяўся, а потым не вытрымаў і расказаў пра сваю бяду жонцы.
— Так пры ўсіх і абазваў мяне ненармальным,— скрушліва прамовіў ён.
— Божа-божа,— жахнулася жонка.— Ад такой навіны проста галава расколваецца.
Спачатку яна не ўсё як след зразумела, а дапяўшы да сутнасці справы, жахнулася яшчэ болей. Мара зрабіцца сенатарыхаю ўвачавідкі блякла і развейвалася, як ранішні туман.
— Калі сам загадчык вар’ятні так гаворыць,— ус-
турбавана сказала яна,— дык усе прыхаджане павераць.
Тады жах апанаваў і самога ленсмана. I сапраўды: калі б яго назваў ненармальным хто-небудзь іншы, дык гэта можна было б яшчэ звесці на жарт, але ж тут сам загадчык вар’ятні, спецыяліст па прыдурках. Вядома, людзі могуць даць яму веры. Няўжо мроі заняць крэсла ў сенаце застануцца толькі мроямі? Апрача таго, ён мусіў жыць са страшэннаю абразаю. А як выконваць свае службовыя абавязкі, калі людзі маюць цябе за прыдурка?
Самым вялікім жаданнем ленсмана было адпомсціць.
*
Цяпер атмасфера ў ленсманавай сям’і мала чым рознілася з той, што панавала ў доме пастара Пёндзінена і ў хаціне гарапашніка Пуніту. Становішча было такое далікатнае, што ні ленсман, ні яго жонка не адважваліся гаварыць пра свае нягоды адкрыта. 3 гэтае прычыны іхняе жыццё стала яшчэ больш складанае і змрючнае. Пані ленсманіха пачала нават саромецца мужа, і, наогул, яе агарнулі нейкія незразумелыя пачуцці. Прыкладна тое самае чынілася і з гаспадаром.
Цень гэтай няпэўнасці і трывогі лёг на ўсіх насельнікаў дома. Паслугачка Кайса-Лійса была заручаная з чалавекам, якога звалі Какілайнен. Аднак той, наслухаўшыся казаняў пастара Пёндзінена, пачаў абуджацца і падчас начных спатканняў з нарачонай зрабіў выснову, што некалі ў маладосці Кайса-Лійса саграшыла. Пачуцці Какілайнена пачалі астываць.
Шчыра кажучы, да Кайсы-Лійсы заляцаўся яшчэ і стары канавал Цірынен, але ён быў голы як бізун і меў толькі старую хату. Усе гэтыя перажыванні зрабілі Кайсу-Лійсу такой зласлівай, што яна адважвала-
ся вадзіцца нават з гаспадыняй, праўда, усю сваю злоець спаганяла потым на гаротніку Пудэ.
Усе ў ленсманавьім доме гатовы былі сварыцца ад відна да відна. Да таго ж гаспадыня атрымала ліст ад самой жонкі арцыбіскупа і ад цёткі Расаліны. Паважныя кабеты віншавалі ленеманіху з нагоды выбрання яе мужа ў сенат і абяцалі неўзабаве заявіцца на гасціны і выказаць сваю радасць асабіста. Толькі гэтага і не хапала!
Узрушаная ленсманіха нервова шыла.
— Мышы там разбегаліся, ці што? — загаварыў, каб што-небудзь сказаць, ленсман.— Шамацяць і шамацяць.
Папраўдзе гэта шамацела газета, якую ён чытаў.
Гаспадыня зласліва маўчала. На падлозе, непрыстойна рассунуўшы заднія лапы, ляжаў Пудэ. Ён нешта там нюхаў і шукаў блохі. Нарэшце цярпенне ў ленсманіхі высілілася, і яна закрычала на кухню:
— Гэй, Кайса-Лійса! Чуеш? Кайса-Лійса!
Паслугачка з’явілася ў дзвярах, і гаспадыня пачала яе чахвосціць:
— I ты — лайдачка, і ўсе вы такія! Тут пад падлогаю мышы скрабуць, а табе хоць бы хны!
— Мышы? Якія яшчэ мышы? — злосна і недаўмёна азвалася Кайса-Лійса.
— Ну мышы, мышы, мышы! — закрычала гаспадыня.— Шэрыя, на чатырох лапах, з зубамі!
— Ніякіх там мышэй няма,— запярэчыла пакрыўджаная паслугачка.
— Калі ленсман сказаў, што ёсць, значыць, ёсць! Ты, Кайса-Лійса, не думай, што такая ўжо разумная. Ленсман лепей разбіраецца.
— Схадзі, Кайса-Лійса, у лаўку да Юпурынена,— мусіў уступіць у размову сам гаспадар.— Схадзі,— прымірэнча працягваў ён,— купі там тузін ці лепей два тузіны пастак і пастаў іх у падполлі.
Зноў павісла цяглае маўчанне. Ленсману было сорамна перад жонкаю, і гэта вельмі злавала яго. Да Ta­ro ж Пудэ зноўку пачаў кусаць сябе за задніцу.
— Пудэ, скаціна! — знайшоў выйсце сваёй злосці гаспадар.— Сораму ў цябе няма!
Сабака падняўся, з разгону піхнуў дзверы і выскачыў на кухню. Там ён уладкаваўся пад сталом, яўна збіраючыся працягваць свой бессаромны занятак. Ад гэткае сабачае непрыстойнасці Кайса-Лійса зусім ашалела.
— Ану прэч пайшоў! Брыдота! — Яна плюнула і выцяла сабаку нагой.
Але папускацца нейкай там паслугачцы Пудэ не збіраўся. Ён ашчэрыў зубы, злосна завурчаў і выразна паглядзеў на Кайсу-Лійсу, потым падняўся, выйшаў на сярэдзіну кухні і, разлёгшыся там, зноў узяўся за свой амаральны занятак. Змагацца за высокае маральнае аблічча сабакі паслугачка болей не асмелілася. Дый наогул ёй бракавала на гэта часу. 3 незадаволеным бурчаннем яна задзерла прыпол спадніцы і спусціла панчоху.
— Якая зараза там кусаецца? Ці не скочкі завяліся?
Акурат тут на кухню зайшоў яе нарачоны Какілайнен. Ён па-ранейшаму падазраваў сваю нявесту, а таму, закурыўшы люльку, заступіўся за Пудэ:
— Вось бачыш. Калі хто хоць раз збочыў з праведнага шляху, дык нават сабаку не можа сказаць словамі апостала, што перад чыстым усе чыстыя!
Зноў пачуўшы ад жаніха абрыдлыя ўжо ёй намёкі, Кайса-Лійса адно пагардліва пырхнула.
— Ну што маўчыш? — змрочна гаварыў змучаны падазрэннямі жаніх.—Праўду кажуць, калі хто адкусіў хоць раз ад забароннага плода, той ужо ведае, што добра, а што дрэнна. Яму, нават калі сабака чэшацца, фігавы лісток давай.
— Нячысцік ты паганы! — кінула Кайса-Лійса, устрымаўшыся ад грубейшае лаянкі.
Але каханне ўжо разбілася. Кайса-Лійса ўжо хвалілася, што мае на прыкмеце добрага мужчыну — старога Цірынена, у якога і хаціна ёсць, і заробак добры, бо ён лечыць скаціну. Так Сакары Колістая з дапамогаю Пудэ ператварыў спакойнае жыццё Цірынена, Кайсы-Лійсы і Какілайнена ў цікавы любоўны раман.
Увечары Кайса-Лійса пайшла ў лаўку да Юпурынена і купіла там два тузіна пастак. На роспыты лавачніка яна адказала, што так загадаў сам ленсман, і дадала:
— Зусім ужо з глузду з’ехаў.
Тым часам пагалоска, што новы загадчык вар’ятні прызнаў ленсмана прыдуркам, дакацілася і да вёскі, дзе той жыў. Дзіўная навіна ўсхвалявала ўсіх вяскоўцаў. Як зазвычай, з мурашкі рабілі мядзведзя. Хтосьці прыгадаў нават, што ў ленсмана быў сваяк, які хварэў на белую гарачку. He дзіва, што вяскоўцы не абмінулі ўвагаю і пакупку буйной партыі пастак на мышэй, адразу ж звязаўшы яе з весткаю пра ленсманава вар’яцтва. Калі раней у вёсцьі хто-небудзь і купляў пасткі, дык не болей, чым адну ці дзве. Да таго ж дасведчаныя людзі сцвярджалі, што ніякіх мышэй у ленсманавым доме няма. Чуткі раслі, як грыбы пасля дажджу.
— Бач ты, якое вока вострае,— з ухвалаю казалі пра Сакары вяскоўцы,— Так адразу і змеціў, што ленсман наш не пры сваім розуме.
— Ды і як бы ён без такога вока вар’ятамі загадваў? — дадаваў нехта.
Слава пра мудрасць Сакары Колістая ляцела па воласці навыперадкі з весткаю пра тое, што ленсман Каксінайнен здурнеў.
На шчасце, той прыдумаў, як адпомсціць Сакары: якраз захварэў адзін з прысяжных, і ленсман прапанаваў суддзі ўзяць на яго месца Юсі Пуніту, зацятага
ворага Сакары. Праўда, Пуніту, як мы ўжо, здаецца, казалі, у наваколлі часцей звалі Юсі-дурань, але ленсман чуў, што новы суддзя не надта раіцца з прысяжнымі і цікавіцца толькі тым, каб іхняя колькасць адпавядала ўстаноўленай законам норме, што ж да іхніх разумовых здольнасцяў, дык гэта суддзю не абыходзіла. Ленсман вырашыў, што Пуніту павінен абавязкова стаць прысяжным. Ён разумеў: зрабіўшыся такой важнаю птушкаю, Пуніту таксама захоча паквітацца з Сакары.
РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ
Тым часам законная жонка Сакары Колістая пачала афармляць над мужам апеку, паводле якой распараджацца домам і гаспадаркаю павінна яна сама. Фогт паабяцаў праз колькі дзён прыйсці да Анны-Лійсы са сведкам, каб апісаць маёмасць.
Самае дзіўнае, што ў пастарскім доме яшчэ нічога не ведалі ні пра тое, што Сакары знік і яго шукаюць, ні пра яго занадта вялікі розум. Напэўна, гэта здарылася таму, што пастар з нявестаю аддаліліся ад людзей і замкнуліся ў сваім горы. Ім было няёмка і сорамна сустракацца з прыхаджанамі. Дзіва што! Каму ахвота паказвацца на людзях, калі цябе маюць за дурня, амаль за вар’ята.
Але час выбараў пастара няўхільна набліжаўся, і Пёндзінен мусіў нешта рабіць. Ціхімі вучонымі размовамі з царкоўным старастам Таканенам пастар спрабаваў давесці, што ён, Пёндзінен, зусім нармальны і цалкам прыдатны для духоўнай дзейнасці. Вось і зараз ён нібыта па нейкай патрэбе паклікаў старасту і завёў з ім размову.
— Я з радасцю пераканаўся,— абвясціў пастар,— што тут, сярод вашага несапсаванага народа, рэлігія трымаецца толькі на чыстым і святым слове Бібліі.
Ён прыняў паважны выгляд і гаварыў далей: